14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Бібліятэка — не проста дом для кніг


У нядзелю, 15 верасня, у нашай краіне ўжо па добрай традыцыі будзе адзначацца Дзень бібліятэк. Менавіта ў гэты дзень па Указе Прэзідэнта краіны ў 2001 годзе пачала функцыянаваць Нацыянальная бібліятэка Беларусі. І напярэдадні свята якраз у найбуйнейшым кнігасховішчы і адбылася сустрэча журналістаў са спецыялістамі культурнай установы. Абмеркавалі многія пытанні, прычым не толькі найбліжэйшай перспектывы, але і глабальнага развіцця.


Аднак пра ўсё па парадку. Што да святкавання Дня бібліятэк, то ўжо 12 верасня ў «дыяменце ведаў» прайшоў конкурс «Найлепшыя па прафесіі», дзе вызначылі найлепшых супрацоўнікаў за апошні год. А 13 верасня шэраг важных і актуальных тэм абмеркавалі на Рэспубліканскай навукова-метадычнай канферэнцыі «Сучасны стан публічных бібліятэк Рэспублікі Беларусь», да ўдзелу ў якой былі запрошаны калегі-бібліятэкары з розных устаноў краіны.

— Нацыянальная бібліятэка Беларусі даўно выйшла за межы проста бібліятэкі, яна стала сацыякультурнай установай, дзе праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы. У нас шмат наведвальнікаў, якія прыходзяць з вялікім задавальненнем не толькі пачытаць кнігі, але і наведаць выставы, паўдзельнічаць у прэзентацыі кніг. Напрыклад, нядаўна мы праводзілі Бібліятэчны баль. І будзем працягваць гэтую традыцыю. Ужо паступіла шмат заявак на Калядны баль, — адзначыла намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар па ідэалогіі, сацыякультурнай і выдавецкай дзейнасці НББ Людміла Высоцкая. — Таксама будзем працягваць нашы міжнародныя кантакты. Таму што пасольствы розных дзяржаў у Рэспубліцы Беларусь праяўляюць ініцыятыву і прыходзяць да нас ужо з прэзентацыямі сваіх выданняў. Добра ідзе ў нас справа і з выдавецкім кірункам. Як і з фізкультурна-аздараўленчым. Бібліятэка развіваецца па ўсіх кірунках. І гэта вельмі важна як для нас, так і для насельніцтва горада і ўсёй краіны. Мы для ўсіх заўсёды адкрытыя.

Спецыяліст таксама распавяла, што ў планах культурнай установы значацца адкрыццё выставак «Аўтографы Прэзідэнту» і «Да 85-годдзя ўз’яднання Беларусі». Акрамя гэтага, варта чакаць адкрыцця асветніцкага дзіцячага і падлеткавага кніжнага цэнтра. Такая пляцоўка дазволіць ладзіць мерапрыемствы менавіта для юнай аўдыторыі. А ў перспектыве ўжо адбудзецца адкрыццё Кніжнага цэнтра Саюзнай дзяржавы і Цэнтра духоўнай кнігі.

Вядомая Нацыянальная бібліятэка і сваімі багатымі кніжнымі фондамі. На сёння іх лічба сягае 10,5 мільёна розных відаў дакументаў, дзе і кнігі, і дысертацыі, і ноты і інш. Па словах намесніка генеральнага дырэктара НББ Віктара ПШЫБЫТКІ, у фондах захоўваецца інфармацыя на больш чым 80 мовах свету:

— Наша бібліятэка валодае і найбуйнейшым у краіне фондам старадрукаваных выданняў, дзе больш за 100 тысяч дакументаў. У фондзе ў нас захоўваецца таксама калекцыя рукапісаў, дзе больш за 2000 адзінак. Калі спыняцца на найбольш каштоўных, то такія рукапісы датуюцца XІV стагоддзем. Напрыклад, у калекцыі ўсходніх рукапісаў у нас прадстаўлена 34 манускрыпты. Найбольш старажытным беларускім рукапісным помнікам з’яўляецца Мінея — кніга для богаслужэнняў XV стагоддзя. І таксама адзін з самых старажытных і вядомых беларускіх рукапісаў, якія ёсць у нашых фондах, — «Таемнае таемных», ён датуецца XV — пачаткам XVІ стагоддзя. Захоўваюцца і дзесяць экзэмпляраў Бібліі Францыска Скарыны, — распавёў Віктар Вікенцьевіч. — Можна знайсці ў фондах і прыжыццёвыя выданні беларускіх класікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і іншых. Вядома, Нацыянальная бібліятэка — гэта не толькі фонды друкаваных дакументаў. Сёння мы прадстаўляем доступ да больш чым 70 баз даных. Таму нашы карыстальнікі маюць выбар: альбо прыйсці ў бібліятэку і чытаць друкаваныя кнігі, альбо папрацаваць з электронным дакументам. І, як паказваюць нашы даследаванні, абодва варыянты запатрабаваны. Проста больш сталае пакаленне абірае друкаваную кнігу, а маладыя — электронны варыянт.

Спыніўся суразмоўнік на пытанні лічбавізацыі, якое стаіць для галіны востра:

— У гэтым кірунку мы таксама вельмі актыўна працуем. Ужо практычна ўсе абласныя бібліятэкі пачалі алічбоўку сваіх фондаў. НББ таксама займаецца алічбоўкай, і наш электронны фонд на сёння складае больш за 700 тысяч дакументаў. Сімвалічна і тое, што ў Год якасці мы рэалізавалі праект па стварэнні аўтаматызаванай сістэмы электронных бібліятэк Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Яго мы рэалізоўваем у некалькі этапаў. На першым у анлайн-прасторы прадстаўляем доступ да кніг, дысертацый — да больш за 150 тысяч дакументаў. Да Дня бібліятэк забяспечым такі доступ ва ўсіх абласных бібліятэках краіны. І наша мэта — каб усе жыхары краіны атрымалі роўныя ўмовы доступу да фондаў і рэсурсаў электроннай Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

А вось яго калега намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар па навуцы і інфармацыйных тэхналогіях НББ Аляксандр Бабук падзяліўся некаторымі данымі сацыялагічнага даследавання, мэтай якога было высветліць, ці чытаюць сёння беларусы, што выбіраюць і ў якім фармаце. Паводле яго слоў, сапраўды нашы людзі сталі чытаць менш, як і скарацілася колькасць наведвальнікаў бібліятэк. Аднак калі казаць пра ўпадабанні чытачоў, то тут у лідарах Уладзімір Караткевіч, а на другім месцы — Васіль Быкаў. Большасць беларусаў выбірае ўсё ж мастацкую літаратуру, а ўжо потым — навукова-папулярную і вучэбную. Прычым 82% аддаюць перавагу друкаванаму носьбіту. І, што даволі цікава, большасць апытаных кіруецца ў тым ліку тым, якія выданні выбіралі бацькі. Таму ёсць спадзяванне, што калі дзіця бачыць сваіх бацькоў з кнігай у руках, то яно калісьці возьме яе ў рукі.

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца. 

Грамадства

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.