Маладзёжны парламент пры Магілёўскім гарсавеце існуе 10 гадоў, дата яго заснавання — 16 верасня. З гэтай нагоды плануецца правесці ў Магілёве розныя святочныя мерапрыемствы, арганізаваць тыдзень парламентарызму. Не выключна, што ўдзел у свяце прымуць аднагодкі з іншых гарадоў і нават абласцей. Можна будзе заадно і вопытам абмяняцца. Добрых і карысных спраў за дзесяць гадоў зроблена нямала. Нашы сённяшнія суразмоўнікі расказалі, наколькі істотна парламент дапамагае ім рэалізавацца, уплываць на маладзёжную палітыку, прасоўваць свае праекты, фарміраваць грамадскую думку сярод аднагодкаў.
У складзе Маладзёжнага парламента Магілёва — школьнікі, навучэнцы, студэнты, працоўная моладзь — усяго 92 чалавекі. Стваралася суполка з мэтай распаўсюджвання ідэй маладзёжнага парламентарызму, павышэння матывацыі сярод моладзі для ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці горада, фарміравання ў юнакоў і дзяўчат актыўнай грамадзянскай пазіцыі, папулярызацыі сістэмы мясцовага кіравання і самакіравання, выяўлення лідараў маладзёжнага руху, магчымасці ўдзелу ў распрацоўцы і рэалізацыі гарадскіх праграм. Вядома, для гэтага трэба быць чалавекам неабыякавым і мець грамадзянскую пазіцыю.
— Трапіць у нашы шэрагі не так проста, выпадковых людзей тут няма, — удакладняе старшыня Маладзёжнага парламента пры Магілёўскім гарсавеце Дзіяна Камарова, студэнтка 4 курса МДУ імя А. Куляшова. — Я, напрыклад, не проста жыву — дыхаю грамадскім жыццём. Удзельнічала ва ўсіх універсітэцкіх мерапрыемствах, вось мяне і прыкмецілі, вылучылі ў парламент. Школьнікі наогул праводзяць у сябе выбары, каб вылучыць самых годных.
Дзіяна наўскідку пералічвае, што карыснага было зроблена апошнім часам. Тут і ўдзел у акцыях, і суботнікі, і дапамога ветэранам, і набыццё корму для бяздомных жывёл, і арганізацыя сумесных праектаў з аднагодкамі з Расіі, і патрыятычныя мерапрыемствы... Тая ж акцыя «Вальс Перамогі» праводзіцца кожны год, моладзь танцуе на плошчы Славы і на плошчы Зорак. А сёлетнім спякотным летам праз сацсеткі распаўсюдзілі заклік да ўдзелу ў акцыі «Кропля жыцця», запрашалі магіляўчан браць з сабой бутэлечкі з вадой і паліваць гарадскія кветкі, каб яны не сохлі і працягвалі ўпрыгожваць горад.
— Тыя, хто лічыць, што нашы справы робяцца дзеля птушачкі і не патрабуюць асаблівых намаганняў, глыбока памыляюцца, — кажа Дзіяна. — Мы вельмі шмат сіл укладваем у тое, што робім. Тыя ж выбары, напрыклад. Мы выступалі сярод аднагодкаў, расказвалі, навошта гэта трэба. На сваёй сесіі праводзілі выбарчую дыктоўку, якую прыдумалі, каб павысіць прававы ўзровень моладзі. Ніводная гарадская падзея не абыходзіцца без нашага ўдзелу. Нам важна, каб наш горад быў прыгожы і ўтульны. І мы вельмі ўдзячны гарсавету і гарвыканкаму за тое, што яны дапамагаюць нам рэалізаваць нашы ідэі.
Выпускнік Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Захар Бычкоў сёлета стаў студэнтам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Расказвае, што да Маладзёжнага парламента думаў паступаць на хімічны факультэт, бо меў высокія вынікі ў алімпіядах па гэтым прадмеце на абласным і нават рэспубліканскім узроўні. Але за час работы ў Маладзёжным парламенце планы кардынальна памяняліся.
Ён стаў удзельнікам праекта «Школа кіравання» пры Акадэміі, які быў запушчаны летась з мэтай падрыхтоўкі моладзі для паступлення ў ВНУ. Вучоба вялася дыстанцыйна, раз на месяц моладзь прыязджала ў Мінск для ўдзелу ў розных мерапрыемствах. Захар расказвае, што прысутнічаў на прэс-канферэнцыі з удзелам расійскага палітычнага дзеяча Сяргея Лаўрова, як член валанцёрскага руху Міністэрства замежных спраў браў удзел у прэс-туры з прадстаўнікамі СМІ краін ШАС. І вопыт, атрыманы за год работы ў Маладзёжным парламенце, вельмі спатрэбіўся. У ліцэі № 3, дарэчы, ёсць асобны парламент, яго актыў з прадстаўнікоў з розных класаў збіраецца кожную сераду для абмеркавання актуальных пытанняў. Але парламент пры гарсавеце — гэта больш высокая прыступка.
— Мне вельмі спадабалася, што нас запрашалі на сесіі Магілёўскага гарсавета, на падвядзенне вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2023 год горада і вобласці. А таксама на мерапрыемствы з удзелам членаў Савета Рэспублікі, — кажа суразмоўнік. — Гэта добры вопыт, які дае разуменне, як працуе заканадаўчая галіна ўлады. Праходзіла шмат дыялогавых пляцовак з удзелам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — Наталлі Тарасенка, Людмілы Здорыкавай. Калі яны працавалі ў акрузе, а ў мяне быў вольны час, я далучаўся да іх. З Людмілай Яўгенаўнай праводзілі маніторынг цэн, разам з ёй і Наталляй Эдуардаўнай удзельнічаў у дапамозе шматдзетным сем’ям, наведваў дзяцей-сірот, дзіцячы хоспіс. Разам з дэпутатамі Галінай Бяляевай, Наталляй Куляшовай, Уладзімірам Падабедам віншаваў ветэранаў, прымаў удзел у добрых справах. Маладзёжны парламент даў магчымасць паназіраць, як працуюць народныя абраннікі і навучыцца прыносіць дабро людзям.
Менавіта жаданне дапамагаць натхніла Захара на праект з тапінамбуравым заводам.
— Я не паспеў яго рэалізаваць у Маладзёжным парламенце, але завяршу да канца года і падам на конкурс «100 ідэй для Беларусі», — дзеліцца ён планамі. — Ёсць сорт тапінамбуру, які ўтрымлівае ў сухім астатку 60% інуліну. Цяпер інулін атрымліваюць у асноўным з каранёў цыкорыі, але танней яго замяніць на тапінамбур. Я падлічыў, што з гектара гэтай расліны чыста на інуліне можна атрымліваць прыкладна да 3 мільёнаў беларускіх рублёў. Я ўжо не кажу пра іншыя карысныя ўласцівасці тапінамбуру. Культура вельмі шматфункцыянальная і карысная. Асобныя яго часткі можна пускаць на камбікорм і біяпаліва. Калі мой праект зацікавіць кіраўніцтва Магілёва або прадпрымальных людзей, якія дапамогуць яго рэалізаваць, буду вельмі рады. Маладзёжны парламент даў мне зразумець, што грамадская справа — гэта маё і ёй лепш займацца, не адкладваючы на потым. Для моладзі, як сказаў Прэзідэнт, у нас усе дзверы адчынены. Калі ёсць жаданне, трэба спрабаваць.
Сёлета Маладзёжны парламент Магілёва распрацаваў другі гарадскі маладзёжны інтэлектуальны КВІЗ «Пра_Беларусь», які прайшоў у абласным цэнтры напярэдадні Дня Незалежнасці. Гарадскія ўлады дапамаглі толькі з арганізацыяй сустрэчы і падрыхтоўкай дыпломаў.
Мерапрыемства праводзілася ў рамках рэспубліканскай дэкады моладзі «Moladz.by: цэнім мір, ствараем будучыню». У ім прынялі ўдзел 10 каманд. КВІЗ распрацавала прадстаўніца працоўнай моладзі ў парламенце Вераніка Лебедзева. Па адукацыі яна выкладчык геаграфіі і біялогіі, скончыла МДУ імя А. Куляшова. І ёй вельмі блізкія краязнаўчая і грамадзянска-патрыятычная тэмы.
— Пэўны час працавала ў школе, потым у каледжы і з навучэнцамі праводзіла ўрокі інтэлектуальнай накіраванасці па праблемных пытаннях, — расказвае дзяўчына.— Рабіла інтэлектуальныя ўрокі ў фармаце КВІЗаў, «Што? Дзе? Калі?». Бачыла станоўчы водгук, дзецям падабаецца вучыцца ў гульнявой форме. Паралельна сама больш за шэсць гадоў гуляю ў гарадскіх турнірах «Што?Дзе? Калі?», «Мазгабойнік» і іншых. Усе свае веды ўвасабляю ў інтэлектуальныя гульні. Калі трапіла ў Маладзёжны парламент і ў мяне пацікавіліся, што б я магла карыснага зрабіць, адразу ж агучыла, што хацела б распрацаваць КВІЗ для дарослых. І гэта атрымалася.
Вераніка лічыць, што без Маладзёжнага парламента так і засталася б у рамках школы. Яна шмат гадоў займалася інтэлектуальнымі гульнямі з адным класам, а цяпер выйшла на маштаб горада. І гэта натхняе.
— Я чалавек вельмі актыўны, падтрымліваю годныя ініцыятывы, — кажа суразмоўніца. — Вельмі моцным у нас атрымаўся сумесны з расіянамі патрыятычны відэапраект да 9 Мая. Расіяне здымалі ў сябе, а мы — у сябе. Для здымак на Буйніцкім поле збіралі разам з гарвыканкамам і гарсаветам актыўных маладых людзей. Вельмі парадавала, што шмат хто адгукнуўся. Здымалі яшчэ адно месца смутку ў Магілёве — мемарыял на месцы Лупалаўскага лагера смерці на праспекце Шміта. Каб паказаць сувязь пакаленняў, у здымках задзейнічалі выхаванцаў найбліжэйшага дзіцячага садка і ветэранаў. Праект атрымаўся да слёз…
Максім Гурын, старшыня Магілёўскага гарсавета:
— Тое, што мы сёння ўкладзём у нашу моладзь, заўтра будзе працаваць на карысць краіны. У Магілёве актыўна падтрымліваецца маладзёжны рух. На прыкладзе супрацоўніцтва і падтрымкі гарсавета дэпутатаў з Маладзёжным парламентам рэалізоўваюцца многія праекты. Яны нашы пастаянныя памочнікі ва ўсіх дзяржаўных, грамадскіх, палітычных справах. Вучацца на нашых прыкладах, працуюць з ветэранамі, наогул — па ўсіх кірунках. Дзесяцігоддзе Маладзёжнага парламента — знакавая дата, і мы прымеркавалі да яе шэраг мерапрыемстваў пад эгідай гарсавета. Гэта сесіі, семінары — плануем вялікае мерапрыемства правесці, запрасіць тых, хто быў у папярэдніх чатырох скліканнях. Усяго за 10 гадоў адбылося пяць скліканняў, пятае — яшчэ дзеючае. Сёння многія маладыя людзі з папярэдніх скліканняў працуюць кіраўнікамі і добра паказваюць сябе ў грамадзянскіх справах. Усё гэта сведчыць, што змена ў нас расце годная.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіваў суразмоўнікаў
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.