Ужо на гэтых выхадных жыхары Мінска адсвяткуюць Дзень горада. Сёлета беларускай сталіцы спаўняецца 957 гадоў. Праграма абяцае быць даволі насычанай, аднак не варта забываць аб правілах бяспекі. Падчас святочных мерапрыемстваў сталічная міліцыя перайдзе на нясенне службы ва ўзмоцненым рэжыме, а колькасць нарадаў у месцах адпачынку грамадзян павялічыцца.
«У Дзень горада, 14 верасня, праграму мерапрыемстваў у 10.00 адкрые ўрачыстае ўскладанне кветак да абеліска „Мінск — горад-герой“, у якім возьмуць удзел структурныя падраздзяленні Мінгарвыканкама, міжнародныя дэлегацыі, грамадскія аб’яднанні. Праграму працягне фестываль гістарычнай рэканструкцыі „Мінск старажытны“ — відовішчнае тэатралізаванае мерапрыемства, у якім возьмуць удзел клубы гістарычнай рэканструкцыі, аднаўляючы падзеі з XІІІ стагоддзя да перыяду Вялікай Айчыннай вайны», — распавяла начальнік аддзела ўстаноў культуры ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Святлана Сіліч.
Яшчэ адна важная лакацыя — пляцоўка каля Палаца спорту, дзе будуць спаборнічаць за права звацца наймацнейшым найлепшыя пажарныя-ратавальнікі. Тут жа стартуе Алімпійскі дзень, які адкрыецца ў 12.00. «Спаборніцтвы завершацца канцэртнай праграмай з удзелам маладых талентаў горада. А ў 23.00 неба над Мінскам упрыгожыць святочны салют», — адзначыла Святлана Сіліч.
У Верхнім горадзе ў 12.00 пачнецца праграма «Залатыя хіты» Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. «На гэтай жа пляцоўцы ўвечары будуць падведзены вынікі конкурсу „Мінчанін года“. Характэрна, што сёлета на адной сцэне з артыстамі эстрады выступяць і непрафесійныя артысты», — распавяла спецыяліст.
У Дзень горада Мінска каля месцаў масавых гулянняў адкрыюцца КПП, частка з іх — з аранжавымі дахамі, а таксама камеры захоўвання для рэчаў. Як будуць ахоўваць правапарадак у горадзе 14 верасня, распавёў журналістам начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама Сяргей Гарохаў. «У горадзе Мінску да 14 верасня вызначаны асноўныя святочныя лакацыі, якія ў гэты ж дзень будуць абследаваны і ўзяты пад кантроль пешымі нарадамі міліцыі. У месцах, дзе запланавана прысутнасць больш за 500 грамадзян, будзе арганізавана работа кантрольна-прапускных пунктаў з мэтай выключэння свабоднага праходу грамадзян з забароненымі да праносу прадметамі», — адзначыў Сяргей Гарохаў.
На зялёнай зоне скрыжавання праспектаў Машэрава і Пераможцаў пройдзе фестываль гістарычнай рэканструкцыі, у раёне Палаца спорту разгорнуцца спартыўныя спаборніцтвы, якія таксама будуць пад асаблівым кантролем праваахоўнікаў. Тут задзейнічаюць не толькі службы і падраздзяленні ГУУС Мінгарвыканкама, але і конны патруль міліцыі.
«Пропуск на лакацыю каля Палаца спорту будзе ажыццяўляцца праз 8 КПП і 42 пункты пропуску, да Верхняга горада — праз 6 і 15 адпаведна. Ужо з 7.00 14 верасня КПП будуць гатовыя да работы», — адзначыў Сяргей Гарохаў.
Ён дадаў, што для грамадзян асаблівых катэгорый, такіх як ветэраны, бацькі з малалетнімі дзецьмі, інваліды, пункты пропуску пазначаць аранжавым колерам. «Праход да месца правядзення мерапрыемстваў з веласіпедамі, самакатамі і скутарамі будзе абмежаваны. Акрамя гэтага, каля Палаца спорту адкрыюцца тры камеры захоўвання, якія таксама будуць пазначаны», — адзначыў Сяргей Гарохаў.
Дарожны рух побач са святочнымі лакацыямі абмяжуюць. У 23.00 на час запуску феерверка ўваход у сквер Старасцінская Слабада будзе абмежаваны, па перыметры абмежавана паркоўка транспарту.
Вартавыя парадку нагадваюць, што ў месцы правядзення масавых мерапрыемстваў не дапусцяць асоб у стане алкагольнага ап’янення, а таксама тых, хто мае пры сабе забароненыя прадметы. Для рэагавання на аператыўную абстаноўку ў ГУУС будзе сфарміраваны міжведамасны гарадскі аператыўна-сітуацыйны штаб. Дарэчы, чатырохногіх гадаванцаў гараджанам і гасцям сталіцы праваахоўнікі таксама рэкамендуюць пакінуць дома.
Мінскае метро зменіць графік работы 14 верасня. З 7.00 да 24.00 на Маскоўскай і Аўтазаводскай лініях інтэрвал руху цягнікоў складзе пяць хвілін, а на Зеленалужскай лініі ў гэты ж перыяд — восем. У Мінскім метрапалітэне рэкамендуюць пасажырам загадзя набываць жэтоны і праязныя білеты або аплачваць праезд бескантактным спосабам.
Традыцыйна будуць працаваць кірмашы на пляцоўцы каля Палаца спорту. 14 верасня з 11.00 да 23.00 і 15 верасня з 13.00 да 22.00.
У дзень асноўных мерапрыемстваў (14 верасня), якія ўключаюць правядзенне на названай пляцоўцы спартыўнага свята «Алімпійскі дзень», арганізатарам якога выступае Нацыянальны алімпійскі камітэт, да 17.00 у аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання будзе спынена рэалізацыя алкагольных напояў (за выключэннем слабаалкагольных напояў у разліў).
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.