Нядаўна найстарэйшы трэнер зборнай па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч заявіў, што веславанне сёння — спорт нумар адзін у краіне. Вядома, кожны спецыяліст вылучае свой від спорту. Але ў гэтым выпадку ўсё абсалютна аб’ектыўна. Ніводны від спорту ў апошнія месяцы не прынёс краіне столькі медалёў, як веславанне на байдарках і каноэ.
Толькі лічбы. З чэмпіянату Еўропы нашы весляры прывезлі 11 медалёў. На Гульнях краін БРІКС беларусы заваявалі 16 залатых, 14 сярэбраных і 20 бронзавых медалёў. з Гульняў добрай волі прывезлі ажно 93 медалі! Нядаўні чэмпіянат свету прынёс беларусам 11 узнагарод. І гэта толькі самыя буйныя міжнародныя старты! Паміж імі былі і рэспубліканскія, і спаборніцтвы ў Расіі, сярод якіх і міжнародны камерцыйны турнір — Кубак братоў Агеевых. І ўсюды беларусы падымаліся на п’едэстал. На Алімпійскіх гульнях у Парыжы байдарачнік Уладзіслаў Кравец заняў чацвёртае месца ў фінале, а канаістка Юлія Трушкіна стала пятай. Уладзімір Шантаровіч часта паўтарае, што весляры павінны быць воінамі. І ў гэтым сезоне яны ўсім паказалі, што так і ёсць. Бо на кожным турніры трэба збіраць волю ў кулак і на кожны заезд выходзіць як на бітву. І перамагаць. На такое здольны толькі воіны. «Ёсць войскі, якія трэніруюцца на тры хвіліны бою — «Альфа». Дыстанцыю ў 1000 метраў весляр пераадольвае ў сярэднім за тры хвіліны, 500 метраў — і таго хутчэй. Мы як «альфаўцы», — сур’ёзна жартуе Уладзімір Шантаровіч. Вынікі сезона для вяслярных «альфаўцаў» найвопытнейшы трэнер зборнай па веславанні на байдарках і каноэ падвёў у інтэрв’ю «Звяздзе».
— Практычна два гады весляры былі адхілены ад міжнародных стартаў. А, вярнуўшыся, зноў заняліся звыклай для сябе справай — сталі заваёўваць медалі. Уладзімір Уладзіміравіч, адкрыйце сакрэт, як рыхтаваць спартсменаў так, каб яны ў майстэрстве не гублялі, а толькі дадавалі?
— Аналізаваць кожны пражыты дзень, тыдзень, месяц, год. Найлепшае кампанаваць. З памылак рабіць высновы і больш іх не дапускаць. У аснову ставіць планаванне. Калі проста так плыць па цячэнні, нічога не планаваць, то ў выніку нічога і не будзе. Сур’ёзных перспектыў і вынікаў без планавання не бывае — у любой справе. Трэнер павінен загадзя спланаваць і разлічыць навучальны працэс. Мы пачынаем новы цыкл з разуменнем, што трэба рабіць, як трэба трэніравацца. Вынікі гэтага сезона сталі магчымыя, таму што запланаваная стратэгія дакладна выконвалася. Так, умовы былі вельмі няпростыя. Мы 120 дзён не выходзілі на ваду, працавалі толькі ў трэнажорнай зале. Для веславання гэта больш, чым форс-мажор. Усё-ткі веславанне — летні від спорту, і трэніроўкі на вадзе неабходныя. Але не апускаць жа рукі. Рабілі акцэнт на сілавы кампанент, сышлі ў развіццё сілавой і функцыянальнай падрыхтоўкі — трэнажоры, спрынт. Без гэтага таксама немагчыма. Аналізавалі энергетычны кошт практыкаванняў, выкананыя аб’ёмы. Правільна арганізавалі працу, выйшлі на ваду і адразу прыйшлі ў прытомнасць. Але на гэта здольна толькі пэўная катэгорыя спартсменаў. Бо, як ні круці, а без спаборніцтваў вастрыня саперніцтва страчваецца. Але прафесіяналы, воіны яе хутка вяртаюць. Тым больш міжнародная федэрацыя веславання нас дапусціла на свае спаборніцтвы — паступова вяртаемся ў звыклую каляіну.
— Атрымліваецца, зноў усё ўпіраецца ў навуку, аб чым вы часта нагадваеце?
— Безумоўна. Адсочваць, кантраляваць, аналізаваць энергетычны кошт — гэта абавязковая частка падрыхтоўкі. На піку нагрузкі зрабіць забор крыві гэтак жа важна, як і размяцца перад трэніроўкай. Нельга ўспрымаць навуку як дадатак да падрыхтоўкі спартсмена. Гэта аснова падрыхтоўкі. Кожную перамогу трэба вывучаць, аналізаваць і рабіць адпаведныя вывады. Калі трэнер і спартсмен не могуць растлумачыць сваю перамогу — значыць, яны топчуцца на месцы і расці не будуць. Ёсць такі крытэрый — энергетычны кошт — у яго трэба трапляць. І правільна аднаўляцца гэтак жа неабходна. Самае галоўнае — працаваць па плане і не адцягвацца ні на што іншае. Словаблудства расслабляе страшна. Так, навука ў нас — слабае месца. Але гэта не значыць, што мы павінны ад яе адмаўляцца. Яе неабходна прымяняць, прытрымлівацца выбранай стратэгіі і не адцягвацца на лішняе. Дакладны аналіз і выканальніцкая дысцыпліна — вось шлях да поспеху. На чэмпіянат свету, на Алімпійскія гульні наша каманда прыехала самая падрыхтаваная: тры дактары і тры масажысты. Яны працавалі суткі напралёт, аднаўлялі спартсменаў. Такімі сабранымі і сканцэнтраванымі нашых дактароў, як на гэтых Алімпійскіх гульнях, я не бачыў ніколі. Выступалі на арандаваных лодках, тэхнічныя спецыялісты рыхтавалі іх некалькі гадзін запар: шаравалі, клеілі, рыхтавалі да заездаў. Вытворчая дысцыпліна павінна выконвацца няўхільна. Вось гэта рухальная сіла навукі перамагаць.
— Уладзімір Уладзіміравіч, якую адзнаку дасце гэтаму сезону?
— Чатыры з плюсам па пяцібальнай шкале. Усё, што мы запланавалі, зрабілі. Так, 11 медалёў на чэмпіянаце свету — гэта нядрэнна. Але былі гады, калі мы прывозілі і па 14. Я заўсёды атрымліваю задавальненне, калі ў нас з’яўляюцца новыя чэмпіёны. У гэтым сезоне яны з’явіліся. Юлія Трушкіна і Іна Нядзелькіна сталі чэмпіёнкамі свету ў двойцы. Лена Наздрова стала чатырохразовай чэмпіёнкай свету, дадала медалі. Алег Юрэня, Мікіта Борыкаў у гэтым сезоне сталі двухразовымі чэмпіёнамі свету. Улад Кравец у гэтым сезоне праявіў сябе — стаў двухразовым чэмпіёнам Еўропы, чэмпіёнам свету, на Алімпійскіх гульнях заняў чацвёртае месца. Многія такі спіс дасягненняў пішуць некалькі гадоў, а ён за некалькі месяцаў справіўся. Менавіта гэта рухае наперад. Вось гэта мне прыносіць задавальненне і зараджае працаваць.
— Якія перспектывы вы як трэнер бачыце перад Уладзіславам Краўцом?
— Улад у гэтым сезоне пераадолеў усе псіхалагічныя бар’еры. Спартыўна-псіхалагічная мабілізацыя ў яго на вельмі высокім узроўні. Яму не трэба асабліва настройвацца на старт — ён гатовы біцца. І гэта трэба ўмацоўваць і развіваць. Уладу, у прынцыпе, шмат над чым трэба папрацаваць. Але яму на руку тое, што ён вельмі збалансаваны спартсмен. Псіхалогія, фізіялогія — у яго ўсё збалансавана. У яго добры сілавы кампанент, мышачная маса, прырода надзяліла яго цягавітасцю. Ён умее чытаць дыстанцыю, лішніх рухаў сабе не дазваляе. Ёсць пачуццё вады, стратэгія праходжання дыстанцыі. У гэтым сезоне Улад даказаў, што ён воін. Пераключыцца з дыстанцыі на дыстанцыю з 500 на 5000 метраў для яго не праблема. Ён збалансаваны мнагаборац. І яго погляды на працу яму дапамагаюць. Яму ўласцівая імправізацыя і стратэгія праходжання дыстанцыі з арыентацыяй на сваё самаадчуванне. Ён не робіць толькі тое, што я яму сказаў, ён можа, арыентуючыся на сваё самаадчуванне, уносіць карэктывы. І мне падабаецца гэта імправізацыя. Значыць, спартсмен адчувае і аналізуе свой стан. Я тэарэтык, настаўнік, а на практыцы ўсё выконваць яму, і ён разумее, што яму трэба рабіць. Уладу ўжо трэба пачынаць зараджацца на наступную Алімпіяду, часу не так шмат, як здаецца.
— Юлію Трушкіну вы называлі «ракетай». Як далёка паляціць гэтая «ракета», на ваш погляд?
— Яна не толькі «ракета», але яшчэ і «альфавец» — хуткая, сабраная спартсменка. Але ёй трэба яшчэ вельмі шмат працаваць — над цягавітасцю, ёй трэба прарабіць велізарную кіслародную мышачную працу. У алімпійскім фінале ёй не хапіла сіл на апошнія 5-6 метраў, і гэта трэба выпраўляць, назапашваць сілы. Ёй усяго 21 год, але на наступнай Алімпіядзе будзе ўжо 25, а час пралятае вельмі хутка. Але мы ведаем, куды ісці і што рабіць. Галоўнае, каб ніякія вонкавыя фактары яе са шляху не збілі.
— Уладзімір Уладзіміравіч, вы адзначалі, што стварыць экіпаж байдаркі-чацвёркі алімпійскага ўзору 2008 года для вас не праблема. Ці ёсць спартсмены, якія маглі б аб’яднацца ў гэты экіпаж?
— Стварыць такі экіпаж сапраўды не праблема. Але давайце пачакаем. Перспектыўныя спартсмены ёсць, фарміруецца добры фон. І мы паспрабуем яго стварыць. Але аднаго экіпажа-чацвёркі вельмі мала. Каб веславанне развівалася і заставалася спортам нумар адзін у краіне, павінны працаваць рэгіёны, павінны варушыцца дзіцяча-юнацкія школы, вучылішчы алімпійскага рэзерву. Усе кажуць, маўляў, Гомельская вобласць — вяслярная Мекка. Але, дзеля справядлівасці, ужо і Гомельскай вобласці трэба дабаўляць у сваёй працы. Брэсцкая, Віцебская, Мінская вобласці не адстаюць і таксама імкнуцца ў лідары. Працы — непачаты край: удасканальваць селекцыю, падымаць студэнцкае веславанне, закладваць у спартсменаў тэхнічнае выкананне. І гэта ўсіх датычыцца. А для гэтага патрэбны спецыялісты, трэнеры высокага ўзроўню. Напрыклад, у Пінску, адкуль родам і Улад Кравец, і Дзіма Натынчык, зрабілі выдатную вяслярную базу, вельмі камфортная для трэніровак рака, але не хапае спецыялістаў. А ўмовы там усе ёсць. Так, я магу стварыць чацвёрку з членаў нацкаманды. Але падмурак тэхнікі, стратэгіі праходжання дыстанцыі, разумення веславання закладваецца ў ДЮСШ, у вучылішчы алімпійскага рэзерву. Спартсмены ў вучылішчы алімпійскага рэзерву не павінны канкурыраваць з членамі нацыянальнай каманды, гэта бессэнсоўна. У вучылішчы трэба рыхтаваць мнагаборцаў, закладваць у іх базу, фарміраваць характар воінаў. А з гэтым вельмі часта ўзнікаюць праблемы, і часам даводзіцца тлумачыць элементарныя рэчы. Як можа змагацца за медалі, біцца на спаборніцтвах спартсмен, які жыве і працуе толькі з фінансавых меркаванняў?!
Ніяк, гэта ўтопія. Спартсмен павінен быць найперш патрыётам. Пра гэта таксама трэба казаць, на жаль, у нас не заўсёды гэта чуюць. І чым раней малады чалавек гэта зразумее, тым лепей для яго.
— Для вас Алімпіяда ў Парыжы была «відушчай»?
— У цэлым так. Я чытаў кожны заезд. Прайшлі папярэднія паўфіналы, я ўжо разумеў, дзе мы будзем. Чацвёртае месца Улада было прадказальнае, мы і разлічвалі на трэцюю—пятую пазіцыю. Ён мог бы прэтэндаваць на трэцяе месца, але ў фінале заехаў у корч і стаў чацвёртым. Сказаць, каб мяне нехта здзівіў, не магу. Чакаў большага ад кітайскіх весляроў, у іх два залатыя медалі, але я думаў, што будзе больш. Іх, дарэчы, наш Раман Петрушэнка трэніруе. Палякі расчаравалі. Адзначыў, што з’яўляюцца моцныя весляры з краін Лацінскай Амерыкі. У цэлым у спорце ідзе нармальны працэс: адбываецца змена пакаленняў, з’яўляюцца новыя імёны, адыходзяць старажылы.
— Увесь гэты час, пакуль спартсмены адхіленыя, не цішэюць гутаркі, што трэба стварыць альтэрнатыўныя Алімпійскія гульні. Але вельмі складана замяніць спаборніцтвы, якія больш за сотню гадоў лічацца галоўнымі стартамі. Уладзімір Уладзіміравіч, улічваючы ваш жыццёвы і спартыўны досвед, як думаеце, ці змогуць нейкія спаборніцтвы замяніць Алімпійскія гульні?
— Усё магчыма, калі моцна захацець. Але толькі ўявіце сабе, якая там павінна быць канкурэнцыя?! Возьмем, напрыклад, Гульні БРІКС: бліскуча арганізаваныя спаборніцтвы, у якіх удзельнічалі спартсмены з наймацнейшых краін. Але на Алімпіядзе ўсё роўна была канкурэнцыя вышэйшая, таму што туды прыехалі наймацнейшыя спартсмены з усяго свету. Гульні БРІКС — цудоўныя спаборніцтвы, але гэта не альтэрнатыва Алімпіядзе. Так, алімпійскі рух сам сябе зжывае, бо ўмяшалася палітыка. Калі ўжо сам прэзідэнт МАК кажа, што які спорт без палітыкі, то пра што гаворка наогул! Адназначна трэба рабіць захады для рэанімавання алімпійскага руху, таму што палітыка яго знішчае. Але мне страшна ўявіць, які гэта аб’ём працы, што закранае ўсе сферы. І для гэтага, вядома, патрэбен час. Таму сёння казаць аб тым, што будуць спаборніцтвы, якія заменяць Алімпійскія гульні, рана. Нам было вельмі складана гэтыя два гады працаваць. Не было дакладнага разумення, у якім мы становішчы, было вельмі шмат недаказанасцяў. Адным словам — ералаш. Потым крыху сітуацыя стабілізавалася, хлопцы выступалі на спаборніцтвах, імкнуліся паказваць свае найлепшыя вынікі. Але яны ўсе імкнуліся паехаць на Алімпійскія гульні, таму што на дадзены момант іх нічога не заменіць. Таму мы зараз крыху адпачнём і з пачатку кастрычніка вяртаемся да працы. Пачынаем новы алімпійскі цыкл.
Валерыя СЦЯЦКО
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.