Вы тут

Мастацкімі сцежкамі Віцебшчыны


Старыя паштоўкі, сабраныя Уладзімірам Ліхадзедавым, найперш з’яўляюцца ілюстрацыяй да падзей канца XІX — першых дзесяцігоддзяў XX стагоддзя. У такім разе хто, якія яркія асобы вандравалі па Беларусі ў той час? Хто сваімі лёсамі злучыўся з нашым краем менавіта ў той перыяд?.. Няхай сабе і на кароткі... Давайце паспрабуем пазнаёміцца з пісьменнікамі, мастакамі, кампазітарамі, акцёрамі Расіі і іншых постсавецкіх прастор, якія адкрывалі Беларусь сто і болей гадоў назад. Адкрывалі Беларусь увогуле, а болей адрасна знаёміліся з нашымі прашчурамі, рознымі адрасамі хаця б, напрыклад, на Віцебшчыне…


Віцебск. Погляд на горад. Пачатак ХХ стагоддзя.

У сядзібе Асінаўка Аршанскага павета нарадзіўся рускі педагог, пісьменнік, географ Дзмітрый Дзмітрыевіч Сямёнаў (у 1834 ці 1835–1902).

У 1852 годзе закончыў Віцебскую гімназію. У 1859 годзе — настаўніцкія курсы Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Вытрымаў экзамен на званне настаўніка геаграфіі. У 1860–1862 гг. быў настаўнікам пачатковых класаў і геаграфіі славутага Смольнага інстытута. 14 гадоў жыцця Дзмітрый Дзмітрыевіч аддаў настаўніцтву на Каўказе. З 1878 года быў дырэктарам Закаўказскай (Гарыйскай) настаўніцкай семінарыі. У 1888–1891 гг. рэдактар часопіса «Детское чтение». Асноўная праца Дзмітрыя Сямёнава — геаграфічная хрэстаматыя «Айчыназнаўства», якая выйшла ў шасці тамах. Яна і цяпер падаецца крыніцай цікавых звестак.

Родам з Віцебскага павета — савецкі эколаг і пісьменнік Рыгор Логінавіч Шакулаў (1910–1987), які з 1953 да 1973 года выдаў 12 кніг казак для дзяцей. У 1931 годзе Шакулаў закончыў Віцебскі педагагічны тэхнікум. Першыя мастацкія творы напісаў на беларускай мове. Старшыня секцыі літаратуры для дзяцей і юнацтва Саюза пісьменнікаў Расіі, паэт, празаік, перакладчык, дзіцячы пісьменнік Мікалай Бутэнка так адгукаўся аб творчасці нашага земляка: «Казкі Шакулава вучаць любіць прыроду, але яшчэ болей яны вучаць любіць бліжняга свайго». Дарэчы, 100-годдзе з дня нараджэння Р. Шакулава ў 2010 годзе было ўрачыста адзначана ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы.

Орша. Погляд на Пецярбургскую вуліцу. Пачатак ХХ стагоддзя.

Агульны тыраж выдадзеных кніг Рыгора Логінавіча склаў болей за 400 тысяч экзэмпляраў.

У Астраханску, Краснадары і Магнітагорску ў педагагічных інстытутах працаваў мовазнаўца, славіст, педагог Анатоль Васільевіч Багдановіч (1888–1969), які нарадзіўся ў Дрысенскім павеце. Дрыса — з 1962 года Верхнядзвінск. У 1909 годзе Анатоль закончыў Віцебскую духоўную семінарыю.

На хутары Судзіловічы Лепельскага павета (цяпер вёска Будзькаўшчына Полацкага раёна) нарадзіўся літаратуразнаўца, паэт, фалькларыст Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла (1859–1934), прафесар Імператарскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу. Менавіта ён з’яўляўся ініцыятарам стварэння выдавецкага таварыства «Загляне сонца і ў наша ваконца». Гэта якраз ён спрыяў развіццю творчай актыўнасці Янкі Купалы. Маштаб зробленага Эпімах-Шыпілам для беларускай культуры варты самага шырокага ўшанавання. Даўно наспела патрэба выдаць і Поўны збор твораў Браніслава Эпімах-Шыпілы. Полацк — радзіма савецкага тэатразнаўцы і літаратуразнаўцы Соф’і Маркаўны Нельс (1899–1978). Адна з найболей вядомых яе кніг — грунтоўная манаграфія «Шэкспір на савецкай сцэне».

Лепель. Пошта. Пачатак ХХ стагоддзя.

З вёскі Заскваркі Лепельскага павета — савецкі археолаг і мастацтвазнаўца Сяргей Мікалаевіч Юрэнеў (1896–1973), чый жыццёвы шлях завяршыўся ў Бухары (Узбекістан). Адна з вуліц Бухары з 1995 года носіць імя нашага суайчынніка Сяргея Юрэнева. У прыватным архіве археолага — лісты ад Віктара Някрасава, Льва Гумілёва, Эрнста Неізвестнага, Марыэты Шагінян, Сяргея Барадзіна... Дарэчы, Сяргей Мікалаевіч — дзядзька вядомага савецкага і расійскага кінакрытыка, кіназнаўца Расціслава Мікалаевіча Юрэнева (1912–2002; нарадзіўся ў Віцебску). Лепель — радзіма савецкага літаратуразнаўца, пушкініста Барыса Саламонавіча Мейлаха (1909–1987), які доўгі час працаваў у Пушкінскім доме, удзельнічаў у рабоце Пушкінскай камісіі АН СССР. Барыс Мейлах — аўтар кніг «Пушкін і рускі рамантызм», «А. С. Пушкін. Нарыс жыцця і творчасці», «Пушкін і яго эпоха», «А. С. Пушкін: семінарый», «Жыццё Аляксандра Пушкіна», «Талісман: кніга пра Пушкіна», «Дзекабрысты і Пушкін: старонкі героіка-трагічнай гісторыі»...

У Максімаўцы Полацкага павета нарадзіўся савецкі мастак Арсеній Нічыпаравіч Сямёнаў (1911–1992). Дзяцінства правёў ужо на Магілёўшчыне, у Быхаве. З 1927 года ў Ленінградзе. Вучыўся ў вядомага мастака і педагога Альфрэда Эберлінга. Мастак Сямёнаў — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Прайшоў шлях ад радавога байца да камандзіра танкавага батальёна. Пяць разоў быў паранены, узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў. На Лёзненшчыне нарадзіўся другі ленінградскі мастак — Якаў Андрэевіч Голубеў (1913–1973). З 1926 года жыў у Ленінградзе. У 1934 годзе паступіў у падрыхтоўчыя класы інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры Акадэміі мастацтваў. Вось назвы толькі некаторых прац нашага земляка: «Спакойны дзень» , «Пачатак сакавіка», «Блакітная вада», «Вясенняя трава», «Веснічкі»... Творы Якава Голубева захоўваюцца ў многіх музеях і прыватных зборах Расіі, Японіі, Італіі, Германіі, Францыі, Літвы…

Полацк. Погляд на горад Мікалаеўскі сабор. Пачатак ХХ стагоддзя.

Лугінічы Віцебскай губерні — радзіма паэта, этнографа, перакладчыка Тадэвуша Лады Заблоцкага (1811–1847), чый жыццёвы шлях завяршыўся на Каўказе, у Эрыванскай губерні (Эрыван — зразумела, Ерэван). Тадэвуш вучыўся ў Віцебскай гімназіі. Затым — у Імператарскім Маскоўскім універсітэце. У час вучобы пазнаёміўся з Вісарыёнам Бялінскім. Летам 1833 года быў арыштаваны за распаўсюджванне песні, скіраванай супраць цара. Быў высланы на Каўказ і прызначаны радавым у батальён сапёраў. Удзельнічаў у баях з горцамі. З 1839 года больш часу знаходзіўся ў Тыфлісе. Пазней Заблоцкага вызвалілі ад службы ў войску. На Каўказе паэт пазнаёміўся з Якавам Палонскім, пасябраваў з грузінскім паэтам Мікалаем Бараташвілі, дочкамі Аляксандра Чаўчавадзэ — Нінай Грыбаедавай і Кацярынай Дадзіяні, азербайджанскім паэтам і гісторыкам Абас Кулі-ханам Бакіханавым, які, між іншым, падарожнічаў у 1834 годзе па Расіі, Латвіі, Літве, Польшчы…

Гарадок. Мясцовыя жыхары. Пачатак ХХ стагоддзя.

У Гарадку нарадзіўся савецкі пісьменнік, драматург, літаратурны крытык Барыс Міхайлавіч Аршанскі (1884–1945). Яго першыя кнігі пабачылі свет яшчэ ў Вільні. Пахаваны Б. Аршанскі ў Маскве на Новадзявочых могілках. Браслаўшчына — радзіма рускай паэтэсы Ірыны Арсеньеўны Ягміной. Жыла ў Вільнюсе. З 1840 года яна ў эміграцыі — у Вене, затым — у ЗША. Надрукавала ў эміграцыі некалькі зборнікаў вершаў на рускай мове. Віцебская губерня — радзіма генерала Расійскай імперыі і празаіка, мемуарыста, батаніка Ільі Цімафеевіча Радажыцкага (1788–1861), які за адвагу ў баі каля мястэчка Астраўно, непадалёку ад Віцебска, 13 ліпеня 1812 года ўзнагароджаны ордэнам Анны 4-й ступені. Адна з кніг І. Радажыцкага — «Паходныя запіскі артылерыста з 1812 да 1816 гг.», дзе, пэўна, ёсць і беларускія старонкі вайсковай, гістарычнай памяці. Між іншым, Радажыцкі — прататып артылерыйскага капітана Тушына ў рамане Льва Талстога «Вайна і мір». Пры напісанні рамана класік рускай і сусветнай літаратуры карыстаўся запіскамі нашага земляка... Колькі сувязяў нашых прашчураў, якія жылі ў даўно мінулыя, страчаныя часіны, з Расіяй, з усім светам!..

Кастусь Лешніца

Старыя паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі ПрэзідэнтаРэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», лаўрэата Прэміі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў галіне культуры і мастацтва Уладзіміра Ліхадзедава.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.