Сёлетні верасень у нашай краіне прысвечаны экалагічнаму турызму. Прайсці па экалагічных сцежках, наведаць адно з самых вялікіх у Еўропе балот, паназіраць за журавамі — першы месяц восені спрыяе гэтаму і цёплым надвор’ем, і такімі ж летнімі пейзажамі. Магчымасці, якія сёння даюць турыстам заказнікі, унікальныя, і менавіта экалагічны турызм найбольш запатрабаваны ў замежных наведвальнікаў. Наведаць і сапраўды ёсць што: экалагічная сцежка «Бязлюдны востараў Ду», балота Ельня, балота Мох, папулярны фестываль «Журавы и журавіны» — больш за 80 экалагічных маршрутаў і 24 экалагічныя сцежкі.
— З боку замежных турыстаў мы бачым зацікаўленасць менавіта ў экалагічным турызме, бо гэта тыя прыродныя каштоўнасці, якія адрозніваюць нашу краіну ад іншых. Падарожжа па балотах, экалагічныя сцежкі — у іншых краінах няма нічога падобнага, — адзначае дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч.
І менавіта экалагічны турызм робіць значны ўнёсак у экспарт турыстычных паслуг. За 2023 год ён склаў 2,6 мільёна долараў (тэмп росту да 2022 года — 131,4%), за студзень — май бягучага года тэмп росту да аналагічнага перыяду 2023 года — 149,2%.
— Добра сябе зарэкамендавала намінацыя «Аб’ект экалагічнага турызму» ў рэспубліканскім турыстычным конкурсе «Пазнай Беларусь». У 2022 годзе ў гэтай намінацыі было пададзена 17 заявак, у 2023-м — 27, мы бачым зацікаўленасць, — дадае Ірына Варановіч.
Летась лаўрэатам гэтага конкурсу стаў заказнік рэспубліканскага значэння «Выдрыца», а дыпламантамі — заказнік рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць», «Альманскія балоты», граматамі былі ўзнагароджаны «Аптэкарскі сад», «Парк жывёл» у Брэсцкай вобласці. Супрацоўнікі названых аб’ектаў, якія сталі пераможцамі, робяць многае, каб да іх прыязджалі экскурсійныя групы.
Верасень багаты на падзеі, прысвечаныя экалагічнаму турызму. Гэта і фестываль юшкі «Дняпроўскі сом» у першай дэкадзе верасня, зоафестываль у «Пясочніцы», наведванне экалагічных сцежак «Слабадкоўская азовая града», «Парк Бельмонд», «Гара Маяк», турыстычнага маршруту «Турбазаўскі рог». 13–15 верасня будзе праходзіць экафэст «Ціхае паляванне», 16–20 верасня — велапрабегі, прымеркаваныя да экалагічнай акцыі «Дзень без аўтамабіля». А 25–30 верасня пройдзе адкрыццё пешай эколага-краязнаўчай сцежкі «Таямнічы востраў Ду». У ландшафтным заказніку «Ельня» 28 верасня гасцей чакае папулярны фестываль «Журавы і журавіны ў Мёрскім раёне».
Восенню папулярны і такі від турызму, як фотапаляванне: падчас міграцыі на балотах у Беларусі спыняецца шмат птушак, у тым ліку рэдкіх, і турысты, у тым ліку замежныя, прыязджаюць якраз з мэтай іх пабачыць.
Як адзначае першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут, Беларусь мае значны патэнцыял у развіцці экалагічнага турызму. У краіне 1354 тэрыторыі адносіцца да асабліва ахоўных. Агульная плошча асабліва ахоўных тэрыторый складае каля 9% тэрыторыі Беларусі. Для кіравання імі створана 30 дзяржаўных прадпрыемстваў, якія ўключаюць 40 заказнікаў. На базе 18 асабліва ахоўных тэрыторый створана 17 візіт-цэнтраў, чатыры экалагічныя асветніцкія класы, цэнтр экалагічнага выхавання, вучэбна-дэманстрацыйны аб’ект і экатурыстычныя базы.
На асабліва ахоўных тэрыторыях можна прайсці па 81 турыстычным маршруце і 24 экалагічных сцежках. Пры гэтым інфраструктура ўдасканальваецца і ўводзяцца новыя аб’екты.
— Летась быў створаны новы гістрыка-экалагічны маршрут «Таямнічы востраў «Балота Мох» на тэрыторыі Мёрскага раёна. У заказніку «Асвейскі» вядзецца добраўпарадкаванне турыстычнай сцежкі «Бязлюдны востраў Ду», будуюцца глэмпінгі. У заказніку «Выдрыца» абсталявана экасцежка «Даліна ракі Ала», адкрытая сёлета ў канцы чэрвеня. Маршрут ідзе ад мемарыяла комплексу «Ала» праз раку Ала на аглядны пункт, з якога адкрываецца жывапісны від на пойму ракі і на тэрыторыю, што прылягае непасрэдна да мемарыяльнага комплексу. У заказніку «Налібокі» адбылося адкрыццё экалагічнай сцежкі «Сябрынскае скрыжаванне». Пры дапамозе праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Развіццё экатурызму» ажыццяўляецца закупка абсталявання. У выніку ўдалося арганізаваць некалькі новых важных маршрутаў у заказніку «Красны бор», у Слаўгарадскім раёне, у рэспубліканскім заказніку «Смычок» Жлобінскага раёна, — пералічвае Аляксандр Корбут.
Толькі сёлета асабліва ахоўныя тэрыторыі наведала больш за 260 тысяч чалавек, у тым ліку 56 тысяч замежных турыстаў.
Мінпрыроды сумесна з ПРААН стварыла карту (яна размешчана на сайце міністэрства), дзе кожны ў адкрытым доступе можа пазнаёміцца з беларускімі асабліва ахоўнымі тэрыторыямі. Тут жа можна даведацца каардынаты, рэжым работы, перайсці на сайт таго ці іншага заказніка і заказаць экскурсію, пазнаёміцца з месцам праз фота і відэа, што нашмат аблягчае планаванне маршруту.
— Мы вітаем, нават калі да нас прыязджае адзін чалавек і гатовы працаваць, каб паказаць прыгажосць нашай прыроды, — падкрэсліў першы намеснік міністра.
Заказнік «Асвейскі», які знаходзіцца на самай поўначы нашай краіны, у Верхнядзвінскім раёне на стыку трох краін — Беларусі, Расіі і Латвіі, — сёлета адчуў значны прыток турыстаў.
— Каля 350% у параўнанні з мінулым годам. І ўсё гэта дзякуючы асноўнаму маршруту, які распрацоўвалі і развівалі на працягу апошніх шасці гадоў, — «Асвейскі круіз» з наведваннем бязлюднага вострава Ду, самага вялікага ў Беларусі. Сёлета дзякуючы праекту «Развіццё экалагічнага турызму» атрымалі дадатковы катар на 11 месцаў, і цяпер аднамомантна можам арганізаваць экскурсію па возеры з высадкай на востраў для групы з 18 чалавек. У асенні перыяд ідзе будаўніцтва самой 5-кіламетровай сцежкі на востраве, масткоў, знакаў. Дзякуючы сцежцы і новай лагістыцы ў перспектыве зможам павялічыць колькасць турыстаў на 30–40%, — расказвае дырэктар ДПУ «Заказнік рэспубліканскага значэння «Асвейскі» Ігар Раманюк.
Дзякуючы таму, што на тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна пад эгідай заказніка быў створаны экатурыстычны кластар, куды ўвайшлі мясцовыя дамы культуры, Дом рамёстваў, Верхнядзвінскі масласырзавод, месцы пражывання, турысту ёсць што паглядзець за некалькі дзён.
У самім «Асвейскім», акрамя знакамітага вострава (яго толькі за два апошнія месяцы наведалі 1,5 тысячы турыстаў), ёсць некалькі маршрутаў і экскурсій па тэрыторыі заказніка, якія цікавыя не толькі летам. Напрыклад, сафары-тур па тэрыторыі заказніка з гарантаванай магчымасцю пабачыць вялікіх капытных жывёл, паколькі частка тэрыторыі заказніка знаходзіцца ў паляўнічай гаспадарцы «Чырвоны бор». Такія туры карысталіся папулярнасцю мінулай зімой і вясной, і з другой паловы верасня тут зноў гатовы іх праводзіць для ўсіх аматараў дзікай прыроды.
— З-за недахопу сродкаў размяшчэння пачалі будаўніцтва трох глэмпаў на тэрыторыі турыстычнага комплексу «Чапаеўскі», яны будуць здадзены ў другой палове кастрычніка. Глэмпы размешчаны на беразе Асвейскага возера і будуць мець усю неабходную інфраструктуру для камфортнага пражывання на працягу ўсяго года. На сёння заяўкі на іх ужо ёсць. Маецца дамоўленасць аб будаўніцтве яшчэ аднаго катара на 12 месцаў, які мы атрымаем у сакавіку — красавіку наступнага года. Ён аналагічны нашаму знакамітаму катару «Асвея», — дзеліцца планамі Ігар Раманюк.
У рэспубліканскім заказніку «Азёры» (Гродзенскі раён) функцыянуе дзве экалагічныя сцежкі. Адна з іх, размешчаная побач з санаторыем «Азёрны», разлічана на ўсіх ахвотных. Другая — для людзей з аслабленым зрокам, там праводзяцца экскурсіі для іх, а таксама для дзіцячых груп. Акрамя таго, працуе два візіт-цэнтры. Адзін з іх — экалагічнай накіраванасці, разлічаны на прыём малодшых шокльнікаў — з экспазіцыямі раслін, насякомых, прапрацоўваюцца варыянты і з завозам дзікіх жывёл. Другі візіт-цэнтр выкарыстоўваецца для пражывання.
У заказніку распрацаваны чатыры пешыя экалагічныя маршруты, два водныя, веласіпедны, абсталявана 31 турыстычная стаянка, а таксама глэмпінгі летняга размяшчэння.
— Турыстычныя стаянкі карыстаюцца вялікай папулярнасцю, выхадныя з пятніцы да нядзелі летам забраніраваны за 1-2 месяцы наперад. У нас магчыма анлайн-браніраванне, а праезд да лясных стаянак можна атрымаць праз Гугл- і яндэкс-карты, дзякуючы таму, што нашы спецыялісты працавалі з гэтымі сэрвісамі. Быў распрацаваны віртуальны 3D-тур па заказніку, — дзеліцца дырэктар ДПУ «Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Азёры» Дзмітрый Марозік.
Маецца ў заказніку і ўнікальны турыстычны маршрут «Запаветны шлях» — па вузкакалейнай чыгунцы: на якім летась і сёлета назіраўся сапраўдны турыстычны бум. Шлях працягласцю 10 км у адзін бок з чатырма прыпынкамі, абсталяванымі інтэрактыўнымі стэндамі, дзе экскурсавод расказвае пра ўнікальную біялагічную разнастайнасць заказніка, займае каля трох гадзін.
У Мёрскім раёне распрацавана 12 турыстычных маршрутаў і экалагічных падарожжаў. Тут знаходзяцца заказнікі рэспубліканскага значэння «Ельня», «Балота Мох», «Жада», вадаспад на рацэ Вяце.
Безумоўна, жамчужынай не толькі Мёрскага раёна, але і ўсёй поўначы Беларусі з’яўляецца заказнік «Ельня». Яго плошча больш за 25 тысяч гектараў, а плошча аднайменнага самага вялікага ў краіне і аднаго з найбуйнейшых у Еўропе верхавога балота — каля 20 тысяч га. Флора і фаўна заказніка — прадстаўнікі тундры, многія з іх занесены ў Чырвоную кнігу. На балоце 118 розных азёр.
Акрамя таго, балота Ельня — важны прыпынак для водна-балотных птушак, якія мігрыруюць. Падчас міграцыі яно ператвараецца ў сапраўдны птушкавы аэрапорт, дзе крылатыя спыняюцца для адпачынку. Агледзець балота можна са сцежкі «Азераўкі-Ельня» па абсталяваным драўляным насціле.
Тут магчымы шэсць відаў экскурсій, у тым ліку па экалагічнай сцежцы «Азераўкі-Ельня», чатырох экалагічных маршрутах, у тым ліку на балатаступах. Сцежка пачынаецца на краю верхавога балота, праходзіць праз некалькі біятопаў, а заканчваецца на краі маляўнічых балотных азёр. Перыяд праходжання — 2-2,5 гадзіны. Найлепшы час наведвання — май —кастрычнік. Назіранне за шэрымі журавамі, а іх, між іншым, тут спыняецца каля 35 тысяч, ажыццяўляецца ў верасні — кастрычніку.
Экалагічнае свята «Журавы і журавіны Мёрскага краю» праводзіцца з 2012 года. Месца і час правядзення выбраны нездарма. Менавіта ў верасні пачынаецца сезон збору журавін, а па запасах гэтых ягад балота Ельня займае першае месца ў краіне. На гэты ж перыяд прыпадае самая масавая міграцыя шэрых журавоў і гусей розных відаў. Усе наведвальнікі фестывалю могуць бясплатна наведаць пляцоўку назірання за журавамі з выкарыстаннем аптычных прыбораў. Сёлета ён пройдзе 28 верасня.
Алена КРАВЕЦ
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.