Днямі ў сталічным кінатэатры «Беларусь» прайшоў прэс-паказ адной з доўгачаканых прэм’ер бягучага года — фільма «Чорны замак». Кінастужка, створаная па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі», з’явілася як вынік супрацоўніцтва Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» і расійскай кампаніі «Нью Арт Сінема Прадакшн».
У пракаце ўбачым кінаработу толькі ў снежні, таму пакуль што толькі крыху прыадкрыем таямніцу, што чакае нас на вялікім экране. Па сюжэце назіраем, як настаўнік гісторыі Антон Косміч шукае адказы на загадкі мінулага і доказы таго, што ён не вінаваты ў смерці свайго сябра Пташынскага, разам з якім яны выпадкова знайшлі старажытны шыфр, схаваны кімсьці ў тэксце старога Евангелля... Рэжысёрам-пастаноўшчыкам новай кінастужкі выступіў Кірыл Кузін (Расія), а аўтарам сцэнарыя і прадзюсарам — Глеб Шпрыгаў (Беларусь). Кінатворцы на пачатку паказу адзначылі, што работа над «Чорным замкам» для іх была вялікай адказнасцю і разам з тым няпростай задачай. Хацелі зрабіць фільм у жанры «вялікага кіно».
— Не глядзіце гэты фільм як нешта, знятае па кнізе ці параўноўваючы з кінастужкай, якую знялі некалі нашмат раней, глядзіце проста як кіно. Усе, хто працаваў над яго стварэннем, стараліся. Яны, бывала, траплялі ў вельмі складаныя ўмовы існавання на здымках, бо маштаб, які вы ўбачыце на экране, толькі да пэўнага часу быў акцёрам пад сілу, — прыадкрыў закуліссе работы над «Чорным замкам» рэжысёр Кірыл Кузін. — І вялікі дзякуй усёй здымачнай групе: мастакам, аператарам, акцёрам, мастакам па касцюмах, каскадзёрам і іншым! Вамі зроблена вялікая праца. Тыя ж артысты масавых сцэн, бывала, біліся ў 30-градусную спякоту і нават не задумваліся, што пасля хтосьці можа дрэнна сябе адчуваць. Усе без выключэння стараліся, таму проста глядзіце кіно. Спадзяёмся, яно ў нас атрымалася.
А маем мы цяпер фільм на аматара. Найперш ён зацікавіць усіх прыхільнікаў творчасці беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча. Можа спадабацца і такой катэгорыі гледачоў, якія любяць дэтэктывы, вайну ў кадры і назіраць за тым, як добрыя хлопцы змагаюцца з дрэннымі за справядлівасць. Дарэчы, з ліку такіх дрэнных якраз Лыганоўскі — апошні нашчадак князя Альшанскага, якога на экране ўвасабляе расійскі акцёр Яўген Стычкін. Герой трымаецца ў сюжэце добра, праўда, неяк з самай першай сцэны яго з’яўлення адчуваеш, што ён не проста так дапамагае... А пасля ўвогуле ў ім з’яўляецца інфернальны складнік. Роля Антона Косміча (і па сумяшчальніцтве прататыпа з мінулага адважнага шляхціца Валюжыніча) дасталіся таксама расіяніну, Яўгену Шварцу.
З беларусаў толькі Анастасію Красоўскую (Гардзіслава), Аляксандра Душачкіна (Лапатуха), Аляксандра Гіранка (Клепча) і Сяргея Беляковіча (Жыховіч) мы можам убачыць у карціне.
— Усё, што мы, артысты, робім, робім для гледача. І ўся здымачная група фільма паставілася з вялікай адказнасцю і да самога твора, і да работы з рэжысёрам і аўтарам сцэнарыя. Усе акцёры, задзейнічаныя ў гэтай кінастужцы, працавалі ў поўную сілу. Таму што гэта аповед не пра нашых сучаснікаў, а пра гістарычных асоб, якіх многія ведаюць са школьнай праграмы, — адзначыў народны артыст Расійскай Федэрацыі, выканаўца ролі суддзі Станкевіча Віктар Вяржбіцкі. — Мы ўсе з розных акцёрскіх школ, аднак, лічу, рэжысёру ўдалося аб’яднаць нас у адзіны ансамбль, і мы здолелі паглыбіцца ў тую эпоху, і стараліся максімальна раскрыць сваіх персанажаў.
Разам з тым ёсць і станоўчае: найперш гэта зварот да творчасці Караткевіча, яшчэ ігра акцёраў, за якімі з задавальненнем назіраеш, дэкарацыі і касцюмы, якія дадаюць свайго шарму кінастужцы (тут хочацца дзякаваць беларускаму мастаку-пастаноўшчыку Наталлі Наваенка і яе камандзе на «Беларусьфільме»), краявіды Мінска і беларускай прыроды з нашымі замкамі абуджаюць гонар і захапленне сваім. І ў тыя самыя моманты з’яўляецца думка, што гэты фільм добра спрацуе і ў дзеле нагляднай рэкламы турыстычнай Беларусі. Выснова, мабыць, адна: розныя погляды ў мастацтве маюць права на існаванне, а высновы глядач зробіць сам.
Алена ДРАПКО
Фота з тэлеграм-канала Міністэрства культуры
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.