У Пасольстве Рэспублікі Казахстан у Беларусі прайшоў круглы стол, прысвечаны пасланню Прэзідэнта Касым-Жамарта Такаева народу Казахстана. «Гэта важнейшы палітычны дакумент, які традыцыйна вызначае мэты і задачы дзяржаўных органаў на бліжэйшую перспектыву, — адзначыў у пачатку сустрэчы Пасол Казахстана ў Беларусі Цімур Жаксылыкаў. — Казахстан і Беларусь — стратэгічныя партнёры. У нас вельмі дынамічна і плённа развіваецца супрацоўніцтва па ўсім спектры двухбаковых адносін: палітычных, эканамічных, культурна-гуманітарных і многіх іншых. Мы эфектыўна ўзаемадзейнічаем на пляцоўках шматбаковых арганізацый — у фармаце СНД, Еўразійскага эканамічнага саюза, ОДКБ, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва».
Круглы стол праводзіўся для таго, каб не толькі праінфармаваць беларускі бок аб рэформах, якія праводзяцца ў нашай краіне, але і пачуць ад экспертнай супольнасці Беларусі ацэнкі, меркаванні, ідэі, намеціць шляхі для далейшага ўзаемадзеяння.
Цімур Жаксылыкаў акцэнтаваў увагу на ключавых момантах Паслання, якія з’яўляюцца актуальнымі ў святле развіцця казхастанска-беларускага супрацоўніцтва. Сёлета яно праходзіла пад лозунгам «Справядлівы Казахстан: закон і парадак, эканамічны рост, грамадскі аптымізм». Галоўную ўвагу ў гэтым пасланні Прэзідэнт удзяліў пытанням сацыяльна-эканамічнага развіцця. У Казахстане праходзяць маштабныя палітычныя рэформы, якія накіраваны на пашырэнне ўдзелу грамадзян у палітычным жыцці, у кіраванні краінай, а таксама на ўзмацненне грамадскага кантролю за дзейнасцю дзяржорганаў. Былі ўнесены змены ў Канстытуцыю, істотна расшыраны паўнамоцтвы парламента і мясцовых органаў, зменены парадак выбараў. У мінулым пасланні Прэзідэнт Казахстана паставіў перад дзяржаўнымі органамі задачы да 2029 года давесці валавую знешнюю прадукцыю да 450 мільярдаў долараў. Для вырашэння гэтай амбіцыйнай задачы неабходна фундаментальная змена структуры эканомікі. Яго асновай павінна стаць апрацоўваючая прамысловасць, машынабудаванне, інфармацыйныя тэхналогіі і другія перадавыя высокатэхналагічныя інавацыйныя сферы. «Мы паслядоўна працуем над вырашэннем гэтай задачы. Вельмі вялікія намаганні ўкладаюцца ў развіццё чалавечага капіталу. У краіне рэалізуецца нацыянальны праект так званай камфортнай школы... Адкрыты новыя філіялы замежных ВНУ і асноўным прыярытэтам з’яўляецца акцэнт на інжынерна-тэхнічныя спецыяльнасці», — расказаў Цімур Жаксылыкаў. У сёлетнім Пасланні Прэзідэнт Казахстана асаблівую ўвагу звярнуў на развіццё энергетыкі і прамысловасці, стварэнне новых працоўных месцаў, падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў, лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект. Цімур Жаксалыкаў адзначыў, што пасланне Прэзідэнта — гэта глыбокі і змястоўны дакумент, у якім кожны тэзіс з’яўляецца адказам на сучасныя выклікі. Гэтую думку падтрымалі і ўдзельнікі круглага стала.
Так, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі адзначыў, што сёння ідзе пошук стратэгій развіцця грамадства, значнае пераасэнсаванне праходзяць падыходы па выстройванню прынцыпіяльных рашэнняў: «Мы выдатна разумеем, што такое інфармацыйнае грамадства. Здольнасць уплываць на свядомасць, насельніцтва — гэта сур’ёзны інструмент, якім нам неабходна навучыцца валодаць». Як заўважыў рэктар, тут можна выкарыстоўваць самыя розныя фарматы, зносіны, работу дэпутацкага корпусу, рэферэндумы і звярнуў увагу, што ў нашай краіне наступным этапам найбольш эфектыўнага развіцця камунікацыі стаў Усебеларускі народны сход.
Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўству Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўнік Рабочай групы па супрацоўніцтву з Парламентам Рэспублікі Казахстан Марына Лянчэўская прызналася, што парламентарыі з вялікім інтарэсам сочаць за ўсімі працэсамі, якія праходзяць у Рэспубліцы Казахстан у сферы эканомікі, палітыцы, у пытаннях узаемадзеяння дзяржавы і грамадства. Безумоўна, цікавіць іх і развіццё лічбавізацыі ў Рэспубліцы Казахстан: «Шчыра скажу: вы абганяеце нас па прававым рэгуляванні „лічбы“. Зараз мы таксама імкнёмся рухацца сямімільнымі крокамі. У лістападзе плануюцца парламенцкія слуханні і мы б хацелі звярнуцца да казахстанскага боку з просьбай накіраваць парламентарыяў для ўдзелу ў нашых парламенцкіх слуханнях. Мы ўпэўнены, што яны змогуць падзяліцца цікавым вопытам, які мы з задавальненнем выкарыстаем у нашай далейшай дзейнасці».
Эксперт па пытаннях бяспекі і ваенна-прамысловага комплекса, член Экспертнага Савета па міжнародных зносінах «Мінскі дыялог» Аляксандр Алесін упэўнены, што важна знайсці цэнтральную праблему, з вырашэннем якой будуць звязаны іншыя галіны. Такім звяном у Казахстане, на яго думку, з’яўляецца індустрыялізацыя. Калі ў савецкі час у Казахстане пераважна развіваліся перапрацоўчыя прадпрыемствы, то цяпер стаіць задача пабудаваць эканоміку ў адпаведнасці з сусветнымі патрабаваннямі, на аснове сучасных тэхналогій і вырашыць такім чынам і праблему монагарадоў, раўнамернага размеркавання вытворчых сіл па тэрыторыі краіны. Ён прапанаваў звярнуць увагу на вопыт Беларусі, эканоміка якой пабудавана на аснове вертыкальных кластараў, якія ўключаюць у сябе не толькі прамысловыя прадпрыемствы і змежныя, якія пастаўляюць камплектуючыя, сыравіну, матэрыялы, але і адукацыйныя ўстановы, навукова-даследчыя арганізацыі, канструктарскія бюро. Важна, каб не існавала асобна школа, акадэмічная адукацыя, вытворчасць, каб уся сістэма была інтэгравана ў адзінае цэлае, што працавала б на агульную мэту.
Прарэктар па вучэбнай рабоце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Юрый Мікалайчык падзяліўся, што ўстанова мае практычны вопыт узаемадзеяння з ВНУ Казахстана. Ключавыя кірункі тут — навукова тэхнічнае супрацоўніцтва, акадэмічная мабільнасць, навуковыя стажыроўкі, міжнародныя навуковыя і навукова-практычныя мерапрыемствы, сумеснае выданне навукова-метадычнай літаратуры і навуковай прадукцыі. Таксама ўзаемадзеянне адбываецца ў рамках цэнтра культуры Казахстана імя Абая, які створаны пры ўніверсітэце. «Гэта добрая пляцоўка для актывізацыі і развіцця новых кірункаў узаемадзеяння ў галіне адукацыі і навукі», — упэўнены Юрый Мікалайчык. Таскама ён выказаў гатоўнасць Беларусі, дзе з 2020 года працуе АЭС, падзяліцца вопытам у падрыхтоўцы спецыялістаў у гэтай галіне. Дарэчы, БНТУ кадры ў галіне праектавання і эксплуатацыі атамных электрычных станцый рыхтуе больш 10 гадоў.
«Вопыт Казахстана прадстаўляе вельмі вялікую цікавасць», — падзяліўся кіраўнік аддзела міжнародных даследаванняў Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Антон Дударонак. Пацвярджэннем таму служыць і тое, што на Ютуб канале ўстановы ролікі, звязаныя з Казахстанам, набіраюць найбольшую колькасць праглядаў". Ён звярнуў увагу, што многія аспекты ў Пасланні былі скіраваны на ліквідацыю эканамічных дызбалансаў, прычым гэта не проста дэкларацыі, а работа над тым, як усё перавесці ў рэальнасць. У кастрычніку ў Казахстане пройдзе рэферэндум, на якім народ будзе вырашаць пытанне па будаўніцтву АЭС. У выніку станоўчага рашэння на карысць яе ўзвядзення, прадстаўнікі абедзвюх краін маглі б дзяліцца сваімі кампетэнцыямі. Больш за тое, Антон Дударонак упэўнены, што рэферэндум мае і палітычны складальнік, дазваляе дзяржаве прадэманстраваць увагу да запытаў грамадства, вывучыць адносіны казахастанцаў да гэтага актуальнага пытання. Сціснутыя тэрміны, якія абазначаны, дазваляюць мабілізаваць грамадства і ў цэлым даць імпульс да развіцця.
Доктар гістарычных навук, прафесар кафедры еўразійскіх даследаванняў факультэта міжнародных адносін БДУ Андрэй Русаковіч упэўнены, што любы з кірункаў развіцця: лічбавізацыя, атамная энергетыка, грашова-крэдытныя, фінансавыя, інфраструктурныя праекты, сацыяльная стабільнасць — гэта ўсё ўплывае на статус Казахстана ў свеце. Нельга не ўлічваць і размяшчэнне краіны ў цэнтральнай Азіі, у цэнтры Еўразійскага кантынента — гэта да многага абавязвае. "Знешняя палітыка Казахстана носіць міралюбівы характар. Я б звярнуў увагу на такую характарыстыку як збалансаваная палітыка. Гэта вельмі важны элемент, які забяспечвае і сацыяльна-эканамічнае развіццё, і бяспеку. Уменне знаходзіць агульныя кропкі супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі — гэта дарагога каштуе, гэта ўнёсак у фарміраванне светабудовы, падтрымка шматковых намаганняў.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота аўтара
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.