Аграгарадок Расна мае працяглую і даволі цікавую гісторыю. З часоў Сярэднявечча тут узводзілі маёнткі і культавыя пабудовы.
За пяць стагоддзяў шмат разоў мяняліся гаспадары тутэйшых земляў, а вось славутасці час не пашкадаваў. У сярэдзіне ХХ стагоддзя ў Расне не засталося амаль нічога ад былых помнікаў гісторыі і архітэктуры. Да 1960-х гадоў датрымалася толькі праваслаўная царква Міхаіла Архангела, і тую разабралі ваяўнічыя атэісты.
Недзе з пачатку 1970-х гадоў вёска пачала актыўна адбудоўвацца дзякуючы знакамітай гаспадарцы «Савецкая Беларусь», якую ўзначальваў двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Бядуля. У цэнтры населенага пункта вырас дыхтоўны па тым часе Дом культуры, у якім выступалі зоркі савецкай эстрады, нават аднойчы «Песню года» запісвалі. Функцыянавалі самыя розныя сацыяльныя аб’екты, не дзіва, што ў гэтай вёсцы тады і свой рэстаран адкрылі. Узводзілася добраўпарадкаванае жыллё, развіваліся гандаль і бытавое абслугоўванне.
Але сышоў Бядуля, памянялася эпоха, перастаў існаваць некалі праслаўлены калгас. Паступова прыходзіла ў заняпад і вясковая інфраструктура.
Надаць пэўны імпульс знешняму выгляду шляхам добраўпарадкавання па добрай традыцыі вырашылі «Дажынкамі». Менавіта на гэты год Расна вызначылі месцам правядзення раённага свята ўраджаю. Падрыхтоўка, як заўсёды, пачалася з вясны. У райвыканкаме быў складзены план, вызначаны адказныя, выдзелены сродкі, і працэс пайшоў.
— Увесь час з пачатку года на месцы пастаянна праводзіліся пасяджэнні раённага штаба па пытаннях падрыхтоўкі да раённых «Дажынак» — расказала карэспандэнту газеты старшыня Расненскага сельскага Савета Аляксандра СІНЯЎСКАЯ. — Пачыналі са знешняга выгляду. Першым і самым галоўным аб’ектам стала плошча перад Домам культуры. Спачатку былі заменены інжынерныя камунікацыі, затым укладзена плітка. І адразу плошча зайграла бляскам, набыла рысы навізны. Тым часам абсталявалі пад’язныя шляхі да школы і дзіцячага садка, якія знаходзяцца паблізу. Такім чынам стаў вымалёўвацца больш выразны цэнтр населенага пункта. Мадэрнізавалі старыя клумбы і разбілі новыя. Па перыметры паставілі лаўкі, якія падарылі сельгаспрадпрыемствы раёна.
На аб’екце шчыравалі дарожнікі: заасфальтавалі ладныя ўчасткі вуліц Паўночнай і Юбілейнай. Ад плошчы да школы цяпер пракладзена пешаходная дарожка. Ліхтары заменены на святлодыёдныя — цяпер у вячэрні і начны час цэнтр добра асвятляецца.
Рамонт і абнаўленне перажылі шэраг сацыяльных аб’ектаў.
Добраўпарадкавана тэрыторыя вакол школы, знутры таксама праведзены рамонт. На першым паверсе заменены дзверы, абсталяваны два кабінеты дапрызыўнай падрыхтоўкі. Там будуць праводзіцца заняткі для старшакласнікаў школ высокаўскай зоны, для гэтага ёсць усё неабходнае.
Рамонт быў праведзены і ў дзіцячым садку.
Абноўлены гандлёвыя пункты населенага пункта. У магазіне «Родны кут» заменена гандлёвае і халадзільнае абсталяваннне. Спецыялізаваны магазін ААТ «Белавежскі» перанесены ў новы будынак, дзе прадпрыемства папярэдне правяло рамонт, памяняла дызайн і абсталяванне. Цяпер тут прадаюць не толькі свежую прадукцыю, паўфабрыкаты, але і нават свой фірмовы хлеб. У былым рэстаране праведзены рамонт, памяшканне пераабсталявана пад гасцінічныя нумары.
Вялікую работу па добраўпарадкаванні правяло сельгаспрадпрыемства «Белавежскі». Абноўлены адміністрацыйны будынак, які цяпер належыць гаспадарцы, ну, і самую вялікую спонсарскую дапамогу аказала менавіта гэтае прадпрыемства.
«Дажынкі» прайшлі, а работа працягваецца. Вядзецца ўцяпленне шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Юбілейнай. Яшчэ добраўпарадкоўваецца тэрыторыя вакол возера. Некалі гэта была добрая зона адпачынку. «Белавежскі» пачысціў сам вадаём і прыбраў лішнюю расліннасць вакол. Да вясны мясцовая ўлада мае намер уладкаваць тэрыторыю.
Старшыня Камянецкага раённага Савета Аксана ВЫСАГРОДСКАЯ заўважае:
— Адной з самых няпростых задач у працэсе падрыхтоўкі аказалася змяніць настрой людзей, заахвоціць іх прыняць удзел у навядзенні прыгажосці. Праводзілі сельскія сходы, размаўлялі з кожным паасобку, пераконвалі, прасілі, агітавалі. І калі напачатку адчуваўся пэўны скепсіс у некаторых жыхароў, то паступова сталі ў працэс уцягвацца.
Станоўчую ролю адыграў прыклад актывістаў. І многае ўдалося зрабіць талакой. Напрыклад, навесці парадак вакол гаражоў, узведзеных даўным-даўно. Потым вяскоўцы пафарбавалі дамы на цэнтральнай вуліцы, бялілі падмуркі і агароджу, упрыгожвалі балконы. Сталым дапамагалі прадстаўнікі раённых грамадскіх арганізацый. Трэба аддаць належнае мясцовай уладзе: яны арганізоўвалі суботнікі, самі паказвалі прыклад.
Ударна папрацавалі работнікі школы і садка, іншых сацыяльных устаноў.
І цяпер людзі ацанілі работу. Выходзяць вечарамі гуляць, сядзяць на лавачках і гавораць аб тым, як прыгожа стала ў Расне.
Святлана ЯСКЕВІЧ,
фота аўтара
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.