Сённяшні някніжны час хутка пакрывае пылам творы, якія ў іншых абставінах маглі б абудзіць свядомасць не аднаго пакалення чытачоў. І зараз нават тыя з іх, хто не бярэ ў рукі папяровую кнігу, ведаюць імёны пісьменнікаў савецкай эпохі Васіля Быкава, Юрыя Бондарава, Віктара Астаф’ева, Рыгора Бакланава, Уладзіміра Багамолава, Вячаслава Кандрацьева, якія паспрабавалі расказаць пра Вялікую Айчынную вайну вядомую ім праўду, перажытую імі праўду. І гэта зразумела — і лічбавыя рэсурсы, сацыяльныя сеткі, электронныя медыя час ад часу звяртаюцца да аўтараў «Сотнікава», «Альпійскай балады», «Мёртвым не баліць», «Гарачага снегу», «У жніўні сорак чацвёртага...» Усё ж у згаданых пісьменнікаў вядомасць немалая... А вось жа, як паказвае блізкая гісторыя мастацкай літаратуры, былі і іншыя імёны, былі і іншыя творы...
Вось што гаварыў пісьменнік Юрый Пракушаў пра творчасць Івана Акулава (1922 — 1988): «Я не буду гаварыць пра пісьменніцкія «абоймы» і «спісы», але вось у нас у рускай літаратуры (у дакладзе, на жаль, пра гэта не гаварылася , я не ведаю, ці ішла размова аб гэтым на секцыі прозы) — у нас працуе ў сучаснай літаратуры вельмі сумленна, вельмі таленавіта, цнатліва і бязлітасна ў адносінах да адлюстравання праўды салдат на вайне, я сказаў бы, як Быкаў у беларускай літаратуры, — гэты выдатны рускі пісьменнік Іван Акулаў. А далёка, далёка не ўсім гэтае імя вядома».
Словы гэтыя былі сказаны на восьмым з’ездзе Саюза пісьменнікаў СССР у чэрвені 1986 года... Крыху болей як праз два гады, у снежні 1988-га, Іван Акулаў пайшоў у іншы свет, за лепшай доляй... Восьмы з’езд Саюза пісьменнікаў СССР — даволі цікавы і з пункту гледжання агучаных пісьменніцкіх ацэнак пра час і літаратуру, і па характару свайго праходжання. Старшыня СП Георгій Маркаў прачытаў толькі некалькі старонак са свайго даклада. Яму стала дрэнна на трыбуне. Даклад дачытаў Герой Савецкага Саюза пісьменнік-франтавік Уладзімір Карпаў, які пасля і стаў першым сакратаром Саюза. У прэзідыўме — легендарны партначальнік савецкай літаратуры загадчык аддзелам культуры ЦК КПСС Васіль Філімонавіч Шаура (у 1960 — 1965 гг. сакратар ЦК Кампартыі Беларусі). У прэзідыўме — і сапраўдныя пісьменнікі, якія не аднойчы адстойвалі праўду: Мустай Карым, Чынгіз Айтматаў... Выступалі на з’ездзе Андрэй Вазнясенскі, знакаміты беларускі празаік Вячаслаў Адамчык (гэта з яго выступлення: «Па-мойму, сапраўды вялікая народная творчасць і літаратурная шалуха — рэчы несумяшчальныя...»), туркменскі раманіст, на той час першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Туркменскай ССР Тыркіш Джумагельдыеў, будучы народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў ( пэўна, і яго словы разбудзілі шмат каго: «Гераічнае заўсёды спалучаецца з трагічным...»)... Сярод дэлегатаў — Васіль Быкаў, Данііл Гранін, Сяргей Залыгін, Рыгор Бакланаў, Давід Кугульцінаў, Максім Танк, Валянцін Распуцін... Загалоўкі справаздач са з’езда гавораць самі за сябе: «Высокае прызванне», «Жыць клопатамі сучаснага свету», «Адгукаючыся на заклік партыі», «Адказнасць перад часам»...
Юрый Пракушаў, выступаючы на з’ездзе, меў перш-наперш на ўвазе раман Івана Акулава «Хрышчэнне», твор, над якім пісьменнік працаваў цэлае дзесяцігоддзе — з 1965 па 1975 гг. А пасля яшчэ не адзін год мыкаўся па розных рэдакцыях, каб надрукаваць гэты твор...
З рамана «Хрышчэнне»: «... — Будзем лічыць, палкоўнік, што мы дамовіліся, — сказаў генерал і ізноў моцна ўхапіўся за краі сталешніцы, качнуў хіленькі столік. — І дзякуй за партыйную шчырасць. Хаця, праўда, у нечым вы і перахапілі. І добра, што зразумелі гэта. Вы даўно на фронце?
З кастрычніка мінулага года.
Выходзіць, ахрышчаныы па ўсіх артыкулах.
Зацягнулася яно нешта, наша хрышчэнне.
І гэта праўда, палкоўнік, зацягнулася. Затое будзе ўрок з дзевятага на дзесятае калена. Вешку паставілі, каб адмераць стагоддзі.
Дык, пачакайце ж. — Васілеўскі падняўся і з павесялелым тварам абвясціў. — Я ж, палкоўнік, рускую гісторыю вучыў па «Гісторыі Расійскай» Васіля Мікітавіча Тацішчава, а ён, баценька мой, вось як сказаў на гэты конт: «Понеже крещение есть просвещение души, следственно одобрение ума и его орудий, яко памяти, смысла и суждения, от которых всякое добро в жизни человека происходит». Вось як! Так што я, палкоўнік, лічу вас чалавекам прасветленай душы, і вам не сёння — заўтра правіць справы з перавала. Так, так. А Беразаў не аб’яўляўся? Шкада. Гэтага генерала шкада. Увесь ён складаўся з ідэі наступленя. Нам хутка такія людзі спатрэбяцца...»
Вайну камандзір узвода, а пасля і начальнік штаба батальёна 137-й стралковай дывізіі спасцігаў пасля таго, як у 1942 годзе выпусціўся з Тамбоўскага пяхотнага вучылішча. Зусім маладым хлопцам прайшоў баявы афіцэр дарогамі і Беларусі. 137-я Бабруйская стралковая ордэна Суворава дывізія пасля Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі, у якой у жніўні — верасні 1943 года палягло некалькі дзесяткаў тысяч камандзіраў і салдат Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі, і якая прывяла да вызвалення Лоева, пайшла далей, вызваляючы Гомель і яго ваколіцы... А далей, напрыканцы чэрвеня 1944-га, — Бабруйская аперацыя, стварэнне ўмоў для шырокага наступлення на Мінск... Мо з таго часу і запалі ў памяці камандзіра беларускія рэкі Друць, Днепр, Добрыца, Добасня, Бярэзіна, Пціч..? Разам з 3-й арміяй «акулаўская» 137-я стралковая дывізія вызваляла старадаўнія беларускія гарады Навагрудак, Ваўкавыск...
А як жа складваўся пасляваенны лёс капітана Акулава?.. За вайну ён быў двойчы паранены. Дэмаблізаваўшыся, паступіў на філалагічны факультэт Свярдлоўскага педагагічнага інстытута. Закончыў у 1950 годзе. Працаваў настаўнікам, дырэктарам сярэдняй школы. Вабіла журналістыка. Прыйшоў у газету «Уральский рабочий». Загадваў аддзелам сельскай гаспадаркі. Пасля працаваў у часопісе «Урал». Першая аповесць — «Дзве дарогі» — была надрукавана ў 1958 годзе. Твор прысвечаны пасляваеннай вёсцы. У 1963 годзе літаратара прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. Іван Іванавіч закончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы. У 1966 — 1970 гадах Акулаў узначальваў часопіс «Уральский следопыт». А напрыканцы 1960-х гадоў набыў сабе лецішча паблізу Сергіева Пасада і з часам пераехаў у Маскву. Працаваў галоўным рэдактарам Дзяржкамвыдата РСФСР. Займаў у СП Расіі грамадскую пасаду старшыні прыёмнай камісіі. Уваходзіў у рэдкалегію выдавецтва «Современник».
Раману «Хрышчэнне» папярэднічаў раман «У вечным абавязку» — твор, які мала чым адрозніваўся ад мноства раманаў таго часу. А вось глыбіня, пераасэнсаванне многіх сацыяльных, духоўных з’яў у савецкім грамадстве якраз і прыйшло з раманм «Хрышчэнне»... А следам былі і іншыя творы — раманы «Касьян Астудны» і «Памыліся, мілуючы». Фёдар Абрамаў так адгукаўся на раман «Касьян Астудны» у лісце аўтару: «Магутную кнігу Вы напісалі, Іван Іванавіч! Так пра рускую вёску на яе вялікай мяжы яшчэ ніхто да Вас не пісаў! І зразумела, чаму пра яе ніводнага гуку ў нашым свалачным друку. З Расіі зрабілі цаліну, у Расію задзічалую, бясплодную пустэчу пераўтварылі, а ведаеце, якой яна была! Чытайце Івана Акулава. Выдатна выпісаны характары, унікальнае веданне і разуменне сялянскай душы зямлі, неверагодна багатая мова, побыт, прыўзняты з самых глыбінь, прырода па-акулаўскі неспатольная і шматколерная, Дзякуй Вам вялікі ад мяне, вясковага пісьменніка».
... За раман «Хрышчэнне» у 1980 годзе пісьменнік атрымаў Дзяржаўную прэмію РСФСР імя М. Горкага. Быў узнагароджаны Іван Іванавіч і ордэнам Дружбы народаў. Болей высокіх узнагарод не атрымаў. Яно і зразумела. ЗІ за мастацкую праўду не заўсёды ордэны даюць... Не стала пісьменніка ў снежні 1988 года. Яго нядоўгі век быў роўны ўсяго толькі 66 гадам... Мог бы яшчэ не адзін год пажыць. І напісаць, пэўна, таксама яшчэ нешта змог бы...
Мо з часам імя рускага пісьменніка, які прайшоў франтавымі дарогамі Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, будзе ўшанавана і ў нас, у адным з тых гарадоў, якія ён вызваляў. Дарэчы, і сваю баявую ўзнагароду — ордэн Айчыннай вайны I ступені Іван Акулаў атрымаў у Беларусі: быў узнагароджаны загадам па 48-й арміі 20 іпеня 1944 года... Хутчэй за ўсё, мяркуючы па баявому шляху 137-й стралковай дывізіі, 48-й арміі, куды ўваходзіла злучэнне, адбылося гэта ўжо на Гродзеншчыне...
Раман Сэрвач