Ужо стала добрай традыцыяй напярэдадні дня нараджэння сталіцы праводзіць міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі». Сёлета ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук яна сабрала вучоных, работнікаў музеяў, архіваў, выкладчыкаў, краязнаўцаў ужо сёмы раз. Канферэнцыя была прысвечана 525-годдзю надання Мінску Магдэбургскага права. У рамках чатырох секцый прагучала каля ста навуковых дакладаў, якія ахоплівалі розныя гістарычныя перыяды. Таксама працавала выстаўка, дзе былі прадстаўлены як кнігі даследчыкаў гісторыі горада, так і архіўныя крыніцы.
Падчас адкрыцця канферэнцыі акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя згадаў, што першы раз свята горада жыхары сталіцы адзначылі 28 мая 1967 года. І хаця ў савецкія часы не прынята было адзначаць святы гарадоў, тым не менш мінчане не забываліся пра дзень нараджэння сталіцы. А ў 2007 годзе па ініцыятыве Інстытута гісторыі і Мінгарвыканкама прайшла першая навуковая канферэнцыя, звязаная з даследаваннем гісторыі горада. Акадэмік упэўнены, што сабраныя даследчыкамі матэрыялы важна выкарыстоўваць у падрыхтоўцы падрастаючага пакалення. З Мінскам звязаны лёсы многіх выдатных асоб, акрамя таго, праз гісторыю сталіцы можна бачыць шлях народа:
— З моманту свайго заснавання Мінск з’яўляўся важным паселішчам, якое мела стратэгічнае значэнне і ўжо ў ХІІ ст. стала цэнтрам удзельнага княства. Менавіта ў Мінску была абвешчана і пачыналася беларуская нацыянальная дзяржава. У 1919 годзе Мінск стаў сталіцай савецкай сацыялістычнай рэспублікі. У савецкай гісторыі ён пачаў імклівае індустрыяльнае развіццё, з гонарам вынес цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны, аб чым сведчыць высокае званне горада-героя, якое было прысвоена ў 1974 годзе.
Аляксандр Каваленя згадаў, што ў гады вайны ў мінскім падполлі змагалася больш за 9 тысяч патрыётаў, і зачытаў радкі з ліста, дасланага з засценкаў гестапа Іванам Казловым: «Слёз не трэба, к чорту слёзы. Гінуць мільёны, а чым мы лепшыя за іх? Сапраўдны патрыёт той, хто смела глядзіць у вочы смерці. Не трэба слёз, не трэба роспачы. Наша кроў не пральецца дарма. Трымайцеся, не бойцеся і не адчайвайцеся. Эх, жыць вельмі хочацца. Помсціць гэтым варварам — вось што трэба рабіць».
Менавіта перыяду Вялікай Айчыннай вайны на канферэнцыі было прысвечана некалькі дакладаў. Так, загадчык цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Аляксей Літвін расказаў пра падпольную арганізацыю на тэрыторыі Грушаўскага пасёлка, якая дзейнічала ў Мінску з 1941 да 1943 года. Да гэтага часу пра яе вельмі мала напісана, але вучоны ўпэўнены, што абавязкова трэба збіраць інфармацыю пра патрыётаў. Яшчэ ў 1980-я гады ён быў членам камісіі, якая займалася вывучэннем мінскага падполля. Для таго, каб інфармацыя пра падпольшчыкаў была прызнана Мінскім гаркамам партыі, трэба было давесці на дакументальнай базе, на аснове паказанняў сведак, савецкіх і нямецкіх крыніцах, што арганізацыя існавала. Так, падчас работы з дакументамі ён выйшаў на арганізацыю, якая працавала ў адным з рабочых пасёлкаў — Грушаўскім. Асноўная маса яе удзельнікаў — камуністы, камсамольцы і члены іх сем’яў. У склад арганізацыі ўваходзіла некалькі падпольных груп. Кіраваў ёй Сямён Гапоненка. Як заўважыў гісторык, асаблівасць гэтай арганізацыі, як і іншых, што ствараліся ў Мінску ў 1941 годзе, у першую чаргу ў тым, што спачатку камуністы ўстанаўлівалі сувязі з кіруючымі кадрамі, якіх ведалі да вайны.
Паступова ствараўся ланцужок падпольных арганізацый, якія існавалі ў розных частках Мінска. Трагедыя мінскага падполля ў тым, што яно было некалькі разоў раскрыта нямецка-фашысцкімі карнымі органамі. Было некалькі буйных правалаў, адзін з іх — у сакавіку—красавіку, другі — у верасні—кастрычніку 1942 года.
Па вуліцы Пагранічная, 5 пражываў Сямён Гапоненка, побач жыў яшчэ адзін камуніст. Вакол іх пачалі аб’ядноўвацца камуністы, пераважна тыя, што прыехалі з Беластока і заходніх абласцей Беларусі. Сярод іх былі і камандзіры, палітработнікі Чырвонай Арміі, якія не трапілі ў палон, але, калі апынуліся ў акружэнні, ішлі ў вялікі горад, дзе прасцей было схавацца. З 1942 года, пасля першага правалу, арганізацыяй кіраваў Назарый Герасіменка, сакратар Сталінскага падпольнага райкама партыі, які быў добра знаёмы з Сямёнам Гапоненкам.
Падпольная група была галоўнай у арганізацыі партызанскага атрада Нікіціна. Атрад хутка папаўняўся людзьмі, перадавалася зброя. Нікіцін прыняў рашэнне рухацца за лінію фронту. Да гэтага яго атрад правёў шэраг дыверсій, удзельнічаў у разгроме паліцэйскага батальёна. Да лістапада 1942 года, калі атраду ўдалося выйсці за лінію фронту ў Мінску, ужо адбыліся арышты і былі пушчаны чуткі, што падполле правакацыйнае. Нікіцін і ўсе яго людзі трапілі пад падазрэнне. Нікіцін быў арыштаваны. Але захаваліся дакументы, якія ён рыхтаваў, каб прадставіць сваіх людзей да ўзнагарод, а ў іх — шмат інфармацыі пра дзейнасць падпольнай групы. Быў арыштаваны і Гапоненка, загінуў у турме Герасіменка. І гэта адна з прычын, чаму пра падпольную групу не прынята было згадваць.
Навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Валерый Надтачаеў расказаў пра падпольную групу «Артур», інфармацыі пра якую багата ў Нацыянальным архіве. «Артур» — псеўданім яе кіраўніка Мікалая Філановіча і пазыўны радыёстанцыі.
— На прыкладзе групы можна добра ілюстраваць работу падполля. Дастаткова матэрыялаў захавалася, якія дазваляюць скласці ўяўлененне аб структуры, задачах і нават размеркаванні роляў падпольшчыкаў. У шэрагу выпадкаў магчыма прасачыць іх лёсы. Вядомы і праціўнік — смаленскае СД, якое абсталявалася на Астроўскага, 7, а ў сутарэннях там была арганізавана турма, дзе праз катаванні прайшлі многія падпольшчыкі, якія пасля загінулі ў Трасцянцы, — заўважыў даследчык і звярнуў увагу на тое, што падпольная група «Артур» можа лічыцца «доўгажыхаром»: яна дзейнічала да 1944 года. Дакументы сведчаць, як вялася работа: горад быў падзелены на ўмоўныя зоны, а таксама на так званыя прыгарадныя. У кожнай дзейнічала свая група. Архіўная справа на групу «Артур» — адна з нямногіх, дзе ўказана, якія задачы выконвалі падпольшчыкі, якія мелі «пасады»: агент-асведамляльнік, кіраўнік групы чыгуначнага ўліку, камандзір групы дыверсій на чыгунцы, камандзір аператыўнай групы мясцовай разведкі.
Гісторыя «Артура» звязана з аператыўнай групай Леаніда Сарокі, які ў верасні 1942 года быў закінуты на акупаваную тэрыторыю для вядзення барацьбы. У кастрычніку 1942 года пра яго маецца інфармацыя як пра камандзіра партызанскага атрада імя Варашылава. А ў лістападзе ён стварае разведузвод Філановіча.
Сарока загінуў у чэрвені 1944 года, падрыхтаваныя ім узнагародныя лісты так і не былі выкарыстаны.
Адна з ключавых тэм канферэнцыі датычылася гісторыі ўзнікнення горада. Ужо не першы год вядуцца раскопкі гарадзішча на Менцы. Кіраўнік іх — археолаг Андрэй Вайцяховіч — прадставіў апошнія вынікі даследаванняў. У мінулым годзе, згодна з даручэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, на археалагічным комплексе пачаліся маштабныя даследаванні, мэтай якіх было пацвердзіць ці, наадварот, абвергнуць версію, што пасяленне побач з ракой Менкай з’яўлялася старажытнарускім горадам, які і мог быць летапісным Мінскам. Летась даследаванні далі багаты матэрыял, які сёлета быў дапоўнены новымі артэфактамі.
— У мінулым годзе галоўнай падзеяй стала даследаванне вала вялікага гарадзішча. У канцы восені мы знайшлі і раскрылі сляды драўляных канструкцый, — падзяліўся археолаг.
У гэтым годзе было зроблена некалькі раскопаў: на месцы прарэзкі вала, на малым гарадзішчы, і тры раскопы на пасадзе і на пляцоўцы вялікага гарадзішча. У выніку даследавання вала былі расчышчаны рэшткі клецяў, якія ўяўлялі сабой аснову драўляна-земляных умацаванняў. Сярэдні памер клеці — 14 на 8 метраў. Яны былі складзены з дубовых бярвёнаў. Вышыня сцяны дасягала 6-7 метраў. Находка ўнікальная: ва Усходняй Еўропе няма пабудоў такой захаванасці. Радыевугляродны аналіз дрэва, праведзены летась, паказаў, што час пабудовы клецяў, верагодней за ўсё, адносіцца да 990-х гадоў. У запаўненні клецяў былі знойдзены шматлікія фрагменты керамікі, падвескі, пярсцёнак, наканечнік стралы, каля 12 драўляных рыдлёвак. Усе гэтыя матэрыялы датуюцца Х — пачаткам ХІ стст., што пацвярджае радыевугляродны аналіз. У адным з дрэў знайшлі ўстаўленую сківіцу дзіка. Прыклады такіх свяшчэнных дубоў вядомы, яны адносяцца да паганскага часу. Акрамя таго, з боку ракі Менкі знойдзены яшчэ два дадатковыя рады ўмацаванняў, якія былі выкананы ў іншай тэхніцы — дубовыя бярвёны, укладзеныя ў чатыры вянцы. Іх утрымлівалі бярвёны з крукамі.
Зыходзячы з унікальнасці канструкцый, прынята рашэнне іх закансерваваць. Дзве клеці і частка новых выяўленых абарончых збудаванняў былі выняты і вывезены ў Гомель, дзе спецыялісты маюць вялікі вопыт у рэстаўрацыі і кансервацыі моранага дубу.
На пляцоўцы вялікага гарадзішча, нягледзячы на тое, што культурны пласт быў моцна пашкоджаны гаспадарамі сядзібы, якая тут існавала ў ХVІ—ХІХ ст., атрыманы дадаткова цікавыя матэрыялы старажытнарускага часу, зафіксаваны ў паўднёва-заходняй частцы раскопу сляды магутнага пажару, які адбыўся ў ХІ стагоддзі. Сярод знойдзеных матэрыялаў — крыжык, некалькі свінцовых пломб, элементы вупражы каня, элементы адзення ХІ—ХІІ ст., шматлікія нажы, ключы і іншыя матэрыялы гэтага часу і, канешне, вялікая колькасць фрагментаў керамікі. Але самая цікавая знаходка — пахаванні. Гэта знаходка дае падставу меркаваць, што недзе побач была царква. Падобныя пахаванні за сценамі маглі здзяйсняцца толькі ў адным выпадку: калі яны былі звязаныя з царквой, чаму ёсць шмат прыкладаў у старажытнарускіх гарадах. У наступным годзе плануецца працягнуць даследаванні і зрабіць спробу адшукаць месца былой царквы. На тое, што яна існавала, указваюць нацельныя крыжыкі, кадзіла і гузік, які, хутчэй за ўсё, быў на адзенні манаха. Калі рэшткі храма атрымаецца адшукаць, магчыма, гэта будзе самая старажытная царква на тэрыторыі Цэнтральнай Беларусі.
Цікавымі матэрыяламі багаты і раскоп на малым гарадзішчы. На пляцоўцы гарадзішча каля вала знойдзены сляды згарэлай клеці. Сляды магутнага пажару зафіксаваны амаль па ўсёй пляцоўцы гарадзішча. У пажары знойдзены шматлікія фрагменты наканечнікаў стрэл, баявая сякера, заклёпкі, магчыма, ад драўляных шчытоў. Гэта паказвае на тое, што на малым гарадзішчы знаходзіліся прадстаўнікі дружыны, быў ваенны канфлікт, і малое гарадзішча спалілі. Раскопкі паказалі, што суседняя частка паўднёва-заходняга вялікага гарадзішча таксама падвяргалася магутнаму пажару.
— Матэрыялы яшчэ будуць апрацоўвацца, але ўжо з упэўненасцю можна сказаць, што пасяленне на Менцы было старажытным горадам, які меў буйныя драўляныя ўмацаванні — вышынёй каля 8 метраў. Прычым знойдзеныя ў архелагічным комплексе на Менцы клеці з’яўляюцца драўляна-землянымі ўмацаваннямі, характэрнымі для старажытнарускага горада Х—ХІ стст., а ўмацаванні Мінска на Свіслачы ўласцівыя для ХІІ ст., — заўважыў археолаг.
Падчас канферэнцыі закраналіся і малавядомыя старонкі горада, пры гэтым даследчыкі распрацоўвалі новыя пытанні. Расказвалі, напрыклад, пра канфесійнае жыццё Мінска XVІІ ст., першую ўсебеларускую краязнаўчую канферэнцыю, дзейнасць мінскага сіроцкага суда ў ХІХ стагоддзі. А старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Алена Сакольчык распавяла пра мінскіх падкідышаў. У другой палове ХІХ стагоддзя радкі пра іх можна было знайсці ў перыёдыцы. Пра актуальнасць праблемы сведчыць і народная творчасць — песні, казкі, а часам і прозвішчы: так, саборным маглі назваць немаўля, знойдзенае пры храме. Малых пакідалі пры шпіталях, дабрачынных арганізацыях, побач з дамамі багатых, бяздзетных сем’яў. Дарэчы, пакіданне дзяцей у людным месцы не каралася настолькі жорстка, як там, дзе малога маглі б і не знайсці. У першым выпадку вінаватым прызначалі тры месяцы пазбаўлення волі. Адшукаць вінаватых было няпроста. Паліцэйскія, якія гэтым займаліся, апытвалі магчымых сведкаў, уважліва прыглядаліся да рэчаў, якія былі з малым. Укладаліся ў скруткі з немаўляткамі часам і багатыя рэчы, і запіскі, дзе пазначаліся звесткі пра веравызнанне малога і ці ахрышчаны ён. Праўда, як заўважыла даследчыца, у тых справах, што яна разглядала, запіскі ніколі не дапамагалі ў пошуку, часцей спрацоўвалі чуткі, у якіх часам гараджане абмяркоўвалі пазашлюбныя сувязі.
Запісала Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота аўтара
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.