Многія пісьменнікі народаў Расіі звязаны сваімі ваенным лёсам з рознымі куточкамі Беларусі. Абаранялі Брэст і Магілёў, Мінск і Гомель... Вызвалялі Рэчыцу, Жлобін, Бабруйск, Асіповічы, Мар’іну Горку, Ваўкавыск, Слонім, Навагрудак... У Беларусі з фашыстамі ваявалі Канстанцін Сіманаў, Аляксандр Твардоўскі, Усевалад Саблін, Міхаіл Матусоўскі, Аляксей Суркоў, Морыс Слабадскі…
А хтосьці і навечна застаўся ў беларускай зямлі. Як, напрыклад, камандзір стралковай роты ўдмурцкі паэт і празаік Піліп Кедраў, які загінуў у лютым 1944 года пад Віцебскам. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Сімвалічная назва ў яго паэтычнай кнігі, выдадзенай у Іжэўску ў 1999 годзе, — «Песня на памрэ»...
Цікавым падаецца лёс і франтавога ўрача ўдмурцкай паэтэсы Ашальчы Акі (1898 — 1973). У Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі яна з 20 ліпеня 1941 года. Жанчына, якой было ўжо за сорак, мела сур’ёзны прафесійны вопыт. Таму ёй (сапраўднае прозвішча — Акіліна Рыгораўна Векшына, у 1927 годзе закончыла медыцынскі факультэт Казанскага дзяржаўнага ўніверсітэта) даручылі адказны ўчастак працы — загадваць аддзяленнем таксічнай газава-гангрэнознай інфекцыі. Праз паўтара гады прызначылі ардынатарам Хірургічнага палявога перасоўнага шпіталя N 571. Медыцынская ўстанова ўваходзіла ў 303-ці перасоўны эвакуцыйны пункт 3-й арміі...
Зірнём на баявы шлях гэтага знакамітага вайсковага злучэння, якое ў розныя ваенныя часіны ўзначальвалі генерал-палкоўнік Герой Савецкага Саюза Васіль Кузняцоў, генерал арміі Герой Савецкага Саюза Якаў Крэйзер (яго імя носіць адна з вуліц Барысава), генерал-лейтэнант Пётр Пшэннікаў, генерал арміі двойчы Герой Савецкага Саюза Павел Батаў (імем генерала названы вуліцы ў Бабруйску, Пружанах, Светлагорску, Лоеве, Калінкавічах, Рэчыцы), генерал-маёр Герой Савецкага Саюза Піліп Жмачэнка, генерал-лейтэнат Павел Корзун (нарадзіўся ў Мінскай вобласці, на Случчыне, імя генерала носіць адна з вуліц Слуцка)...
З 27 чэрвеня 1943 года да 9 ліпеня 1945 года камандуючы 3-й арміі — генерал арміі Герой Савецкага Саюза Аляксандр Гарбатаў (яго імем названы вуліцы ў Мінску, Гомелі, Ваўкавыску, Свіслачы, Рагачове, Асіповічах)...У такім легендарным вайсковым фарміраванні служыла сціплы ваенны ўрач і зусім нікому невядомы ў армейскім асяроддзі ўдмурцкі паэт, пісьменніца з няпростым лёсам Акіліна Векшына — Ашальчы Акі...
Разам з 3-й арміяй пісьменніца ваявала ў складзе Беларускага, а пасля — 1-га Беларускага, 2-га Беларускага, 3-га Беларускага франтоў. Разам з арміяй удзельнічала ў Маскоўскай бітве, Бранскай аперацыі, у Беларускай наступальнай аперацыі «Бгратыён». Вызваляла Прапойск (сённяшні Слаўгарад на Магілёўшчыне), Гомель, Рагачоў, Жлобін, Бабруйск, Асіповічы, Навагрудак, Ваўкавыск... 83 салдаты і афіцэры арміі былі ўганараваны званнем Героя Савецкага Саюза.
А капітан медыцынскай службы Акіліна Векшына спакойна і сумленна рабіла сваю няпростую справу — яна змагалася за чалавечыя жыцці, за жыцці тых, хто быў на перадавой, хто атрымліваў самыя цяжкія раненні... Здаралася, што пералівала сваю кроў, а пасля, зняможаная, станавілася за аперацыйны стол, каб выратаваць жыццё таго байца, хто, на першы погляд, і выжыць не мог... Была Акіліна Векшына ўзнагароджана медалямі — «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германія у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.». А прадстаўлялі на ордэн Чырвонай Зоркі... Вось радкі з дакумента за подпісам начальніка Хірургічнага палявога шпіталя N 571 ад 5 сакавіка 1944 года (3-я армія ўжо ваявала з фашыстамі на тэрыторыі Беларусі): «Таварыш Векшына праявіла сябе як ўрач-энтузіяст сваёй справы. Працавала на саамых цяжкіх і адказных участках... Сваёй нястомнасцю, самахвярнасцю ў лячэнні яна выратавала жыцці многім сотням параненых.
Неаднойчы здавала сваю кроў для выратавання жыцця параненых. Мае мноства падзячных пісьмаў ад параненых...»
У 1946 годзе Акіліна была дэмабілізавана. Не выключана, што яна ізноў прайшла, праехала беларускімі сцежкамі. 3-я армія расфаміроўвалася на тэрыторыі Беларусі.
Прыехала ў родную Удмурцію. І ізноў пачала працаваць на медыцынскай ніве. Працавала ўрачом Алнашскай раённай бальніцы. У 1958 годзе Акіліну Рыгораўну ўзнагародзілі ордэнам «Знак Пашаны», ёй было прысвоена званне заслужанага ўрача Удмурцкай АССР.
А што ж да літаратурнага лёсу ўдзельніцы вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў?.. Як паэт вядомасць яна атрымала ў 1920-я гады. Дарэчы, і тады, і зараз яна лічыцца першай паэтэсай, якая пісала вершы на ўдмурцкай мове. Нарджэннем сялянка, з вёскі Кузебаева, у 1914 годзе яна атрымала адукацыюў Карлыганскай Вотскай настаўніцкай школе. Два гады Акіліна працавала настаўніцай у вёсцы Субаш (па іншых звестках — у вёсцы Кушкет). Гэта — на тэрыторыі цяперашняга Татарстана. Пасля яшчэ два гады — настаўніцай у вёсцы Будчымшур -Пельга Бальшаўчынскага (зараз — Мажгінскага) раёна Удмурціі. Працавала і ў вёсцы Мамаева Грахоўскага раёна. Пасля закончыла рабочы факультэт у Казані (1921), і толькі затым, у 1927-м, — медыцынскі факультэт Казанскага ўніверсітэта.
Першыя вершы і апавяданні Ашальчы Акі з’явіліся ў друк уна старонках удмурцкіх газет «Віль сінь» і «Гудыры» у 1918 годзе. Якраз да 1918 года адносіцца сустрэча настаўніцы і маладой паэтэсы з паэтам і вучоным Кузебаем Гердам ... Удмурцкі паэт, празаік, драматург, перакладчык, этнограф, нацыянальны і грамадскі актывіст, ён, маючы за плячыма ўсяго 20 гадоў, равеснік Акіліны, клапатліва збіраў нацыянальныя літаратурныя сілы, імкнуўся, чым толькі мог, дапамагчы кожнаму... У 1933 годзе ён патрапіць пад каток рэпрэсій, а ў 1937 годзе будзе расстраляны...
У 1925 і 1928 гады былі надрукаваны першыя паэтычныя зборнікі Ашальчы Акі — «Ля дарогі» і «Пра што спявае вацячка». Чытача ўражвала лірычнасць, задушэўнасць яе верша. Менавіта Ашальчы Акі ці не першай даказала, што і на ўдмурцкай мове магчыма ствараць чароўныя лірычныя шэдэўры, весці сардэчны, душэўны дыялог з чытачом. Пасляслоўе да першай кнігі таленавітай паэтэсы напісаў якраз Кузебай Герда.
Прадстаўляючы таленавітага творцу, ён знайшоў і такія словы: «...Яе вершы, быццам кветкі, раскіданыя ў розных мясцінах, сустракаліся ва ўдмурцкіх часопісах і газетах. Хаця і былі яны раскіданы, усё адно звярталі на сябе нашу ўвагу. Аднойч ыпрачытаеш — хочацца чытаць далей яшчэ і яшчэ. Прачытаеш іх — быццам ідзеш па роднаму квітнеючаму полю... Ашальчы Акі піша не толькі пра сябе, яна піша пра ўсіх удмурцкіх жанчын. Скрозь яе вершы, як скрозь адчыненае акно, узіраешся ў сэрцы дзяўчын-удмуртак... Ашальчы Акі... адкрыўшы сваё сэрца насцеж, каб усе бачылі ў ім ўсё, адкрывае перад намі сэрцы многіх тысяч удмурцкіх жанчын...Калі б яна змагла, яна квітнела б у жыце сінімі-сінімі васільковымі кветкамі! Стала б звонкай чыстай крыніцай, вада якой журчыць з-пад гары і цякла б яна ў вёдры ўдмурцкіх жанчын!.. »
А ў 1933 годзе маладую жанчыну, яркага творчага чалавека, пачалі крытыкаваць. З аднаго боку яна і сама адыходзіць ад літаратуры, яе захапіла медыцына. Яна займаецац афтальмалогіяй, змагаецца з захворваннем трахомай. Абыйшла сотні ўдмурцкіх вёсак. Некалькі разоў ездзіла ў Маскву і Казань для ўдасканальвання па спецыяльнасці... Так што, час забіраў яе цалкам дзеля іншай канкрэтнай справы.. Ды яшчэ яна бачыла, што ў 1930-я гады патрэбны былі іншыя вершы — ударныя, баявыя, палітычна вывераныя. Таму і перастала пісаць. А Кузебая Герду абвінавачваюць у стварэнні неіснуючай падпольнай арганізацыі «Сафін» («Саюз вызвалення фінскіх народаў»). Арыштоўваюць іншых яркіх літаратараў. У тым ліку — і роднага брата Акіліны паэта Айва Іві. У лютым 1933 года арыштавалі і Ашальчы Акі. Абвінавацілі ў тым, што падтрымлівае сувязь з буржуазнымі нацыяналістамі. Праўда, пашчасціла. Праз тры месяцы выпусцілі на волю... А ў 1937 годзе арыштавалі ізноў. Абвінавачвалі ўжо ў тым, што некалі з братам І. Векшыным стварыла ў Грахове контррэвалюцыйную арганізацыю. Праз некаторы час выпусцілі... Новага арышту яна чакала ажно да чэрвеня 1941 года...
23 чэрвеня яе выклікаюць у райвыканкам і абвяшчаюць, што прызначаюць галоўным урачом, паколькі папярэдняга галоўнага ўрача мабілізавалі на фронт. А праз дзве гадзіны пазванілі і запатрабавалі тэрмінова прыйсці ў ваенкамат. Так што, галоўным урачом Алнашскай бальніцы яна пабыла толькі дзве гадзіны... У свядомасці была адна думка: «Паколькі прызываюць на фронт, значыць, давяраюць...»
...Як адступленне... З характарыстыкі начальніка шпіталя ад 19 мая 1945 года: «Тав. Векшына... прыгожай душы чалавек і добры таварыш... сціплы урач-патрыёт». Вельмі цёплыя і зусім не афіцыйныя словы... Ёй давяралі праз усю вайну...
Калі прыйшоў іншы час, старыя таварышы, тыя, хто памятаў Ашальчы, і моладзь, якая ведала пра яе, звярталіся да паэтэсы з просьбай вярнуцца да творчай працы. Але вельмі ўжо балючым быў колішні адыход ад шчырага, руплівага служэнняі роднаму слову, роднай удмурцкай нацыянальнай культуры, каб вось так лёгка пагадзіцца, а на самай справе — разварушыць балючыя старыя раны... Пасля 1956 года Ашальчы Акі напісала некалькі апавяданняў для дзіцячага чытача. У творчым багажы ўдмурцкай пісьменніцы — і пераклады паэтычных твораў Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, Гейнэ...
У 1987 годзе ў вёсцы Алнашы быў адкрыты Дом-музей Ашальчы Акі. У 1994 годзе ўрад Удмурцкай рэспублікі заснаваў Удмурцкую нацыянальную літаратурную прэмію імя Ашальчы Акі. У 1998 годзе быў выдадзены зборнік вершаў адной з пачынальніц удмурцкай нацыянальнай літаратуры на ўдмурцкай і ў перакладзе на рускую мову — «Каралі». З гэтага ж года ўдмурцкі жаночы часопіс пачаў насіць назву «Ашальчы»...
Пошук беларускіх слядоў, сведчанняў аб франтавой службе ўдмурцкай паэтэсы ў Беларусі, на ўсіх трох Беларускіх франтах можна і варта прадоўжыць. Ашальчы Акі па меры сіл і часу шмат перапісвалася з сваімі блізкімі, з сяброўкамі па вучобе і працы... Магчыма, паэтэса расказвала пра свой беларускі час і ў эпісталярыях пасляваенных гадоў... Трэба было б і перакласці паэтычныя творы Ашальчы Акі на беларускую мову — у знак памяці пра тое, што гэтая яркая асобы была сярод удзельнікаў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1943 — 1944 гады...
Ушаноўванне памяці пра Ашальчы Акі ў Беларусі стане і ўкладам у развіццё беларуска-удмурцкіх літаратурных сувязяў. У Выдавецкім доме «Звязда» параўнальна нядаўна выйшла паэтычная кніга з вершамі ў перакладзе на беларускую мову народнага пісьменніка Удмурціі Вячаслава Ар-Сяргі «Ранішні вецер у акне». У перыядычных выданнях Беларусі надрукаваны творы ўдмурцкіх паэтаў Сяргея Мацвеева, Анастасіі Шумілінай... Настаў час беларускаму чытачу пазнаёміцца і з вершамі Ашальчы Акі!..
Кастусь Лешніц
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.