Вы тут

Кантрасты вонкавага і ўнутранага ў ліпеньскім нумары «Маладосці»


Сёлета быў асаблівы і выключны ліпень — мы адзначылі юбілей свабоды нашай Радзімы. Памяць пра вялікую і жахлівую навалу, пра вайну, страты ад якой не запоўніць ніколі, жыве ў сэрцах беларусаў. Калектыў «Маладосці» і Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі не пакінулі без увагі гэтую дату і прадставілі ў рубрыцы «Мы помнім!» вынікі літаратурнага конкурсу да 80-годдзя вызвалення Мінска і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Далей — плён супрацы з Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам — у перакладзе Паўліны Архангельскай з іспанскай мовы друкуюцца два апавяданні Гарацыя Кірогі. 


Постаці Данііла Хармса адведзена рубрыка «Асоба». Свежая публікацыя Пятра Жаўняровіча прысвечана Уладзіміру Караткевічу і сумнай нагодзе — сёлета ўжо 40 (!) гадоў, як няма пісьменніка. Кастусь Лешніца працягвае хроніку самых важных падзей літаратурнага жыцця ў 1966–1985 гг. Вяртаецца рубрыка «Старонка родная» тэкстамі Марыі Шымук, Аляксандра Гаршкова, Людмілы Багдановіч. Звязана з Караткевічам і рубрыка «Мастацтва», у якой Ясенія Аляксеева разглядае спектакль «Карней» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Форзацы ліпеньскага часопіса ўпрыгожваюць работы мастака Міхаіла Дайлідава. 

«Кахаеш, ды не так. Шукай-шукай, ды не тут...» Купальскае паданне Юліі Макарэвіч «Ашуканае сэрца» разгортваецца на мяжы двух паралельных светаў — рэальнага і містычнага. Тэкст скіроўвае чытача прыгадаць беларускі бестыярый з фальклорных збораў. Гэты твор пра каханне, якое мацнейшае за дабро і зло, пра разнастайнасць чалавечых сутнасцей, пра наканаванне і выбар. 

«...Рэпартаж пра свет веры і натхнення, радасці і хвалявання, страт і знаходак, расчаравання і надзей...» Хто сочыць за айчыннымі СМІ, той добра знаёмы з пісьменнікам, журналістам, якога можна назваць айчынным Лары Кінгам, стваральнікам вядомага беларускамоўнага ток-шоу Навумам Гальпяровічам. Чарговая публікацыя «Дзе хлопчык той?..» мае падзагаловак «Сага юнацтва» і з’яўляецца цыклам аўтабіяграфічных мініяцюр, прысвечаных маладосці і роднаму гораду аўтара. Заўважым, што тэксты звязаны з апублікаванымі ў «Маладосці» раней «Полацкімі баладамі» (№ 6/2023) і аповесцю «Чырвоны мост» (№ 12/2023). Паўтара дзясятка апавяданняў і выключна прыватныя, і адначасова тыпізуюць сітуацыі, абмаляваныя аўтарам. Творы дапамогуць згадаць, як пачынаецца шлях у працу, творчасць, самастойнасць, асэнсаваць свае самыя моцныя таварыскія і сяброўскія сувязі, падзякаваць настаўнікам і ментарам, адчуць прылёт матылёў кахання. Яшчэ — пасмяяцца з недарэчных выпадкаў (і ўспомніць свае!). Дарэчы будзе адзначыць эпізоды з публікацыяй нататкі аб прыездзе французскіх пісьменнікаў, «сік» ці логіку ключа ў гісторыі пра першае каханне... Лірычны герой без «белага паліто» ў сваіх жыццёвых калізіях. 

«Любоў жыве там, дзе на яе не забываюцца...» Эсэ «Пяшчота» выйшла з-пад пяра медыка Людмілы Лазуты. Яно прысвечана тэме, якую ў сучаснасці суправаджаюць розныя стэрэатыпы і страхі, — цяжарнасці. Аўтар падкрэслівае важнасць гэтай з’явы, па сутнасці, аховы новага жыцця на ўзроўні не проста дзяржаўным, але і сусветным. 

«Ці трэба казаць, што ў працы галоўнае не праца, а людзі?» Антыаўтабіяграфічнае эсэ Ксеніі Зарэцкай «Год» на 99,9 працэнта — мастацкі вымысел, які мяжуе з фантастыкай... Гульня, зразумелая таму, хто мае дачыненне да беларускай літаратурнай тусоўкі, — твор, які дазволіць зазірнуць у рэдакцыйныя кабінеты, удыхнуць тое самае паветра, што і аўтар, даведацца пра адметнасці і цяжкасці ў працы, рытуалы, мясцовы фальклор і плёткі (ды пазнаць асобных персанажаў па імёнах). Напрыклад, ёсць прыкмета варажыць па кнізе Міхася Стральцова: «З традыцыямі ў М. усё дзіўна, яны не вельмі рэгулярныя, затое калі ўжо здараюцца, то ад усёй душы, таму пятніц я чакаю з падвойным прадчуваннем: ура, выхадныя, і ўра, варажба! Што нас чакае заўтра? Хто ведае, акрамя Міхася Лявонавіча...» Эсэ бачыцца даведнікам для тых, хто прыходзіць працаваць у рэдакцыі. Калі тэкст «антыаўтабіяграфічны», то адзначым яшчэ і добра прамаляваны характар і псіхалагічныя станы і перажыванні лірычнай гераіні, якая выходзіць на шлях рэдактара і аўтара і, бадай што, крытыка. 

З паэтычным дэбютам выступае маладая аўтар Марыя Наумчык. «Вечар» нясе палярныя эмацыянальныя станы, распачынаецца спакойным заміраннем, на хуткую наступную змену настрою можа паўплываць пераключэнне візуальных вобразаў, падпарадкаванне плану выяўлення органамі пачуццяў. Адмоўны досвед — таксама досвед:

Калі ласка. 

Хоць «не», хоць «сыдзі», хоць «згубіся», 

Хоць «у чортавым пекле гары»... 

Не спрабуй са мной ветліва абысціся. 

Але ўсё ж такі гавары.

Працягваецца рубрыка падборкай «У мяне ёсць крылы». Верш Марго Ядзевіч сцвярджае рух і жыццё насуперак панурасці, страху і болю. Марыя Якімовіч шкадуе аб нязбытным каханні. Нізка з трох вершаў Златы Клачок — гульні з вечнасцю, светам і святлом, адметным бачыцца асэнсаванне адзіноты і прыналежнасці да ўмоўнай пары: 

Ты і я —

асобы адзіночнага ліку.

Мы толькі тады

робімся множным,

калі хтосьці

за спінаю кажа:

«ТЫЯ».

(«***Ты і я»)

Сталая паэзія — шлях не навобмацак, а наўмысны і ўпэўнены, дзе да аўтаматызму даведзенае майстэрства вершавання дазваляе выказаць неабходны сэнс. Васьмірадкоўі Вольгі Русілкі, самадастатковыя і насычаныя, філалагічна ахайныя, прадуманыя. Прыклад нетрывіяльнага вобраза, паэтычна абжыты тэрмін — трыба, прыстасаваны да інтымнай лірыкі:

Паласа па лесе, паласа,

Ад агню выратаванне — трыба.

Разарвалі сэрца неспраста

Глебы разварочаныя глыбы.

Паласа па лёсе, паласа,

Ранняй сівізны крывая сцежка.

Перастань, каханы, перастань,

Не ламай жыццё адной усмешкай.

(«Трыба»)

Нізка «Непрыкаяныя душы» Хведара Гурыновіча трымаецца тэм, якія можна назваць традыцыйнымі. Аднак паэт знаходзіць адмысловыя сродкі, сваю ўласную манеру і вобразнасць, каб выказаць любоў да Радзімы, жаль аб выміранні вёскі, увасобіць працяг жыцця ў нашчадках, незваротнасць пражытых гадоў і нават уганараваць лакальную пачэсную прафесію — зрабіць відавочнай цяжкую і небяспечную працу шахцёра з Салігорска. Чытаю радкі, лаўлю звон слоў у галаве, Коласаў настрой «Родных вобразаў»:

Піжма ў цвіценні адчайным.

Дух саламяны жніва. 

І адзінокая чапля,

Быццам старая ўдава.

 

Гронак рабінавых сурык.

Шэрых аблокаў стагі.

Колькі ва ўсім гэтым суму,

Колькі пяшчотнай тугі!

(«Дуплет»)

«Я маю шчасце мірна жыць...» Асобная рубрыка «Мы помнім! Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» уключае творы ўдзельнікаў конкурсу, які правёў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Надрукаванае з’яўляецца не толькі знакам павагі маладога пакалення да гісторыі нашай краіны, даты вызвалення, як пэўнай аддаленай падзеі, дзе героі — помнікі з бронзы, прозвішчы ў назвах вуліц, што агучваюць у гарадскім транспарце. Кожны асобны тэкст лучыць пісьменнікаў-пачаткоўцаў з сёлетнім святам праз асабістыя перажыванні (на шчасце, дзякуючы крыніцам інфармацыі і досведу старэйшага пакалення). Вераніка Нікалайчык з Гомеля спрабуе асэнсаваць з пазіцыі ўласнага ўзросту страту дзяцінства ў ваенны час і неаспрэчную каштоўнасць міру. Мілана Мачалава з Гродна ўсталёўвае сувязь з мінулым праз бабуліну хату, дзе збіраецца ўся сям’я, але дзядулю ўжо не дачакаюцца. У Мацвея Стрэльчыка са Слуцка атрымаўся насычаны факталагічным матэрыялам верш — юны аўтар распавядае аб вёсках — сёстрах Хатыні ў родным раёне. Валерыя Лускіна акцэнтуе ўвагу на тым, з чаго пачалося вызваленне Беларусі, замацоўвае думку аб важнасці памяці пра герояў, лучыць сучаснасць Мінска з постаццю аднаго з першых яго вызваліцеляў — малодшага лейтэнанта Дзмітрыя Фролікава. Эсэ Стэфана Бараноўскага са Стаўбцоўшчыны тычыцца сямейнай гісторыі прадзеда Мікалая Коваля. 

Новыя скарбы сусветнай літаратуры з’яўляюцца ў рубрыцы «Пераклады». У ліпеньскім нумары іх прадстаўляе ўругвайска-аргенцінскі пісьменнік ХІХ—ХХ стст. Гарацый Кірога з апавяданнямі «Станцыя кахання» і «Смерць Ізольды». Маем магчымасць чытаць на роднай мове ў перакладзе і з прадмовай Паўліны Архангельскай. Арыгінальны тэкст з кнігі 1917 года «Апавяданні пра каханне смерць вар’яцтва» (зрэшты, пра адсутнасць косак у назве таксама будзе).

«Бясконцасць можа спужаць і самы светлы розум». Адам Глобус распавядае пра постаць заснавальніка «Аб’яднання рэальнага мастацтва», рэпрэсіраванага пісьменніка Данііла Хармса, называючы яго «велічным абсурдыстам». Адчуваецца, што ў Адама Глобуса тэксты наладжваюць на набліжэнне да асобы, пра якую ён піша, а яшчэ настройваюць на спачуванне героям, адштурхоўваючыся ад фактаў: «...дарвіністы называлі паэта Хармса малпай, а ён жа самы сапраўдны анёл. Згадаўшы пра анёлаў, я падумаў, што манах-капуцын таксама недалёка стаіць ад малпы-цёзкі. І шмат у чым да яе падобны».

«Знакі эпохі» ўтрымліваюць тры віншавальныя лісты і асобны малюнак (друкуецца ўпершыню), дасланыя Уладзімірам Караткевічам у рэдакцыю часопіса «Маладосць» (матэрыялы датуюцца 1970-мі гадамі, цяпер захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі); акрамя таго, пяць, якія раней не публікаваліся, малюнкаў пісьменніка, падараваных Уладзіміру Калесніку (знаходзяцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва). Сярод іх адзначым пазнавальнага Караткевічавага персанажа — зайца, а побач з ім — пераробку ў сяброўскі паэтычны шарж верша «Заяц варыць піва»: «Бяроза іскрамі страляе: Калеснік варыць самагон».

«...У Араў-парку (ЗША) урачыста адкрылі помнік Янку Купалу...» Працягвае хроніку літаратурнага жыцця ў 1966–1985 гг. Кастусь Лешніца, папярэдняя частка змешчана ў № 6 за 2024 год. Ахоплены падзеі 1971–1973 гг., звязаныя з творчым жыццём Беларусі і ўзаемасувязямі з краінамі свету (Расіяй, Украінай, Польшчай, Германіяй, ЗША і інш.) у гістарычнай перспектыве і на сучасным этапе. Працяг чакайце ў наступных выпусках часопіса. 

Стракатая «Старонка родная» гэтым разам складаецца выключна з прозы. Апавяданне «Лекі» Марыі Шымук уражвае эмацыянальным кантрастам: вонкавая «рамка» — спакойная, натхнёная вандроўкай у лес, унутраны тэкст — маналог Івана Пятровіча — трывожны, завязаны на асэнсаванні феномена дарослых дзяцей алкаголікаў, выхаванні ў страху, вынаходжанні сродкаў змагання з залежнасцю бацькоў. «Байкі з раскопа» Аляксандра Гаршкова — прыклад прафесійнага фальклору археолагаў. Аўтар падкрэслівае ў кароткай прадмове, што прапанаваныя тэксты — адна са спроб захавання выключнай з’явы праз кадыфікацыю. Людміла Багдановіч прыводзіць маленькі кавалачак лакальнай гісторыі вёскі Вараны Бераставіцкага раёна, што на Гродзеншчыне. 

«...І пра дом, і пра радзіму, і пра беларусаў напісана так, што ком вырастае ў горле і слёзы збіраюцца ў вачах». Замыкае сёмы нумар ілюстраваны водгук Ясеніі Аляксеевай на спектакль «Карней» па матывах твораў Уладзіміра Караткевіча Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі рэжысёра Алены Зміцер. Рэцэнзент праводзіць чытача сваім шляхам утварэння прыязнасці да творчасці аўтара знакамітага «Чорнага замка Альшанскага», а ўжо далей прэпарыруе вонкавае і ўнутранае ў пастаноўцы. Зрэшты, высновы патрабуюць увагі. 

Кацярына ЦІМАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.