Вы тут

Самарканд паклікаў у дарогу. Пяць прычын наведаць жамчужыну Усходу


Ташкент. Хіва. І вось, нарэшце, мне пашчасціла наведаць Самарканд. Велічны, загадкавы, аўтэнтычны. Адзін з самых старажытных гарадоў свету, равеснік Рыма і Афін. Больш за дзве тысячы гадоў важны цэнтр Вялікага Шаўковага шляху паміж Кітаем і Еўропай, а таксама цэнтр навукі і архітэктуры ў эпоху Сярэднявечча. Сёння Самарканд — гэта сапраўдная жамчужына Усходу. У ім гарманічна спалучаецца старажытнасць і сучаснасць. А менавіта гэта — тая сапраўдная каштоўнасць, якая нікога не можа пакінуць абыякавым. Таму і прыцягвае горад мноства турыстаў з розных краін свету, у тым ліку і з Беларусі.


Прычына № 1. Бязвізавы рэжым

Калі вы «стаміліся» ад Еўропы, вас вітае Цэнтральная Азія. Каб наведаць Узбекістан, грамадзянам Беларусі патрэбна толькі жаданне, бо паміж краінамі дзейнічае бязвізавы рэжым, існуюць прамыя авіярэйсы. Самалётам вы зможаце даляцець да сталіцы Узбекістана горада Ташкента. Адтуль хуткасны цягнік за дзве гадзіны з камфортам давязе да Самарканда.

Плануючы паездку, трэба правільна выбраць час. Ідэальна падарожнічаць увесну і ў пачатку лета (з красавіка да чэрвеня), калі горад з першымі промнямі цёплага сонейка пачынае квітнець і зелянець. Ці ранняй восенню (верасень — пачатак кастрычніка), калі на вуліцы яшчэ цёпла, а на паліцах магазінаў шмат свежай садавіны, гародніны і, канешне, арэхаў, спецый, халвы і сухафруктаў.

Ёсць у горадзе і тыя каштоўнасці, якія застаюцца па-за часам.

Прычына № 2. Старажытная гісторыя

Калі хочаце акунуцца ў старадаўнюю гісторыю горада, які, па даных археалагічных раскопак, з’яўляецца равеснікам Рыма і Афін, нядрэнна падрыхтавацца крыху загадзя. А паглыбіць веды на месцы дапамогуць прафесійныя экскурсаводы, якія будуць размаўляць з вамі на адной мове.

Можна пачаць з Музея гісторыі заснавання Самарканда «Афросіяб», які знаходзіцца непадалёк ад аднайменнага старажытнага гарадзішча — аднаго з буйных археалагічных помнікаў свету. Тут вы даведаецеся пра гісторыю заснавання і далейшага жыцця горада, а таксама ўбачыце шэраг цікавых археалагічных знаходак, сярод якіх — прадметы побыту, кераміка, асуарыі, манеты і інш. Жамчужынай экспазіцыі з’яўляюцца ўнікальныя фрэскі самаркандскага палаца VІ—VІІ стагоддзяў. Па словах супрацоўнікаў музея, археолагі абследавалі ўсяго 10% тэрыторыі Самарканда. Ёсць адчуванне, што свет чакае яшчэ шмат сенсацый і адкрыццяў.

Далейшы расповед пра Самарканд добра спалучаецца з наведваннем асноўных гістарычных мясцін і помнікаў архітэктуры.

Прычына № 3. Выдатная архітэктура

Вядома ж, архітэктура — гэта гісторыя, застылая ў камені. І ў Самаркандзе ёсць ад чаго атрымаць эстэтычную асалоду. Любімая гістарычная тэма ва Узбекістане — эпоха Аміра Цімура, якога мы ведаем больш як Тамерлан. Самы вядомы вярхоўны эмір не прайграў аніводнай бітвы і заваяваў тэрыторыі ад Турцыі да Індыі. Значнасць яго асобы для сучаснага Узбекістана можна добра адчуць, набліжаючыся да помніка Аміру Цімуру. Памер уражвае! Непадалёк знаходзіцца і маўзалей Гур-Эмір, дзе пахаваны вялікі палкаводзец.

Помнік Аміру Цімуру

Маўзалей Шахізінда

Дзякуючы Аміру Цімуру, у другой палове XІV стагоддзя утварылася моцная цэнтралізаваная дзяржава, сталіцай якой стаў Самарканд. Былі створаны ўмовы для эканамічнага і культурнага развіцця краіны. Будаваліся велічныя мячэці, плошчы, медрэсэ, маўзалеі. Традыцыі будаўніцтва былі працягнуты нашчадкамі Тамерлана, і ўсё гэта мы можам убачыць і сёння. Многія сярэднявечныя будынкі захаваліся на 60–70%, астатнюю частку рэканструявалі.

Абсерваторыя Улугбека

Мячэць Бібі-Ханым

Прычына № 4. Узбекская кухня

Разнастайная, смачная, пажыўная. Шырокі пералік першых і другіх страў, напояў і страў з цеста. Рэстараны ўзбекскай кухні настолькі папулярныя, што ёсць і ў Беларусі, і нават у Дубаі.

З чаго пачаць знаёмства? Безумоўна, самая вядомая нацыянальная страва — гэта ўзбекскі плоў. Ён унесены ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Для ўзбекаў плоў — не проста ежа. Гэта частка культуры, традыцый, якія адлюстроўваюць моцныя сувязі ва ўзбекскай супольнасці. Прасцей кажучы, плоў — тое, што яднае. А цудоўны вынік прыгатавання суправаджаецца словам «найлепшы». Найлепшая бараніна, найлепшы рыс... Толькі найлепшыя інгрэдыенты і любоў гарантуюць непаўторны густ. Уявіце, больш за 150 відаў плову існуе ва Узбекістане! Самі ўзбекі кажуць: «У Ташкенце свой плоў, а ў Самаркандзе — свой: іншы алей, іншыя спецыі...»

Найлепшы плоў у Самаркандзе можна пакаштаваць у «Цэнтры плову № 1». Менавіта тут кожны дзень каля 150 кг рысу пераўтвараюцца ў смачную нацыянальную страву. Калі каля ўвахода вы ўбачыце таблічку «Плоў ёсць», то вы трапілі сюды своечасова. Калі вас сустракае таблічка «Плоў скончыўся», вам не пашанцавала.

«Цэнтр плову № 1»

Адна порцыя каштуе каля 15 беларускіх рублёў (у дадатак вам прынясуць гарбату, хлеб і салату). Аднак яе памеры настолькі вялікія, што адзін чалавек, як правіла, не здольны з’есці ўсё. Паловы порцыі будзе дастаткова. Самаркандцы раяць есці яго рукамі, бо сам прарок Мухамед рабіў менавіта так. І гэта правіла перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Прычына № 5. Узбекскія промыслы

Кераміка, вышыўка, дываны, дамаская сталь, самаркандская папера, лакавы роспіс, разьба па дрэве, нацыянальнае адзенне і галаўныя ўборы з бавоўны, шоўку, мехавыя вырабы... Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і сёння — брэнд Узбекістана. Традыцыі і ўменні захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Нацыянальныя ўзбекскія рэчы працягваюць выклікаць інтарэс у аматараў цэнтральна-азіяцкай культуры ва ўсім свеце. Дарэчы, гэты поспех невыпадковы. Самі вытворцы кажуць: «Мы робім традыцыйнае сучасным, і яно знаходзіць водгук у пакупнікоў».

Дарэчы, набыць тое, што спадабалася, можна ў горадзе рамеснікаў Samarkand Sіlk Road. Тут вам яшчэ і раскажуць пра гісторыю таго ці іншага віду промыслаў. Шырокі асартымент і на самым папулярным у Самаркандзе Сіабскім базары, і ў шматлікіх сувенірных крамах. Важна: на базарах абавязкова трэба гандлявацца. Гэта традыцыйна для ўзбекаў і выгадна для нас!

Сіабскі базар

І яшчэ адна, прычына № 6, для наведвання Самарканда — сусветна вядомая ўзбекская гасціннасць, без якой немагчыма ўявіць Узбекістан. Як кажуць у Беларусі: «Усё пачынаецца з людзей!»

Плошча Рэгістан

Падарожнічайце лёгка і хутка! Пашырайце кругагляд і напаўняйце сваё жыццё новымі ведамі, яркімі эмоцыямі і глыбокім сэнсам. Бо, вядома ж, пасля падарожжа чалавек заўсёды вяртаецца дамоў іншы.

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

На што здольныя тэхналогіі трэцяга тысячагоддзя?

На што здольныя тэхналогіі трэцяга тысячагоддзя?

Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.

Без рубрики

Як прайшоў фінал конкурсу «Сям’я года»

Як прайшоў фінал конкурсу «Сям’я года»

Самыя таленавітыя, дружныя, крэатыўныя!

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.