У рамках чарговага праекта з’явіцца тэматычны музейны пакой і будзе добраўпарадкавана гістарычнае месца аграгарадка. На гэтыя мэты ў рамках конкурсу атрымана парадку 16 тысяч рублёў, яшчэ 10 працэнтаў сумы сабралі мясцовыя жыхары.
Дзярэчын — пасёлак з багатай гістарычнай спадчынай. Ён налічвае больш за 600 гадоў толькі з моманту яго згадвання і з’яўляецца адным з найстарэйшых населеных пунктаў Зэльвенскага раёна. Калісьці тут знаходзілася адна з раскошных рэзідэнцый уплывовых і знакамітых князёў Сапегаў, што дало мястэчку тагачасную назву «малога Версаля». Рэзідэнцыя тая, на жаль, не захавалася, а вось паркавая зона са старымі дрэвамі дажыла да нашага часу. Не так даўно ў Дзярэчыне задумаліся аб тым, каб 18 гектараў зямлі прывесці ў парадак.
Каб было, з чаго пачаць, вырашылі прыняць удзел у першым конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, арганізаваным Гродзенскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў пры падтрымцы абласнога Савета дэпутатаў. Праект увайшоў у лік пераможцаў.
У хуткім часе парк Сапегаў атрымаў новае аблічча. Як паведаміў старшыня Дзярэчынскага сельсавета Аляксандр Белякала, тут з’явіліся дарожкі, альтанкі, ліхтары, клумбы, драўляныя скульптуры, дзіцячая гульнявая пляцоўка і сцэна для правядзення масавых мерапрыемстваў. Новы парк быў урачыста адкрыты два гады таму падчас раённых Дажынак. Цяпер гэта месца стала традыцыйным у правядзенні свята хлебаробаў мясцовага сельгаспрадпрыемства «Галынка». Дарэчы, менавіта гаспадарка прыняла эстафету праекта і завяршыла работы па добраўпарадкаванні паркавай зоны.
Так здарылася, што пасёлак перажыў нямала разбуральных войнаў. Да сярэдзіны ХІХ стагоддзя тут ад былой славы амаль нічога не засталося. Між тым выхоўваць патрыятызм у моладзі немагчыма без прыкладаў гераічнага мінулага, бо губляецца сувязь з роднай зямлёй, яе каранямі.
— Гэта праблема неаднойчы агучвалася жыхарамі аграгарадка падчас сустрэч з кіраўніцтвам раёна. Пытанне не засталося без увагі. У будынку сельвыканкама былі выдзелены плошчы пад музейныя пакоі, дзе меркавалася адлюстраваць гісторыю пасёлка.
Сельгаспрадпрыемства «Галынка» выдаткавала сродкі на рамонт памяшканняў. Работнікі культуры і мясцовыя энтузіясты падключыліся да афармлення музея, — паведаміла галоўны спецыяліст сектара культуры Зэльвенскага райвыканкама Наталля Матвейчык.
Такім чынам, некалькі гадоў таму адбылося адкрыццё музея ў Дзярэчыне. Сабраны матэрыял расказваў аб гістарычным шляху пасёлка, але некаторыя важныя падзеі не ў поўнай ступені былі адлюстраваны. Гэту задачу якраз і вырашыць новы праект грамадзянскіх ініцыятыў «Ступені гісторыі Дзярэчына». За перамогу ў конкурсе атрыманы грант парадку 16 тысяч рублёў. Яшчэ 10 працэнтаў гэтай сумы сабралі мясцовыя жыхары.
Па словах аднаго з ініцыятараў грамадзянскай ініцыятывы, метадыста Цэнтра культуры і народнай творчасці Генадзя Каўша, праект уключае ў сябе зварот да дзвюх эпох. Адна з іх — гэта перыяд вайны з войскамі Напалеона 1812 года. У Дзярэчыне пахаваны расійскі палкаводзец Ермалай Гампер — удзельнік баёў з французскай арміяй, корпус якога дыслацыраваўся ў пасёлку. За сродкі праекта мяркуецца добраўпарадкаваць яго магілу — адрамантаваць старажытную пліту і паставіць помнік.
Другая частка праекта вяртае ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У яго рамках прадугледжана стварэнне яшчэ аднаго музейнага пакоя. У ім будуць размешчаны стэнды і экспанаты, якія раскажуць, у прыватнасці, аб мясцовым гета, праз які прайшло каля чатырох тысяч чалавек. Адно з невядомых дагэтуль месцаў пахавання было выяўлена падчас раскопак 2013 года. Астанкі 50 ахвяр перапахавалі.
— Відавочна, што падзеі мінулага не сышлі ў нябыт, удзячныя нашчадкі ўвекавечваюць іх памяць, разам з тым вяртаюць Дзярэчыну былую славу. Мне, як мясцоваму жыхару, гэта вельмі прыемна, — кажа Генадзь Коўш. — Канешне, «малым Версалем» наўрад ці станем, але набліжацца варта. Каб і турыстам было тут цікава.
Дарэчы, турыстычную тэму трымае на кантролі і старшыня сельсавета Аляксандр Белякала. Асабліва пасля таго, як да гэтага праявілі цікавасць расійскія партнёры з Калінінградскай і Ніжагародскай абласцей. У Дзярэчыне нямала цікавых аб’ектаў. Гэта і велічныя храмы, якія ўваходзяць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, і старыя яўрэйскія могілкі, і вялізная калона каля дарогі ХVІІІ стагоддзя. Цяпер у Дзярэчыне працуюць над турыстычным маршрутам, куды ўвойдуць і аб’екты, створаныя ў рамках конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў.
Па выніках трох конкурсаў, якія праводзяцца Гродзенскім абласным Саветам дэпутатаў сумесна з абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў, да канца года будзе рэалізавана 15 ініцыятыў. На іх фінансаванне выдзелена больш за 400 тысяч рублёў. Пры гэтым 109 тысяч дэпутаты вырашылі ўнесці дадаткова.
— Гэта дазволіць добраўпарадкаваць пляцоўкі для дзяцей, стварыць месцы прыцягнення мясцовых жыхароў і даць штуршок новым праектам. Людзі хочуць бачыць рэальныя справы, якія дапамагаюць палепшыць іх жыццё, яны гатовы праяўляць ініцыятыву дзеля карыснага выніку, — зазначыла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.
На яе думку, конкурс грамадзянскіх ініцыятыў — прадукцыйная і слушная ідэя, якая скіравана не толькі на паляпшэнне якасці жыцця, але і дапамагае ў кансалідацыі грамадства. А вынікі агульнай працы фарміруюць пачуццё еднасці і вельмі цэняцца ўсімі, хто задзейнічаны ў працэсе, упэўнена лідар дэпутацкага корпуса Гродзеншчыны.
На першым этапе конкурсу, які стартаваў напрыканцы мінулага года, было разгледжана 36 заявак. Пераможцамі сталі шэсць праектаў, над якімі ідзе канкрэтная работа. Чарговы разгляд васьмі праектаў вылучыў яшчэ трох пераможцаў. У іх ліку дабрачынная арганізацыя, якая займаецца работай з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі. У рамках другога праекта ў Мастах з’явіцца навес над сцэнічнай пляцоўкай. Трэці праект звязаны з абрадам выпечкі Паўлаўскіх караваяў у Слонімскім раёне. Вынікам рэалізацыі стане стварэнне пляцоўкі для правядзення брэндавага свята.
Маргарыта Ушкевіч
Фота дадзена сектарам культуры Зэльвенскага райвыканкама і з адкрытых крыніц
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.