Баравікі, падбярозавікі, чырвонагаловікі — сапраўдны поспех для грыбніка. Іх збор прыносіць масу станоўчых эмоцый і дапамагае разнастаіць меню. Свежае лясное паветра і ўмераная фізічная актыўнасць — адны плюсы для здароўя аматараў ціхага палявання. Аднак нараўне з карыснымі смакавымі якасцямі грыбы нясуць і вялікую небяспеку для здароўя і жыцця. У Беларусі штогод рэгіструюцца выпадкі атручэння грыбамі, у тым ліку і са смяротным зыходам. Каб не азмрочыць сабе жыццё, трэба прытрымлівацца некаторых правіл. Пра іх нагадала інструктар-валеолаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юлія Клімчанка.
• Збірайце толькі добра знаёмыя віды грыбоў. Памятайце правіла: не ведаеш — не бяры!
• Не збірайце старыя, чарвівыя, падгнілыя грыбы.
• Не збірайце грыбы ўздоўж аўтамабільных дарог, у межах горада, паблізу ад прадпрыемстваў.
• Збірайце грыбы ў плеценыя кошыкі — так яны даўжэй застануцца свежымі.
• Грыбы — хуткапсавальны прадукт. Перабраць і падвергнуць кулінарнай апрацоўцы іх неабходна ў дзень збору.
• Не варта захоўваць ці саліць грыбы ў ацынкаваным ці алюмініевым посудзе.
• Перад кулінарнай апрацоўкай старанна перабярыце грыбы, ачысціце іх ад рэштак зямлі, пяску, лісця.
• Не ешце грыбы ў сырым выглядзе.
• Нельга ўжываць умоўна ядомыя грыбы без спецыяльнай апрацоўкі: папярэдняга вымочвання, адварвання з наступным злівам адвару.
• У лесе ўважліва сачыце за дзецьмі, растлумачце, што нельга браць незнаёмыя грыбы ў рукі, у рот.
• Выконвайце правілы кансервавання і прыгатавання грыбных страў.
• Не купляйце ў выпадковых асоб грыбы ў сушаным або кансерваваным выглядзе, прыгатаваныя ў хатніх умовах.
• Грыбы з’яўляюцца прадуктам, які цяжка пераварваецца. Іх не рэкамендуецца ўжываць дзецям, людзям сталага веку, а таксама асобам з захворваннямі страўнікава-кішачнага тракта (гастрыты, халецыстыты, панкрэатыты, гепатыты і інш.), бо прыём грыбоў можа справакаваць абвастрэнне хранічнага захворвання.
Пры з’яўленні першых прыкмет атручвання грыбамі (млоснасць, ваніты, болі ў жываце, расстройства функцыі кішэчніка) варта неадкладна звяртацца па медыцынскую дапамогу.
Гэта можа адбыцца пры няправільных апрацоўцы ці кансерваванні. Толькі што сабраныя лясныя грыбы пры пакаёвай тэмпературы не варта захоўваць больш за 2-3 гадзіны. Іх абавязкова варта падвергнуць кулінарнай апрацоўцы ў дзень збору ці не пазней за наступную раніцу. Асноўнымі відамі апрацоўкі грыбоў з’яўляюцца чыстка, мыйка праточнай вадой, варэнне са злівам ад аднаго да трох адвараў, саленне, марынаванне, смажанне і сушка. Сырыя, дрэнна вычышчаныя, недавараныя, недасмажаныя і непрасоленыя грыбы могуць стаць прычынай атручвання.
Атруціцца можна і старымі ядомымі грыбамі, а таксама дарамі лесу, сабранымі ў месцах забруджвання глебы таксічнымі элементамі.
Акрамя таго, грыбы могуць быць крыніцай вельмі цяжкага захворвання — батулізму, узбуджальнік якога ў выглядзе спораў змяшчаецца галоўным чынам у глебе.
Алена Кравец
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.