У сталічным Палацы мастацкай гімнастыкі сталі вядомы першыя пераможцы і прызёры адкрытага чэмпіянату Беларусі, паведамляе БелТА.
Медалі аднаго з галоўных унутраных стартаў сезона разыгрываюць сеніёркі (грацыі 2008 года нараджэння і старэйшыя) і юніёркі (2009-2010 гадоў нараджэння). У пятніцу дзяўчаты вызначылі мацнейшых у мнагабор’і. У старэйшай узроставай групе чэмпіёнкай Беларусі чарговы раз стала лідар нацыянальнай каманды Аліна Гарнасько. За чатыры віды праграмы бронзавая медалістка такійскай Алімпіяды набрала 144,100 бала. Перавага Аліны над саперніцамі склала амаль пяць ачкоў — серабро заваявала Настасся Салас (139,550), бронзу выйграла Дар’я Вярэніч (134,950).
У юніёрскіх спаборніцтвах званне мацнейшай беларускай гімнасткі ў сваім узросце пацвердзіла Ніколь Лявута, якая зарабіла 126,550 бала. Усе астатнія дзяўчаты аказаліся на значным аддаленні: другі рэзультат паказала Ніка Косціна (115,950), на трэцюю прыступку п’едэстала паднялася Кіра Бабкевіч (114,300).
У групавых практыкаваннях перамогу сярод сеніёрак атрымала другая каманда Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі, якая змагла абысці першую зборную РЦАП. Тройку лепшых замкнулі спартсменкі з Гомеля. У малодшай групе мацнейшай стала юніёрская зборная Беларусі, серабро — у грацый з мінскага «Дынама», бронза — у прадстаўніц Гродна.
Чэмпіянат краіны па мастацкай гімнастыцы завершыцца ў суботу, удзельніцы турніру выступяць у фіналах асобных відаў. Уваход на трыбуны Палаца мастацкай гімнастыкі свабодны.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.