Вы тут

Аўтакрама ці стацыянарны магазін?


Аўтакрама, як звычайна, прыйшла з невялікім спазненнем, што цалкам зразумела: да гэтай вёскі яна паспела абысці з дзясятак населеных пунктаў. Яшчэ трэба ўлічыць, што абсалютная большасць пакупнікоў магазіна на колах — людзі пажылыя: пакуль згадаюць патрэбныя пакупкі, пакуль грошы палічаць... Пачакаць лішнюю хвіліну для пакупнікоў не праблема, а вось асартымент магазіна на колах, як той казаў, пакідае жадаць лепшага і вельмі нават лепшага. Папулярных у гаспадынь курыных ножак-спінак няма, пра марожанае не пытайся, фаршу і некаторых іншых патрэбных для прыгатавання абеду прадуктаў даўно не было.


Здымак носіць ілюстрацыйны характар

Каля аўтакрамы

Гэта карцінка з натуры жыцця адной з вёсак Камянецкага раёна. Здабыткам названай аўтакрамы, несумненна, з’яўляецца яе прадавец — надзвычай ветлівая, цярплівая, уважлівая жанчына. Адной з прычын такой беднасці асартыменту яна называе адсутнасць маразільнай камеры. У адносна невялікі халадзільнік ледзьве змяшчаюцца малочныя прадукты, каўбасы, гатовыя мясныя вырабы ў колькасці, патрэбнай для ўсіх вёсак. Малако-хлеб ёсць, кандытарскія вырабы, агародніна. А ўжо з выбарам ды пералікам асабліва раздумваць не даводзіцца. Таму надзвычай часта на пытаннне пакупнікоў гучыць прывычнае: «Няма».

Яно і зразумела. Машына, якая забяспечвае гандлем вёскі высокаўскай зоны названага раёна, старая, гандлёвае памяшканне ўнутры кузава невялікае і не надта зручнае. Работа прадаўца тут вельмі нялёгкая. Мноства тавараў трэба браць са скрыняў, якія размешчаны на падлозе, а падаваць пакупкі, браць грошы, даваць рэшту можна толькі згінаючыся ледзь не ў тры пагібелі, бо людзі стаяць на зямлі, а машына даволі высокая.

Праўда, у сістэме спажыўкааперацыі ёсць новыя машыны, у якіх узровень абслугоўвання на некалькі парадкаў вышэйшы. Там маюцца вітрыны, на якіх можна разгледзець тавары з цэннікамі. У павільёне дастакова халадзільнага абсталявання, таму можна прывезці шмат прадуктаў, нават такую раскошу, як марожанае летам. У новых магазінах на колах бывае нават невялікая прамысловая група: мыйныя сродкі, прадметы гігіены, пра што нашым пакупнікам нават марыць не даводзіцца.

Няроўныя ўмовы

Але ж такая машына цяпер каштуе каля 250 тысяч рублёў. Інфармацыю агучвалі на выязной сесіі Брэсцкага абласнога Савета гэтым летам. Зразумела, што сума вялікая, і замяніць гандлёвы аўтапарк цалкам арганізацыям спажыўкааперацыі не выпадае. А пакуль новых машын не хапае, на лінію выходзяць старыя. І тут ужо каму пашанцуе. Жыхарам асобных вёсак даводзіцца мірыцца з такой сітуацыяй гадамі. А з другога боку, яны жывуць тут і цяпер. Яны такія ж пенсіянеры калгасна-саўгаснай вытворчасці, гэтак жа адпрацавалі на зямлі доўгія гады, як іх суседзі. І маюць права на прыстойнае гандлёвае абслугоўванне. Чаму яны павінны быць задаволенымі бедным асартыментам, у той час, як іншыя вяскоўцы нават у межах аднаго раёна маюць паўнавартасную краму на колах? Пытанне, хутчэй за ўсё, рытарычнае.

Звычайна, калі гаворка заходзіць пра аўтакрамы, спецыялісты падкрэсліваюць іх сацыяльную функцыю. І гэта праўда. Нашы крамы на колах рэгулярна аб’язджаюць населеныя пункты, дзе застаецца пяць, тры, два, а то і адзін чалавек. Аўтар гэтых радкоў у апошнія гады пабывала ў шэрагу вёсак з адным апошнім жыхаром. І ўсе гэтыя людзі з удзячнасцю выказваліся пра аўтакраму, якая спыняецца непасрэдна каля дома. У такіх вёсках, вядома, няма альтэрнатывы падобнай форме абслугоўвання, хоць у фінансавым плане гэта работа па вызначэнні стратная.

Праблема кадраў

Але ж на згаданай мной сесіі дэпутаты заспелі аўтакраму, якая абслугоўвае два населеныя пункты з насельніцтвам 260 чалавек. Тут ужо проста мусіць быць стацыянарны гандлёвы пункт. Ён і ёсць, расказваў тады старшыня Брэсцкага райспажыўтаварыства Аляксей Бутыла. Але існуе праблема з прадаўцом. Цяжка знайсці чалавека на работу ў фактычна прыгарадных вёсках. Быў час, вазілі прадаўца з Брэста, потым пераводзілі з павільёна, які працуе ў дачным пасёлку, на зімовы час. Але такія часовыя меры не прывялі да поспеху. Людзі працавалі, мякка кажучы, без энтузіязму, адсюль і выручка на ўзроўні 4000 рублёў у месяц.

Цяпер гэта праблема для многіх сельскіх магазінаў, многія не могуць знайсці работніка. Відаць, вырашыць яе можна толькі больш прывабнымі ўмовамі, у ліку якіх на першым месцы стаіць заработная плата. А можа, трэба неяк глыбей вывучаць пытанне? У сельскай мясцовасці, здавалася б, не такі вялікі рынак працы, але чамусьці людзі не надта ахвотна ідуць працаваць прадаўцамі. Напрыклад, у Агародніках, суседніх з вёскай Коладна, пра якую гаварылася ў пачатку, прадаўца не было некалькі гадоў, крама стаяла закрытая. А цяпер адкрылі, людзям стала зручна. Праўда, у гэтым населеным пункце ёсць і прыватны магазін, які працуе, наколькі мне вядома, даволі паспяхова.

Закрыць і забыць?

А вось у тым самым Коладне з насельніцтвам крыху больш за паўсотні чалавек магазін закрылі два гады таму. І прадавец тут быў. Жанчына працавала па сумяшчальніцтве праз дзень, але людзі былі задаволеныя. Таму што ў краме было фактычна ўсё. Два халадзільнікі забяспечвалі асартыментны набор прадуктаў. Прамысловая група ўключала не толькі прывычныя гаспадарчыя тавары, нават элементарныя будаўнічыя заўсёды былі ў наяўнасці, а па заяўцы маглі прывезці што заўгодна. Калі праводзілі сельскі сход, на якім расказвалі пра перавагі аўтакрамы, абяцалі асартымент шырокі, свежасць прадуктаў і іншыя выгоды. Што маюць людзі цяпер, расказвалася ў самым пачатку. А памяшканне даволі дыхтоўнае, галоўнае — моцнае, стаіць зачыненае на замок і, як кожны пакінуты будынак, пачынае паціху разбурацца.

А колькі такіх памяшканняў у розных населеных пунктах!? Скажаце, няма ахвотных узяць іх, удыхнуць жыццё, наладзіць камерцыйны гандаль? Няма, таму што ўмовы, якія выстаўляюцца патэнцыяльнаму прадпрымальніку, патрабаванні ў нас надта ж высокія. Санітарныя, пажарныя, іншыя службы напішуць такі пералік, які небагатаму вяскоўцу адразу падасца непад’ёмным для рэалізацыі. Выходзіць, хай лепей гэтыя будынкі разбураюцца, хай ходзяць стратныя аўтакрамы, але пытанне выглядае закрытым, і ўсе павінны быць задаволеныя.

А што, калі рызыкнуць і паменшыць гэтыя патрабаванні? Некалі ж былі так званыя лаўкі дома, многія цяперашнія вяскоўцы іх памятаюць, і нічога, гандлявалі. Тады і хлеб прывозілі проста ў латках. Цяпер яго дастаткова ва ўпакоўцы, калі гаварыць пра санітарныя меркаванні. Не кажу, што варта паўтараць вопыт гандлю з жылога памяшкання, ды і наўрад ці знойдуцца цяпер такія ахвотнікі, а вось з гэтых старых магазінаў пры мінімальнай альбо і зусім нулявой арэндзе можна было б зрабіць гандлёвыя павільёны. І як бы ні агітавалі за аўтакрамы, перавагі стацыянарнага гандлю відавочныя. Пра гэта раскажа любая вясковая гаспадыня, дакажа на простым прыкладзе. Скажам, пачала варыць суп, а соль скончылася, пабегла ў магазін ды купіла. А тая, што забылася ўзяць пачак солі ў аўтакраме, машыну ўжо не дагоніць, давядзецца чакаць тры, а то і чатыры дні. Прынамсі, гараджаніну такія праблемы не вядомыя.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.