Днямі адбылася прэм’ера новай кароткаметражнай стужкі «Культурны код», якую зняў на «Беларусьфільме» малады, аднак ужо вядомы рэжысёр Кірыл Халецкі.
Фільм будзе цікавы як першакласнікам, так і моладзі і нават сталым людзям, таму што дынамічна, даступна і шчымліва раскрывае змест рэжысёрскай задумы — паказаць нашы дзяржаўныя сімвалы, іх сутнасць і каштоўнасць з нязвыклых ракурсаў. У гэтай працы ёсць усё: важная тэма, добрае яе ўвасабленне, і, галоўнае, яна дае глебу для разважанняў пра вечнае, надзённае і актуальнае.
— Сёння ў нас важная падзея: наш малады рэжысёр Кірыл Халецкі прэзентуе свой дакументальна-гульнявы кароткаметражны фільм «Культурны код». Ён вельмі значны для нашай краіны, бо дэманструе любоў да радзімы, да нашых сімвалаў — гімна, герба і сцяга. Я думаю, што гэты фільм прыйдзе ў кожную навучальную ўстанову, на кожнае прадпрыемства, таму што менавіта так варта папулярызаваць нашы культурныя каштоўнасці, — адзначыў напярэдадні прагляду генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Аляксей.
Распавесці пра дзяржаўныя сімвалы нясумна, кранальна і разам з тым падкрэсліўшы сутнасць іх значэння — задача не з лёгкіх, аднак стваральнікам «Культурнага кода» (а па сюжэце і галоўным героям) гэта ўдалося. Яны далі ў кадры слова экспертам, простым мінакам на вуліцах сталіцы, дадалі сюды дакументальныя кадры і аздобілі ўсё гісторыяй маладых людзей, выпускнікоў Акадэміі мастацтваў. Галоўныя ролі ўвасобілі на экране маладыя акцёры Уладзіслаў Соладаў і Дар’я Лазарчык. І калі Уладзіслаў вядомы гледачам ужо па кінарабоце Кірыла Халецкага «Кіношнікі» і іншых ролях у кіно, то для Дар’і, як і яе гераіні, гэта сапраўдны дэбют у кіно.
— Уладзіслаў Соладаў ужо мае ў сваёй фільмаграфіі каля дзясятка работ, а Даша Лазарчык — выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, таму для яе наша гісторыя атрымалася вельмі сімвалічнай, і нават у фінальнай сцэне яе гераіня адзета ў сукенку з рэальнага выпускнога актрысы, — дзеліцца рэжысёр Кірыл Халецкі. — Мне было цікава працаваць з іх тандэмам, яны гарманічна глядзяцца разам у кадры, нягледзячы на сюжэтныя несупадзенні ў поглядах. І гэта таксама заўважаюць гледачы, што для мяне важна.
У склад здымачнай групы новай кінастужкі, па словах рэжысёра, увайшло каля 50 чалавек. Акрамя згаданых ужо рэжысёра і акцёраў, над ёю таксама працавалі аператар-пастаноўшчык Арцём Скорабагатаў, мастак-пастаношчык Ігар Хруцкі, гукааператар Аляксандр Зарэцкі. Фільм зрабілі даволі хутка: у чэрвені пачалі падрыхтоўку, а напрыканцы жніўня ўжо прэзентавалі першым глядачам. Сама ідэя зняць кіно такога алана на кінастудыі ўзнікла пасля таго, як пачалася работа над анімацыяй для дзяцей «Сімвалы маёй краіны». І пры падтрымцы Міністэрства культуры задума пераўтварылася ў кароткаметражную кінастужку змешанай фрмы, толькі ўжо з прыцэлам на аўдыторыю школьнікаў, студэнтаў і дарослых.
Даследаванне значэння і гісторый узнікнення герба, гімна і сцяга ў кадры адбываецца праз жывое ўзаемадзеянне з беларусамі розных узростаў, прафесій і сацыяльных груп. Героі ўдзельнічаюць у аўтапрабегу да Дня Незалежнасці, у акцыі «Праспяваем гімн разам», наведваюць музеі ды інтэрв’юіруюць цікавых экспертаў, што ў выніку дапамагае Івану і Лізе адкрыць для сябе значэнне галоўных дзяржаўных сімвалаў і іх месца ў культурным кодзе беларусаў.
Хаця ў аснову пакладзена даволі сур’ёзная тэма дзяржаўных сімвалаў — герба, гімна і сцяга, то паралельна, пункцірна агучваюцца і іншыя тэмы: які шлях варта абраць у прафесіі, як і дзе знайсці спосаб заявіць пра сябе і разбурыць стэрэатыпы, напрыклад, што таленавітыя рэжысёры — толькі мужчыны, і ці варта давяраць першым уражанням альбо трэба даваць людзям магчымасць праявіцца ва ўзаемадзеянні з вамі? Усё гэта глядач можа спасцігнуць, назіраючы за развіццём узаемаадносін галоўных герояў Івана і Лізы, якія пражываюць у гэтай гісторыі шлях ад непаразумення да любові, калі якраз у працэсе сумеснай працы высвятляюць, што маюць кропкі судакранання, дазваляюць сабе паглядзець на важныя рэчы вачыма іншага чалавека.
Хронаметраж кінастужкі — 35 хвілін, хаця спачатку планавалася 26. І, па словах рэжысёра, яго такі вынік парадаваў, як і рэакцыя першых гледачоў:
— Заўсёды фільм, які ты хочаш зняць, які здымаеш і што пасля атрымліваеш у выніку — гэта тры нібыта розныя праекты. Але я быў гатовы да таго, што ўсё можа мяняцца ў працэсе і патрэбна будзе прыстасоўвацца, таму фінальны вынік вельмі падабаецца. Сваім тэмпарытмам, сваёй атмасферай, бо заўсёды пранікаешся тэмай у працэсе. Хоць і здаецца, быццам гаварыць пра дзяржаўныя сімвалы весела і маладзёжна немагчыма, аднак у нас атрымалася, — кажа Кірыл. — І нашы першыя гледачы, хто ўжо бачыў фільм, таксама адзначаюць гэтую атмасферу. Карцінка, музыка — усё мае водгук у гледача, закранае ў ім ноткі душы, прымушае іх задумацца. І яны гатовы глядзець такое кіно на вялікім экране. Калі фільм падабаецца аўдыторыі, то, лічу, мы ўсё зрабілі правільна.
Варта адзначыць і баланс спалучэння жанраў, дзе ў асноўную сюжэтную лінію ўплятаюцца меркаванні экспертаў, кадры хронікі жыцця нашай краіны. Усё разам стварае аўтарскую мазаіку, якая раскрывае галоўны пасыл: «У нас ёсць фундамент для сённяшняга дня і будучыні». Хоць гэты пасыл у сюжэце «спрачаецца» з меркаваннем галоўнага героя, маўляў, больш удалы варыянт — знайсці сябе і гучна рэалізаваць уласны талент можна толькі за мяжой. Але паступова адбываецца ўнутраная трансфармацыя хлопца, і ў нейкі час нават не можаш сказаць дакладна, што ў большай ступені ўплывае на яго: пачутая ад розных людзей інфармацыя ці перамена ў асабістых узаемаадносінах з галоўнай гераіняй. Вядома, тое, што ўсе перыпетыі адбываюцца яшчэ і ў розных маляўнічых лакацыях беларускай сталіцы, таксама надае кінагісторыі асаблівага шарму. Словам, гэты фільм лепш убачыць і зрабіць свае высновы.
Алена ДРАПКО
Фота Кацярыны УРБАН
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.