Вы тут

Навошта праводзіць «Тыдзень мабільнасці»?


«Тыдзень мабільнасці» пройдзе ў Беларусі з 16 да 22 верасня. Мэта акцыі — нагадаць, як важна скарачаць выкіды ў атмасферу, большая частка якіх паступае ад аўтамабіляў. У гэтыя дні прапануецца зрабіць выбар на карысць альтэрнатыўных спосабаў перамяшчэння — грамадскага транспарту і сродкаў мабільнасці (веласіпедаў, самакатаў, манаколаў, сегвэяў). Найбольш маштабныя мерапрыемствы пройдуць у сталіцы, якая па зразумелых прычынах з’яўляецца лідарам па колькасці аўтатранспарту і, адпаведна, выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу.


Лідар па выкідах у атмасферу — аўтамабілі

— Усё, што робіцца на гэтым тыдні, павінна нагадаць пра негатыўны ўплыў аўтамабіляў на навакольнае асяроддзе і падштурхнуць жыхароў сталіцы і рэгіёнаў для выкарыстання альтэрнатыўных спосабаў перамяшчэння. Найлепшы спосаб адзначыць «Дзень без аўтамабіля» — не карыстацца ім, — адзначае старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валянцін Шатраўка.

Традыцыйна ў дзень акцыі ўсе, хто адмовіўся ад паездак на ўласным аўто, атрымліваюць права на бясплатны праезд у гарадскім грамадскім транспарце. Летась у рамках экалагічнай акцыі гэтай магчымасцю скарысталіся 12 462 чалавекі, у 2022-м — 15 484 (падлік правялі ў сталічным метрапалітэне). Сёлета Мінскі гарадскі савет дэпутатаў прыняў рашэнне, што 22 верасня падчас акцыі «Дзень без аўтамабіля» «Мінсктранс» і Мінскі метрапалітэн таксама будуць даваць права бясплатнага праезду асобам пры прад’яўленні пасведчання кіроўцы і пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку.

Дарэчы, згодна з данымі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у дні правядзення акцыі выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу па краіне змяншаюцца на 100–200 тон. Заўважны эфект назіраецца і ў сталіцы. У рамках правядзення «Тыдня мабільнасці» ў Мінску пачынаючы з 2016 года 21–22 верасня праводзіцца эксперымент па вымярэнні асноўных забруджвальных рэчываў у атмасферным паветры на перакрыжаванні вуліц Я. Коласа — Кульман, у парку адпачынку імя Горкага, зоне рэкрэацыі «Парк камянёў». Вынікі паказваюць, што выкіды ў гэтыя дні змяншаюцца ў 1,2–1,3 раза.

— Мінск адчувае істотную нагрузку ад выкідаў аўтатранспарту, маючы пры гэтым даволі развітую сетку грамадскага транспарту. Трэба адзначыць, што, згодна са статыстычнымі данымі, у сталіцы 80% выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу прыпадае на аўтамабілі і толькі 20% — на прамысловыя прадпрыемствы. Пра гэта сведчаць і звесткі з аўтаматычных станцый бесперапыннага рэжыму вымярэння стану забруджвання атмасфернага паветра. Канцэнтрацыя аксідаў азоту і вугляроду вышэйшая ў гадзіны пік: раніцай з 7 да 9 гадзін і ўвечары з 17 да 19 гадзін, што звязана з інтэнсіўнасцю руху аўтатранспарту, — звярнуў увагу Вялянцін Шатраўка.

Зрэшты, нягледзячы на тое, што асноўнай крыніцай забруджання атмасфернага паветра горада з’яўляецца транспарт, назіраецца станоўчая тэндэнцыя па зніжэнні выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу ад мабільных крыніц. Па даных справаздач, у Мінску ў 2022 годзе яны склалі 73,4 тысячы тон, у 2023-м — на 2 тысячы тон менш (71,4 тысячы тон).

Зніжкі і бясплатная садавіна

Сёлета з 16 да 22 верасня ў сталіцы будуць праходзіць мерапрыемствы, прысвечаныя «Тыдню мабільнасці», а таксама гарадской экалагічнай акцыі «Дзень без аўтамабіля. Беларусь за чыстае паветра». 21–22 верасня будзе праведзены традыцыйны эксперымент па вымярэнні канцэнтрацыі забруджвальных рэчываў у атмасферным паветры. Ва ўстановах адукацыі пройдуць інфармацыйныя гадзіны, прысвечаныя экалагічнай акцыі. У гандлёвым цэнтры «Сталіца» з 11 да 22 верасня ладзіцца выстаўка «Гісторыя электратранспарту».

Мерапрыемствы запланаваны ва ўсіх раёнах сталіцы. Традыцыйна будзе арганізавана акцыя «На работу — на веласіпедзе» з бясплатнай раздачай фруктаў. Яна пройдзе ў чатырох пунктах горада: каля ўвахода ў Цэнтральны батанічны сад, каля «Мінск-арэны» на баку веладарожкі (пр. Пераможцаў, 111), на вуліцы Прытыцкага (каля будынкаў №№ 27–29), побач са шматузроўневым паркінгам (пр. Дзяржынскага, 13). А 22 верасня ўсе ахвотныя атрымаюць зніжку на арэнду шэрынгавых веласіпедаў і электрасамакатаў Eleven і Whoosh.

22 верасня ў парку імя Уга Чавеса з 13 да 20 гадзін пройдуць забаўляльныя мерапрыемствы, у тым ліку канцэртная праграма. Жыхарам і гасцям сталіцы прапануюць наведаць выстаўку электратранспарту, навучаць кіраваць электрасамакатам, ездзіць на манаколе, можна будзе набыць экатавары і экапрадукты. Сваю работу прадэманструюць адукацыйныя праекты, будзе працаваць кантактны заапарк, можна будзе навучыцца фігурнаму кіраванню веласіпедам, паўдзельнічаць у віктарынах і квэстах. У 20 гадзін завершыць мерапрыемства заезд падсвечаных экалагічных відаў транспарту па маршруце вул. Каменнагорская — Казіміраўская — Люцынская — Калеснікава.

— Наша задача — заахвоціць насельніцтва карыстацца веласіпедамі і іншымі відамі мабільнага транспарту не толькі ў «Тыдзень мабільнасці». Для гэтага службы Мінска ўсё робяць для камфортных умоў. Вядзецца работа па стварэнні новых участкаў веладарожак, ствараецца сістэма захоўвання веласіпедаў па ўсім Мінску. Распрацаваны велапешаходныя турыстычныя маршруты, якія ёсць у кожным раёне Мінска, іх агульная працягласць складае каля 70 км. Напярэдадні заканчэння веласіпеднага сезона будуць праводзіцца заключныя мерапрыемствы: 21 верасня каля Нацыянальнай бібліятэкі з 11 гадзін — «Першы веласіпед» — спартыўна-масавае мерапрыемства для дзяцей і падлеткаў з цікавай забаўляльнай праграмай, — расказала прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Дар’я Шыбінская.

Горад для людзей, а не для машын

З улікам павелічэння электрасамакатаў і веласіпедаў мяняецца і гарадское асяроддзе. У прыватнасці, сёлета выканана 111 паніжэнняў бартавога каменя на перакрыжаванні веладарожак з праезнай часткай, а таксама амаль 13 тысяч кв. м пакрыццяў тратуараў было адрамантавана і адаптавана для веласіпеднага руху. Як паведаміў намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» Арцём Ганчар, усяго на 2024 год запланавана 215 паніжэнняў і амаль 23 тысячы кв. м рамонту тратуараў. На сёння больш за 50% работ выканана, і яны працягваюцца. Праўда, падчас «Тыдня мабільнасці» колькасць рамонтнай тэхнікі, задзейнічанай на дарогах, зменшыцца.

Свой унёсак у экалагічную бяспеку Мінска робіць і «Мінсктранс» як адзін з найбуйнейшых перавозчыкаў. Доля электрыфікаванага транспарту на прадпрыемстве ўжо складае больш за 46%. Гэта каля 700 тралейбусаў, больш за 100 трамваяў, 93 электробусы, якія абслугоўваюць восем былых аўтобусных маршрутаў. Да канца бягучага года, як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» Раман Прановіч, плануецца атрымаць яшчэ 10 электробусаў, 20 трамваяў, 50 тралейбусаў. З 17 верасня прадпрыемства запрашае школьнікаў у Музей гарадскога пасажырскага транспарту (пр. Партызанскі, 6) на квэсты і экскурсіі.

Не застанецца ўбаку ў дні экалагічнай акцыі і Дзяржаўтаінспекцыя. З 16 да 22 верасня пройдзе «Тыдзень дарожнай бяспекі», падчас якога супрацоўнікі ДАІ правядуць сацыяльны раўт, накіраваны на папярэджанне ДТЗ з удзелам веласіпедыстаў і карыстальнікаў сродкаў персанальнай мабільнасці. Акрамя таго, супрацоўнікі ДАІ будуць несці службу на аварыйна-небяспечных участках дарог і нерэгуляваных пешаходных пераходах. Асаблівая ўвага будзе скіравана на прафілактычную работу з грамадзянамі і папулярызацыю выкарыстання святлоадбівальных элементаў. А 20 верасня ў Мінску пройдзе масавы велапрабег з удзелам супрацоўнікаў ДАІ, а таксама прадстаўнікоў каманд юных інспектараў дарожнага руху ўстаноў адукацыі Мінска.

Кіроўца ці пешаход? Згадваем правілы

Аддаючы перавагу сродкам індывідуальнай мабільнасці, варта памятаць і асноўныя правілы карыстання імі. Пра іх нагадаў Сяргей Ганчароў, старшы інспектар Упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі ГУУС Мінгарвыканкама. Найперш важна памятаць, што карыстальнікі сродкаў персанальнай мабільнасці адносяцца да пешаходаў. Рухаючыся пры недастатковай асветленасці і ў цёмны час сутак, пешаход павінен абазначыць сябе святлоадбівальным элементам, а на сродках персанальнай мабільнасці павінна быць уключана фара ці ліхтар. Пры руху на такім устройстве для ўласнай бяспекі рэкамендуецца выкарыстоўваць ахоўны шлем. Карыстальнікі сродкаў персанальнай мабільнасці могуць рухацца па веласіпедных дарожках, пры іх адсутнасці — па тратуарах, пешаходных дарожках і абочынах, не ствараючы перашкод для пешаходаў. Падчас перасячэння праезнай часткі дарогі на сродках персанальнай мабільнасці неабходна рухацца па веласіпедным пераездзе з захаваннем патрабаванняў ПДР. Пры адсутнасці веласіпеднага пераезду — у месцах, прадугледжаных для пешаходаў. Ехаць трэба з хуткасцю пешахода, не ствараючы перашкод для руху. Таксама важна пераканацца, што выезд на праезную частку бяспечны.

На сродках персанальнай мабільнасці забаронена рухацца з хуткасцю, большай за 25 км/г, а таксама карыстацца імі ў стане алкагольнага ці наркатычнага ап’янення, перавозіць пасажыраў без спецыяльна абсталяваных месцаў для сядзення, не трымацца за руль пры яго наяўнасці. Акрамя таго, ездзіць на такіх устройствах забараняецца дзецям да 14 гадоў — акрамя пешаходных і жылых зон.

Рухаючыся на веласіпедзе ў цёмны час сутак, трэба ўключыць фару ці ліхтар (з белым святлом спераду і чырвоным святлом — ззаду). Веласіпедыст абавязаны перасякаць праезную частку дарог па веласіпедным пераездзе ці веласіпеднай дарожцы, а пры іх адсутнасці — па пешаходным пераходзе. Пры перасячэнні праезнай часткі дарог веласіпедыст управе не спешвацца, але павінен загадзя знізіць хуткасць і, пераканаўшыся, што выезд на дарогу бяспечны, перасякаць яе з хуткасцю пешахода.

Веласіпедысту забараняецца выкарыстоўваць тэхнічна няспраўныя веласіпеды, рухацца не трымаючыся за руль, перавозіць пасажыраў (за выключэннем дзяцей да сямі гадоў на дадаткова спецыяльна абсталяваным сядзенні). Кіраваць веласіпедам не могуць дзеці да 14 гадоў на ўсіх дарогах, акрамя пешаходных і жылых зон, тратуараў і веласепедна-пешаходных дарожак.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: На дзень без уласнага аўто

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.