14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Прэзідэнт прыняў з дакладам старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэта


Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся сітуацыяй на граніцы з пункту гледжання мытных органаў. Уладзіміру Арлоўскаму былі зададзены канкрэтныя пытанні: як ажыццяўляецца пераарыентацыя гандлёвых плыняў з Захаду на Усход, якім чынам мытня дапамагае айчынным прадпрыемствам з пункту гледжання транзіту грузаў, як ідзе напаўненне бюджэту краіны па лініі мытных органаў. Традыцыйна ў цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы — і пытанне бяспекі на граніцы.


«Я ўзгадваю сваю службу на граніцы ў савецкія часы і падумаў перад нашай сустрэчай аб тым, што мытныя органы ды і пагранічнікі сёння ўжо нясуць службу ў абсалютна іншых умовах, — адзначыў на пачатку размовы Прэзідэнт. — Асабліва мытнікі».

Раней, па словах кіраўніка дзяржавы, нягледзячы на жорсткую дысцыпліну на граніцы, работы ў мытнікаў было менш. «Цяпер работы дабавілася значна, асабліва пасля таго, як у нас з’явіліся праблемы з Захадам, — звярнуў ён увагу. — Усё-такі мы пераарыентавалі сваю эканоміку на Усход. Якая цяпер сітуацыя ў сувязі з гэтай пераарыентацыяй гандлёвых плыняў?»

Прэзідэнт ведае, што мытныя органы многае робяць для таго, каб дапамагчы айчынным прадпрыемствам, рэзідэнтам у арганізацыі гандлю. У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якая сітуацыя з транзітам нашых грузаў і як увогуле ўцягнута мытня ў дапамогу для нашых прадпрыемстваў? 

«Другое пытанне (яно найважнейшае заўсёды) — якая сітуацыя з плацяжамі па вашай сферы? — удакладніў беларускі лідар. — Як ідзе напаўненне бюджэту краіны па лініі мытных органаў, калі параўноўваць з мінулымі гадамі, мінулым годам і гэтак далей?»

Трэцяе пытанне, на якім Аляксандр Лукашэнка засяродзіў увагу старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта, — пытанне бяспекі. «Мытня іграе найважнейшую ролю ў забеспячэння бяспекі як дзяржавы, так і нашых грамадзян, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Што ў нас з кантрабандыстамі?»

Пацікавіўся кіраўнік дзяржавы і сітуацыяй на ўкраінскай граніцы. А меры, якія прадпрынялі нашы заходнія суседзі, Аляксандр Лукашэнка ўвогуле параўнаў з «шаленствам»: калі з 26 аўтадарожных пунктаў пропуску на цяперашні момант функцыянуюць усяго пяць. Астатнія, як вядома, аднабаковым рашэннем зачынены. 

«Натуральна, можна было б адмахнуцца ад гэтага, сказаць, што санкцыі ўвялі, не гандлюем так з Захадам, як раней, але Беларусь — транзітная краіна, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Таму для нас гэтая ацэнка важная. Як паўднёвыя і заходнія граніцы ў параўнанні? Ваш пункт гледжання, асабліва ў перспектыву, на будучыню?»

Як паведаміў Уладзімір Арлоўскі, сітуацыя, звязаная з закрыццём пунктаў пропуску і наўмыснай перашкодай сумежнымі краінамі руху нашых грузаў, вядома, сітуацыю памяняла. У сувязі з гэтым Дзяржаўны мытны камітэт мяняе тэхналогіі і падыходы ў рабоце. «Самае галоўнае — максімальная падтрымка нашым прадпрыемствам, — канкрэтызаваў ён. — Дапамагаем мяняць лагістыку на Усход. Лагістыка стала больш складаная, шматступенная. Перабудоўваем свае тэхналогіі, каб мы маглі афармляць грузы там, дзе яны знаходзяцца: з любога мытнага пункту, там, дзе ёсць свабодны мытнік. Гэтыя тэхналогіі мы прымяняем пастаянна. Прычым, калі ёсць неабходнасць афармлення ў начны час, у нас ёсць кругласутачныя пункты, якія афармляюць любы груз. Мытня стала больш мабільная і больш даступная для нашага бізнесу».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

У тэму

У размове з журналістамі старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі адзначыў, што цяперашняя сітуацыя на граніцы даволі складаная. Асноўныя пункты пропуску зачынены сумежным бокам, а ў тых пунктах пропуску, якія працуюць, наўмысна стрымліваюць грузапаток. «Таму асноўная тэндэнцыя — гэта пераарыентацыя грузапатокаў на Усход, — падкрэсліў ён. — Сёлета грузапаток праз усходні кірунак павялічыўся ў чатыры разы. Зыходзячы з гэтай тэндэнцыі, мы перабудоўваем сваю работу: максімальна дапамагаем нашым суб’ектам гаспадарання ў выбудоўванні лагістыкі на новым кірунку, забяспечваем аператыўнае афармленне грузаў з любога пункту мытнага афармлення, дзе б тавар не знаходзіўся ў краіне, забяспечваем пры неабходнасці круласутачную работу. Вядома, такая работа дапамагае напаўняць бюджэт у поўным аб’ёме, як дае даручэнне кіраўнік дзяржавы». 

Як расказаў Уладзімір Арлоўскі, нягледзячы на закрыццё пунктаў пропуску на ўкраінскім напрамку, беларускія мытнікі засталіся на працоўных месцах. Ажыццяўляецца аддаленае мытнае афармленне грузаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны. «Такім чынам мы падтрымліваем кваліфікацыю нашых супрацоўнікаў, наша абсталяванне і тэхніка знаходзяцца ў працоўным стане і, калі трэба будзе, мы гатовы ўзнавіць у поўным аб’ёме мытнае афармленне ўжо на граніцы, — падкрэсліў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта. — Інспектар, які свабодны ад работы ў любой кропцы краіны, бярэ на сябе афармленне грузу, які патрабуе гэтага ў дадзены момант. Гэтая тэхналогія працуе і дазваляе комплексна ва ўсёй краіне, нягледзячы на пераарыентацыю грузапатокаў, закрыццё пунктаў пропуску на заходняй, паўднёвай граніцы, падтрымліваць у цэлым на высокім узроўні знешнеэканамічную дзейнасць нашых суб’ектаў, своечасова афармляць экспартныя, імпартныя плыні».

Уладзімір Арлоўскі звярнуў увагу на тое, што ў сувязі з санкцыямі бізнес перастроіўся на ўсходні кірунак. «Таму адбылося замяшчэнне рынкаў збыту для экспарту, замяшчэнне непасрэдна вытворцаў таго абсталявання, сыравіны, камплектуючых, якое патрэбна нашым прадпрыемствам, — патлумачыў ён. — Яны імпартуюцца з сяброўскіх краін».

Кажучы аб бяспецы на граніцы, кіраўнік ведамства адзначыў, што асноўная задача мытных органаў на заходняй граніцы — не дапусціць у краіну ўвоз небяспечных рэчываў і тавараў. «Мы выяўляем даволі сур’ёзныя аб’ёмы ўвозу ў нашу краіну як зброі, так і боепрыпасаў, патронаў, наркотыкаў, валюты, якая можа быць выкарыстана ў тэрарыстычнай дзейнасці, — канстатаваў Уладзімір Арлоўскі. — Так, за восем месяцаў бягучага года мытнымі органамі выяўлена каля 50 штук агнястрэльнай зброі і частак да яе, каля трох тысяч патронаў, куляў, складнікаў боепрыпасаў, каля 2,5 тысяч адзінак халоднай зброі. Наркотыкі — таксама сур’ёзная пагроза нашай краіне. Толькі сёлета выяўлена мытнымі органамі 1300 кілаграмаў наркотыкаў на заходняй граніцы краіны». У ліпені мытнымі органамі быў спынены найбуйнейшы ў гісторыі Беларусі канал наркотыкаў, якія экспартавалася з Еўрасаюза ў Расійскую Федэрацыю транзітам праз нашу краіну. 

Адказваючы на пытанне журналіста, ці ёсць дыялог паміж мытнымі органамі Беларусі і калегамі з сумежных краін на заходнім кірунку, Уладзімір Арлоўскі акцэнтаваў увагу на тым, што яго няма. «Толькі таму, што на гэта ёсць палітычны заказ кіраўніцтва краін Еўрасаюза, — патлумачыў ён. — Ніякіх іншых прычын — ні эканамічных, ні чалавечых — няма. Заўсёды на граніцы быў кантакт і ў пагранічнікаў, і ў мытнікаў з калегамі з сумежных краін. Цяпер, на жаль, такога кантакту практычна няма». 

Чаго не скажаш аб узаемадзеянні з іншымі краінамі, з якімі складваюцца выдатныя кантакты. І сведчанне таму — вынікі апошняй сесіі Сусветнай мытнай арганізацыі, калі паміж Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі і мытнымі органамі многіх дзяржаў былі падпісаны дакументы аб супрацоўніцтве, якія прадугледжваюць вялікія планы на будучыню.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца. 

Грамадства

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.