«Ночы былі звычайныя, далёка-гулкія і пахлі вадою, бо вады на зямлі было многа».Стыль Кузьмы Чорнага пазнаеш лёгка: ён адзін з найлепшых стылістаў беларускай літаратуры. У 1920-х гадах крытыкі гаварылі пра яго, што нараджаецца «беларускі Дастаеўскі», Якуб Колас, пачытаўшы яго раманы, назваў «беларускім Кнутам Гамсунам», а Алесь Адамовіч — «найбольш беларускім пісьменнікам».
У Мікалая Раманоўскага, які ўзяў сабе псеўданім Кузьма Чорны, быў не самы лёгкі шлях, нягледзячы на раннюю літаратурную славу...
Давялося і пагаладаць у юнацтве, і зведаць нешчаслівае каханне да паэтэсы Іды Чырвань, з-за якога ледзь не засіліўся... Перажыў інсульт, пачаў траціць зрок. Вайна, эвакуацыя... І ранняя смерць у сорак чатыры ад падарванага ў вязніцах здароўя. Апошні запіс у дзённіку — «Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?». Але тое, што захавалася, стала хрэстаматыйным. Таму пачатак выхаду збору твораў класіка ў дванаццаці тамах у выдавецтве «Беларуская навука» — сапраўдная культурная падзея. У першы том увайшлі апавяданні 1921–1925 гадоў. Зборы твораў Кузьмы Чорнага выдаваліся і раней, гэта чацвёртае выданне, але найбольш поўнае, у ім шмат матэрыялаў, якія раней не друкаваліся, раздзел «Каментары» значна пашыраны. Выпуск падрыхтаваны Інстытутам літаратуразнаўства Нацыянальнай акадэміі навук, тэксты даюцца максімальна аб’ектыўна, без купюр, там, дзе ёсць, — у розных варыянтах. Укладальнікі прызнаюцца, што самае цяжкае было — мова. Яна ў Кузьмы Чорнага вельмі сакавітая, вобразная, перасыпаная дыялектнымі слоўцамі. Як захаваць гэты каларыт і застацца ў межах сучаснай арфаграфіі? Вось ужо на першай старонцы сустракаем — «Ад марозу шчочкі іх нісчырванелі як макі». Заўважылі адметнае слоўца — «нісчырванелі»? А змест апавядання, з якога пачынаецца першы том, такі: малы Сымонка плача, бо настаўнік загадаў прышыць «пуговицу на воротник». А Сымонка не ўцяміў, што куды прышыць, вось і атрымаў пакаранне. Перапытваць саромеўся, толькі маці патлумачыла, што «пуговица» — гэта гузік, а «воротник» — каўнер...
Апавяданне, якое Чорны напісаў у 21 год, завяршаецца словамі маці: «Вы, дзеткі мае, прасіце настаўніка, каб ён з вамі на роднай мове гаварыў, тады вы ўсё зразумееце». І ў гэтых словах — сутнасць класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага.
Па культавым рамане Джэймса Джойса «Уліс» напісаны тамы даследаванняў, існуе шмат схем, якія спрабуюць патлумачыць яго лабірынты. А словатворчы раман «Памінкі па Фінегану» дасюль ніхто да канца зразумець не можа... І вось раптам зборнік вершаў, на першы погляд, такіх немудрагелістых, традыцыйных, празрыстых... Як жа — «празрыстых». Джойс ва ўсё ўкладаў не тое што два сэнсы, а цэлы сэнсавы спектр. А выглядаюць яны традыцыйнымі таму, што аўтар валодаў мастацтвам стылізацыі. Ірландзец Джойс захапляўся нацыянальнай гісторыяй і культурай так, што сёння мы назвалі б яго ралевіком. Ён меў прыстойны тэнар, вось і выконваў паўсюль старажытныя ірландскія песні і балады пад лютню, марачы пра лаўры вандроўнага менестрэля. Потым у рэпертуар дадалася англійская мадрыгальная паэзія і музыка XVІ стагоддзя. Вось і вынік — зборнік «Камерная музыка», стылізацыя пад песні англійскай рэнесанснай лірыкі. Джойс вельмі ім даражыў, казаў — тут ён сапраўдны. Што матывуе даследчыкаў адшукваць таемныя сэнсы? Другі прыжыццёвы зборнік вершаў Джойса «Пені за штуку» называюць «лісткамі з дзённіка, вехамі бадзяжнага лёсу». Там ёсць сарказм рознай ступені моцы і шмат біяграфічнага... У васьмірадкоўе «Кветка, падораная маёй дачцы» зашыфраваная цэлая драма. Верш напісаны ў 1913 годзе ў Трыесце. Джойс тады з’ехаў у Францыю разам са сваёй каханкай, пакаёўкай Норай Барнакл, якая ў 1907 годзе нарадзіла яму дачку Лючыю. Джойс браўся за ўсялякую працу, выкладаў. Вось і закахаўся палка ў сваю юную вучаніцу, Амалію Попер, пакуль бацька той Амаліі, багаты фабрыкант, не патурыў нахабнага настаўніка. У вершы апісана сустрэча Амаліі Попер і маленькай Лючыі. Можна ўявіць, з якой бурай пачуццяў Джойс назіраў, як яго недасяжная юная каханая дорыць кветку яго маленькай наіўнай дачушцы.
У зборнік маскоўскага выдавецтва «Магістраль» увайшоў таксама раздзел рамана «Партрэт мастака ў юнацтве» — выдатны кантэкст для вершаў. Раман у многім аўтабіяграфічны, галоўны герой, Стывен Дэдалус, зробіцца галоўным героем рамана «Уліс». У прыведзеным раздзеле Джойс апісвае любоў Стывена да старажытных песень.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Кнігі для агляду дадзены кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр. Незалежнасці, 72
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.