Вы тут

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»


Выканальніцкі талент Радмілы Рыбаковай ярка раскрыўся даволі рана. Усё жыццё наша гераіня ўяўляла сябе толькі спявачкай. І нават той факт, што доўгі час будучую зорку не дапускалі да ролі салісткі, не спыняў, а, наадварот, дадаваў упэўненасці ва ўласных сілах. Цяпер Радміла не толькі саліруе ў мужчынскім гурце «Cosa Nostra», але і праяўляе сябе як адметная артыстка ў Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры імя М. Я. Фінберга. Аб сваёй рэалізацыі на эстрадзе, рабоце ў мужчынскай камандзе, удзеле ў праекце «Звёздный путь», а таксама пра тое, як выхоўвае дачку, спявачка шчыра падзялілася ў інтэрв’ю «Чырвонцы. Чырвонай змене».


«Вырашыла: а пайду лепш служыць у армію!»

— Колькі сябе памятаю, столькі спявала паўсюль (смяецца). Вось мы едзем з музычнай школы дадому — спяваю. Я родам з Рагачова. На той момант у горадзе была адзіная вакальная студыя. Яна і да гэтай пары існуе, і ў яе той жа кіраўнік. Маці адвяла мяне туды ў шэсць гадоў. І да заканчэння школы я там спявала. І не ўяўляла нейкай іншай прафесіі. Усім казала, што буду спявачкай. У нас па матулінай лініі ўсе галасістыя. І ў мамы голас быў, і ў дзядулі. Пасля школы я паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў на эстраднае аддзяленне, вакал. Самае цікавае, што калі займалася ў студыі, то мяне ніколі не ставілі саліраваць, напэўна, не бачылі ўва мне салістку.

І тое ж самае было, калі хацела трапіць у студыю пры каледжы: мне сказалі, што яшчэ рана. Але гэта не спыніла — ніколі не гублялася.

Тут жа знайшла іншую студыю дзесьці на ўзбочыне Гродна і запісалася туды. У мяне была прага, ніколі не лічыла, што праблема ўва мне, заўсёды думала, што гэта яны, выкладчыкі, нешта не расчулі. Здаецца, гэта дапамагала неяк расці. Лічу, у артыста павінен быць стрыжань і ўпэўненасць, што ўсё магчыма. Трэба працаваць, ніколі не расслабляцца, бо табе пастаянна наступаюць на пяту. Але важна заставацца чалавекам. Нельга дамагацца свайго, калі іншаму робіш блага...

Адвучыўшыся ў каледжы, трапіла ў... армію (смяецца). На кантракт. Калі паступала ў каледж, у мяне было мэтавае накіраванне, і трэба было вярнуцца па ім адпрацаваць. Але не хацела пакідаць Гродна. У той час супрацоўнічала з адной ваеннай часцю. Выступала ад яе на конкурсах, прывозіла прызавыя месцы, лаўрэацтва. І вось вырашыла, што не з’еду, а пайду лепш служыць у армію! Былі думкі паступіць у школу лейтэнантаў. Карацей, звязаць жыццё з арміяй. Але пасля здарыўся выпадак. Праводзіўся конкурс: набіралі салістаў у Прэзідэнцкі аркестр, называўся «Новыя галасы Беларусі». Нейкім цудам удалося трапіць на кастынг у Гродне. Прайшла. І далей закруцілася... Мяне неаднойчы лёс адводзіў з намечанага шляху.

«Cosa Nostra» & аркестр

— Што датычыцца аркестра, то з верасня я афіцыйна салістка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я. Фінберга. Усё жыццё хацела выступаць з жывым гукам, пад інструментальнае суправаджэнне. І таму пайшла ў аркестр.
Перыядычна ў іх праводзіцца праслухоўванне. Прыйшла, і мяне ўзялі. Каб выступаць з аркестрам, трэба ўмець слухаць, бо ён крыху адрозніваецца ад выступлення пад «мінус». Падчас канцэрта адчуваеш падтрымку: ты не адзін на сцэне. Гэта такая музычная машына, якая дае ўпэўненасць.

У «Cosa Nostra» мы іграем і аўтарскую музыку ў стылі поп-рок. Чаму першапачаткова не ўзялі для выканання рок, хоць мы яго ўсе проста абажаем? Таму што гэта не для шырокай аўдыторыі. Зрабілі гучанне крыху лягчэйшым, каб музыка была больш даступнай. А ўвогуле іграем і каверы розныя, і старыя кампазіцыі, ды ўвогуле ўсё, што запатрабавана публікай. «Cosa Nostra» — асноўны мой занятак. Гурту 14 гадоў, і мы стараемся яго развіваць, аддаваць туды больш свайго часу. Маё любімае пытанне, якое часта задаюць, — што значыць яго назва «Cosa Nostra»? З італьянскай словазлучэнне перакладаецца як «Наша справа». Адразу становіцца зразумела, праўда? (усміхаецца). Акрамя мяне, у гурце сем чалавек. Усе хлопцы. Яны прафесійныя музыканты, кожны на сваім месцы.

У аркестры праграмы розныя. Выконваем сучасныя песні, рамансы, ёсць асобныя праграмы, прысвечаныя беларускім кампазітарам. Мне калісьці сказалі, што я абсалютная эстрадніца! (смяецца). У мяне лёгка атрымліваецца спяваць і там, і там. У гурце працую, як умею, як вучылася. Калі выконваю поп-рок ці рок — спяваю настолькі, наколькі здольная. Спецыяльна нічога з сябе не выціскаю.

«Выбіраю нешта максімальна спакойнае»

Мой муж — барабаншчык у нашым гурце. Астатнім гуртоўцам прасцей, чым нам. Яны адпрацавалі-адрэпеціравалі і пайшлі, а мы разам вяртаемся дадому і пачынаем абмяркоўваць творчыя моманты... У нас бываюць розныя меркаванні, бачанне. Вядома, часам спрачаемся, бывае — сыходзімся ў меркаваннях. Выхоўваем дачку Сафію, ёй восем гадоў. Калі надыдзе час для выбару прафесіі, абмяжоўваць яе не будзем. Паступіць туды, куды захоча. Яна спявае. Вельмі добра. Пэўны час займалася ў «Сябрынцы». Яшчэ цудоўна малюе. І калі пытаемся, што хацела б больш — спяваць альбо маляваць, яна выбірае другое. Таму займацца будзе і тым, і тым. А час пакажа, на чым канчаткова спыніцца. Мы проста падтрымаем.

Дарэчы, у мяне ніколі не было перапынку ў працы. Памятаю, з жыватом да восьмага месяца цяжарнасці спявала па рэстаранах. Нарадзіла Соню і літаральна праз два тыдні выйшла працаваць. Нам дапамагалі бацькі мужа. Яны па любым званку былі ў нас — даглядалі Соню. А мы працавалі.

— Цяпер жа ў прыярытэце якасны адпачынак. І ў асноўным гэта сон. Галоўнае — высыпацца. Бывае, хочацца прагуляцца па парку, падыхаць свежым паветрам. Выбіраю нешта максімальна спакойнае. Часцей за ўсё адпачываем дома. Добра адпачываецца на малой радзіме, у Рагачове. На жаль, рэдка там бываю. Адзін-два разы на год. І калі прыязджаю, стараюся прайсціся па нашых вуліцах. Там ёсць Замкавая гара. У старажытнасці на гэтым месцы стаяў замак, цяпер — усяго толькі камень з шыльдаю. Аднак які ж шыкоўны там від на раку Днепр, якая прыгожая прырода! У цэнтры ёсць алея танкаў часоў Вялікай Айчыннай. А яшчэ самае галоўнае — у нас вырабляецца знакамітая згушчонка! (смяецца).

Цяпер у мяне шмат працы. Хочацца больш прысвячаць сябе рабоце ў гурце і цікавым праектам, напрыклад, такім, як «Звёздный путь». У ім я педагог па вакале ў камандзе Андрэя Гузеля, аднаго з прадзюсараў гэтага музычнага праекта. Увогуле, быць педагогам мне падабаецца. Тры гады адпрацавала ў музычнай школе. Выкладаць — іншы ўзровень. Мне, як вакалістцы, такі досвед карысны. Вялікі плюс, што ўмею займацца гэтай справай. Скажу так: калі чалавек вельмі хоча спяваць — трэба старанна займацца, бо гэта вялікая праца. Толькі так можна дамагчыся поспеху.

Гутарыла Надзея ЗУЕВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца. 

Грамадства

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.