Вы тут

Камандная работа, баявы настрой і падтрымка


Днямі ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» адбылося ўрачыстае закрыццё і ўзнагароджанне пераможцаў XXVІІ Рэспубліканскага злёту юных ратавальнікаў-пажарных. Унікальная штогадовая сустрэча хлопцаў і дзяўчат узростам да 16 гадоў праводзіцца пад эгідай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з мэтай фарміравання ў дзяцей і падлеткаў навыкаў бяспечных паводзін. Злёт аб’яднаў восем каманд з усіх рэгіёнаў краіны. За званне найлепшых у ратавальнай справе пазмагаліся каля 200 чалавек. Карэспандэнт «Чырвонкі. Чырвонай змены» наведаў мерапрыемства і высветліў, ці проста даецца перамога і чаму навучыліся ўдзельнікі.


Не толькі традыцыя

Сёлета па выніках спаборніцтваў перамога дасталася юным ратавальнікам Ліцэя МНС, другое месца заняла каманда з Віцебскай вобласці, а трэцяе — брастаўчане. На працягу 10 дзён удзельнікам злёту трэба было прайсці розныя конкурсныя выпрабаванні. Сярод іх — «Агляд строя», «КВЗ», «Інтэрнэт-пошук», «Знаўцы АБЖ», «Хіт бяспекі», «Ратаванне на вадзе», «Аказанне першай дапамогі», «Зводныя палявыя вучэнні», «Пажарны кросфіт».

«Я хачу чарговы раз парадавацца за вас, за вашу непадробную энергію, якую вы ўсялілі ў нас, дарослых, — звярнуўся да прысутных міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі. — Дадзены злёт заканчваецца, пачынаецца падрыхтоўка да новага. Пройдзе час, хтосьці прыедзе сюды паўторна, як найлепшы прадстаўнік свайго рэгіёна, хтосьці ўжо паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Я спадзяюся, што частка з вас абярэ Універсітэт грамадзянскай абароны і стане беларускімі ратавальнікамі, як гэта зрабіла капітан каманды Мінскай вобласці, якая сёння прынесла прысягу і стала курсантам дадзенага ўніверсітэта».

Вадзім Сіняўскі дадаў, што правядзенне такіх злётаў — не толькі традыцыя, але і неад’емная частка дзейнасці міністэрства: «У гэтую дзейнасць уцягнуты дзеці з усіх рэгіёнаў Беларусі. Вельмі важна, каб гэты рух працягваўся, развіваўся і мацнеў. Трэба, каб дзеці любілі сваю краіну, былі сапраўднымі беларусамі і па душы, і па сумленні, і па свядомасці».

«Гараць, але не згараюць»

Яркай фінальнай кропкай XXVІІ Рэспубліканскага злёту юных ратавальнікаў-пажарных стаў канцэрт, падрыхтаваны сіламі каманд-удзельніц і выпускнікоў злёту мінулых гадоў, якія з любоўю ўспаміналі час, праведзены ў «Зубраняці».

Па словах першага сакратара ЦК БРСМ Аляксандра Лук’янава, якасць каманд, прапрацоўка, пачуццё патрыятызму з кожным годам растуць: «У свой час я таксама быў удзельнікам злёту. Сёння адчуваеш гонар, калі бачыш, што наша моладзь становіцца лепшай, цікавейшай. Але самае галоўнае — яны адна вялікая каманда. І вучацца галоўнаму — быць адказнымі за будучыню краіны, за тых людзей, якія з імі побач».

За час злёту ўдзельнікі прайшлі праз 12 пляцовак, падрыхтавалі творчыя нумары, навучыліся аказваць медыцынскую дапамогу, пераадолелі паласу перашкод. Асобную ўдзячнасць першы сакратар ЦК БРСМ выказаў ратавальнаму ведамству за клопат, асабісты ўдзел міністра, дзякуючы якому моладзь адчувае ўвагу да сябе і дасягае максімальна эфектыўных вынікаў. «Паглядзіце на дзяцей, яны зараджаныя, гараць, але не згараюць, гараць жаданнем дапамагчы іншым», — парадаваўся ён.

«Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго»

Пасля канцэртнай праграмы і цырымоніі закрыцця злёту пазнаёміліся з юнымі пераможцамі. Капітану каманды «Факел» Ліцэя МНС Арсенію Федзюкову 15 гадоў. Малады чалавек прыехаў з Баранавіч Брэсцкай вобласці, паступіў у ліцэй па сваім жаданні. «На злёце мы актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх конкурсах, атрымалі яркія эмоцыі. У нас была згуртаваная каманда. Спачатку, вядома, перажывалі, але потым аб’ядналіся, пазнаёміліся і, як вынік, добра сябе паказалі. Паспелі пасябраваць і з іншымі камандамі».

Ганне Рагажынскай з каманды «Паўночнікі» Віцебскай вобласці 14 гадоў. На злёце ратавальнікаў-пажарных яна другі год запар.

Дзяўчынка таксама плануе звязаць сваё жыццё з ратавальным ведамствам. «Перамога далася нам няпроста. Летась мы былі пятымі, а сёння занялі ганаровае другое месца. У параўнанні з мінулым злётам шмат чаго змянілася: самі каманды, нашы ўзаемаадносіны. Камандная работа, баявы настрой, адказны падыход да заняткаў, наша стараннасць і падтрымка ад кіраўніцтва дазволілі трапіць у тройку лідараў. У будучыні я планую звязаць сваё жыццё з МНС. Прафесія ратавальніка вельмі важная і адказная. Любоў да яе мне прывіла мая мама. Яна кіраўнік ваенна-патрыятычнага класа ў школе. У дзяцінстве часта глядзела на яе і яе выхаванцаў і была настолькі ўражанай, што дала слова звязаць сваё жыццё менавіта з ратавальным ведамствам. І сёння я стаю тут з медалём пераможцы»!

Марыі Астапчук з каманды «Гефест» Брэсцкай вобласці 16 гадоў. Чацвёрты раз яна становіцца ўдзельніцай злёту юных ратавальнікаў-пажарных. «На жаль, для мяне гэта апошні злёт. Але радуе, што каманда Брэсцкай вобласці праз 25 гадоў зноў вярнулася на п’едэстал, мы занялі ганаровае трэцяе месца! Эмоцыі перапаўняюць. З году ў год прыязджаеш сюды і нешта новае для сябе адкрываеш, па-іншаму глядзіш на рэчы, на тыя ж няўдачы, спакайней да іх ставішся. Лічу, такой згуртаванасці, як у нашай камандзе, больш нідзе няма. Тут мы сталі сапраўднай сям’ёй. 

Вядома, без каманды, без такога настрою, дзе адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, і не атрымалася б нічога».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота прэс-службы МНС

Мядзельскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.

Грамадства

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.

Эканоміка

Адзіны маёмасны плацеж

Адзіны маёмасны плацеж

Яго неабходна заплаціць да 15 лістапада.