14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

У Нацыянальным архіве адбылася Ι Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Партызанскі архіў»


У форуме, прымеркаваным да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прынялі ўдзел вядучыя вучоныя і спецыялісты ў гэтай тэме не толькі з нашай краіны, а і з Расіі і Казахстана, якія дыстанцыйна выйшлі на сувязь з аўдыторыяй. Абмеркавалі найважнейшыя пытанні, звязаныя з захаваннем гістарычнай памяці, аб’ектыўным адлюстраваннем падзей Вялікай Айчыннай вайны. У зале, што вельмі важна, прысутнічалі школьнікі, якім працягваць несці праўдзівую інфармацыю аб тым, што адбывалася на беларускай зямлі ў 1941 — 1944 гадах. 


Вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Алег ВОІНАЎ адзначыў, што сам час падштурхнуў да таго, што гісторыю трэба памятаць і шанаваць. «Пагружаючыся ў архіўныя дакументы, а таксама знаходзячы новыя дакументы, пачынаеш усведамляць, што ёсць яшчэ што вывучаць і ёсць да чаго імкнуцца, — падкрэсліў ён. — І гэта добра, што мы не спыніліся, а працягваем вывучаць спадчыну, якая ў нас ёсць, нашу гісторыю і расказваем аб гэтым непасрэдна маладому пакаленню». 

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь — галоўны захавальнік архіўных дакументаў па гісторыі партызанскага руху на тэрыторыі нашай краіны, у тым ліку па вызваленні беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дзясяткі тысяч архіўных спраў дазваляюць усебакова і аб’ектыўна вывучаць гісторыю ўсенароднага супраціўлення. І трэба сказаць, што партызанскія дакументы карыстаюцца попытам у насельніцтва. 

«Сёння гэта адны з самых запатрабаваных дакументаў, — звярнуў увагу намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Святаслаў КУЛІНОК. — Калі мы прааналізуем работу чытальнай залы, бачым, што дакументы па гісторыі партызан карыстаюцца вялікай цікавасцю і ў нашых, і ў замежных даследчыкаў. Гэта звязана і з асаблівай роляй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў нашай гістарычнай навуцы, і з расследаваннем крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. А партызанскія дакументы — гэта багаты матэрыял па расследаванні злачынстваў нацыстаў. Увогуле архіўныя дакументы — гэта аснова любога навуковага даследавання». 

Пры гэтым варта заўважыць, што супрацоўнікі Нацыянальнага архіва не толькі займаюцца захоўваннем каштоўных дакументаў, а і актыўна вывучаюць тэму партызанскага руху, запаўняюць «белыя» плямы гісторыі. Толькі за апошнія пяць гадоў архівістамі выдадзена 11 зборнікаў дакументаў, пяць альбомаў, чатыры навуковыя і навукова-папулярныя манаграфіі, два электронныя зборнікі дакументаў. Рэалізоўваюцца шматгадовыя інтэрнэт-праекты, напісаны сотні навуковых артыкулаў. 

Па словах Святаслава Кулінка, тэма Вялікай Айчыннай вайны, партызанскай барацьбы, невычарпальная. «Вельмі шмат аспектаў, шматлікіх тэм, якія недастаткова вывучаны, і архіўныя дакументы даюць магчымасць гэтыя прабелы запоўніць», — заўважыў ён.

Работа па папулярызацыі дакументаў па тэме ўсенароднай барацьбы ажыццяўляецца па розных кірунках. Невыпадкова канферэнцыя не абмежавалася выключна навуковай часткай. Для наведвальнікаў і ўдзельнікаў была прадстаўлена новая банерная выстава «Рэспубліка-партызанка», шэраг партызанскіх артэфактаў, выяўленых пошукавым атрадам імя Героя Савецкага Саюза Васіля Каржа. Таксама падчас канферэнцыі прэзентавалі новыя выданні Нацыянальнага архіва па гісторыі партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі, кінахроніку з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.

Акрамя таго, на форуме распавялі аб выніках працы са знойдзенымі падчас пошукавых работ дакументамі партызанскай брыгады ім. В.І. Леніна Пінскага злучэння. Дакументы былі знойдзены ў чэрвені 2023 года каля вёскі Гоцк Салігорскага раёна. Вядома, знаходзіліся артэфакты ў дрэнным стане, на іх рэстаўрацыю спатрэбілася нямала часу, аднак цяпер гэта ўнікальная магчымасць даведацца нешта новае пра партызанскую барацьбу. 

«Архівы ператвараюцца ў паўнавартасныя навуковыя і культурна-асветніцкія цэнтры, — рэзюмаваў Алег Воінаў. — Шматмільённы Нацыянальны архіўны фонд Рэспублікі Беларусь — гэта не толькі дакументальная скарбніца нашай краіны, але гэта яшчэ і галоўная крыніца гістарычнай праўды».

Такім чынам, у архіўнай галіне на адзін навуковы форум стала больш — плануецца, што Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Партызанскі архіў» стане штогадовай і будзе праходзіць не толькі ў Мінску, а ў розных рэгіёнах Беларусі. 

Вераніка КАНЮТА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца. 

Грамадства

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.