14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Ад якіх хвароб лечыць лазня?


Лазня — правераны стагоддзямі спосаб умацаваць здароўе, прывесці ў парадак нервы, адпачыць маральна і фізічна. Але толькі ў тым выпадку, калі вы парыцеся правільна: з прафесійным лазеншчыкам, у добра выбудаванай парыльні, і, вядома, з правільным венікам, ад якога таксама залежыць поспех.

Дарэчы, у верасні яшчэ не позна нарыхтоўваць венікі для лазні. І пытанне аб тым, як іх варта вязаць, а таксама іншыя лазневыя пытанні мы адрасавалі самаму аўтарытэтнаму беларускаму лазеншчыку, заснавальніку сучаснай беларускай школы парэння Генадзю Марозу.


Вяжам венікі

— Генадзь, ужо час вязаць венікі?

— Гэты час надыходзіць летам, але і на пачатку восені яшчэ не позна. Правільны венік у лазні, сапраўды, вельмі важны, бо парэнне — гэта венікавы масаж. У верасні яшчэ можна вязаць бярозавыя венікі. Прыйдзецца, вядома, пашукаць добрыя галінкі, ужо ёсць жоўтае лісце, ды і на галінках лісточкі ўжо трымаюцца слабавата. Таму вераснёўскі бярозавы венік не падыходзіць для захоўвання. Але для таго, каб выкарыстоўваць яго ў лазні цяпер, падыдзе выдатна. А вось нарыхтоўка дубовых венікаў якраз у гэтыя дні ў разгары: дуб позна скідае лісце.

— Якія венікі рэкамендуеце выкарыстоўваць у лазні?

— У славянскай традыцыі іх велізарнае мноства. Адрозніваюцца яны па памеры, структуры ліста, шчыльнасці, тыпу дрэва. Гэта можа быць ліпа, дуб (чаранкаваты або канадскі), рабіна, асіна, клён, ядловец. Добра спалучаць бярозу з галінкамі чорнай парэчкі — у парыльні будзе шыкоўны водар. Выдатна яднаць бярозу і вішню. Проста вішнёвы венік цяжкі і шчыльны, а калі злучыць вішню з бярозай, то водар вішанькі ў парыльні — вельмі дарэчны, смачны і заспакаяльны. Але аб гэтым варта паклапаціцца загадзя: галінкі вішні і парэчкі трэба нарыхтоўваць улетку. А ў цэлым, венік шмат у чым вызначае і якасць працэдуры, і яе скіраванасць. І майстры лазні гэта разумеюць. Напрыклад, на адзін з міжнародных чэмпіянатаў па лазневым мастацтве мінулых гадоў у Беларусь прыязджала расіянка Таццяна Шыянава. Яна прывезла з сабой 20 венікаў — з гаючымі травамі і рознымі драўлянымі кампазіцыямі.

— А што сёння «ў модзе»?

— Папулярныя экзатычныя венікі — напрыклад, эўкаліпт, піхта. Нічога не маю супраць, але лепш раскажу пра нашы, традыцыйныя. Бярозавы венік добра працуе ў якасці праціркі — пастукванні ім трэба рабіць акуратна, ён вельмі хлёсткі. Бярозавыя галінкі добра ахопліваюць цела, мякка і пяшчотна, венікам з іх выдатна рабіць масаж. Калі казаць пра асноўныя рысы беларускай лазні, на нашай зямлі заўсёды любілі бярозавыя венікі, у адрозненне ад расіян, якія аддавалі перавагу дубовым. Справа ў тым, што ў нас падчас парэння больш выкарыстоўвалася так званая «націрка» — масажныя рухі, а не ўдарная тэхніка работы венікам. Бяроза змяшчае вялікую колькасць дзёгцю, і гэта спрыяльна ўплывае на скуру. Бярозавае лісце валодае антысептычнымі ўласцівасцямі. А за кошт таго, што ў бярозы шмат лісцікаў, добра дыхаецца. Калі ў парыльні становіцца горача, мы накрываем галаву госця халаднаватым бярозавым венічкам. Акрамя таго, дуб цвёрды і шчыльны, з дапамогай дубовага веніка больш складана прамяць мышцы. А бярозавым можна якасна прапрацаваць пэўную групу цягліц.

Дубовыя венікі бываюць рознымі. Сёння набірае папулярнасць сярод нашых лазеншчыкаў канадскі дуб, ён жа чырвоны або вастралісты. З’явіўся ў Беларусі ён не так даўно, цяпер «заваёўвае» землі нашага спрадвечнага беларускага дуба — расце нашмат хутчэй. Але для лазні ён вельмі прыдатны. Мяккі, набірае шмат пары, такім венікам зручна рабіць прыпаркі і абмахванні. Наш родны чаранкаваты дуб падыходзіць для прагрэву, прастуквання, глыбокага масажу цягліц. Венік з чаранкаватага дуба больш «хуткі», чым з канадскага. Так, ёсць венікі «павольныя» і «хуткія». З канадскага дуба — мяккія, імі хутка не папрацуеш, а з чаранкаватага можна вязаць невялікія венічкі для хутчэйшых рухаў. Кожны з майстроў лазні ці проста аматараў парэння выбірае венік па сабе — па памеры, відзе, шчыльнасці. У мяне ёсць венікі для кожнага віду прагрэву: вялікія «паветраныя», каб плаўна нанесці на госця пар і не спалохаць пачаткоўца, невялікія, шчыльныя — для прапрацоўкі мышцаў, напрыклад, спартсменаў.

Лазеншчык не доктар

— Ад якіх хвароб лечыць лазня?

— Ні ад якіх: лазеншчык не ўрач. Гэта, дарэчы, распаўсюджаная памылка. Людзі кажуць: «Лазня лечыць!», але забываюцца дадаць канчатак фразы — «...здаровага чалавека». Сапраўды, правільнае парэнне здольнае вырашыць шматлікія праблемы са здароўем. Але трэба разумець: лазня ўзмацняе любыя працэсы ў арганізме. Калі арганізм змагаецца з хваробай, лазня яму ў гэтай барацьбе дапаможа. Але калі прастуднае захворванне ўжо перамагло, лепш пачакаць выздараўлення і толькі потым парыцца. Калі чалавек здаровы, лазня дадасць здароўя. Але на вострай стадыі захворвання лазневыя працэдуры супрацьпаказаны. Прывяду прыклад. Сярод маіх пастаянных кліентаў ёсць вядомы спартсмен, і вось тэлефануе ён мне ў снежні: застудзіўся, трэба папарыцца. Я яго папарыў, папрацаваў у парыльні з эўкаліптам (гэта магутны антысептык), з бярозавым венікам. Раніцай тэлефаную: «Як самаадчуванне? Ён адказвае: «Як рукой зняло, я на трэніроўцы». Гісторыя паўтараецца ў лютым: зноў застудзіўся, зноў трэба папарыцца. Эфект супрацьлеглы: тэмпература падскочыла да 39. На шчасце, гэта быў звычайны грып, які прайшоў на працягу тыдня.

Для мяне гэта паказальны прыклад. У снежні мы яшчэ паспелі — імунітэт змагаўся з вірусам, і ў гэтай барацьбе мы дапамаглі імунітэту. А ў лютым крыху спазніліся: хвароба пачала перамагаць, і мы ўзмацнілі гэты працэс.

— У разгар ковіду лазню называлі адным з дзейсных сродкаў аздараўлення…

— На этапе аднаўлення пасля ковіду правільнае парэнне сапраўды паказала выдатныя вынікі. Рэабілітацыя пасля ковіду ў 2019–2020 гадах была ў нас у лазні вельмі папулярная. Нядоўгі прагрэў, таму што пасля хваробы чалавеку не хапала паветра на вялікую лазневую праграму, і пры гэтым час у парыльні мы паступова павялічвалі, што спрыяла аздараўленню лёгкіх. Для рэабілітацыі, аднаўлення пасля хвароб лазня працуе выдатна. Але толькі калі чалавек ужо практычна здаровы. Тады лазневыя працэдуры хуценька паставяць яго на ногі.

«Любяць усе, але не ўсё аб гэтым ведаюць»

— А ці шмат у нас у краіне аматараў лазні?

— Я перакананы: лазню любяць усе, проста не ўсе пра гэта ведаюць. Не ўсе трапілі ў правільна ўладкаваную парыльню, у рукі прафесійнага майстра пары. Часта я чую пасля таго, як папарыў госця: «Атрымліваецца, я пражыў 40 (або 50, 60) гадоў і ні разу не быў у лазні? Аказваецца, лазня — гэта не пра „пацярпець“?» Вядома, пра «пацярпець» — гэта не лазня. Лазня — гэта пра задавальненне, клопат, камфортнае і гарманічнае аздараўленне. Пацярпець вы можаце ў стаматолага, там гэта часам неабходна. А «адпачываць» і «трываць» — паняцці несупастаўныя. На жаль, у шматлікіх нашых суграмадзян за плячыма — няўдалы вопыт парэння. Непрафесійная лазня стала прычынай негатыўных эмоцый і ў цэлым няправільнага разумення лазневых працэдур. Бацька заводзіць сына ў лазню: «Я табе пакажу, як трэба парыцца! Цярпі, ты ж мужык! Гэта для здароўя карысна!» На жаль, такі чалавек, стаўшы дарослым, па сваёй волі ўжо не прыйдзе ў лазню…

Акрамя таго, няправільным парэннем лёгка нанесці шкоду здароўю. Напрыклад, распаўсюджаны негатыўны эфект — галаўны боль на наступны дзень пасля наведвання лазні. Справа ў тым, што парыльня — месца з паніжаным утрыманнем кіслароду, і калі яна спраектавана і пабудавана няправільна, узнікае кіслароднае галаданне: на наступны дзень у госця непазбежна будзе балець галава. А магчымы і больш сур’ёзныя «пабочныя эфекты» — галавакружэнне, страта прытомнасці... На самай справе пасля лазні галава балець не павінна. І супрацьпаказанняў у правільнай лазні з прафесійным парыльшчыкам вельмі мала. Лазню могуць палюбіць усе, проста не ўсе ведаюць, наколькі гэта карысна і прыемна. У правільнай лазні госць праходзіць працэдуру ачышчэння, перш чым трапіць пад венікі. Бо чалавек прыехаў з горада, мітусні і стрэсу. І калі ён нарэшце расслабіцца і зразумее, што нічога не трэба кантраляваць; калі яго прагрэюць, дадуць падыхаць, пральюць вадой, напояць гарбатай у пакоі адпачынку і паклічуць у парную; калі парэнне пройдзе ў некалькі этапаў і правільна завершыцца — нервы госця прыйдуць у парадак, а арганізм возьме курс на самааздараўленне.

— Вас называюць даследчыкам нацыянальнай беларускай лазні. Як лічыце, ці можа беларуская лазня стаць брэндам, як, напрыклад, фінская саўна або турэцкі хамам?

— Спадзяюся, мы да гэтага паступова прыйдзем. Але я не даследчык лазневых традыцый. У дзяцінстве мае дзяды пра лазню мне нічога не расказвалі і бацька ў лазню не вадзіў. Ды і звесткі аб нашай нацыянальнай лазні даводзіцца збіраць па крупінках. Я, хутчэй, распрацоўваю сучасную беларускую школу парэння, прапагандую яе. Мая методыка заснавана на кантрасце: чым мацней мы награваемся, тым мацней астуджаемся. Пры наведванні парыльні крыві ў капіляры паступае на 30% больш, чым у паўсядзённым жыцці, з арганізма выводзяцца шлакі і таксіны. Рэзкае астуджэнне прымушае капіляры сціскацца: сасуды пазбаўляюцца халестэрынавых бляшак, чысцяцца ўсе органы і сістэмы арганізма. І яшчэ выкарыстоўваю вялікую колькасць вады: на аднаго чалавека за адзін заход — да 50 літраў. Вада змывае і фізічныя, і эмацыянальныя праблемы.

— Вяртаючыся да венікаў, з якіх пачалі гутарку: колькі іх трэба на адно парэнне?

— На аднаго чалавека выкарыстоўваю штук сем: звычайна тры бярозавыя, два дубовыя і яшчэ два — для мыльна-масажных працэдур. За сезон ідзе каля паўтары тысячы венікаў. Наогул, венік — рэч аднаразовая, але калі гаворка не аб грамадскай, а аб асабістай лазні, выкарыстоўваць добры, якасны венік можна на некалькі парэнняў.

— Добры венік чым адрозніваецца ад дрэннага?

— Дрэнны венік звязаны слаба, у яго дрэнна складзена ручка. Не павінна быць абламаных галінак, якія прыносяць нязручнасць і лазеншчыку, і госцю. Звязаны венік павінен быць вяровачкай, а не дротам або пластыкавымі сцяжкамі. Добра, калі ручку перамотваюць тасьмой. І, самае галоўнае, правільны венік выкладваецца каскадам. Мастацтву вязаць венікі, дарэчы, у ліку іншага мы вучым на сваіх майстар-класах. І да нас пастаянна прыходзяць людзі, якія хочуць навучыцца тонкасцям правільнага парэння — і для сябе, і каб пачаць шлях у прафесію. Сёння прафесія «лазеншчык» прызнана афіцыйна, лазневая сфера ў нашай краіне развіваецца, будуюцца добрыя, правільныя лазні (а не тыя, у якіх кліент «трывае»). У гэту сферу прыходзіць усё больш прафесіяналаў, якія разумеюць, што яны робяць у парыльні і навошта. А значыць, усё больш людзей трапляюць у правільныя рукі. Прафесійны лазеншчык — той, хто парыць госця так, як таму неабходна на дадзены момант, з улікам стану яго здароўя, настрою, характару, прычыны наведвання лазні. Бо сапраўдная лазня розная для кожнага.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Лазня лечыць здаровых

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца. 

Грамадства

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.