Вы тут

Кожны дзень фіксуюцца дзясяткі пажараў, на якіх гінуць людзі


У народзе кажуць: восень — работ восем. І гэта сапраўды так. Людзі збіраюць і апрацоўваюць вырашчаны ўраджай, спяшаюцца ў лес у грыбы, наводзяць парадак на палетках, прысядзібнай тэрыторыі і, вядома, пазбаўляюцца лішняга смецця. Аднак нярэдка, захапіўшыся сезоннымі работамі, забываюцца аб элементарных правілах бяспекі — у выніку гараць калгасныя палі (бывае, і з ураджаем), гаспадарчыя пабудовы, хаты і нават цэлыя вёскі.


Спалілі смецце — атрымалі апёкі

Падчас навядзення парадку на зямлі церпяць і людзі. Пры гэтым атрымліваюць такія апёкі, што без дапамогі медыкаў не абысціся. Напрыклад, 18 жніўня ратавальнікам стала вядома аб шпіталізацыі мужчыны з апёкамі 38% цела. Выпадак, які прывёў да такога стану, здарыўся ў аграгарадку Лашаны Мінскага раёна. Як высветлілася, мужчына распальваў вогнішча, выкарыстоўваючы для гэтых мэт бензін. У ходзе правядзення работ адбылася ўспышка пары лёгкаўзгаральнай вадкасці, у выніку чаго ён атрымаў апёкі. Пацярпелы самастойна звярнуўся ў бальніцу. Падраздзяленні МНС не прыцягваліся.

Яшчэ адзін няшчасны выпадак здарыўся ў Барысаве. Мужчына, знаходзячыся на тэрыторыі прыватнага домаўладання, спальваў сухую расліннасць. У выніку асабістай неасцярожнасці атрымаў апёкі твара.

І гэта не адзінкавыя выпадкі, як можа падацца. Узгаранні на прысядзібных тэрыторыях фіксуюцца штодзённа ва ўсіх рэгіё-
нах краіны. Напрыклад, толькі за адны суткі — з 31 жніўня на 

1 верасня — супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях выязджалі на тушэнне 45 пажараў у экасістэмах. З іх — сем лясных пажараў, тарфяны пажар і 37 пажараў травы і кустоў. 21 паведамленне аб узгараннях у прыродных экасістэмах паступіла з Гомельскай вобласці. Там жа ад выпальвання сухой расліннасці пацярпелі два чалавекі.

Адзін з іх паліў смецце на тэрыторыі прыватнага домаўладання ў вёсцы Слінкі Петрыкаўскага раёна. Мужчына дапамагаў сябру наводзіць парадак на прысядзібным участку. Яны спальвалі смецце, ад якога пачала гарэць сухая расліннасць. Абодва таварышы прыступілі да самастойнага тушэння пажару і згубілі адзін аднаго. У нейкі момант уладальнік участка пачуў крыкі аб дапамозе і пабег да сябра.

Мужчына знайшоў таварыша на зямлі, на ім гарэла адзенне. Неадкладна была выклікана хуткая дапамога. У цяжкім стане — з атручэннем прадуктамі гарэння і апёкамі — пацярпелага даставілі ў бальніцу. У выніку пажару была знішчана сухая расліннасць на плошчы 0,3 га. Падраздзяленні МНС не прыцягваліся.

А вось у іншым выпадку без ратавальнікаў не абышлося. Паведамленне аб гарэнні сухой расліннасці на прыватным падворку ў вёсцы Галубоўка Брагінскага раёна паступіла ў МНС ад работнікаў лясгаса. Пажар выявілі дзякуючы камерам, устаноўленым для маніторынгу сітуацыі ў лясным масіве. Супрацоўнік лясгаса, які пражывае ў дадзеным населеным пункце, знайшоў на падпаленым участку пенсіянера, які самастойна спрабаваў справіцца з агнём, аднак наглытаўся дыму. Пасля агляду медыкаў пацярпелага жыхара вёскі з атручэннем прадуктамі гарэння даставілі ў бальніцу. Агонь ліквідавалі ратавальнікі. У выніку пажару знішчана сухая расліннасць на плошчы 0,5 га. У абодвух выпадках прычынай пажараў стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры выпальванні сухой расліннасці.

Трагічная неасцярожнасць

На выхадных у аграгарадку Лахаўка Лунінецкага раёна на суседніх участках гарэлі два гаспадарчыя будынкі. У адным з іх агонь знішчыў дах і маёмасць, пашкодзіў сцены і перакрыцце, у другім знішчыў дах, пашкодзіў сцены і маёмасць. Меркаваная прычына пажару — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры спальванні смецця гаспадаром аднаго з участкаў.

«Пагаспадарыў» агонь і ў вёсцы Худлін Кобрынскага раёна: там загарэліся сухая трава, лясны масіў і будынак, які не эксплуатуецца.

Паводле меркавання ратавальнікаў, да здарэння прывяла чалавечая халатнасць і неасцярожнае абыходжанне з агнём. Як і на станцыі Дзятлавічы ў Лунінецкім раёне, дзе згарэлі гаспадарчы будынак і нежылы дом, а таксама на хутары Знаменка ў Брэсцкім раёне: тут вогненная стыхія знішчыла гаспадарчую пабудову.

Спецыялісты разбіраюцца і ў прычыне трагедыі, якая адбылася ў аграгарадку Сакалова Бярозаўскага раёна. За прыватным падворкам у полі гарэла сухая расліннасць, якую мясцовыя жыхары патушылі да прыбыцця падраздзяленняў МНС. У траве ратавальнікі знайшлі загінулага мужчыну-пенсіянера.

Трагічна скончылася навядзенне парадку на зямлі і ў Ганцавіцкім раёне. Пажар здарыўся на тэрыторыі прысядзібнага ўчастка ў вёсцы Мельнікі. Агонь паспеў перакінуцца на гаспадарчы будынак на суседнім участку. У траве з апёкамі ратавальнікі знайшлі пенсіянерку, якая самастойна спрабавала справіцца з вогненнай стыхіяй. Брыгада хуткай дапамогі забрала сяльчанку ў бальніцу, дзе пазней яна памерла.

Прычына пажару высвятляецца. Адна з галоўных версій — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры выпальванні сухой расліннасці.

Кантроль за працэсам

Ратавальнікі нагадваюць: выкарыстанне адкрытага агню пры навядзенні парадку на зямлі ў некалькі разоў павышае рызыку пазбавіцца маёмасці, нанесці шкоду навакольнаму асяроддзю і атрымаць апёкі. У пажаранебяспечны перыяд таксама не выкарыстоўвайце адкрыты агонь у лясах і на тарфяніках, не кідайце недакуркі, запалкі, асколкі шкла, а таксама не выкарыстоўвайце агонь для навядзення парадку на прысядзібных участках. Гэта можа прывесці да трагедыі: ад травы, якая гарыць, успыхваюць жылыя дамы. Акрамя таго, агонь пераходзіць на лясныя масівы і можа прыняць пагрозлівыя памеры, пераходзячы ў тарфяныя і лясныя пажары. Пры гэтым важна сачыць за забаронамі на наведванне лясоў.

«Месцы для развядзення вогнішчаў павінны быць ачышчаны ад гаручых рэчываў і матэрыялаў, сухой расліннасці і забяспечаны сродкамі тушэння, — нагадвае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч і ўдакладняе: — Гэта можа быць вядро з вадой або вогнетушыцель, рыдлёўка — тое што дазволіць вам у выпадку няштатнай сітуацыі прадухіліць распаўсюджванне агню.

Месца вогнішча размясціце ўдалечыні ад хаты, гаспадарчых пабудоў, каб выключыць іх загаранне. Для распальвання ні ў якім разе не выкарыстоўвайце лёгкаўзгаральныя і гаручыя вадкасці. Не падвяргайце сваё здароўе небяспецы».

Падчас навядзення парадку з выкарыстаннем агню ратавальнікі рэкамендуюць не забываць аб тым, што неабходна пастаянна кантроляваць працэс. «І самае галоўнае: пасля дагарання вогнішча не забудзьцеся праліць вуголле вадой, каб выключыць магчымасць паўторнага ўзгарання, — звяртае ўвагу Анастасія Швайбовіч. — Часам дастаткова адной іскры, каб ваша жыццё і маёмасць былі пад пагрозай».

Калі на вуліцы ветранае надвор’е, працэс спальвання лепш перанесці на іншы дзень. Не варта забываць і аб тым, што выпальванне сухой расліннасці, траў, а таксама ржышча і пажніўных рэштак на палях забаронена! Смецце павінна вывозіцца і ўтылізавацца дазволенымі спосабамі. У іншым выпадку прадугледжаны штрафныя санкцыі.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МНС

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.