Ужо ў гэтую суботу Бешанковічы прымуць абласное свята паўночнага рэгіёна краіны — першы этап фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла «Дажынкі-2024». Раённы цэнтр Віцебшчыны ў сувязі з гэтым істотна пахарашэў, усяго тут абноўлена каля сотні аб’ектаў. Новыя дарожкі і тратуары, выкладзеныя пліткай, надаюць утульнасці як у цэнтры, так і на ўскраінах, жылыя шматкватэрныя дамы зіхацяць новай тынкоўкай і фарбай, істотна абноўлены фасады забудовы цэнтральнай плошчы, школ гарадка. Ну, а цэнтральны парк змяніўся да непазнавальнасці: ліхтары, скульптурная кампазіцыя, новыя дарожкі нагадваюць, што апынуліся вы ў частцы гістарычнага комплексу — палаца-паркавага ансамбля Храптовічаў... Як раённы цэнтр рыхтаваўся, каб прыняць свята аграрыяў, расказала старшыня Бешанковіцкага райвыканкама Галіна УНУКОВІЧ.
— Галіна Уладзіміраўна, колькі сродкаў затрачана на рамонтныя і падрыхтоўчыя работы да фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2024»?
— Усяго на гэтыя мэты выдаткавана звыш 48 мільёнаў рублёў. Сярод самых затратных па часе і сродках аб’ектаў — добраўпарадкаванне цэнтральнага парку, капітальны і бягучы рамонт жылых дамоў, рамонт вулічна-дарожнай сеткі і цэнтральнай плошчы. Напрыклад, на рамонт вулічна-дарожнай сеткі раёна затрачана 2,2 мільёна рублёў, цэнтральнай плошчы — 291,5 тысячы рублёў, добраўпарадкаванне цэнтральнага парку — каля трох мільёнаў рублёў. Справіцца з такім аб’ёмам работ дапамагалі будаўнічыя брыгады з Віцебска, Баранавіч, Шуміліна.
— Літаральна днямі рыхтуецца да адкрыцця своеасаблівы падарунак жыхарам раёна — новы разлікова-касавы цэнтр...
— Новы аб’ект, камфортны для жыхароў гарадка, быў вельмі неабходны. Будаваўся цэнтр за сродкі «РУП «Віцебскэнерга». На будаўнічыя работы зрасходавана 3 мільёны 800 тысяч рублёў, на абсталяванне — 1,6 мільёна.
— На цэнтральнай плошчы адрамантаваны будынкі раённага Дома культуры, раённага выканаўчага камітэта, суда і пракуратуры. Істотныя змены можна пабачыць і ў агульнаадукацыйнай школе № 1 і інш. Што палепшыцца для іх наведвальнікаў і работнікаў?
— Сёлета праведзены маштабны рамонт аб’ектаў адукацыі. На гэтыя мэты было выдзелена больш за шэсць мільёнаў рублёў, з якіх 4 мільёны 320 тысяч рублёў — на правядзенне капітальнага рамонту з элементамі мадэрнізацыі сярэдняй школы № 1 імя І. І. Строчкі. Фасад быў уцеплены з нанясеннем ахоўна-дэкаратыўнай тынкоўкі і афарбаваны, заменены водаправодныя трубы ў падвальных памяшканнях, добраўпарадкавана тэрыторыя — устаноўлены бардзюры і ўкладзена тратуарная плітка, зманціраваны слупы вулічнага асвятлення, заменена агароджа па перыметры тэрыторыі. Акрамя гэтага, на тэрыторыі школы абсталяваны новы сучасны шматфункцыянальны стадыён са штучным пакрыццём, дзе змогуць займацца не толькі школьнікі, а ўсе жыхары прылеглага мікрараёна.
У цэлым праведзены бягучыя і капітальныя рамонтныя работы на шасці аб’ектах адукацыі. У трох установах дашкольнай адукацыі — бягучыя рамонты, у дзвюх установах агульнай сярэдняй адукацыі — капітальныя, а таксама бягучы рамонт будынка раённага вучэбна-метадычнага кабінета.
У раённым Доме культуры праведзены бягучы рамонт танцавальнай і глядзельнай залы, хола, фасада, добраўпарадкавана тэрыторыя на агульную суму больш за 600 тысяч рублёў. Набытае сучаснае абсталяванне — гук, святло, святлодыёдны экран, мабільны камплект — дазволіць праводзіць мерапрыемствы любога плана і ўзроўню, глядзець фільмы ў добрай якасці.
— Візітоўкай горада можна назваць сярэднюю школу № 2, якая рамантавалася з падтрымкай ураджэнца Бешанковіч, прадпрымальніка Аляксандра Яўневіча...
— Гэты інвестыцыйны праект стаў добрым прыкладам дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва, калі аб’ядноўваюцца рэсурсы дзяржавы і бізнесу. Ён стаў рэалізоўвацца ў нашым раёне з 2022 года дзякуючы выпускніку гэтай школы 1976 года Аляксандру Анатольевічу Яўневічу, які сёння з’яўляецца старшынёй Савета дырэктараў ТАА «Максідом» (г. Санкт-Пецярбург) і зацікаўленасці ў яго рэалізацыі раённага выканаўчага камітэта.
Сёлета за кошт бюджэтных сродкаў у школу № 2 набыта новая мэбля і сучаснае абсталяванне на суму больш як 200 тысяч рублёў.
— Рамонт закрануў і музычную школу. Наколькі складана было весці работы з улікам таго, што будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры?
— Рэканструкцыя гісторыка-культурнай каштоўнасці 2-й катэгорыі была распачата яшчэ ў 2015 годзе. Усе работы праводзіліся згодна з праектам, узгодненым з Мінкультам. Абноўлены ўсе памяшканні, фасад будынка, добраўпарадкавана тэрыторыя, заменены вокны, набыты новыя музычныя інструменты, абсталяванне для мастакоў і тэарэтыкаў, мэбля, абсталяваны санвузлы, душавыя і інш. Звонку гэта каларытны гістарычны палац са знакамітым балконам, ажурнымі ліхтарамі, масіўнымі лавачкамі, а знутры — сучасны будынак, камфортны для выхаванцаў і педагогаў.
— Раскажыце аб праграме свята. Чым адметны будзе фестываль-кірмаш «Дажынкі-2024» у Бешанковічах?
— Безумоўна, галоўная тэма і галоўныя героі свята — гэта сельскія працаўнікі, іх праца і клопаты. Аднак Бешанковічы змогуць здзівіць гасцей.
Напярэдадні свята пройдуць адкрыцці аб’ектаў інфраструктуры, святочны канцэрт з удзелам гурта «Дразды». На вячэрнім канцэрце выступяць пераможца і суперфіналістка Фактар.by Іван Дзятлаў і Маргарыта Шыбаева, калектыў «Чысты голас». Іван Дзятлаў выступіць сумесна з юнымі віяланчэлістамі — навучэнцамі нашай школы мастацтваў.
У рамках «Дажынак» адбудзецца раённае свята беларускай гасціннасці, кірмашовых забаў і майстроў сваёй справы «Бешанковіцкі раёк». Тут будуць працаваць «Музейны дворык», лаўкі майстроў народнай творчасці, сельсаветаў раёна. Адбудуцца народныя гулянні на пляцоўцы знакамітай Бакціхі — гераіні паэмы «Энеіда навыварат», якая трымала бровар у Бешанковічах, побач размесціцца «Трусіная сядзіба».
У год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на пляцоўцы перад раённым музеем мы з гонарам адкрываем бюст Героя Савецкага Саюза, першага сакратара падпольнага Бешанковіцкага райкама партыі і камандзіра партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь» Паўла Мінаевіча Раманава, пад кіраўніцтвам якога і вызваляліся Бешанковічы ў гады вайны. Пройдзе і ўрачыстая перадача памятных знакаў у месцы памяці сумеснага подзвігу беларусаў і расіян у гады Вялікай Айчыннай вайны ў г. Геленджыку Краснадарскага краю Расійскай Федэрацыі.
Абавязкова наша свята наведае і гістарычны персанаж — граф Храптовіч, уладальнік маёнтка Бешанковічы ў XVІІІ стагоддзі, са світай.
Незвычайным будзе адкрыццё першай у Бешанковіцкім раёне скульптурнай кампазіцыі, якая з’явіцца ў Цэнтральным парку канца XVІІ—XVІІІ стагоддзяў — састаўной частцы ансамля Храптовічаў. У самім парку будуць працаваць клубы гістарычнай рэканструкцыі.
У рамках «Дажынак» у Бешанковічах пройдуць абласныя конкурсы фальклорных калектываў «Галасы Радзімы» і гульнявых праграм «Вясёлкавы карагод».
Забаву, «ежу для душы» знойдзе любы ахвотны: дзеці, аматары спорту, музыкі, мастацтва, гісторыі, народных традыцый і смачных пачастункаў. Усіх гасцінна запрашаем на наша свята!
Алена КРАВЕЦ
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.