Вы тут

Добры бонус у жыцці


Студатрадаўскаму руху Беларусі ўжо больш за 60 гадоў. Старэйшаму пакаленню байцоў студэнцкія атрады запомніліся непаўторнай рамантыкай, песнямі каля вогнішча, марамі і першым каханнем. Нікуды гэта не падзелася і цяпер. За дзесяцігоддзі не памяняліся і галоўныя мэты руху — выхаванне ў моладзі ініцыятыўнасці, самастойнасці і каманднага духу. На апошнім месцы ніколі не стаяла і магчымасць зарабіць грошы. Хіба што сёння па студэнцкую рамантыку не трэба ехаць за тысячы кіламетраў, а працаваць можна не пару летніх месяцаў, а на працягу года.


Заробак — круглы год

Паводле слоў кансультанта ўпраўлення па справах моладзі галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Беларусі Віялеты КРАЎЦОВАЙ, калі раней працоўная занятасць моладзі прыпадала на летні перыяд, то цяпер трэці семестр фактычна круглагадовы:

— Працаўладкаванне ў вольны ад вучобы час для нас у прыярытэце. 

Занятасць круглагадовая, але ў летні перыяд моладзі, ахопленай часовай працоўнай занятасцю і працай у студэнцкіх атрадах, вядома, больш. З пачатку года часовай працоўнай занятасцю па лініі Міністэрства працы і сацабароны ўжо ахоплена больш за 35 тысяч маладых людзей. Таксама больш за 45 тысяч чалавек працаўладкаваны ў складзе студэнцкіх атрадаў.

Спецыяліст падзялілася, што асабліва шырокі попыт на працоўныя праекты, якія рэалізоўваюцца на беларускіх прадпрыемствах-флагманах — «Атлант», МАЗ, МТЗ, што дае добры вопыт для дзяцей у плане практыкі і ў выбары будучай прафесіі. Дзейнасць па павелічэнні колькасці занятай у вольны ад вучобы час моладзі ў краіне вядзецца пастаянна. Агульным каардынатарам з’яўляецца Міністэрства адукацыі. Для прыцягнення маладых людзей у працоўны працэс выкарыстоўваюцца розныя платформы — СМІ, «Моладзь Беларусі» і інш. У маі 2024-га дзейнічала гарачая лінія Мінадукацыі, куды маглі звяртацца саіскальнікі сезоннай работы, іх бацькі або законныя прадстаўнікі. Толькі за пяць дзён туды дазванілася 190 абанентаў! І ўсе атрымалі адказы на пытанні, якія іх цікавілі і датычыліся як заканадаўства ў гэтай сферы, так і чыста практычных нюансаў часовага працаўладкавання.

Захавалі і прымножылі

Камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Надзея ШАХОЎСКАЯ канстатуе, што з 45 тысяч працаўладкаваных на дадзены момант маладых людзей 21,6 тысячы — непаўналетнія. У лідарах па занятасці моладзі — Мінск і больш за 15,7 тысячы чалавек, затым ідзе Гродзенская вобласць і каля 6,7 тысячы студатрадаўцаў, далей — Магілёўшчына, дзе працаўладкавана больш за 5,6 тысячы моладзі. Самы папулярны кірунак — сэрвісныя атрады, прыхільнікамі якіх з’яўляюцца больш за 14 тысяч юнакоў і дзяўчат.

— Месцы працы для падлеткаў абмежаваны заканадаўствам, — кажа камандзір штаба. — Таму большасць з іх задзейнічаны ў экалагічных, сэрвісных і сельскагаспадарчых атрадах. Але многія ўдзельнічаюць і ў іншых кірунках.

Сакратар ЦК ГА «БРСМ» Павел АЛЕКСА лічыць, што практыка студэнцкіх атрадаў — найлепшае, што было захавана і культывуецца з часоў камсамола:

— Гэта не толькі школа жыцця, але і карысны ўнёсак моладзі ў сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. Акрамя працоўнага выхавання, там чалавек вучыцца выбудоўваць адносіны ў калектыве. Некаторыя пасля студатрадаў працягваюць сябраваць, ствараюць сем’і.

Юрый МІХАЛАП і праект «Аўтазаводзец»

У цэхах і на канвееры Мінскага аўтамабільнага завода моладзь удзельнічала ў вытворчасці аўтобусаў, прычэпаў, грузавікоў.

— Нам падабаецца быць часткай гэтага вялізнага прадпрыемства, — дзеліцца камандзір Рэспубліканскага вытворчага працоўнага праекта «Аўтазаводзец» Юрый Міхалап, — падабаецца, як сур’ёзна ставяцца да нас члены калектыву, як падтрымліваюць і дапамагаюць. На прадпрыемстве працавалі каля 200 студатрадаўцаў: на зборачным канвееры, аўтобусным заводзе, у прэсава-кавальскім цэху.

Сёлета да беларусаў далучылася моладзь з Казані. Засталіся задаволеныя ўсім: і працай, і зарплатай. А ў пазапрацоўны час яны разам са сваімі беларускімі «калегамі» з задавальненнем бралі ўдзел у спартыўных і культурна-масавых мерапрыемствах.

Максім СТАРАВОЙТАЎ і праект «Трактарабудаўнік»

— Трактарны завод нездарма называюць горадам у горадзе, — распавядае майстар Рэспубліканскага міжпрофільнага працоўнага праекта «Трактарабудаўнік-2024» Максім Старавойтаў. — Каб абысці яго, не хопіць і дня. Вялікая колькасць цэхаў, практычна ў кожным з якіх ёсць свая сталовая, вялізная тэрыторыя, на якой у тым ліку вядуцца і нейкія рамонтна-будаўнічыя работы. Таму былі сфарміраваны не толькі вытворчыя, але і сэрвісныя, і будаўнічыя атрады — у залежнасці ад профілю навучання байцы студатрадаў былі накіраваны ў цэхі прадпрыемства, на камбінат грамадскага харчавання і ў жыллёва-камунальны аддзел. Але больш за ўсё нашых байцоў працавала ў корпусе зборкі трактароў і механічным цэху № 2. Думка аб тым, што ты маеш дачыненне да вытворчасці вельмі патрэбнай і самай мірнай сельскагаспадарчай, і не толькі, тэхнікі, натхняе на адказную і дзейсную працу. А атрыманыя навыкі, прафесійны вопыт спатрэбіцца ў жыцці, нават калі мы будзем працаваць па іншай спецыяльнасці.

Дар’я ГАРАДКО і студэнцкі атрад «Матрос» імя Героя Савецкага Саюза Васіля Цымбала.

На пляжах Беларусі працуюць студэнцкія атрады матросаў-ратавальнікаў.

— Абавязкі ў нас тыя ж, што і ў прафесійных супрацоўнікаў АСВОДа, — расказвае баец атрада «Матрос» Дар’я Гарадко. — Мы закліканы прадухіляць няшчасныя выпадкі на вадзе. І ратаваць тых, хто пакутуе ад гэтай стыхіі.

Сама Даша — студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, з фізічнай падрыхтоўкай у яе ўсё добра, а спецыяльную дзяўчына прайшла ў АСВОД. Аб няшчасных выпадках на вадзе ведала або з нечых слоў, або са зводак. Пакуль... Падчас аднаго з дзяжурстваў у поле зроку маладых ратавальніц Дар’і і яе напарніцы трапілі двое мужчын, якія вельмі моцна выпілі і знаходзіліся на самым краі берага воднага канала. У нейкі момант аднаму з іх стала дрэнна, і ён кулём зваліўся ў ваду. Не разважаючы, нырнула за ім. Пакуль калега выклікала падмогу, кволая дзяўчына ўтрымлівала цела 120-кілаграмовага мужчыны так, каб яго галава была над вадой і ён не захлынуўся. Выцягнуць яго на бераг не змагла б фізічна. У гэты час падае ў ваду і другі выпівака. На шчасце, падмога прыйшла своечасова і абодвух мужчын выратавалі.

Арцём ЧАРКОЎ і праект «Медыкус» 31 студатрадавец працаваў гэтым летам у Наваполацкай гарадской бальніцы, 21 — у Полацкай.

— Сёлета жаданне папрацаваць у складзе зводнага беларуска-расійскага студэнцкага атрада выказалі студэнты і навучэнцы каледжаў з Гомеля, Маладзечна, Слуцка, Гродна, — адзначае камісар Рэспубліканскага медыцынскага працоўнага праекта «Медыкус 2024» Арцём Чаркоў. — Да нас далучыліся будучыя медыкі з Расіі — Варонежа, Пскова, Чалябінска і Рэспублікі Татарстан. Байцы атрада працавалі на базе прыёмнага, неўралагічнага, хірургічнага, траўматалагічнага, тэрапеўтычнага, пульманалагічнага, педыятрычнага, інфекцыйнага аддзяленняў і ў анестэзіялогіі і рэанімацыі. Пасады яны атрымалі важныя і запатрабаваныя ў любой медыцынскай установе: медсясцёр, медбратоў і малодшага медыцынскага персаналу. І найважнейшае тое, што набылі неацэнны вопыт зносін з пацыентамі і навыкі догляду іх.

Ксенія ХЛУСЕВІЧ і праект «Дарога магчымасцяў»

У 2024 годзе ў шматтысячную сям’ю беларускіх чыгуначнікаў уліліся 600 байцоў студэнцкіх атрадаў.

У свой час пры падтрымцы Цэнтральнага камітэта БРСМ на базе Дарожнага цэнтра па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў і прадпрыемстваў аддзяленняў чыгуначнай магістралі арганізавалі папярэдняе навучанне студэнтаў і навучэнцаў па прафесіях «Праваднік пасажырскага вагона» і «Манцёр пуці». Цяпер навучанне тут праходзяць не толькі студэнты чыгуначных спецыяльнасцяў. Другую кваліфікацыю могуць атрымаць тыя, хто вучыцца ва ўстановах адукацыі медыцынскага, педагагічнага, аграрнага, тэхнічнага і будаўнічага профіляў.

— Правадніком пасажырскага вагона я працую другі год, — расказвае камандзір праваднікоў Рэспубліканскага галіновага міжпрофільнага праекта Ксенія Хлусевіч. — Мой маршрут — Мінск — Санкт-Пецярбург. Міф аб тым, што праца правадніка лёгкая і заключаецца ў тым, каб сабраць-раздаць квіткі, паўсміхацца, разнесці чай і пасцельную бялізну, разбіваецца аб рэальнасць цэлага шэрагу нюансаў. Гэта найперш работа з людзьмі: са сваімі характарамі, патрабаваннямі, у розным стане. З кожным трэба знайсці агульную мову. Першы год было вельмі цяжка. Цяпер я пачала атрымліваць задавальненне ад сваёй працы, бо ўсведамляю, у якое цудоўнае месца важу пасажыраў.

Дыяна ВІКУЛІНА і праект «Атлант»

Праект сёлета працаўладкаваў 260 чалавек.

— З прадпрыемствам мы працуем трэці год, — расказвае камандзір Маладзёжнага працоўнага праекта «Атлант 2024» Дыяна Вікуліна. — Гэтым супрацоўніцтвам, па-мойму, задаволены ўсе: і наймальнік, і студатрадаўцы. Першы — вынікамі нашай працы, другія —годнай заработнай платай і ўмовамі працы. Нашы байцы вельмі стараліся, нават выходзілі ў другую змену, бо было шмат заказаў.

Стала вядома, што кіраўніцтва «Атланта» звярнулася ў Цэнтральны камітэт БРСМ з прапановай прадоўжыць праект і восенню. А значыць, моладзь сябе сапраўды добра зарэкамендавала.

Нагадаем, што перш чым заняць сваё месца на канвееры, каля станка ці ў вагоне пасажырскага цягніка, хлопцы і дзяўчаты праходзілі навучанне і атрымалі на рукі дакумент аб наяўнасці той ці іншай спецыяльнасці. Які б шлях яны ні выбралі далей, і новая спецыяльнасць, і атрыманы досвед будуць у іх жыцці добрым бонусам.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота са свабодных крыніц і 1prof.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.

Грамадства

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.

Эканоміка

Адзіны маёмасны плацеж

Адзіны маёмасны плацеж

Яго неабходна заплаціць да 15 лістапада.