Вы тут

У Татарстане працуе выстаўка Коласаўскага музея з Мінска


Вядомы адрас літаратурнай памяці, мясціна, якая яднае, кліча ў госці беларусаў Казані і ўсяго Татарстана — музей Янкі Купалы ў Пячышчах, блізкай ваколіцы Казані. Толькі што тут пры падтрымцы Аддзялення Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі і ГПЗ «МТЗ — Татарстан» адкрылася выстаўка Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «Якуб Колас і Янка Купала: зямля і неба беларускай літаратуры». 


На адкрыцці з прывітальным словам да прысутных звярнуўся кіраўнік Аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі ў Казані Віктар Шчэцька. Выступіў таксама і кіраўнік Выканаўчага камітэта Савета Асамблеі народаў Татарстана Рэнат Валіўлін. Шчырымі словамі любові да беларускага народа, беларускай літаратуры было насычана выступленне народнага паэта Татарстана, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі, вядомага грамадскага і палітычнага дзеяча Рэната Харыса. Татарскі паэт і перакладчык зрабіў неверагодна шмат дзеля развіцця і ўмацавання беларуска-татарскіх літаратурных сувязяў, дзеля ўшанавання творчай спадчыны беларускіх класікаў на мове свайго народа. У 2018 годзе Рэнат Харыс выдаў у Казані зборнік беларускай паэзіі ў сваіх перакладах — «Калі ласка — Хуш кілесез!». Пад адной вокладкай знайшлося месца творам Францыска Скарыны, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Міхася Чарота, Уладзіміра Дубоўкі, Петруся Броўкі, Пятра Глебкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Рыгора Барадуліна, Раісы Баравіковай, Леаніда Галубовіча, Міхася Пазнякова, Валерыя Казакова, Міколы Мятліцкага, Уладзіміра Марука, Віктара Шніпа, Людмілы Рублеўскай, Алеся Бадака, Таццяны Сівец... Усяго 30 паэтаў Беларусі прадставіў чытачу татарскі перакладчык. Уражлівай аказалася і прадмова да кнігі, у якой, дарэчы, Рэнат Харыс напісаў: «Асаблівая цікавасць да Беларусі ўзнікла ў мяне недзе ў 1971 годзе ў перыяд працы адказным сакратаром Саюза пісьменнікаў Татарстана. Тады старшынёю Саюза пісьменнікаў Татарстана працаваў вядомы паэт Закі Нуры... Ён часта ўспамінаў пра сваё „лясное“ жыццё ў час вайны, калі ён змагаўся супраць фашыстаў у партызанскім злучэнні Канстанціна Заслонава — спярша падрыўніком, пасля камандзірам атрада разведкі. Пра гэты перыяд свайго жыцця ён напісаў у кнізе апавяданняў „І мёртвыя помсцілі“. Ганаровы грамадзянін горада Орша Закі Нуры заўсёды падтрымліваў кантакт з беларускімі пісьменнікамі, перакладаў на татарскую мову іх творы і выдаваў кнігі». І далей: «У тыя самыя гады ў вёсцы Пячышчы Верхне-Услонскага раёна на беразе Волгі адкрыўся музей Янкі Купалы, эвакуіраванага ў наш край ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У з’яўляенні гэтага музея таксама ёсць немалая заслуга Закі Шарафутдзінавіча. У гэтым музеі, праз жыццё і творчасць Янкі Купалы, для мяне шырэй адкрыліся дзверы ў свет беларускай літаратуры. Побач са знаёмымі па школьных падручніках Янкам Купалам і Якуба Коласам паўсталі Максім Танк, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў і іншыя. Нябачаная бяда, прынесеная фашыстамі на беларускія земілі, з неверагоднай сілай адлюстроўваецца ў іх творах і пераўтвараецца ў гімн багатырскай трываласці і жыццялюбства беларускага народа».

З вялікай увагай усе слухалі выступленне дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Ірыны Мацяс, якая адзначыла непарушную еднасць двух класікаў — Янкі Купалы і Якуба Коласа. Ірына Уладзіміраўна падкрэсліла, што сяброўства ў межах музейнай прасторы Беларусі і Татарстана — гэта і мост, які развівае літаратурную, культурную, нарэшце, народную дыпламатыю паміж нашымі народамі. Прыемна, што ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь разумеюць надзвычайную вагу міжнародных стасункаў у галіне культуры. Вартае месца ў развіцці сяброўства, музейнага абмена паміж Беларуссю і рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі займае Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. 

— Калі гаварыць, у прыватнасці, пра Казань, музей у Пячышчах, — зазначае Ірына Мацяс, — то наша сяброўскае, шчырае партнёрства немагчымае без руплівасці кіраўніка гэтай установы Рымы Абызавай. Яна — часты госць у Беларусі, ініцыятар многіх творчых, асветніцкіх праектаў. Такія людзі культуры будуюць нашу еднасць, усталёўваюць прыязнасць і добрыя стасункі. Калі кантактуеш з Рымай Абызавай, адразу ўзнікае прыцягненне да Татарстана, Казані, да народа Татарстана... 

Экскурсію па выстаўцы «Якуб Колас і Янка Купала: зямля і неба беларускай літаратуры» правяла навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Кацярына Саўчанка. А прадстаўнік беларускай суполкі ў Татарстане «Спадчына» Галіна Барановіч прачытала верш на роднай беларускай мове, а яшчэ падаравала музею ў Пячышчах рушнік, які быў вытканы сто гадоў назад. Кіраўнік «Спадчыны» Сяргей Марудзенка выказаў удзячнасць кіраўніцтву Беларусі і Татарстана за падтрымку і ўвагу культурных стасункаў паміж рэспублікамі і народамі. Уразіў чытаннем паэтычнага твора на беларускай мове і юны сябра музея, удзельнік многіх мерапрыемстваў у Купалаўскім доме ў Пячышчах Сяргей Бутэнка. 

Падзея, што адбылася ў Тарастане, акрэсліла і магчымыя перспектывы развіцця культурных, літаратурных стасункаў. «З’яўляючыся членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, — падсумоўвае новы творчы праект Ірына Мацяс, — заклікаю сваіх калег па творчай арганізацыі не забывацца на клопат па ўшанаванню тых беларускіх літаратурных адрасоў, якія ёсць у свеце, якія служаць для нас напамінам, што беларускае мастацкае слова цікава ў многіх куточках. І не толькі ў Расіі, а і ў розных іншых краінах». 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».

Эканоміка

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.