Магілёўскі драматычны тэатр новы, 137-ы, тэатральны сезон пачаў з ушанавання вядучых майстроў сцэны, якіх у Магілёве ведаюць не толькі тэатралы. Гэта магілёўскія зоркі Галіна Угначова і Васіль Галец, якія ў жніўні адзначылі свае 75-гадовыя юбілеі.
На спектаклях з іх удзелам вырасла не адно пакаленне магіляўчан.
Перапынак быў невялікі, але глядач ужо паспеў засумаваць па тэатры, па яго ўтульнай кампактнай зале, кавярні і па асаблівай атмасферы творчасці. У тэатра ёсць свой водар, які не пераблытаеш ні з якім іншым. Тут пахне кулісамі (а іх у тэатры не адна), дэкарацыямі, крыху домам і кавай, а яшчэ падарожжамі, прыгодамі, нават дзяцінствам. Артысты — заўсёды чараўнікі, яны так хутка ўцягваюць у свой сусвет, што не паспяваеш зразумець, як гэта адбываецца. Таму лепш разняволіцца і на паўтары-дзве гадзіны адключыцца ад усяго, што за межамі тэатра.
Бліскучы дуэт Галіны Угначовай і Васіля Галеца радуе гледача на магілёўскай сцэне на працягу ўжо амаль 40 гадоў. Пачалося ўсё ў далёкім 1985-м са спектакля «SOS». Потым былі сумесныя ролі ў пастаноўках розных рэжысёраў: «Генералы ў спадніцах», «Вянчанне», «Турандот», «Шасцёра персанажаў у пошуках аўтара», «Сон у летнюю ноч», «Жаніцьба», «Без Ягора будзе гора», «Любоўныя лісты» — усяго 24 спектаклі. Уцяперашняй рэпертуарнай афішы шэсць пастановак з удзелам вядучых майстроў сцэны: «Ахвота жыць», «Кіраўніцтва для ахвотных ажаніцца», «Клачкі па закавулачках», «Спадары, таварышы, сволачы і дамы», «Марозка», «Лес».
Творчы саюз юбіляраў заўсёды захапляе і скарае. Нездарма тэатральная імпрэза, якую яны падарылі ў першы вечар новага тэатральнага сезона, так і называецца — «Калабарацыя даўжынёю ў жыццё». Гэта своеасаблівы «калаж» з урыўкаў розных спектакляў.
Але спачатку былі віншаванні, узнагароды, душэўныя ўспаміны, творчыя нумары і святочны торт. Паважаных юбіляраў павіншавала ад імя Беларускага саюза тэатральных дзеячаў яго старшыня, вядомы беларускі тэатральны крытык і доктар мастацтвазнаўства Вераніка Ярмалінская. Драмтэатр узнагародзіў юбіляраў Ганаровымі граматамі. А ваенны камісар Магілёва і Магілёўскага раёна Максім Уласаў уручыў ім і народнаму артысту Беларусі Рыгору Белацаркоўскаму юбілейныя медалі «80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». У кожнага з артыстаў на рахунку ёсць ролі, прысвечаныя вайне.
Так, самая першая роля, якую Галіна Угначова сыграла на сцэне Магілёўскага драмтэатра 57 гадоў таму, звязана з ваеннымі падзеямі. 18-гадовай дзяўчынай у спектаклі «Дняпроўскі рубеж» яна стварыла вобраз гераічнага падлетка Валодзі Скібы, які ўзарваў мост, каб прыпыніць рух немцаў.
Артыстка памятае такіх вядучых майстроў магілёўскай сцэны, як Вера Кабатнікава, Мікалай Радыёнаў. Менавіта яны былі яе настаўнікамі на тэатральнай сцэне. У той час пры тэатры працавала тэатральная студыя і Галіна стала адной з яе вучаніц. Тэатр так захапіў яе, што стаў прызваннем на ўсё жыццё. І, па сутнасці, як яна кажа, самім жыццём. Ён падарыў унікальную магчымасць прымераць на сябе дзясяткі розных вобразаў.
— Калі я выконвала ў пастаноўцы «Замак Броўдзі» ролю дзяўчынкі С’юзі, я акунулася ў зусім іншае жыццё, — успамінае актрыса. — Гэта англійская дзяўчынка, англійская сям’я, цалкам іншыя традыцыі. Наогул, новая роля — гэта як белы аркуш. Кожны раз, калі пачынаеш уваходзіць у новы вобраз, ахоплівае нейкае прыемнае хваляванне. І аркуш паступова запаўняецца.
А яшчэ яна памятае, як тэатр пах... грымам. Сёння артысты рэдка карыстаюцца гэтым відам тэатральнай касметыкі, часцей дэкаратыўнай. Але ў памяці застаўся той пах. Тэатр даў магчымасць шмат дзе пападарожнічаць, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. І цяпер актрыса ў чаканні новых роляў. Хай эпізадычных, другога плана. Але абавязкова на сцэне свайго любімага і адзінага на ўсё жыццё тэатра.
Для заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Васіля Галеца Магілёўскі драматычны тэатр стаў трэцім месцам работы. Пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў) таленавітага хлопца з беларускага Палесся запрашалі ў праслаўлены Нацыянальны камерны тэатр імя Я. Купалы, але ён сціпла падумаў, што яшчэ не дарос да такога ўзроўню, і разам з сябрам накіраваўся ў драматычны тэатр у Бабруйск. У канцы сямідзясятых акцёр на шэсць гадоў пераехаў у Грузію, каб папрацаваць на сцэне Тбіліскага рускага тэатра юнага гледача, але потым вярнуўся ў Беларусь і з 1985 года не расстаецца з Магілёўскім драмтэатрам. Тут ім сыграна каля 100 роляў, і тут яго першыя рэжысёрскія работы.
— Для мяне тэатр — гэта навука аб чалавечых паводзінах, — кажа артыст. — І я ўсё сваё жыццё займаюся гэтай навукай.
Калі пытаюся пра мары, ён адказвае жартам: «Хачу быць высокім і кучаравым». І тлумачыць, што акцёр — асоба, залежная ад рэжысёра. Павінен рабіць усё, што той загадае. Інакш нічога не атрымаецца. А яшчэ лічыць, што ў кожнай ролі трэба выкладвацца цалкам. Глядач адразу адчувае фальш.
Тэатр працягвае жыць сваім насычаным жыццём. Сёлета яго трупа папоўнілася трыма выпускніцамі Магілёўскага каледжа мастацтваў і вопытнай маладой актрысай з Пінска Аленай Камянковай.
— У верасні запланаваны гастролі ў Смаленск, будзем выступаць у акадэмічным драматычным тэатры і ўдзельнічаць у конкурсе тэатральнага фестывалю «Смаленскі каўчэг», — дзеліцца планамі дырэктар Магілёўскага абласнога драмтэатра Ірына Белякова. — Павязём на суд расійскай публікі спектакль-фантасмагорыю «Жаніцьба. Фантасмагорыя» ў пастаноўцы Сяргея Фядотава. Акрамя гэтага, напоўніцу ідзе падрыхтоўка да прэм’еры спектакля «Маленькія трагедыі» па цыклу невялічкіх п’ес Аляксандра Пушкіна, які ставіць рэжысёр Міхаіл Лашыцкі. Прэзентацыя праекта адбылася на закрыцці тэатральнага сезона, мы паказалі невялічкі фрагмент пастаноўкі. У спектаклі будуць новыя спецэфекты, якіх на нашай сцэне дагэтуль не было. Закуплена спецыяльнае абсталяванне. Пастаноўка фінансуецца расійскай арганізацыяй «Рускія сезоны» — гэта наш сумесны праект, запланаваны ў рамках правядзення мерапрыемстваў да 225-годдзя з дня нараджэння паэта. Гэта будзе першая яркая прэм’ера нашага сезона. Усяго за сезон у нас ставіцца каля дзевяці спектакляў і тэатралізаваных прадстаўленняў.
Галоўны рэжысёр тэатра Каміля Хусаінава абнадзейвае, што сезон будзе насычаны. Не выключана, што ў рэпертуары Магілёўскага драмтэатра з’явіцца пастаноўкі па творах Максіма Багдановіча і Антона Чэхава. Гледачы ў прадчуванні прыемных сюрпрызаў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота ІА «Магілёўскія ведамасці»
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.