Вы тут

Курс дапамогі — на Курск


Не так даўно Беларускі саюз жанчын адправіў больш за 20 тон дапамогі ў Курскую вобласць Расіі. Збіралі неабходнае ва ўсіх рэгіёнах краіны на працягу некалькіх тыдняў: бакалея, дзіцячае харчаванне, прадметы гігіены, коўдры, падушкі. Апошнія каробкі дадалі ў машыну ўжо ў Мінску. Кантакты для сувязі шукаць доўга не прыйшлося: некалькі месяцаў таму БСЖ і Курская вобласць падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Узаемадзеянне якраз і пачалі з дабрачыннасці — збору гуманітарнай дапамогі.


«Не можам застацца ўбаку»

Перад адпраўкай грузу старшыня канцэрна «Беллегпрам», старшыня аб’яднанай арганізацыі БСЖ канцэрна Таццяна Лугіна адзначыла, што для Беларускага саюза жанчын стала добрай традыцыяй аказваць дапамогу людзям, якія трапілі ў складаныя ўмовы. «Не магу сказаць, што нехта адзін быў ініцыятарам. У нас так ужо склалася: калі мы бачым землятрус, навадненне, прыродныя катаклізмы — аказваем дапамогу. А тут трагедыя, якую нельга ўявіць любому чалавеку. Калі мы бачым разбурэнні, дзіцячыя пакуты, то разумеем, што людзі засталіся без прытулку, і не можам застацца ўбаку», — сказала яна.

Таццяна Лугіна падкрэсліла, што да збору грузу далучылася кожная структура Беларускага саюза жанчын: «Хтосьці аказваў матэрыяльную дапамогу, пералічваў грашовыя сродкі на рахунак. Хтосьці прыносіў рэчы для дзяцей і дарослых, тавары штодзённага ўжытку. Кіраўнік дзяржавы навучыў, што, калі прыходзіць бяда ў дом да нас або да суседзяў, кожны сам праявіць ініцыятыву і дапаможа. Няхай часцінка беларускага цяпла дапаможа камусьці сагрэцца».

Сустракалі ўрачыста

Кіроўца грузавога аўтамабіля Белмытсэрвіс Аляксандр КАХОВІЧ працуе ў сферы грузаперавозак ужо чацвёрты год. За гэты час бачыў нямала розных месцаў, праехаў дзясяткі тысяч кіламетраў. Але адзін з апошніх рэйсаў стаў для яго асаблівым: «Гэта быў мой першы выезд з гуманітарным грузам. Маршрут важны, але не самы вялікі. Ад Беларусі да Курска прыкладна 1300 кіламетраў у адзін бок. А так, бывае, езджу і на больш доўгія дыстанцыі. У той жа Чалябінск, за Урал часта. Грузы дастаўляюцца па ўсёй тэрыторыі Расіі».

Аднак адной змены, каб даехаць да Курска, не хапіла. Усе грузаперавозчыкі выконваюць рэжым адпачынку і працы. Плюс да гэтага дадаюцца пагрузачна-разгрузачныя работы, праверка і афармленне ўсіх неабходных дакументаў. «Такім чынам, выехаў 9-га, а прыехаў 11-га чысла. Раніцай мяне сустрэлі каля Курска, суправадзілі праз горад да месца выгрузкі. Там сабралася вялікая колькасць чалавек са святарамі і валанцёрамі. Сустракалі ўрачыста. Людзі дружна, хвілін за 15 выгрузілі ўсё, што было ў машыне. Пасля мяне запрасілі на гарбату, а таксама зрабілі памятнае фота», — распавёў Аляксандр.

Адразу пасля яго ад’езду на месца выгрузкі прыехала іншая машына з грузам. Дапамога расіянам аказваецца пастаянна. «У самім горадзе ўсё працуе. Людзі ходзяць на работу, ездзяць аўтобусы і тралейбусы — усё ў рабочым рэжыме, гараджане жывуць сваім жыццём. Аднак на ўездзе ў горад стаяць спецыяльныя пасты з паліцыяй і ваеннаслужачымі. Таксама не працуе навігатар, таму мяне і суправаджалі. Сотавая сувязь і інтэрнэт ёсць, а вось у плане навігацыі ні адзін GPS не працуе. Яшчэ заўважыў, што з вечара ў горадзе няма святла, усюды цёмна...» — расказаў беларускі кіроўца.

«Проста выконваю сваю работу»

Аляксандр чуў сірэну ноччу і раніцай. «Ад гэтага робіцца не па сабе. Па горадзе размешчана шмат сховішчаў з адпаведным надпісам, — адзначыў Аляксандр Каховіч. — Калі паступіць прапанова зноў весці гуманітарны груз, вядома, паеду. 

Я проста выконваю сваю работу. Але вельмі прыемна, што гэтым разам мне ўдалося давезці наша беларускае цяпло да Курска. Людзі там вельмі добра ставяцца да беларусаў. І наша цяпло сустрэлі таксама з цеплынёй».

Герой матэрыялу распавёў, што дарога дадому заўсёды здаецца хутчэйшай і карацейшай: «Мне падабаецца мая работа: гэта бясконцая дарога, падарожжа, машыны, людзі. Я нават не ведаю, як гэта растлумачыць. Мне заўсёды цікава пагутарыць з новымі людзьмі, паглядзець на новыя гарады. А дарога дадому, на Радзіму, праўда здаецца хутчэйшай і карацейшай. Магчыма, тут уплывае глядзельная памяць. Як ні круці, але ты запамінаеш пройдзены маршрут. Атрымалася нават прыехаць раней, чым планавалася. Не люблю, каб мяне чакалі. Лепш сам пачакаю, раней прачнуся ды паеду».

Аляксандр звярнуў увагу: «Якая б дарога ні была, па дому заўсёды паспяваеш засумаваць. Дзякуй Богу, што сёння мы жывём у мірнай краіне, дзе не гінуць людзі і не патрэбны хованкі».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.

Грамадства

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.

Эканоміка

Адзіны маёмасны плацеж

Адзіны маёмасны плацеж

Яго неабходна заплаціць да 15 лістапада.