Іранская дэлегацыя на чале з Алі Акбарам Ахмадзіанам прыбыла ў Беларусь з Расійскай Федэрацыі пасля завяршэння ўдзелу ў сустрэчы высокіх прадстаўнікоў, якія курыруюць пытанні бяспекі, дзяржаў БРІКС. Вітаючы госця Палаца Незалежнасці, Аляксандр Лукашэнка выказаў сакратару Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі Ірана ўдзячнасць за тое, што ён знайшоў час прыехаць у нашу краіну і пазнаёміцца з сучаснай Беларуссю.
«Ваш візіт яшчэ важны таму, што воляю лёсу, можа быць, як вы кажаце, ад Алаха гэта ўсё ідзе, мы апынуліся ў адной лодцы і абсалютна не шкадуем аб гэтым, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Нас спрабуюць абылгаць у сродках масавай інфармацыі. Мы гэта разумеем, мы людзі вопытныя: ідзе інфармацыйнае супрацьборства, можа быць, нават з элементамі інфармацыйных войн». Тым не менш, і санкцыі, і іншы ціск, па словах Прэзідэнта, мы пакуль вытрымліваем.
«У час вострай ваенна-палітычнай абстаноўкі і на Блізкім Усходзе, і каля граніц Беларусі, у гэтым еўрапейскім рэгіёне (а вы сур’ёзна ўцягнуты ў канфлікт на Блізкім Усходзе), нам не проста кансультацыі патрэбны, нам патрэбны сумесныя дзеянні з вашай краінай, — падкрэсліў беларускі лідар. — Мы рухаемся да шматпалярнага свету. Гэта будзе вельмі няпросты шлях і, да нашага шчасця, і ў Іране, і ў іншых краінах гэта добра разумеюць. Вельмі сур’ёзна набіраюць абароты такія новыя арганізацыі, як БРІКС, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, паўнапраўнымі членамі якой мы нядаўна сталі». У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць Ірану за каласальную падтрымку, якая была аказана Беларусі пры ўступленні ў ШАС.
«У гэтай складанай сітуацыі супрацьстаяння на першы план вылучаюцца пытанні бяспекі, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Але, пагадзіцеся, бяспека будзе тады эфектыўнай, калі працуе эканоміка, калі паміж краінамі гандлёва-эканамічныя адносіны вельмі сур’ёзныя і дынамічна развіваюцца. Мы бачым пастаянны прырост гандлю паміж дзвюма краінамі і, самае галоўнае, нам не дапусціць запаволення ў гандлёва-эканамічных адносінах, бо гэта аснова, гэта фундамент нашых дзеянняў, нашых узаемаадносін».
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што іранскі народ зусім нядаўна перажыў вялікае няшчасце — у маі ў авіякатастрофе загінуў папярэдні Прэзідэнт Ірана Ібрахім Раісі. «Але вы мужна прайшлі гэты перыяд, вы выбралі новага Прэзідэнта (у ліпені ў прэзідэнцкіх выбарах перамог Масуд Пезешкіан — „Зв“.), — канстатаваў беларускі лідар. — Я вас віншую з гэтым. І хачу, каб вы перадалі вашаму Прэзідэнту, што мы чакаем яго ў Беларусі. Калі вы прымеце рашэнне аб візіце Прэзідэнта Ірана ў Беларусь, нам трэба вельмі сур’ёзна падрыхтавацца да гэтага візіту па ўсіх кірунках: і эканоміка, і гандлёва-эканамічныя адносіны, і бяспека, і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Забароненых тэм, як я разумею, паміж намі няма. Галоўнае, спадар сакратар, я хачу, каб вы разумелі, Беларусь заўсёды была надзейным партнёрам Ірана, і мы гатовы годна прайсці свой шлях».
Аляксандр Лукашэнка папрасіў сакратара Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі Ірана перадаць самыя цёплыя прывітанні і Вярхоўнаму лідару Ірана Алі Хаменеі. «Мы вельмі даўнія сябры і добра знаёмыя з ім, прытым шмат-шмат гадоў», — удакладніў Прэзідэнт.
У сваю чаргу, сакратар Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі Ірана адзначыў, што вельмі рады сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы. Алі Акбар Ахмадзіан перадаў Аляксандру Лукашэнку цёплыя прывітанні ад Вярхоўнага лідара Ірана, а таксама Прэзідэнта краіны. «Я вывучыў гісторыю вашых сустрэч з іранскім кіраўніцтвам у ходзе вашага візіту ў Іран або калі наша дэлегацыя наведвала вашу краіну, а таксама вашу сустрэчу з духоўным лідарам Ірана, якія рэкамендацыі пасля вашай сустрэчы духоўны лідар даў іранскаму кіраўніцтву, — расказаў ён. — Таксама хацеў бы выказаць словы ўдзячнасці за ўдзел вашай дэлегацыі на цырымоніі інаугурацыі новага Прэзідэнта і спачуванне па прычыне смерці нашага Прэзідэнта».
У размове з журналістамі Алі Акбар Ахмадзіан адзначыў, што Іран і Беларусь заўсёды былі сябрамі. «Нашы адносіны ўжо блізкія да саюзніцкіх, — падкрэсліў ён. — Шматпаважаны Прэзідэнт у ходзе сустрэчы падкрэсліваў неабходнасць працягу і нарошчвання гэтых адносін. Мы ўбачылі яго сур’ёзныя намеры рэзка развіваць нашы адносіны. Убачыўшы гэта, мы пераканаліся, што нашы адносіны з Беларуссю ў будучыні вельмі рэзка павысяцца».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.