У нядзелю, 8 верасня, беларуская сталіца правяла адну з самых масавых і відовішчных падзей спартыўнага года — Мінскі паўмарафон. Лёгкаатлетычны забег, які па праве можна лічыць візіткай краіны, па словах арганізатараў, гэтым разам сабраў не менш за 20 тысяч удзельнікаў з 11 краін, у тым ліку з Беларусі, Расіі, Украіны і нават Егіпта. Аматары бегу выйшлі на старт наступных дыстанцый: 10,5 кіламетра, 21,097 кіламетра і самай масавай — 5 кіламетраў. Таксама ўпершыню прайшла карпаратыўная эстафета. А завяршыў праграму Мінскага паўмарафону сямейны забег, у якім узялі ўдзел самыя юныя лёгкаатлеты і іх бацькі.
Адлік гісторыі Мінскага паўмарафону часцей за ўсё вядуць з 2015 года. Аднак за два гады да гэтага (з 2013-га) праходзілі аналагічныя гонкі для аматараў і прафесіяналаў са стартам каля Палаца спорту. Удзельнікаў было не так шмат, але жыхары і госці сталіцы з іншых краін прыязджалі такім чынам адзначыць Дзень горада. Ужо тады сярод бегуноў з’яўляліся медыйныя асобы, якія любяць кідаць сабе выклік.
Аб арганізацыі паўмарафону ў 2015 годзе варта сказаць асобна. За некалькі месяцаў да старту турнір звярнуў на сябе ўвагу тысяч людзей. Для ўсіх ахвотных праводзілі бясплатныя трэніроўкі, вялі іх спецыялісты па бегавых дысцыплінах. Пазней яны распавядалі мноства гісторый пра тое, як прыходзілі людзі «з нуля» і да спаборніцтваў аказваліся гатовыя прабегчы 5-10 кіламетраў, а самыя мэтанакіраваныя — дыстанцыю паўмарафону (21 кіламетр).
З 2015-га арганізатары прапаноўвалі бегунам выходзіць на старт у незвычайных касцюмах. І ўдзельнікі здзіўлялі фантазіяй: яны пераўвасабляліся ў супергерояў з фільмаў, папулярных мультыплікацыйных персанажаў, спевакоў. Некаторыя бегалі нават з хатнімі гадаванцамі. Пасля фінішу аднаго з турніраў хлопец зрабіў дзяўчыне прапанову і пачуў у адказ «Так». Праз год, напярэдадні паўмарафону, у іх адбыўся шлюб, а затым новая сям’я пераадолела 21 кіламетр, прычым нявеста — у вясельнай сукенцы.
Сёлета першыя тысячы аматараў бегу выйшлі на дзесяцікіламетровую дыстанцыю. Стартавалі з вуліцы Кірава, а фінішам стала лёгкаатлетычнае ядро Нацыянальнага алімпійскага стадыёна «Дынама». Ужо ў 9 раніцы радасныя, поўныя бадзёрасці і сіл удзельнікі абудзілі вуліцу Кірава сваёй энергіяй — цэлымі сем’ямі, разам з сябрамі і калегамі адкрылі доўгачаканую падзею. Дарэчы, для многіх бегуноў Мінскі паўмарафон — не толькі пра мэты і дасягненні, а ў першую чаргу яшчэ і задавальненне.
Гэтым разам традыцыйны міжнародны паўмарафон сабраў больш за 20 тысяч аматараў бегу з 11 краін. Пераможцамі 10-кіламетровага забегу сталі Мікіта Коценеў і Таццяна Шабанава.
Далей на старт выйшлі ўдзельнікі самай доўгай і прэстыжнай дыстанцыі — 21,1 кіламетра. У мужчын найлепшы вынік сярод 1700 бегуноў паказаў наймацнейшы беларускі марафонец Уладзіслаў Прамоў (1 гадзіна 6 хвілін 49 секунд). Год таму Прамоў быў другім, саступіўшы расіяніну Рынасу Ахмадзееву. Другім фінішаваў Сяргей Карпаў — ён саступіў лідару 45 секунд. Тройку прызёраў замкнуў Мікіта Чахоўскі з вынікам у 1 гадзіну 7 хвілін 45 секунд. Прабегчыся ў адной калоне з тытулаванымі беларускімі марафонцамі былі рады многія ўдзельнікі.
У жанчын поспех святкавала тытулаваная беларуская бягуння на доўгія дыстанцыі Марына Даманцэвіч, гэтая перамога на Мінскім паўмарафоне стала для яе трэцяй запар. Даманцэвіч прабегла дыстанцыю за 1 гадзіну 13 хвілін і 58 секунд, пабіўшы ўласны рэкорд трасы. Другое месца заняла Вольга Немагай — 1 гадзіна 14 хвілін 30 секунд, трэцяй фінішавала Ганна Максімава — 1 гадзіна 16 хвілін 45 секунд.
Дарэчы, у скверы на тэрыторыі стадыёна «Дынама» была разгорнута пляцоўка Прэзідэнцкага спартыўнага клуба «Спорт для ўсіх», на якой працавалі лакацыі: футбольны фрыстайл, зумба, пілатэс, трэніроўка з трэнерам на варкаўт-пляцоўцы. Кульмінацыяй стаў розыгрыш дзесяці веласіпедаў сярод усіх, хто прыйшоў у гэты дзень на пляцоўку.
У кожнага з удзельнікаў Мінскага паўмарафону былі свае мэты. Хтосьці хацеў праверыць сябе і пераадолець выбраную дыстанцыю без прыпынкаў, хтосьці нацэльваўся на канкрэтны вынік. Для студэнтаў, выкладчыкаў і кіраўнікоў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка ўдзел у самым масавым забегу на пяць кіламетраў стаў ужо добрай традыцыяй. На старт яны выйшлі пад дэвізамі: «Будучыя педагогі — за здаровы лад жыцця!», «Праз спорт — да здароўя!», «Да новых перамог разам!». У юбілейны для ВНУ год у лёгкаатлетычным свяце ўзялі ўдзел 1110 чалавек.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.