Паміж кар’ерай архітэктара і працай у ансамблі «Песняры» Барткевіч выбраў працу ў ансамблі, што цудоўна. Ці магло быць інакш? Магло, і гэта была б вялікая страта для музычнай культуры. Выбар Леаніда Барткевіча зразумелы, а вось выбар Мулявіна, які запрасіў Барткевіча на праслухоўванне і потым узяў у ансамбль, больш таямнічы. Загадкавы выбар. Мулявін мог знайсці і прафесійнага вакаліста з кансерваторскай адукацыяй. Нашто браць у вакалісты архітэктара, ды яшчэ без вышэйшай адукацыі? Мулявін не толькі ўзяў Леаніда, але і паставіў яго на сцэне ў першы рад. У мяне на гэты конт ёсць свая версія, яна можа падацца непераканаўчай, але я ўсё ж выкажуся. Да з’яўлення Барткевіча ў «Песнярах» гралі хлопцы, якія адслужылі ў войску, якія пасябравалі ў войску, на іх ляжала пячатка армейскасці; а ў тагачасным паветры лунаў водар бітламаніі, пацыфізму, свабоды. Таму Мулявіну спатрэбіўся не столькі голас Барткевіча, колькі яго твар, яго тутэйшасць, яго мастакоўскасць і архітэктурнасць, яго арыстакратычная постаць. Кажучы па-галівудску, Мулявіну спатрэбіўся новы адпаведны часу секс-сімвал на сцэне, такі сабе эталонны жаніх, у якога закахаюцца ўсе дзяўчаты і які спадабаецца моладзі, што заслухоўваецца The Beatles, Led Zeppelіn і Chіcago. Пэўна, таму першае праслухоўванне Барткевіча пачыналася ў кватэры Мулявіных, і ацэньваў яго не толькі Уладзімір, але і яго жонка — Ліда Кармальская, і ацэньвала яна яго не за голас, а за здатнасць стаць зоркай.
Аднойчы я прыняў той факт, што чалавек адрозніваецца ад жывёлы, бо ён здатны адчуваць і ствараць лірычныя настроі. Менавіта гэткая чалавечая якасць і натхняе мяне на творчасць, зрэшты, і на жыццё. Зразумела, не толькі мяне. Таму я паважаю і цаню тых, хто культывуе лірыку ў самых розных яе формах і праявах. Культывацыя вытанчаных лірычных настрояў выдатна выявілася ў спевах Леаніда Барткевіча. Ён — лірык ад прыроды. Відавочна і неабвержна. Вось што ён напісаў пра месца лірыкі ў ансамблі «Песняры»: «Што датычыцца сола, дык яно размяркоўвалася ў залежнасці ад характару песень: лірыку аддавалі мне (лірычнаму тэнару), камічныя фальклорныя сцэны, зазвычай — Анатолю Кашапараву, у яго характарны голас, а драматычныя песні і балады спяваў сам Мулявін». Пазней рэпертуар Барткевіча перайшоў да іншых выканаўцаў, але ніводны з іх не змог дасягнуць таго ўзроўню крыштальнай лірыкі, якая скарала мільёны слухачак і слухачоў.
Што ў беларуса атрымліваецца добра? Казкі расказваць ды песні спяваць. Леанід Барткевіч спяваў беларускія народныя песні. Ён спяваў не толькі народныя, але народныя ў яго выходзілі найлепш. Нават спяваючы песні акадэмічных кампазітараў на словы прафесійных паэтаў, Барткевіч мог наблізіць іх да народных, і яны рабіліся народнымі. Так «Ручнікі» Веры Вярбы і «Ты мне вясною прыснілася» Міхася Шушкевіча сталі народнымі, дзякуючы ансамблю «Песняры» і салісту Леаніду Барткевічу. Сам Леанід напісаў пра «Песняроў»: «Мы спраўджвалі сваю назву — менавіта спявалі, спявалі пастаўленымі галасамі, а не крычалі, не шапталі, не хрыпелі і не мармыталі...» Услед за Леанідам Барткевічам беларускія песні спяваў народ, як бы пафасна гэта сцверджанне тут ні прагучала. Каб не зніжаць урачыстасць, яшчэ і дадам: дзякучы Барткевічу беларуская песня набыла дадатковую красу і сілу, каб жыць доўга-доўга.
Паэт, акцёр ці спявак, калі рыхтуецца да выступлення, стараецца не захварэць, не прастудзіцца, не згубіць голас. Выходзіш на сцэну, а голас прапаў — жахлівы сон усіх спевакоў, акцёраў і паэтаў. Не толькі сон, між іншым. Таму я з цікавасцю даведаўся пра рэцэпт хуткага выздараўлення ад Леаніда Барткевіча, які яму аднойчы ў Барнауле падаравала спявачка Нэлі Багуслаўская. Увечары трэба напіцца гарбаты з мёдам. На пліце нагрэць звычайную чырвоную цагліну, загарнуць яе ў ручнік і прывязаць да ступняў. За ноч ты так прапацееш, што раніцай устанеш здаровым ды вясёлым, голас да цябе вернецца, і можна, не баючыся, выходзіць да мікрафона.
У кінадраматургіі ёсць важны элемент, які можа быць незаўважным для гледача, — пераканаўчая матывацыя таго ці іншага ўчынку. Герой ударыў злодзея, бо дакладна ведаў, што перад ім злодзей, а не сумленны чалавек. Глядач разам з героем мусіць быць упэўнены, што перад ім зло, якое трэба пакараць. Без такой упэўненасці дзеянні героя выклікаюць сумневы, яго ўчынкі робяцца непераканаўчымі, і з разумнага чалавека наш герой можа ператварыцца ў вар’ята, на якога непрыемна глядзець. У фільме пра песняра Мулявіна вельмі цікава падаецца яго матывацыя, каб застацца жыць у Беларусі. Мяне здзівіла знаходка сцэнарыста і рэжысёра, але пазней я пабачыў тую знаходку ў кнізе Леаніда Барткевіча. Пэўна, рэжысёр са сцэнарыстам яе там знайшлі і «пазычылі». Вось фрагмент з кнігі: «У васямнаццаць гадоў ён (Мулявін) стаў прафесійным музыкантам. Менавіта тады атрымаў запрашэнне ад Беларускай філармоніі. Прыехаў у Мінск. Першае, што яго ўразіла на вакзале, гэта слова „МІНСК“. (У рускім тэксце Барткевіча назва нашай сталіцы напісана вялікімі літарамі праз беларускае „І“.) Другое ўражанне — ён пакінуў свой чамадан на прыпынку таксі, але, вярнуўшыся, знайшоў яго на тым жа самым месцы!». Мо для некага матывацыі ў паводзінах Мулявіна выглядаюць не зусім пераканаўча, але ў праўдзівасці слоў Барткевіча сумнявацца не трэба.
Заўсёды я жыў без куміра. «Не ствары сабе куміра...» — гэта сказана якраз для мяне. Я шмат кім захапляўся, шмат каго паважаў і любіў, але да стварэння куміра ў мяне ніколі не даходзіла. Мо і дарма... Вось чытаю ў песняра Леаніда Барткевіча: «Валодзя Мулявін быў не толькі геніяльным музыкантам — ён яшчэ і чалавекам быў цудоўным, і сапраўдным добрым сябрам. Я заўсёды стараўся быць да яго падобным. Можна сказаць, што Валодзя — мой кумір». Безумоўна, Барткевічу пашанцавала з кумірам, бо менавіта Мулявін дапамог яму стаць зоркай, дапамог здольнасці сабраць у талент, а той талент адшліфаваць да звышкаштоўнага бляску. На маіх шляхах гэтаксама сустракаліся святласлоўныя сябры-настаўнікі, за якімі я ішоў, але ні пра аднаго з іх не магу сказаць «мой кумір», як кажа Леанід Барткевіч пра свайго Мулявіна.
Леанід Барткевіч шмат зрабіў для культуры; так шмат, што таго зробленага хопіць ажно на дзесяць таленавітых творцаў. За гэта яго любілі, за гэта і памятаюць ды згадваюць добрым словам. Як і кожны разумны творца, Барткевіч ведаў пра сваю значнасць і перажываў за тое, што не паспеў нечага зрабіць, не паспеў запланаванага спраўдзіць. Ён маркоціўся, што «Песняры» не запісалі кружэлку з Уладзімірам Высоцкім. Той сам прапаноўваў, прызначаў сустрэчу з Уладзімірам Мулявіным, чакаў. Мулявін на прапанову Высоцкага нічога не адказаў. Барткевічу давялося пераступаць праз няёмкасць і казаць Высоцкаму, што Мулявін на сустрэчу не прыйдзе... Па шчырасці, я не магу сабе ўявіць пласцінку Высоцкага, запісаную разам з «Песнярамі». Пэўна, сам Высоцкі мог яе ўявіць. Можа, Мулявін не знайшоў хуткага рашэння для такой нечаканай прапановы ад зорнага барда. Застаецца толькі гадаць пра тое. Сапраўды шкада, што не паспрабавалі напісаць нават адну кампазіцыю.
З песняром Леанідам Барткевічам мяне пазнаёміў кампазітар Жэня Магаліф. Спрабаваў я адмовіцца ад знаёмства, але Магаліф настойваў: «Барткевіч запісаў песню на твае словы. Трэба да яго схадзіць і падзякаваць...» Трэба дык трэба, мы з Магаліфам купілі ў краме нейкі напой і закуску да яго. Што мне запомнілася ў кватэры Леаніда і яго знакамітай жонкі — гімнасткі Корбут, — дык гэта шпалеры. Я першы раз убачыў фоташпалеры з архітэктурным краявідам Нью-Ёрка на ўсю сцяну. Шпалеры ўразілі. Мая размова з Леанідам звялася да абмеркавання цэнзурнай праўкі. Упесні замест слоў «Божа... Божа, што тут гаварыць, а каму на гэтым свеце лёгка...», мне давялося паставіць «Дружа... Дружа, што тут гаварыць, а каму на гэтым свеце лёгка...», бо радыйныя цэнзары ўгледзелі рэлігійнасць і малітоўнасць песні і вярнулі словы на дапрацоўку. Я папрасіў Барткевіча, калі раптам здарыцца магчымасць перазапісаць песню, дык у абноўленым варыянце лепш вярнуць зварот «Божа... Божа...». Вядома, за бяседным сталом з пачастункамі надзеі і спадзяванні выглядаюць цалкам рэальнымі, але на вінілавай кружэлцы «Мы адной табе належым», якая выйшла ў Амерыцы ў 1989 годзе, быў «Дружа...», гэткі ж «Дружа...» гучыць і на кампакце, што выйшаў у Маскве ў 2005-м... Пасля знаёмства з Леанідам Барткевічам дом, дзе мы разам пасядзелі за сталом, я стаў называць домам Барткевіча. Тады ў тым доме, што на рагу Маркса і Камсамольскай, была крама «Садавіна, гародніна». У той краме моцна пахла кіслай капустаю і сырой зямлёй. Цяпер там рыбная крама «Санта» з адпаведным моцным водарам... Свет змяняецца, і не заўсёды ў лепшы бок. Пэўна, некалі на месцы рыбнай крамы з’явіцца нешта іншае, але што мне бачыцца ў перспектыве гэткіх зменаў... Мне бачыцца на сцяне гэтага дома памятная мемарыяльная дошка з партрэтам аднаго з найлепшых вакалістаў з ансамбля «Песняры» — Леаніда Барткевіча.
Адам ГЛОБУС
Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.
«Устаюць раней за ўсіх і пазней за ўсіх кладуцца»
...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.