Вы тут

Дакументы не маўчаць


У форуме, прымеркаваным да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, узялі ўдзел вядучыя вучоныя і спецыялісты па гэтай тэме не толькі з нашай краіны, але і з Расіі і Казахстана, якія дыстанцыйна выйшлі на сувязь з аўдыторыяй. Абмеркавалі найважнейшыя пытанні, звязаныя з захаваннем гістарычнай памяці, аб’ектыўным адлюстраваннем падзей Вялікай Айчыннай вайны. Падчас канферэнцыі, што вельмі важна, прысутнічалі школьнікі, якім працягваць несці праўдзівую інфармацыю аб тым, што адбывалася на беларускай зямлі ў 1941–1944 гадах.


І захоўваюцца, і вывучаюцца

Вітаючы ўдзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Алег Воінаў адзначыў, што сам час падштурхнуў да таго, што гісторыю трэба памятаць і шанаваць. «Паглыбляючыся ў архіўныя дакументы, а таксама знаходзячы новыя, пачынаеш усведамляць, што ёсць яшчэ што вывучаць і ёсць да чаго імкнуцца, — падкрэсліў ён. — І гэта добра, што мы не спыніліся, а працягваем вывучаць спадчыну, якая ў нас ёсць, нашу гісторыю, і расказваем аб гэтым непасрэдна маладому пакаленню».

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь — галоўны захавальнік архіўных дакументаў па гісторыі партызанскага руху на тэрыторыі нашай краіны, у тым ліку па вызваленні беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дзясяткі тысяч архіўных спраў дазваляюць усебакова і аб’ектыўна вывучаць гісторыю ўсенароднага супраціўлення. І трэба сказаць, што партызанскія дакументы карыстаюцца попытам у насельніцтва.

«Сёння гэта адны з самых запатрабаваных дакументаў, — звярнуў увагу намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Святаслаў Кулінок. — Калі мы прааналізуем работу чытальнай залы, убачым, што дакументы па гісторыі партызан карыстаюцца вялікай цікавасцю і ў нашых, і ў замежных даследчыкаў. Гэта звязана і з асаблівай роляй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў нашай гістарычнай навуцы, і з расследаваннем крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. А партызанскія дакументы з’яўляюцца багатым матэрыялам па расследаванні злачынстваў нацыстаў. Увогуле, архіўныя дакументы — аснова любога навуковага даследавання».

Пры гэтым варта заўважыць, што супрацоўнікі Нацыянальнага архіва не толькі ажыццяўляюць захоўванне каштоўных дакументаў, але і актыўна вывучаюць тэму партызанскага руху, запаўняюць белыя плямы гісторыі. Толькі за апошнія пяць гадоў архівістамі выдадзены 11 зборнікаў дакументаў, пяць альбомаў, чатыры навуковыя і навукова-папулярныя манаграфіі, два электронныя зборнікі дакументаў. Рэалізоўваюцца шматгадовыя інтэрнэт-праекты, апублікаваны сотні навуковых артыкулаў.

Па словах Святаслава Кулінка, тэма Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку партызанскай барацьбы, невычарпальная. «Вельмі шмат аспектаў, мноства тэм, якія недастаткова вывучаны, і архіўныя дакументы даюць магчымасць гэтыя прабелы запоўніць», — заўважыў ён.

Новае гучанне партызанская праблематыка атрымала пасля рассакрэчання ў пачатку 1990-х вялікага масіву архіўных дакументаў. «Зроблена сапраўды вельмі шмат, — адзначыў намеснік дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Павел Трубчык. — Выклікае павагу сумесны праект Выдавецкага дома „Беларусь сегодня“ і Нацыянальнага архіва „Партызаны Беларусі“, дзе любы можа, фактычна не выходзячы з дому, знайсці дакументы аб сваяках, блізкіх, якія ўдзельнічалі ў партызанскім руху. Нацыянальная акадэмія навук рэалізоўвае праект „Летапіс Вялікай айчыннай вайны“, выдадзены чатыры кнігі. Падрыхтавана пятая, якая будзе складацца выключна з дакументаў, яе большая частка прысвечана дзейнасці партызан на тэрыторыі Беларусі».

«Гістарычная памяць — магутны рэсурс кансалідацыі»

Дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Мыслівец падзяліўся ўласнымі напрацоўкамі, якія датычацца захавання гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне ў Беларусі. «Тыя падзеі, якія адбываліся ў нашай краіне і не толькі на працягу апошніх гадоў, актуалізавалі цікавасць да вывучэння і мінулага нашай краіны, і гістарычнай памяці, — канстатаваў ён. — Захаванне гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне — гэта безумоўны прыярытэт той палітыкі, якую праводзіць сучасная беларуская дзяржава. Гістарычная памяць — вельмі магутны рэсурс кансалідацыі нашага грамадства».

Тэма Вялікай Айчыннай вайны займае асаблівае месца ў гістарычнай памяці жыхароў Беларусі. Аб гэтым сведчаць вынікі даследаванняў, якія праводзіць Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. «У жыхароў краіны высокая ступень цікавасці да нашай гісторыі, — удакладніў Мікалай Мыслівец. — Так, пры адказе на пытанне „Ці цікавіць вас гісторыя Вялікай Айчыннай вайны“ больш як 90 % апытаных адказваюць „сцвярджальна“. Мы задавалі рэспандэнтам пытанне „Ці можаце вы з упэўненасцю сказаць: я ганаруся тым, што жыву ў краіне, якая разам з іншымі краінамі атрымала Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне?“. У гэтым упэўнены 92 % усіх апытаных. Такая інфармацыя неабходная для таго, каб карэкціраваць адукацыйную палітыку, інфармацыйную палітыку, улічваць яе ў сваёй рабоце, бо дасягнуць поспеху, захаваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне можна толькі сумеснымі намаганнямі».

Апошні тэзіс пацвярджае і даўняе ўзаемадзеянне Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь з расійскім фондам садзейнічання актуальным гістарычным даследаванням «Гістарычная памяць». Чарговае пагадненне аб супрацоўніцтве было падпісана на палях канферэнцыі. Акрамя таго, для наведвальнікаў і ўдзельнікаў форуму былі прадстаўлены новая банерная выстава «Рэспубліка-партызанка», шэраг партызанскіх артэфактаў, выяўленых пошукавым атрадам імя В. Каржа. Таксама падчас канферэнцыі прэзентавалі новыя выданні Нацыянальнага архіва па гісторыі партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі, кінахроніку з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.

«Архівы ператвараюцца ў паўнавартасныя навуковыя і культурна-асветніцкія цэнтры, — кажучы аб шматграннасці канферэнцыі, заўважыў Алег Воінаў. — Шматмільённы Нацыянальны архіўны фонд Рэспублікі Беларусь — гэта не толькі дакументальная скарбніца нашай краіны, але яшчэ і галоўная крыніца гістарычнай праўды».

Артэфакты 80-гадовай даўнасці

Падчас навукова-практычнай канферэнцыі распавялі аб выніках работы са знойдзенымі падчас пошукавых работ дакументамі партызанскай брыгады імя У. І. Леніна Пінскага злучэння. Дакументы былі знойдзены ў чэрвені 2023 года каля населенага пункта Гоцк Салігорскага раёна. На працягу 80 гадоў яны знаходзіліся ў зямлі ў металічнай скрыні. Знайшлі артэфакты ў дрэнным стане, на іх рэстаўрацыю спатрэбілася нямала часу, аднак цяпер гэта ўнікальная магчымасць даведацца больш пра партызанскую брыгаду, якой камандаваў Васіль Васільеў. Брыгада была створана 4 красавіка 1943 года. На момант злучэння з часцямі Чырвонай Арміі ў 1944 годзе налічвала 1067 чалавек, што сведчыць аб паспяховасці яе баявой дзейнасці.

Па меркаванні навуковага супрацоўніка Цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Валерыя Надтачаева, дакументы былі закапаны ў зямлю для прадухілення іх магчымага захопу праціўнікам у ходзе правядзення адной з карных аперацый. Такая практыка, па яго словах, дыктавалася не толькі логікай узброенай барацьбы, але і спецыяльнымі ўказаннямі Беларускага штаба партызанскага руху.

Пасля азнаямлення з дакументамі адразу на месцы пошуку было прынята рашэнне аб транспарціроўцы і перадачы дакументаў у Цэнтральную лабараторыю забеспячэння захаванасці дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь. «Дзякуючы прафесіяналізму супрацоўнікаў, добраму тэхнічнаму абсталяванню лабараторыі ўдалося вырашыць вельмі важную задачу па забеспячэнні фізічнай захаванасці гэтых дакументаў, — падкрэсліў Валерый Надтачаеў. — У верасні мінулага года дакументы былі перададзены ў Нацыянальны архіў, дзе далей з імі была працягнута работа».

Як расказаў Святаслаў Кулінок, праляжаўшы ў зямлі больш як 80 гадоў, многія дакументы аказаліся беззваротна страчанымі. «Больш чым палова выяўленых дакументаў — на жаль, гэта фрагменты, — канкрэтызаваў ён. — На многіх адсутнічае датаванне або нельга ўстанавіць аўтарства. Матэрыялы ёсць як арыгінальныя, так і копіі. Сустракаюцца машынапісныя і рукапісныя тэксты, якія ствараліся пёравай ручкай або алоўкам. У цяперашні момант дакументы захаваны і алічбаваны».

Што датычыцца зместу знойдзеных артэфактаў, як правіла, гэта матэрыялы справаводства: арганізацыйна-распарадчыя, планава-справаздачныя, даведачна-інфармацыйныя, судова-следчыя і дакументы кадравага характару. Яны адрозніваюцца па іерархіі стварэння: ротныя, атрадныя і брыгадныя дакументы. Апошняя дата, пазначаная на адным з дакументаў, — 29 верасня 1943 года. Спецыялісты мяркуюць, што або ў канцы верасня, або ў пачатку кастрычніка дакументы былі закапаны для таго, каб іх зберагчы.

Знойдзеныя праз 80 гадоў матэрыялы дазваляюць удакладніць і дапоўніць даныя аб баявой, разведвальнай і дыверсійнай дзейнасці партызанскіх атрадаў. І, самае галоўнае, дзякуючы гэтым дакументам удалося ўстанавіць імёны сямі партызан, якія дагэтуль не значыліся ў інтэрнэт-партале «Партызаны Беларусі».

На адзін навуковы форум стала больш і ў архіўнай галіне — плануецца, што Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Партызанскі архіў» стане штогадовай і будзе праходзіць не толькі ў Мінску, але і ў розных рэгіёнах Беларусі.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Грамадства

Каб выбары —  як свята

Каб выбары — як свята

Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.