Вы тут

Творы пра вызваленчы рух Заходняй Беларусі 1920–1930-х


Калі ў 1921-м, паводле Рыжскага дагавора, адбыўся падзел Беларусі, напэўна, не было ў нас такога літаратара, які б не адгукнуўся на гэта. Хто абураным вершам, як Алесь Дудар, хто нават прыгодніцка-фантастычным раманам, як Янка Маўр... Пісалі і па гарачых слядах падзей, у тыя ж 1920–1930-я, і пазней, асэнсоўваючы перажытае з адлегласці гадоў. Давайце ўспомнім самыя адметныя творы пра тагачаснае жыццё Заходняй Беларусі, пра тое, як чакалі беларусы таго дня, у які сёння мы адзначаем Дзень народнага адзінства.


Янка Брыль «Сірочы хлеб»

Самы вядомы, напэўна, твор — пранізлівая аповесць Янкі Брыля «Сірочы хлеб», у якой шмат аўтабіяграфічнага. Твор вядомы нам яшчэ са школьнай праграмы, але варта перачытаць яго і тым, хто даўно скончыў школу.

«Данік быў сірата. Бацьку яго забілі на вайне з польскімі панамі, у дваццатым годзе. Хлопчык яшчэ зусім няшмат разумеў у тым, хто такія паны і чаму яго тата не хацеў іх пусціць сюды, у Заходнюю Беларусь. Данік ведаў адно — тата быў вельмі вясёлы і добры. Нібы праз сон успамінаецца,— у шэрым шынялі, з чырвонай зоркай на шапцы, тата казытаўся вусамі і рагатаў, падкідаючы Даніка на руках... Мама кажа, што бацька, калі наша армія гнала паноў на захад, толькі „вады напіцца“ забег. Пайшоў, а назад не вярнуўся...»

Хлопчыку Даніку па мянушцы Сівы даводзіцца ісці ў школу, дзе ўсё выкладаюць па-польску. Ну і напакутаваўся:

«Пачаў чытаць вершык, які трэба было вывучыць на памяць. У вершыку польскі хлопец Янэк хваліўся сваёй маме, што ён наловіць многа рыбы. А потым:

Ловіл Янэк до полудня,

Маёнц пружнон храпкэн…

На гэтай «храпкэн» Сівы і засеў. Што гэта за «храпка»? Думаў, думаў — дарэмна. Успамінаў, успамінаў... Не, настаўнік не гаварыў ім нічога пра гэтае слова. У мамы не спытаешся: яна пайшла з кудзеляй. Ды, зрэшты, колькі ў яе ні пытайся, толькі і будзе адказу: «А багі яго ведаюць! Адчапіся. Што я табе — пані ці настаўніца? Бабуля твая, нябожчыца, пакаёўкай у пана была: тая табе адказала б!..»

Старэйшы сябра Даніка Мікола дае яму іншую кнігу:

«— Гэта Купала,— сказаў ён.— Той самы, што і пра Машэку напісаў. Памятаеш? — падмаргнуў ён Даніку.

— ЬІгы,— таксама па-змоўніцку ўсміхнуўся Сівы, успомніўшы пра бязмен.

— І пра мяне ён напісаў,— гартаў кнігу Мікола. — Глядзі вось, верш: „Я шавец-маладзец“. І пра цябе напісаў. Пра цябе і пра маму тваю. Вось паглядзім. Ага! Ну, слухай».

Янка Брыль — майстар, таму вобразы не выглядаюць кардоннымі, там няма пафасу і стэрэатыпаў... Так, ёсць злосныя польскія настаўнікі — адзін з іх, дарэчы, з тутэйшых, з суседняй вёскі, толькі апалячыўся і выбіўся ў паны. Але ёсць і настаўніца пані Мар’я, полька, справядлівая, добрая, якая з павагай ставіцца да беларускай культуры. Напрыклад, на адным з урокаў яна чытае дзецям з беларускай чытанкі «Родны край» апавяданне Цёткі «Міхаська».

«І як заўсёды, калі пані Мар’я чытае па-беларуску, голас яе адразу стаў яшчэ мілейшы...»

Максім Танк «Нарач»

Яўген Скурко яшчэ са школы далучыўся да вызваленчага руху. Першы яго зборнік называўся «На этапах» недарэмна — туды ўвайшлі вершы, напісаныя ў турме. Сярод твораў, прысвечаных змаганню, ёсць паэма «Нарач», напісаная ў 1937 годзе. У аснову лягло і народнае паданне пра Нарач, пра двух закаханых, што загінулі з-за акрутнага пана, і рэальныя палітычныя падзеі — паўстанне нарачанскіх рыбакоў, якім польскія ўлады забаранілі вольную лоўлю рыбы. Распавядае аўтар у паэме і пра сябе:

«Не раз я за муром 

астрожным

Па родных гонях сумаваў,

Па тых бярозах 

прыдарожных,

Што на этапах сустракаў.

Не раз я думаў: як вярнуся

Дамоў, на волю, 

зноў прайду

Па нівах, сёлах Беларусі

І пад дзяругаю астрожнай

Шмат прынясу напеваў-дум».

Па матывах гэтай паэмы Максім Танк напісаў сцэнарый мастацкага фільма «Бура над Нараччу». Але фільм не быў пастаўлены, сцэнарый згубіўся, Танк пасля вайны спрабаваў яго знайсці, але так і не змог. Знайшоўся толькі ў наш час дзякуючы архівісту Віталю Скалабану.

«В даль легла широкая дорога.

На дороге путевой столб. На нем белый польский орел и надпись: „Дорога к озеру Нарочь“.

На дорогу наплывает волна. Потом другая, третья.

Волны накатывают на пустынный берег.

Озеро бурно и неприветливо. Низко нависли тяжелые тучи. Волны с грохотом разбиваются о берег.

На берегу развешен на сушилах огромный невод.

Ветер раскачивает его».

У сцэнарыі захаваны сюжэт паэмы: пан Яблонскі аб’яўляе Нарач сваім уладаннем, малады рыбак Іван і яго брат Рыгор з таварышамі ўступаюць у змаганне. Паранены Іван тоне ў Нарачы на вачах нявесты Таццяны, не даплыўшы трохі да яе чаўна. Рыгор працягвае паўстанне.

«Григорий, сжимая в руках винтовку, оглядел бурые, мужественные лица рыбаков, стеной стоящих за его плечами.

Сурово:

— Нет, дело не кончено. Братцы, дело только начинается. Но если дружно стоять будем…

Тряхнул винтовкой, с силой.

— КОНЧИМ».

Максім Гарэцкі «Віленскія камунары»

Змаганне беларусаў апісаў і Максім Гарэцкі ў рамане «Віленскія камунары». Раман ствараўся ў 1931–1932 гг. і з’яўляецца часткай эпічнай задумы Гарэцкага — апісаць лёсы сваіх сваякоў і аднавяскоўцаў і праз гэта паказаць лёс Беларусі. А вось лёс самога рамана быў нялёгкі. У 1960-х збіраліся мастацкія рады, каб вырашыць, як яго ацэньваць і ці пускаць у свет... Галоўны герой — «дзівак з мізэрным прозвішчам Мышка», валодае здольнасцю «не цярпець». Таму ўрэшце далучаецца да вызваленчага руху, трапляе ў турму:

«Пасядзеў я ўсяго да паўдня 22 снежня, пяць дзён. Аднак жа паспеў дайсці даследчым шляхам, што калі прыкласці рот да дзірачкі ў сцяне, дзе прымыкаецца нанач ложак, і гаварыць, дык у суседа чуваць. Калі ён адтуль гаварыў, мне трэба было прыкладваць вуха. А сцяна тоўстая, цэглы ў дзве ці ў дзве з паловаю. Дзірачка ж неглыбокая, сантыметраў пяць — сем, не болей.

Калі каму яшчэ трапіцца сядзець на Душніках, хай гэта возьме пад увагу. Толькі размаўляць трэба ціханька, каб не пачуў наглядач».

Герой любіць родныя мясціны, родную вёску... Але «Не змянілася і вёска маіх продкаў Жабракоўка, трапіўшы ў кіпцюры панскае Польшчы. І тыя даўныя паны, як Хвастуноўскія, і тыя новыя панкі, як Ромусі Рабэйкі — усю яе абселі, абкружылі і смокчуць з яе сокі…

Гібее Жабракоўка і цяпер таксама, як гібела і пяцьдзесят, і сто, і хто ведае колькі год таму назад. Але ж не сядзіць ужо так ціха, як бывала, не сядзіць...»

Піліп Пестрак «Сустрэнемся на барыкадах»

«Вецер на дарогах звёў нас. Шалёны вецер... Няма нічога дрэннага без добрага... З якой жа дарогі завітаеш да мяне, дарагая? Дзе ўбачу, пазнаю тваю постаць, тваю хаду? Ты мільгаеш мне ў вачах — статная, прыгожая, гордая і пяшчотная, свая, свая — дарагая... Нашы думкі спляліся ў адзін квяцісты вянок, якога не ў сілах разарваць ніякі вораг. Мы носім у сабе нявызнанае хараство, песцім яго, як птушачку на далоні. У нас на сэрцах ляжаць раны народа, і цяжка, цяжка, калі яны адкрываюцца, крывавяць, калі ў іх запускае свае кіпцюры вораг...»

Гэтак звяртаецца герой рамана Піліпа Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах» да любай дзяўчыны. У рамане шмат біяграфічнага, і ў гэтым эпізодзе таксама: Піліп Пестрак адзінаццаць гадоў правёў у турмах Заходняй Беларусі, там, у вязніцы, і сустрэў каханую дзяўчыну, такую ж, як ён сам, мужную падпольшчыцу. Вядомым ён стаў найперш як паэт. 

А пасля вызвалення паспрабаваў адлюстраваць перажытае ў прозе, аб’ёмнай і нават грувасткай. Крытыка ацаніла раман добра. Якуб Колас пісаў: «Раман „Сустрэнемся на барыкадах“, бясспрэчна, здабытак нашай нацыянальнай беларускай літаратуры». Хаця ёсць і заўвагі наконт кампазіцыі, цяжкаватасці стылю…

Піліп Пестрак паказвае, які таленавіты беларускі народ, якому акупанты адмаўляюць у праве на ўласную самабытнасць. Вось малады парабак Піліп Гайдук пачытаў беларускую газету і сам пачынае пісаць вершы:

«Не век носіць ваду збан,

Бо на ўсё ёсць смерці час,—

Не век будзе ліхі пан

У балота таптаць нас».

Селянін Пятрусь Хадыка — таленавіты скрыпач, сваёй музыкай абуджае ў душах прагу волі. І калі памірае збіты паліцэйскімі стары Сцяпан Касцевіч, бацька зняволенага змагара, Пятрусь грае сваю музыку, стоячы на страсе:

«А Пятрусь сапраўды стаяў на страсе, сонечны, высокі, і струны скрыпкі звінелі над вёскай, зліваліся з клёкатам бусла ў адно. Гукі ліліся, як з крыніцы серабрыстая вада... Гімн жыццю вялікаму іграе агністая скрыпка Петруся,— жыццю пражытаму, жыццю будучаму... Нездарма прыціхлі людзі і ўсё слухаюць і слухаюць, задуманыя. Прыціхлі дрэвы, прыціхлі птушкі... Усе ведаюць, чаму і для каго іграе Пятрусь!»

Піліп Пестрак і сам быў выдатным музыкам, меў цудоўны голас — страціў яго ў засценках. Ад катаванняў і галадовак страціў валасы... Таму так уражвае апошняя частка кнігі, дзе змяшчаецца турэмны дзённік героя, насамрэч, вядома, аўтара:

«...ліпень 1932 г.

Вярнуўся з карцэра. Прабыў там чацвёра сутак. Палітычных саджаюць толькі ў цёмныя карцэры. Такі карцэр — гэта каменны мяшок у падвале даўжынёю два доўгія крокі, шырынёю адзін крок. Там абсалютная цемра. Сцены з вялікіх круглых каменняў, па якіх слізіць, сцякае вада. Калі дакранешся да іх, то адхопіш руку, як ад каравай, агіднай жывёліны. Відаць, гэта засталіся яшчэ манастырскія карцэры.

...жнівень 1932 г.

Пяты дзень галадоўкі. 

У роце смак і пах балотнай твані. Самы цяжкі дзень галадоўкі — гэта трэці дзень. А цяпер ужо есці не хочацца. Стомленасць, нешта цягне і цягне з усіх жыл. Медыцына сказала б, што арганізм ужо корміцца за свой уласны кошт. Пракурор не прыходзіць, нягледзячы на нашы патрабаванні…

Не ізалявалі і сухотных — галадаюць разам. Мы іх просім, каб елі. Адмаўляюцца. Дзе там есці, калі ўсе ў камеры ляжаць покатам, галадаюць».

Раман заканчваецца тым, як галоўныя героі, Андрэй і яго каханая Надзя, едуць на Народны Сход Заходняй Беларусі як члены паўнамоцнай камісіі, каб прыняць рашэнне аб уз’яднанні Беларусі — гэта якраз пра Піліпа Пестрака і ягоную жонку.

«Ад Народнага Сходу засталіся ў вушах толькі адны воплескі і крыкі „ўра“... Безупынныя воплескі. Аж душа ўжо не магла іх стрымліваць. Там гаварыліся прамовы, прымаліся рашэнні аб нацыяналізацыі фабрык, заводаў, банкаў, зямлі, лясоў, рэк і азёр. Галоўнае, была радасць, было захапленне ад сустрэчы з усходнімі свабоднымі братамі. Усё гэта вылівалася аж за берагі. Хацелася толькі глядзець на іх, доўгачаканых, усміхацца і вітаць узрывамі радасці».

Валянцін Таўлай «Лукішскія вершы»

Паэт Валянцін Таўлай пражыў усяго трыццаць тры гады, з іх сем правёў у турмах панскай Польшы. Яго першы зборнік выйшаў ужо пасля смерці аўтара. Хоць той пісаў усё жыццё — сачыняў, нават седзячы за кратамі. Не ўсё мог захаваць запісаным, завучваў. Потым, пасля вызвалення, з цяжкасцю «вытрасаў з памяці». У яго ёсць некалькі цыклаў «астрожных вершаў», эмацыянальных, кранальных і мужных. Цыкл «Лукішскія вершы» быў напісаны ў 1935 годзе, творы з яго сталі хрэстаматыйнымі:

«Я сам і пасядзець магу,

А вершам — часу шкода:

Шумець ім трэба на сцягу

І калыхаць паходы.

Глядзі ў ваўчок як дзень, 

так ноч, —

Не ўбачыш, чорт зіркаты,

Што я заўзята і даўно

Пілую вершам краты».

Згадана, зразумела, далёка не ўсё вартае, што напісана пра змагароў Заходняй Беларусі, якія набліжалі дзень уз’яднання. Горка згадаць, колькі напісанага было панішчана, канфіскавана ці проста знікла... Але тое, што засталося, занатоўвае для нас нашу гісторыю, якую нельга забываць.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Прэв’ю: brestcity.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.

Грамадства

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.

Эканоміка

Адзіны маёмасны плацеж

Адзіны маёмасны плацеж

Яго неабходна заплаціць да 15 лістапада.