Вы тут

Яна запальвала ў сэрцах знічы....


Аднойчы ўбачыўшы гэтую актрысу, яе немагчыма было не запомніць... Мягкая, пяшчотная прыгажосць... Шчырасць і ўзнёсласць... І бясхібная адвага ў тым, што рабіла.


А мала тых, хто зрабіў для беларускай культуры столькі, колькі Галіна Дзягілева! Актрыса, рэжысёр, заснавальнік, дырэктар і мастацкі кіраўнік Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра «Зніч»... Яна выступала ў школах і ВНУ, на вялікіх сцэнах і ў маленькіх вясковых клубах, і паўсюль даносіла да гледачоў беларускае мастацкае слова.

І вось сумная вестка — Галіна Дзягілева сышла з жыцця, праз два месяцы пасля смерці свайго мужа, Леаніда Яўсеевіча Дзягілева, вядомага мастака, дызайнера і педагога. Ёй было семдзесят сем...

Нарадзілася будучая вядомая актрыса ў ваенным гарадку Баравая пад Мінскам, а вось дзіцячыя гады прайшлі на Чукотцы, дзе апынуліся на працы бацькі. Ужо ў дзяцінстве Галіна разыгрывала спектаклі перад сябрамі і роднымі, таму нікога не здзівіла, калі ў 1964 годзе яна паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, на курс В.П. Рэдліх і А.І. Бутакова. З 1968 па 1985 год служыла ў тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску. На яе рахунку — больш за 50 роляў, сярод якіх Лада са «Снежных зімаў» Івана Шамякіна, Святлана з «Таблеткі пад язык» Андрэя Макаёнка, Наташа ў «Прыніжаных і зняважаных» паводле Ф. М. Дастаеўскага, Жэнька Камялькова ў спектаклі «А зоры тут ціхія...» паводле Барыса Васільева, Элена з «Рабы свайго каханага» Лопэ дэ Вэга, Гера з шэкспіраўскага «Шмат шуму з нічога» Уільяма Шэкспіра. Ёй, дарэчы, вельмі пасавалі так званыя касцюмныя ролі — яе высакародная, вытанчаная прыгажосць выдатна спалучалася з прыдворнымі сукенкамі... 

Але Галіна Дзягілева заўсёды імкнулася выйсці за межы нейкага амплуа, эксперыментаваць, заваёўваць гледача не толькі гожым абліччам... У 1985 годзе яна пачала працаваць у Мінску, у эксперыментальнай трупе Маладзёжнага тэатра БССР. Потым быў час эксперыменту, монаспектакляў... А ў 1990 годзе Галіна стварыла Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра «Зніч». Шмат спектакляў у гэтым тэатры яна іграла сама, некаторыя і ставіла, напрыклад, «У краіне светлай» па творах Максіма Багдановіча. Немагчыма забыць, як падчас свайго бенефісу яна сыграла ў спектаклі па «Маленькіх трагедыях» Пушкіна ў перакладзе Рыгора Барадуліна ўсе ролі — і Дон Гуана, і Дону Ганну, і Каменнага госця... Яна аддана любіла і ведала беларускую літаратуру, таму на сцэне яе тэатра заўсёды гучала беларуская мова, а гледачы адкрывалі для сябе таленавітыя творы айчынных літаратараў. «Трэба любіць Беларусь моцна-моцна» — яе словы.

Сведчанне поспеху — і глядацкая любоў, і шматлікія ўзнагароды міжнародных фестываляў. Аднойчы падчас гутаркі я спытала Галіну, чаму яна любіць увасабляць на сцэне моцных жанчын, кшталту Рагнеды? Галіна адказала: «У першую чаргу гэта ўсё жанчыны, багатыя душой. Здольныя на складаныя рэфлексіі... Здольныя да пераадолення жыццёвых перашкод. Яны ранімыя, датклівыя, але застаюцца вернымі сваёй пуцявіне. Яны не губляюць жаноцкасці і ў той жа час валодаюць мужнасцю. Цярплівыя... Гэта духоўныя людзі. Мне падабаюцца гераіні шчырыя ў сваёй наіўнасці».

Усё гэта цалкам можна аднесці і да Галіны Дзягілевай. Яна ніколі не павышала голас, ніколі нікога не абражала і не крыўдзіла нават словам — і пры гэтым умела змусіць людзей зрабіць тое, што належала. Пераконвала, трымала сваю лінію... І гэта заўсёды было дзеля беларушчыны, дзеля беларускай культуры. «Канфлікты заўсёды вырашала з любоўю да артыстаў, але з цвёрдай пазіцыяй. Вельмі важна, калі артыст пачуваецца свабодна і захоплены не сабой, а матэрыялам, які павінен данесці да гледача» — казала яна пра сваю рэжысёрскую дзейнасць. 

Мне давялося працаваць побач з Галіна Дзягілевай, я бачыла, як яна ішла на сцэну хворая, толькі што сагнутая ад болю — а на сцэне імгненна пераўвасаблялася, і выпраменьвала такую энергію, якой магчыма скарыць цэлую залу. Пры гэтым заўсёды заставалася чалавекам сціплым і добрым, ёй не была ўласцівая ганарыстасць і фанабэрыя ні ў найменшай ступені. Тым болей Галіна была шчырай верніцай, і на ўсе свае праекты прасіла Божага блаславення. Калі магла камусь дапамагчы — дапамагала. І ў сям’і яе панавала любоў і дабрыня. Галіна казала — «Я ніколі не рабіла ў сям’і са сваёй працы культу». 

Актрыса Галіна Дзягілева знойдзе апошні прытулак на могілках у Тарасава, ля свайго мужа. А след, які яна пакінула ў беларускай культуры, застанецца назаўсёды. Паэт Віктар Шніп у прысвечаным ёй вершы напісаў: 

«...і ты выходзіш і выходзіш

на сцэну

ты — зніч

які не знікае

і не знікне нават тады

калі будзе і так светла

у Краіне светлай...»

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

На што здольныя тэхналогіі трэцяга тысячагоддзя?

На што здольныя тэхналогіі трэцяга тысячагоддзя?

Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.

Без рубрики

Як прайшоў фінал конкурсу «Сям’я года»

Як прайшоў фінал конкурсу «Сям’я года»

Самыя таленавітыя, дружныя, крэатыўныя!

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.