14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Сянько сустрэўся з працоўнымі калектывамі Брэстчыны


Юрый Сянько наведаў рэгіён з рабочым візітам напярэдадні Дня народнага адзінства, таму гістарычная дата і падзеі, якія леглі ў аснову дзяржаўнага свята, сталі ключавой тэмай адкрытай размовы з работнікамі прадпрыемстваў «Брэстводбуд» і «Чарнаўчыцы».


Як падкрэсліў Юрый Сянько, свята ў тым ліку прадыктавана шэрагам падзей у суседніх краінах, дзе забылі сваю гісторыю і дапусцілі шэраг сур’ёзных памылак, у выніку якіх пацярпелі людзі.

«Заснаванне Дня народнага адзінства дала новы імпульс да разважання, — адзначыў старшыня ФПБ. — Дата 17 верасня звязана з падзеямі 1939 года, калі адбыўся акт гістарычнай справядлівасці. Бо калі б тады не адбылося аб’яднання беларускіх земляў, то невядома, якой была б сёння нашая Беларусь. Ці была б яна ў прынцыпе?»

Звяртаючыся да гісторыі, лідэр нацыянальнага прафцэнтра прывёў бясспрэчныя факты: у 1919 годзе Польшча ваеннай сілай захапіла немалую частку беларускай зямлі, з гэтага і пачалася трагедыя раз’яднання беларускага народа.

«Што значыць правесці лінію мяжы? Сёння мы хадзілі ў суседнюю вёску, а заўтра — паміж намі мяжа... Нас адразаюць ад сваякоў, традыцый, ад жыцця. Пад кіраўніцтвам Польшчы рабілася ўсё, каб цалкам выкараніць беларусаў як нацыю, — падкрэсліў Юрый Сянько.

Амаль 20 гадоў, калі заходнія беларускія землі знаходзіліся пад польскай акупацыяй, сталі выпрабаваннем для нашага народа.

«Да 1938 года былі зачыненыя ўсе беларускія школы. Гэта было зроблена прынцыпова, каб не вучыліся людзі беларускай мове, культуры. Усё беларускае вынішчалася зверствамі, катаваннямі, здзекамі. Нашы продкі, якія жылі пад Польшчай, часта ўзгадвалі, што гэта быў цяжкі час, — нагадаў гісторыю старшыня ФПБ. — Беларусаў наогул не лічылі за людзей. У іх адбіралі ўсё, нават праваслаўную веру. Разглядалі іх няйначай, як выключна абслуговы персанал».

Юрый Сянько прывёў яшчэ адзін з жудасных фактаў таго часу. У 1934 годзе польскім рэжымам быў створаны канцлагер у Бярозе-Картузскай — адзін з першых канцлагераў у Еўропе.

«17 верасня 1939 года была адноўлена сацыяльная справядлівасць. Тэрыторыя Беларусі зноў набыла цэласнасць. Прычым гэтыя землі спрадвечна былі населены беларусамі, не з’яўляліся спрэчнымі тэрыторыямі ні ў якім разе. Беларусы жылі на іх па этнічным прынцыпе», — падкрэсліў лідэр нацыянальнага прафцэнтра.

Сёння ні ў кога няма сумневаў: 1939 год стаў лёсавызначальным для беларускага народа і фармаванні нацыянальнай самасвядомасці.

«Самае абуральнае, што сёння асобныя палітыкі ў Польшчы не жадаюць прызнаваць за нашай краінай права самастойна жыць. Так, і не толькі Польшчы, будзем шчырымі, — выказаў меркаванне Юрый Сянько. — У 2021 годзе па рашэнні кіраўніка дзяржавы заснаваны Дзень народнага адзінства. Палітыкі Польшчы тады адкрыта казалі, што яны абураныя гэтым фактам. А што тут абуральнага? Гэта наша тэрыторыя, наша зямля».

Старшыня ФПБ звярнуў увагу, на тое, што асобныя палітыкі да гэтага часу вядуць сваю несумленную гульню, імкнучыся падзяліць наш народ.

Сёння Беларусь паспяхова ідзе ў будучыню. Развіваюцца ўсе рэгіёны, і Брэстчына, якая таксама спазнала нягоды польскага рэжыму ў 1921 — 1939 гадах. Тут таксама добрасумленна працуюць беларусы. 

«Працоўныя калектывы прадпрыемстваў „Брэстводбуд“ і „Чарнаўчыцы“ дасягнулі высокіх вынікаў. Тут працуюць вопытныя спецыялісты, дынастыі. Працуюць на карысць сваёй сям’і, рэгіёна, краіны. І цудоўна разумеюць глыбокі сэнс свята і адзінства», — выказаў упэўненасць Юрый Сянько, уручаючы лепшым працаўнікам Брэстчыны ўзнагароды Федэрацыі прафсаюзаў.

Наступным пунктам у праграме рабочага візіту ў рэгіён стала пляцоўка Рэспубліканскага маладзёжнага форуму «У адзінстве наша сіла» Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Маштабнае мерапрыемства, якое стартавала ў Брэсце, прымеркавана да Дня народнага адзінства. Таму абмеркаванне сэнсу падзей 17 верасня 1939-га ў гісторыі краіны і беларускага народа лідэр нацыянальнага прафцэнтра працягнуў з моладдзю. Дыялогавая пляцоўка сабрала звыш 150 маладых прафактывістаў. Юрый Сянько адзначыў зацікаўленасць моладзі абмяркоўваць такія важныя тэмы, як захаванне нашай гісторыі, а таксама звярнуў увагу на тое, што на яе краіна ўскладае надзеі ў будучым. Ва ўрачыстай абстаноўцы ён таксама ўручыў прафсаюзныя білеты першакурснікам профільных навучальных устаноў, якія ў сябе на факультэтах выбраны прафлідэрамі. 

Рабочы візіт старшыні ФПБ у рэгіён прадоўжыўся сустрэчай з кіраўніком Брэсцкага аблвыканкама Пятром Пархомчыкам. Сацыяльныя партнёры разам працуюць ужо даўно, а сёння кіраўнікі абмеркавалі шэраг пытанняў па далейшым супрацоўніцтве. Ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько ўручыў губернатару ганаровую грамату.

Таксама лідэр нацыянальнага прафцэнтра ў рамках візіту на Брэстчыну наведаў прадпрыемства ААТ «Савушкін прадукт». Ён пазнаёміўся з прадпрыемствам, сустрэўся з кіраўніцтвам і прафсаюзным актывам, грамадскімі інспектарамі па ахове працы. Пытанні ў парадку дня былі самыя разнастайныя — ад вопыту работы прадпрыемства да аспектаў стварэння бяспечных умоў працы работнікаў.

Алена КРАВЕЦ

Фота Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца. 

Грамадства

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.