Вы тут

Се Сяаюн завяршае дыпмісію ў Беларусі


Беларусь і Кітай узмацняюць узаемадзеянне па ўсіх напрамках. Гэтую станоўчую тэндэнцыю адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Се Сяаюн на сяброўскай сустрэчы ў Мінску з нагоды заканчэння сваёй дыпламатычнай місіі ў Беларусі.


— Ужо праз некалькі дзён я завяршу сваю місію і вярнуся на радзіму. У імгненне вока праляцелі чатыры незабыўныя гады маёй работы ў Мінску. На працягу гэтага часу я глыбока адчуў добрыя адносіны да Кітая і актыўную падтрымку з боку ўрада Беларусі і ўсіх колаў беларускага грамадства. Разам мы сталі сведкамі таго, як адносіны паміж дзвюма краінамі здзейснілі гістарычны скачок, — адзначыў кітайскі дыпламат. — За апошнія чатыры гады палітычны ўзаемадавер паміж дзвюма краінамі бесперапынна ўмацоўваўся, дыпламатыя кіраўнікоў дзяржаў адыгрывае стратэгічную вядучую ролю.

Старшыня КНР Сі Цзіньпін і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымліваюць цесныя кантакты. Яны правялі чатыры двухбаковыя сустрэчы запар, стоячы каля руля кіравання развіццём адносін паміж дзвюма краінамі. Дзякуючы агульнаму клопату кіраўнікоў дзвюх дзяржаў і сумесным намаганням абодвух бакоў кітайска-беларускія адносіны павысілі сваю якасць і ўзровень, паміж краінамі былі ўстаноўлены адносіны ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства.

Як вядома, нядаўна праз 17 гадоў прэм’ер Дзяржсавета Кітая зноў наведаў Беларусь, што надала новы імпульс далейшай рэалізацыі дамоўленасцяў, якія дасягнуты кіраўнікамі дзвюх дзяржаў, прасоўванню паглыбленага развіцця прагматычнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.

— Разам мы сталі сведкамі таго, што міжнароднае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі выйшла на новы ўзровень, адзначыў Се Сяаюн. — На працягу апошніх чатырох гадоў Кітай заўсёды цвёрда падтрымлівае Беларусь у абароне дзяржаўнага суверэнітэту і нацыянальнай годнасці, выступае супраць умяшання знешніх сіл ва ўнутраныя справы Беларусі, супраць неабгрунтаваных аднабаковых санкцый у дачыненні да Беларусі, а таксама падтрымлівае афіцыйнае ўступленне Беларусі ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва.

Наша краіна таксама аказвае Кітаю цвёрдую падтрымку па пытаннях, якія датычацца яго карэнных інтарэсаў і важных заклапочанасцяў, уключаючы пытанне, звязанае з Тайванем, Сіньцзянам і Сянганам, а таксама актыўна ўдзельнічае ў сумеснай рэалізацыі ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях», Ініцыятывы па глабальным развіцці, Ініцыятыве па глабальнай бяспецы, Ініцыятыве глабальнай цывілізацыі, а таксама іншых ідэях і канцэпцыях, якія вылучаны Кітаем.

— Нашы краіны краіны ўзмацняюць каардынацыю ў рамках міжнародных шматбаковых механізмаў, такіх як Арганізацыя Аб’яднаных Нацый і Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, ажыццяўляюць сапраўдную шматбаковасць, сумесна абараняюць аанацэнтрычную міжнародную сістэму і міжнародны парадак, заснаваны на міжнародным праве, адстойваюць суверэнітэт, бяспеку, інтарэсы развіцця абодвух бакоў, а таксама міжнародную справядлівасць і раўнапраўе, — адзначыў кіраўнік дыпламатычнай місіі.

Беларусь і Кітай накіраваны на пабудову справядлівага і раўнапраўнага светапарадку. Аб гэтым заявіў першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Лукашэвіч:

— Кожны пасол, завяршаючы сваю місію, аглядаецца на некалькі гадоў таму і падводзіць вынікі сваёй працы. Наколькі палепшыліся адносіны паміж нашымі краінамі, вырас тавараабарот, павялічылася колькасць праектаў паміж нашымі краінамі. Рэчаіснасць такая, што не ўсе пасольствы могуць сказаць, што іх дзейнасць была стваральнай, што прыкладзеныя намаганні былі накіраваны на развіццё супрацоўніцтва з Беларуссю, што менавіта яны засеялі поле добрымі ідэямі, якія змогуць даць усходы на карысць двухбаковага партнёрства.

Паслу Се Сяаюну, які ўзначальваў дыпламатычную місію Кітая ў Беларусі з 2020 года, несумненна, ёсць чым ганарыцца. Яго першыя крокі ў Беларусі прыпалі на няпросты перыяд — разгар эпідэміі ковіда. Будучы сапраўднымі «жалезнымі братамі», Беларусь і Кітай паслядоўна аказвалі адзін аднаму дапамогу ў барацьбе з цяжкасцямі. І здолелі годна адказаць на гэтыя выклікі.

Паводле слоў першага намесніка кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства, былі створаны ўсе ўмовы для актыўных зносін і поспеху дыпламатыі лідараў нашых краін — Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна.

— Два гады таму, у верасні 2022-га, нашы краіны прынялі сумесную дэкларацыю аб устанаўленні найвышэйшага ў гісторыі ўзроўню адносін — усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. У гэтых словах закладзены нашы поспехі і дасягненні ў палітычным, гандлёва-эканамічным, гуманітарным супрацоўніцтве«, — падкрэсліў Сяргей Лукашэвіч.

Першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі звярнуў увагу, што з 2020 года Кітай — другі найбуйнейшы гандлёвы партнёр Беларусі. Нягледзячы на ўсе выклікі, работа, якая праводзіцца нашымі краінамі, дазволіла з году ў год пераўзыходзіць ранейшыя рэкорды тавараабароту, а таксама развіваць наш сумесны праект, жамчужыну «Аднаго пояса, аднаго шляху» — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». 

— Фактычна сканструявана новая мадэль эканамічнага ўзаемадзеяння, забяспечаны выхад на якасна новы ўзровень партнёрства, укаранёны новыя формы і міжгаліновыя механізмы«, — падкрэсліў Сяргей Лукашэвіч.

Першы намеснік міністра замежных спраў падзякаваў паслу за падтрымку рэалізацыі праекта тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітая, ключавымі аб’ектамі сталі нацыянальны футбольны стадыён і басейн міжнароднага стандарту, якія з’яўляюцца ўпрыгожаннем беларускай сталіцы. 

— Мы высока цэнім ролю пасольства ў развіцці беларуска-кітайскага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Беларусь і Кітай сур’ёзна рушылі наперад на гэтым напрамку, — адзначыў Сяргей Лукашэвіч. — На працягу трох гадоў нашы галіны і правінцыі правялі больш за 200 мерапрыемстваў і рэалізавалі рознабаковыя праекты супрацоўніцтва.

Да прыкладу, Гомельшчына развівае партнёрствы з правінцыямі Сычуань, Хэбэй, Аўтаномным раёнам Унутраная Манголія, Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёнам. Яшчэ дзесяць пагадненняў падпісана на ўзроўні гарадоў. 

— За час вашай дыпмісіі ў Беларусі статус міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з кітайскімі рэгіёнамі павышаны да ўзроўню пабрацімства, — адзначыў на сустрэчы старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. — Перакананы, што наша ўзаемадзеянне будзе і ў далейшым паспяхова развівацца на аснове ўзаемавыгаднага і плённага супрацоўніцтва на карысць жыхароў нашых дзяржаў.

Акрамя таго, дзякуючы актыўнай рабоце абодвух бакоў і асабістай падтрымцы Се Сяаюна заснавана Асацыяцыя ўніверсітэтаў Беларусі і Кітая. Паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі дзвюх краін падпісаны сотні прамых дагавораў аб супрацоўніцтве. Створаны ўмовы для поспеху сумесных адукацыйных праектаў і значнага павелічэння студэнцкіх і навуковых абменаў.

— Беларусь цалкам падтрымлівае рэалізацыю кітайскай ініцыятывы «Аднаго пояса, аднаго шляху» і трыадзіную канцэпцыю Ініцыятывы глабальнай бяспекі, развіцця і цывілізацыі. Мы ўдзячны кітайскаму боку і паслу за ўсебаковую падтрымку ва ўступленні Беларусі ў ШАС і прасоўванне нашай заяўкі на статус дзяржавы-партнёра БРІКС, — падкрэсліў першы намеснік міністра замежных спраў. 

Як адзначыў Сяргей Лукашэвіч, «камандзіроўка ў Мінск, якая пачыналася для Се Сяаюна ў 2020 годзе, у трывожны час пандэміі, сёлета сімвалічна завяршаецца пад урачыстыя фанфары гістарычнага афіцыйнага візіту ў Мінск прэм’ера Дзяржсавета КНР Лі Цяна. Хачу шчыра падзякаваць паслу за яго ўклад ва ўмацаванне беларуска-кітайскага сяброўства і раскрыццё патэнцыялу нашага ўзаемадзеяння. Упэўнены, што Беларусь назаўжды пасялілася ў яго сэрцы, і ён працягне заставацца правадніком усепагоднага сяброўства і «жалезнага братэрства» паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай».

Се Сяаюн заўважыў, што з сумам развітваецца з Беларуссю. «Дзе б я ні знаходзіўся ў далейшым, я працягну рабіць усё магчымае для развіцця кітайска-беларускага сяброўства, — заўважыў кітайскі дыпламат. — Для мяне вялікі гонар быць накіраваным у якасці пасла ў брацкую Беларусь і стаць сведкам і ўдзельнікам гістарычнага працэсу развіцця кітайска-беларускіх адносін. Я вельмі рады, што за апошнія чатыры гады яны захавалі развіццё высокага ўзроўню і дасягнулі плённых вынікаў, — падкрэсліў дыпламат. — Карыстаючыся выпадкам, я хацеў бы падзякаваць ураду і прадстаўнікам розных колаў Беларусі, калегам з дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Беларусі, прадпрыемствам з удзелам кітайскага капіталу, кітайскім студэнтам, якія навучаюцца ў Беларусі і кітайскім суайчыннікам, а таксама ўсяму калектыву пасольства Кітая ў Беларусі. Дасягненні, якіх я дасягнуў у сваёй рабоце за апошнія чатыры гады, неаддзельныя ад вашага разумення і падтрымкі».

Пасол адзначыў, што сапраўдныя сябры блізкія нават удалечыні адзін ад аднаго: «Я буду заўсёды памятаць Беларусь і шанаваць сяброўства з беларускім народам. Жадаю працвітання і магутнасці Беларусі, а таксама шчасця і дабрабыту — беларускаму народу».

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.