У сваім нядаўнім інтэрв’ю «Мясцоваму самакіраванню» старшыня Брэсцкага абласнога Савета, сенатар Ігар Брылевіч расказаў аб пяці ініцыятывах, якія перамаглі на конкурсе, арганізаваным абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў. Адна з іх датычыць захавання гістарычнай памяці. У Ляхавіцкім раёне плануецца ўстанавіць помнік спаленым вёскам.
— Ідэя рэалізоўваецца ў знакавы для нашай краіны юбілей — 80-гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — сказаў старшыня Ляхавіцкага раённага Савета Юрый Чаранкевіч. — На жаль, у нашым раёне ўжо не засталося жывых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Але іх нашчадкі памятаюць, якой цаной заваяваны мір на нашай зямлі, памятаюць спаленыя фашыстамі, нярэдка разам з жыхарамі, вёскі, памятаюць герояў і ахвяры часоў ваеннага ліхалецця.
Гады акупацыі сталі жахлівай паласой для дзясяткаў населеных пунктаў раёна. Ледзь не ў кожнай вёсцы ў той час аплаквалі родных, а ў асобных і аплакваць не было каму. Некаторыя вёскі карнікі спалілі амаль дашчэнту. У кожнай былі і людскія ахвяры. Напрыклад, у Свяціцу карны атрад наляцеў у сакавіку 1943 года, спалілі 200 хат, загінулі 106 жыхароў. У Трабавічах згарэла 20 хат, загінула восем жыхароў. Чэрвеньскім днём 1944 года ў Тухавічах спалілі 106 хат, забілі 15 жыхароў. Праз месяц у Станчыках спалілі 32 сядзібы, загубілі 8 чалавек. У Мядзведзічах захопнікі спалілі 49 хат, загінулі 73 жыхары. Перасталі існаваць хутары, якія налічвалі адну, дзве, тры хаты. Гэты жалобны спіс — аж 48 населеных пунктаў.
Так было і з Марыновам, зусім невялікай вёскай, якая мае даволі працяглую гісторыю. Звесткі пра мінулае населенага пункта захоўвае Ляхавіцкая раённая бібліятэка. Клапатлівым бібліятэкарам удалося знайсці запісы, датаваныя 1870 годам, дзе згадвалася Марынова. А, напрыклад, у 1909 годзе тут жылі 140 чалавек, значылася ўсяго 16 двароў, але пры гэтым працавала школа. Жыхары населенага пункта спрадвеку сеялі хлеб, гадавалі дзяцей. З 1921 года Марынова было ў складзе Польшчы, з 1939-га — у складзе БССР.
На трэці дзень вайны ўся віна гэтай невялікай вёскі па дарозе Брэст — Слуцк заключалася ў тым, што яна акзалася на шляху захопнікаў.
Фашысты спалілі 16 двароў, траіх жыхароў, якія не паспелі схавацца, забілі.
— Геаграфічнае становішча вёскі і вызначыла выбар лакацыі помніка, які неўзабаве з’явіцца ўздоўж аўтамабільнай дарогі рэспубліканскага значэння Р-43. У гэтым месцы яго зможа пабачыць максімальная колькасць людзей, — гаворыць старшыня раённага Савета. — У верасні чакаем, што нарэшце атрымаем доступ да фінасавання і пачнём выраб помніка.
Ідэя зрабіць памятны знак спаленым вёскам нарадзілася і атрымала падтрымку многіх людзей раёна два гады таму. Ініцыятарам рэалізацыі праекта па прапанове аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі стаў менавіта раённы Савет. Ідэю падтрымалі дэпутаты, аформілі як грамадзянскую ініцыятыву, накіравалі ў абласны Савет. Папярэдне былі праведзены гутаркі ў працоўных калектывах. Як вядома, рэалізацыя грамадзянскіх ініцыятыў прадугледжвае ўдзел, у тым ліку фінансавы, грамадзян. Прыхільнікаў добрай справы знайшлося нямала.
Важна, што добрая справа рухаецца да яе лагічнага завяршэння. І праект помніка ў выглядзе трох спаленых комінаў, над якімі ўздымаецца бусел, як сімвал страчанага гнязда і загінулых людзей, ужо чакае свайго ўвасаблення.
— Адкрыты банкаўскі рахунак, на які можна пералічыць грошы. Сёлета будзе зроблены і ўстаноўлены сам помнік, абсталявана пляцоўка.
А добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі, уладкаванне паркоўкі, пад’езда стане справай наступнага года, — гаворыць Юрый Чаранкевіч. — Думаю, зробім так, што не сорамна будзе сустрэць любую экскурсію. І галоўнае, каб нашым дзецям, школьнікам раёна было дзе правесці наглядны ўрок гісторыі. А падобныя ўрокі патрэбны, каб ніколі не паўтарылася трагедыя. Такую ж ідэю заклалі ў аснову аўтары праекта памятнага знака.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота з адкрытых крыніц
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.