Вы тут

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?


Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы штогод праводзяцца па ўсёй тэрыторыі нашай краіны, яны ўжо ператварыліся ў абавязковы атрыбут восені. Сёлета стартуюць 14 верасня. У сталіцы сельгаскірмашы выхаднога дня завершаць работу 1 снежня, у Мінскай вобласці — 2 лістапада. Зрэшты, карэктывы могуць унесці ўмовы надвор’я: згодна з санітарнымі нормамі, для рэалізацыі сельгаспрадукцыі на адкрытым паветры тэмпература не павінна апускацца ніжэй за нуль градусаў.


Найтаннейшай агародніна на сельскагаспадарчых кірмашах будзе ў кастрычніку, прагназуюць эксперты сферы гандлю

Лакацыі і ўдзельнікі

Сёлета сваё 957-годдзе Мінск будзе адзначаць якраз 14 верасня — на гэты дзень запланаваны асноўныя ўрачыстасці. Але, нягледзячы на тое, што многія лакацыі будуць заняты, прынята рашэнне зрабіць гэты дзень таксама стартам штогадовых сельскагаспадарчых кірмашоў, расказала начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Алена Нагорная. Зроблена гэта з мэтай задаволіць попыт жыхароў сталіцы на свежую айчынную сельскагаспадарчую прадукцыю, а таксама даць магчымасць вытворцам гэтай прадукцыі рэалізаваць яе лішкі.

Заўважым, што раней планавалася распачаць работу сезонных кірмашоў з 16 верасня, але пачаць вырашылі раней. А скончыць пазней, чым у мінулыя гады. Калі казаць аб лакацыях правядзення сезонных кірмашоў у сталіцы, то тут змен не чакаецца. Цэнтральнай па-ранейшаму застаецца пляцоўка каля «Чыжоўка-Арэны»: наяўнасць там вялікай колькасці парковачных месцаў зручна і жыхарам горада, і сельгасвытворцам — дазваляе прапанаваць максімальную колькасць сваёй прадукцыі спажыўцу. Вядома, кірмашы будуць праводзіцца і ў кожным раёне сталіцы: час работы лакацый, даты вызначаны, і падрабязная інфармацыя размешчана як на сайце Мінгарвыканкама, так і на сайтах адміністрацый раёнаў горада. А ў выпадку ўзнікнення нейкіх дадатковых пытанняў мінчане могуць звярнуцца непасрэдна ў адміністрацыі раёнаў і атрымаць вычарпальную інфармацыю, адзначыла спецыяліст.

Што датычыцца ўдзельнікаў, то гэта, перш за ўсё, прадпрыемствы-вытворцы з усёй краіны — ім загадзя былі разасланы запрашэнні, і найбольш запатрабаваныя спажыўцом прадпрыемствы ў ліку першых пацвердзілі свой удзел: перш за ўсё мяса-малочнай прамысловасці ўсіх абласцей краіны.

Таксама актыўны ўдзел у сельскагаспадарчых кірмашах возьмуць прадпрыемствы Белкаапсаюза, чыя прадукцыя карыстаецца павышаным попытам у мінчан. Прычым яны разгорнуць гандаль не толькі на цэнтральнай пляцоўцы, побач з «Чыжоўкай-Арэнай», але і раённых. Фермеры і фізічныя асобы маюць адпаведныя дакументы, што прадукцыя вырашчана ў іх на ўчастках. Удзел у кірмашах для фізічных асоб бясплатны.

Зрэшты, садавіну і агародніну новага ўраджаю непасрэдна ад вытворцы мінчане змогуць набыць не толькі ў выхадныя дні.

— Акрамя сельскагаспадарчых сезонных кірмашоў выхаднога дня штогод у Мінску арганізоўваецца работа пляцовак па рэалізацыі сельгаспрадукцыі, — расказала Алена Нагорная. — Такая практыка неабходна, таму што не заўсёды жыхары паспяваюць пабываць на кірмашах у выхадныя дні, часам сярод тыдня ўзнікае патрэба набыць свежую плодаагароднінную прадукцыю.

Гэтай восенню ў Мінску арганізавана 99 такіх пляцовак — у кожным раёне сталіцы іх дастаткова. Пры выбары месцаў размяшчэння пляцовак улічваліся пажаданні грамадзян, асабліва насельніцтва пажылога ўзросту, падкрэсліла спецыяліст. Інфармацыя аб гэтых пляцоўках таксама размешчана на сайтах адміністрацый раёнаў.

— Пляцоўкі пачнуць працаваць адразу ж пасля сельгаскірмашоў, з 16 верасня, да 17 лістапада штодня, — рэзюмавала начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама.

Па Міншчыне будзе арганізавана дастаўка

У Мінскай вобласці сезонныя сельскагаспадарчыя кірмашы таксама пачнуць працу 14 верасня, але завершаць яе раней, чым у сталіцы, — на пачатку лістапада.

У гэтым годзе акцэнт будзе зроблены ў тым ліку на мясныя вырабы, бо яны заўсёды карыстаюцца пакупніцкім попытам, расказалі арганізатары сезонных кірмашоў

— Даты правядзення буйных рэгіянальных кірмашоў ужо вызначаны, — падзялілася начальнік упраўлення гандлю і паслуг Мінаблвыканкама Наталля Суйкова. — Так, напрыклад, 5 кастрычніка такі кірмаш пройдзе ў Барысаве, 6-га — у Нясвіжы, 12 кастрычніка — у Бараўлянах, Вілейцы, Маладзечне, Салігорску, 19 кастрычніка — у Слуцку. А ў цэлым, сельскагаспадарчыя сезонныя кірмашы праходзяць у кожным рэгіёне вобласці. Асноўныя лакацыі насельніцтву вядомыя, яны, як правіла, пастаянныя — гэта тэрыторыі гандлёвых пляцовак, рынкаў, цэнтральных плошчаў гарадоў. Месцы вызначаны такім чынам, каб было зручна насельніцтву і ўдзельнікам кірмашоў для пад’езда і размяшчэння, — дадала спецыяліст.

Агульная колькасць сезонных сельскагаспадарчых кірмашоў у перыяд іх правядзення з года ў год складае каля 150, расказала прадстаўнік Мінаблвыканкама. Традыцыйна ў шырокім асартыменце насельніцтву прапануецца сельгаспрадукцыя новага ўраджаю, харчовыя тавары. Штогод актыўны ўдзел бяруць вытворцы мясной, малочнай, рыбнай прадукцыі. І менавіта на яе сёлета будзе зроблены акцэнт, паколькі яна карыстаецца найбольшым попытам.

— У кірмашах выхаднога дня прымуць удзел сельскагаспадарчыя арганізацыі, сялянскія і фермерскія гаспадаркі, арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання розных форм уласнасці, — канкрэтызавала прадстаўнік Мінаблвыканкама. — Чакаецца актыўны ўдзел прадпрыемстваў патрэбкааперацыі, харчовай і перапрацоўчай прамысловасці, бытавога абслугоўвання, а таксама рамеснікаў. Бо кірмашы прывабліваюць спажыўцоў магчымасцю набыць шырокі асартымент якаснай экалагічнай прадукцыі непасрэдна ад вытворцы. А для аказання дапамогі асобным катэгорыям грамадзян плануецца арганізаваць паслугі па дастаўцы набытых тавараў.

Акрамя таго, кірмашы прадугледжваюць шырокую культурна-масавую праграму: выступленні народных калектываў, цікавыя актыўнасці для розных узростаў, арганізацыю вольнага часу для дзяцей.

А што новага?

Відавочна, што сельскагаспадарчыя кірмашы — гэта ўжо ўстойлівая, традыцыйная форма арганізацыі продажу сезонных тавараў, зручная і спажыўцам, і вытворцам. Акрамя плодаагародніннай прадукцыі ў іх асартыменце ўжо не першы год грыбы і арэхі, лясныя ягады, прадукты пчалярства, мясная і малочная прадукцыя і нават лекавыя травы. І ўсё ж кожны год арганізатары імкнуцца прыўнесці нешта новае, што парадуе пакупніка.

У гэтым годзе чакаецца шмат удзельнікаў, якія прапануюць наведвальнікам мёд

— Пралічыць загадзя колькасць удзельнікаў такіх кірмашоў немагчыма, бо іх склад фарміруецца па заяўным прынцыпе, — адзначыла Алена Нагорная. — У асобных раёнах сталіцы кожную восень больш за пяць гадоў на такіх кірмашах працуюць адны і тыя ж фермеры і фізічныя асобы — прыязджаюць з Брэсцкай, Гродзенскай, іншых абласцей адрасна, да свайго спажыўца, які чакае пэўны сорт бульбы, капусты ці цыбулі. У гэтым годзе чакаецца вялікая колькасць разнастайнай мясной прадукцыі — яна карыстаецца попытам. Будзе шмат удзельнікаў, якія рэалізоўваюць мёд.

Але ж людзі наведваюць сезонныя кірмашы не толькі каб набыць прадукты харчавання, падкрэсліла яна. Наведвальнікі прыходзяць адпачыць, паразмаўляць, пакаштаваць нешта незвычайнае. Прыходзяць па станоўчыя эмоцыі. І, у прыватнасці, на станоўчыя эмоцыі будзе працаваць прадукцыя лясгасаў. Гэтай восенню яны сталі актыўнымі ўдзельнікамі кірмашоў выхаднога дня, і іх прадукцыя, без сумневу, будзе карыстацца попытам. Арганізатары спадзяюцца, што наведвальнікаў сезонных кірмашоў уразяць асартыментам прадпрыемствы Белкаапсаюза: на іх прадукцыю заўсёды вялікі попыт, і, напэўна, гэтай восенню яны парадуюць мінчан не толькі ўжо ўпадабанай пакупнікамі прадукцыяй, але і навінкамі.

Што датычыцца Мінскай вобласці, Наталля Суйкова таксама адзначыла актыўнасць лесагаспадарчых арганізацый: сёлета яны пашыраюць сваю прысутнасць з самымі рознымі таварнымі пазіцыямі. Пашыраецца таксама прысутнасць на гандлёвых сезонных пляцоўках рамеснікаў — у прыватнасці з шырокім асартыментам аўтарскіх вырабаў для кухні і дома з дрэва, які заўсёды выклікае пакупніцкі інтарэс. Акрамя таго, сёлета чакаецца актыўны ўдзел у сезонных кірмашах рыбгасаў. І гэта не толькі жывая рыба. У асартыменце — і рыба вэнджаная, і іншыя рыбныя вырабы, і юшка. Будуць праводзіцца дэгустацыі, а гэтая форма работы заўсёды выклікае цікавасць у наведвальнікаў.

І, нарэшце, найбольш важнае для пакупніка пытанне — наколькі таннай будзе сёлета на сезонных кірмашах сельскагаспадарчая прадукцыя?

— Як бы мы ні прыцягвалі арганізацыі, у большасці сярод прадаўцоў на сезонных кірмашах усё ж фізічныя асобы. А гэта значыць, што цэны рэгулюе рынак, — адзначыла Алена Нагорная. — Заканадаўства не прадугледжвае рэгуляванне цэн у рамках работы фізічных асоб, а арганізацыі прыязджаюць на сезонныя кірмашы ўжо з усталяванымі цэнамі. У верасні яшчэ далёка не ўсе фізічныя асобы гатовы прыняць удзел у кірмашах, канкурэнцыя невялікая, прадаўцы прыглядаюцца адзін да аднаго. Зразумела, што цэны на сезонных кірмашах і ў верасні будуць ніжэйшыя, чым на буйных рынках сталіцы. Але найбольш нізкімі яны бываюць звычайна да самага актыўнага часу правядзення кірмашоў — гэта пачатак кастрычніка і ўвогуле ўвесь кастрычнік. У прадаўцоў найбольшая канкурэнцыя, прадукцыі больш чым дастаткова, асабліва што датычыцца гародніны адкрытага грунту (бульба, буракі, капуста, цыбуля, морква). І яна становіцца значна таннейшай.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.