У Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь была прэзентавана кніга Елізаветы Квілінковай «Малдаване Беларусі: этнакультурная ідэнтычнасць і інтэграцыя». І хаця, як прызнаўся намеснік генеральнага дырэктара «нацыяналкі» Віктар Пшыбытка, тут ужо маецца каля пяці выданняў па культуры і традыцыям малдаван, і 13 кніг гэтага ж аўтара, новае выданне — унікальнае навуковае даследванне, прысвечанае малдаўскай дыяспары. Падобных прац няма ні ў адной з рэспублік постсавецкай прасторы.
Больш за тое, не хапае і настолькі грунтоўных даследванняў па іншых дыяспарах. А ў Беларусі пражываюць прадстаўнікі больш 150 нацыянальнасцяў. І як падказаў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, ён гатовы садзейнічаць у падрыхтоўцы падобных даследванняў у дачыненні іншых нацынальнасцяў. Упаўнаважаны заўважыў, што малдаване займаюць 11-е месца ў этнічнай структуры Беларусі. Яны з’яўляюцца спецыялістамі ў розных галінах, вельмі актыўныя ў грамадскім жыцці.
Прадстаўнікі нацыянальна-культурнага аб’яднання далучаюцца да дабрачынных праектаў, бяруць удзел у канцэртах, фестывалях, святах, якія праводзяцца ў нашай краіне. У сваю чаргу дзяржава аказвае падтрымку, у тым ліку фінасавую творчым калектывам, — напрыклад, ім шыюцца нацыянальныя строі. Усебакова раскрывацца прадстаўнікам дыяспары дапамагае тое, якая палітыка пабудавана ў дзяржаве. Як заўважыў Аляксандр Румак, тут сустракаюць не па нацыянальнасці, а па дабраце душы.
Акцэнт на гэта зрабіла і аўтар кнігі. Дарэчы, з сотні рэспандэнтаў, якіх яна апытвала падчас работы над кнігай, ні ад каго не пачула крытычнага водгуку, усе адчуваюць тут сябе як дома. Іх шляхі да Беларусі былі рознымі. Нехта пасяліўся пасля Вялікай Айчыннай вайны, хтосьці атрымліваў адукацыю ў беларускіх ВНУ, прыехаў сюды працаваць па размеркаванні, альбо апынуўся па сямейных абставінах.
Доктар гістарычных навук, дацэнт, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора НАН Беларусі Елізавета Квілінкова таксама прыехала сюды з Малдовы. Ідэю ўзяцца за даследванне этнасаў спачатку — гагаўзаў, а пасля — малдаван, ёй падкінуў муж, які ў Малдове працаваў паслом Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, даследчыца раней пісала і пра беларусаў Малдовы. Яна расказала, што працаваць над новай кнігай пачала ў 2020 годзе. «Я заўважыла, што праз этнічныя супольнасці яскрава прасочваецца палітыка беларускай дзяржавы ў адносінах да нацыянальных меншасцяў. Тут не ўзнікае ніякіх нацыянальных пытанняў, людзі могуць рэалізоўвацца ў адпаведнасці са сваімі дыпломамі. Гэта гаворыць пра многае».
У першую чаргу яна хацела паказаць традыцыі, культуру малдаван, якія жывуць ва ўмовах дыяспары. Усё ж адна справа займацца гэтым на радзіме, іншая — у далечыні. Таксама яна хацела перадаць асаблівасці нацыянальнага характара, кухні, працэс адаптацыі і інтэграцыі, тое, як малдаване ўспрымаюць беларусаў і наадварот, як выбудоўваюць сваяцкія адносіны.
І, канешне, даследчыца пастаралася паказаць унёсак малдаван Беларусі ў сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё краіны. Кніга багата ілюстраваная. Як упэўнена аўтар, тут паказана не толькі гісторыя малдаўскай дыяспары, але і наогул жыццё краіны, жыхарамі якой яны сталі.
Аўтар падзякавала старшыні Таварыства сяброўства Беларусь — Малдова, Надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Рэспублікі Малдова з 2017 па 2022 гады, Віктара Сарачана за дапамогу ў рабоце над кнігай. У сваю чаргу ён адзначыў не толькі тытанічную працу даследчыцы па збору інфармацыі, але і тое, што яна змясціла ў пачатку кнігі кароткую гісторыю Малдовы, што ў наш час, калі многія псеўдагісторыкі спрабуюць даказаць, што раней такой краіны не было, надзвычай важна. Мова, культура, традыцыі — у тым ліку у захаванні дыяспары — ці не лепшая абарона гісторыі, народа.
Алена Дзядзюля
Фота Лізаветы Голад
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.