Дрыбінскі раён — адзін з перспектыўных у Магілёўскай вобласці для жыцця і развіцця бізнесу. Чыстае паветра, шмат лясоў і зямлі — ёсць дзе разгарнуцца. Стаўка робіцца на сельскую гаспадарку, турызм і народныя промыслы. Ну, хто не чуў пра дрыбінскіх шапавалаў? На нядаўніх «Дрыбінскіх таржках» іх вырабы карысталіся асаблівым попытам, асабліва ў расіян. Дрыбінская зямля — гэта яшчэ і шэраг цікавых турыстычных аб’ектаў, сярод якіх — архітэктурныя помнікі XІX стагоддзя, старадаўні сядзібны комплекс і касцёл у Расна, стаянка каменнага веку каля вёскі Асінаўка, помнік прыроды «Грымлівая крыніца». Чым яшчэ багаты гэты край і якія ў яго перспектывы, даведаліся ў старшыні Дрыбінскага райвыканкама Дзмітрыя Чыгіра.
— Сёлета Дрыбінскі раён адзначыў сваё стагоддзе. З чым прыйшоў рэгіён да векавога юбілею?
— Наш раён невялікі, але тут жывуць вельмі працавітыя і ініцыятыўныя людзі. Сёлета да 100-гадовага юбілею стварылі Кнігу працоўнай славы Дрыбіншчыны, дзе адзначаны ўсе, хто сваёй дзейнасцю зрабіў унёсак у развіццё краю. У нас таленавітыя і ініцыятыўныя дзеці: вучні Кароўчынскай сярэдняй школы паказваюць добрыя вынікі ў маштабным рэспубліканскім конкурсе «Энергамарафон» і за кошт грошай ад сваіх перамог абнаўляюць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы адукацыі. У Дрыбінскай сярэдняй школе праводзіцца вялікая работа па працоўным выхаванні і прафарыентацыі. Тут добра абсталяваны клас працоўнага навучання, дзе дзяўчаты асвойваюць швейнае майстэрства. У Дрыбіне ёсць патрэба ў такіх кадрах, напрыклад, на прыватным прадпрыемстве «Суражэн».
Робім стаўку на выхаванне сваіх кадраў, прыезджыя маладыя спецыялісты не заўсёды ў нас затрымліваюцца, асабліва на сяле. Раён маленькі, месцаў для вольнага часу моладзі не хапае, таму некаторыя не прыжываюцца. Але, на шчасце, не ўсе. У раённай бальніцы, напрыклад, працуюць урачы, якія размеркаваліся да нас і засталіся пасля адпрацоўкі. Хаця самі з Магілёва.
Спецыфіка раёна ў тым, што ў нас сельскага насельніцтва болей, чым гарадскога. На Дрыбіншчыне пражывае крыху меней за 10 тысяч чалавек, у райцэнтры — усяго 2800. Асноўная накіраванасць гаспадарчай дзейнасці сельскагаспадарчая. Акрамя трох сельгасарганізацый, у нас 19 фермерскіх гаспадарак, якія добра працуюць і дэманструюць нядрэнныя вынікі. Уводзіцца аб’ект, які вядзе Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства, па вырошчванні мясной жывёлы ў вёсцы Пудаўня. Ён будзе базіравацца на месцы старой фермы, ідзе рэканструкцыя. Таксама на будучым прадпрыемстве плануецца праводзіць вучобу асемянатараў, для гэтага прадугледжаны спецыялізаваны клас, які аснашчаны ўсім неабходным.
— Раскажыце, наколькі раён цікавы інвестарам і як у вас рэалізоўваецца даручэнне Прэзідэнта «Адзін раён — адзін праект».
— У якасці аднаго праекта ад раёна ствараем з фермерскай гаспадаркай «Белаграмол» у аграгарадку Цёмны Лес базу па вырошчванні элітных сартоў насення траў. Ужо арганізавана сем працоўных месцаў. Мы выдзелілі гаспадарцы каля 600 гектараў зямлі, апрацоўваецца яна належным чынам. Будуюцца сушылкі, робіцца вагавая гаспадарка. Інвестараў, на жаль, не хапае, але ёсць фермерскія гаспадаркі, якія плённа працуюць. Дзве з іх — у вёсках Старое Прыбужжа і Шастакі — спецыялізуюцца на жывёлагадоўлі. Кожная гаспадарка апрацоўвае па 1,5 тысячы гектараў зямлі. Каля руля — вопытныя людзі, якія раней працавалі кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў: Уладзімір Уладзіміравіч Рынг і Уладзімір Пятровіч Цмугуноў. Добрыя вынікі ў фермерскай гаспадаркі ў вёсцы Белае, якая спецыялізуецца на раслінаводстве. Яе ўзначальвае малады і актыўны мясцовы жыхар Дзяніс Шпакаў. Ён узяў частку зямель, дзе трэба было наводзіць парадак і праводзіць рэкультывацыю. Аднаўляе сваю малую радзіму. Фермерскія гаспадаркі апрацоўваюць у раёне каля 10 тысяч гектараў раллі. Для параўнання: на балансе сельгаспрадпрыемстваў — 30 тысяч гектараў.
Вельмі будзем рады прадпрымальным людзям, якія пажадаюць распачаць у нас свой бізнес. Ёсць пляцоўкі, пустыя памяшканні, якія можна задзейнічаць. У іх ліку — старыя фермы ў раёне вёсак Крычаватка, Робцы, яны падыдуць для вытворчасці сельгаспрадукцыі. Памяшканні прапаноўваюцца разам з зямельнымі ўчасткамі. Ураёне аграгарадка Цёмны Лес праходзіць чыгуначная ветка. Ад яго да Магілёва — усяго 50 кіламетраў. Мы мяжуем з Горкамі, да якіх 25 кіламетраў, Шклоўскім, Мсціслаўскім і Чавускім раёнамі. У нас таксама добра развіта лесаперапрацоўка. На тэрыторыі раёна — болей як 15 прыватных піларам.
— А якія арганізацыі і прадпрыемствы даюць найбольшы прыбытак, з’яўляюцца горадаўтваральнымі?
— Вялікі ўнёсак у развіццё раёна ўносіць будаўнічая арганізацыя з прыватнай доляй уласнасці «Васлес». Дастаткова паспяхова працуе дрыбінскі «Жылкамгас», які сёлета ўзяўся выконваць капрамонт дамоў сваімі сіламі, практычна без прыцягвання субпадрадных арганізацый. Развіваецца прыватнае прадпрыемства «Суражэн», якое мы ўжо згадвалі. Яно спецыялізуецца на шыцці ніжняй бялізны і супрацоўнічае з «Мілавіцай». На прадпрыемстве задзейнічаны каля 20 чалавек. Фірма выкупіла яшчэ адзін будынак, робіць рамонт і плануе адкрыць фірменную краму. На належным узроўні працуе прадпрыемства «Трылесіна-агра». Вытворчасць малака ў іх 115% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. Кіраўнік гаспадаркі Мікалай Сцяпанаў змог сабраць каманду, якая працуе на вынік. Дарэчы, і замацаванасць спецыялістаў там вельмі добрая. Аграгарадок Трылесіна наогул прыдатны для жыцця. Ушколе ёсць нават басейн, які адкрыты і для насельніцтва.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.