Нагодай для распрацоўкі нашай тэмы стала эўрыстычнае знаёмства з артыкулам Паўла Беркава «Першыя пераклады з кітайскай мовы на беларускую», апублікаваным у часопісе «Беларусь» (1954, № 10), які стаў зыходным пунктам архіўных росшукаў. Невялікі тэкст практычна ніколі не станавіўся аб’ектам даследчыцкай увагі, хоць для аўтара меў асаблівае значэнне. Пацвярджэнне таму — уключанасць дадзенай пазіцыі ў кнігу «Павел Навумавіч Беркаў (1896–1969)» (Масква, 1982), што выйшла ў серыі «Матэрыялы да біябібліяграфіі навукоўцаў СССР» з уступным артыкулам акадэміка Дзмітрыя Ліхачова.
Публікацыя сямідзесяцігадовай даўнасці змяшчае некалькі вельмі важных сентэнцый, якія парадаксальным чынам зніклі на многія дзесяцігоддзі з поля зроку літаратуразнаўцаў і культуролагаў.
Павел Беркаў апісаў пераклады дзвюх навел Пу Сунліна (псеўд. Ляо Чжай; 1640–1715), зробленыя спецыяльна для газеты «Наша Нівы» прыват-дацэнтам Пецярбургскага ўніверсітэта Васілём Аляксеевым і апублікаваныя на старонках названага выдання ў №№ 23/24, 28 за 1910 год: «Даос з гор Лао», «Гульня мячом у падводным царстве». Пры гэтым аўтар адзначыў: «У маім невялікім зборы матэрыялаў па беларускай літаратуры захоўваюцца два рэдкія выданні, якія з’яўляюцца, як мне вядома, першымі перакладамі з кітайскай мовы на беларускую».
Меліся на ўвазе не раздрукоўкі газетных старонак, а менавіта асобныя адбіткі з двухбаковым тэкстам і выходнымі данымі. П. Беркаў указваў канкрэтныя памеры аднаго з аркушаў (31 на 18,5 см). Артэфакты былі атрыманы аўтарам у падарунак ад акадэміка Васіля Аляксеева ў 1947-м і яго ўдавы, Наталлі Міхайлаўны, у 1954 г.; спробы прасачыць іх месцазнаходжанне пакуль не прынеслі жаданых вынікаў.
Сенсацыйнасць сведчанняў аўтарытэтнага бібліёграфа і кнігазнаўца заключаецца ў тым, што адбіткі перакладаў дагэтуль не вядомы вучоным, не значацца яны ні ў адным даведачным выданні па гісторыі беларускага друку.
Васіль Аляксееў не толькі пераклаў два тэксты Ляа Джая, але і суправадзіў казку «Гульня мячом у падводным царстве» адмысловай ілюстрацыяй — народным кітайскім малюнкам з уласнай калекцыі.
Падагульняючы свой часопісны артыкул, П. Беркаў акцэнтаваў увагу на наступным: «...выдатны рускі кітаязнаўца сярод іншых заслуг перад навукай і культурай мае яшчэ і тую заслугу, што ён удзельнічаў у развіцці беларускай літаратуры і ўзбагаціў яе сваімі першымі перакладамі з кітайскай мовы».
У фондзе старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі намі выяўлены машынапіс з рукапіснымі праўкамі артыкула прафесара П. Беркава «Першыя беларускія пераклады з кітайскай мовы. (Да гісторыі газеты «Наша Ніва»)». Параўнанне з тэкстам, апублікаваным у «Беларусі», адназначна ўказвае на архіўныя матэрыялы як першакрыніцу, моцна скарочаную і перакладзеную спецыяльна для часопіса.
Асаблівую каштоўнасць аўтэнтычнаму тэксту надае тое, што, па словах аўтара, гісторыя перакладаў і адбіткаў, біяграфія інтэрпрэтатара былі прадстаўлены «з вусных тлумачэнняў акад. Аляксеева і з маіх бібліяграфічных пошукаў».
Адносна жыццяпісу вучонага, аўтарытэтнага спецыяліста па культуры ўсходняй краіны, у першакрыніцы чытаем наступнае:
«Выбітны савецкі кітаязнаўца В. М. Аляксееў скончыў у 1902 годзе факультэт усходніх моў Пецярбургскага ўніверсітэта і неўзабаве — у 1904 годзе — вытрымаў іспыт на ступень магістра кітайскай славеснасці. З 1906 да 1909 года В. М. Аляксееў правёў у Пекіне, дзе на кітайскай мове выкладаў ва ўніверсітэце рускую мову.
Знаходжанне ў Кітаі і дзве пазнейшыя паездкі ў Пекін далі нябожчыку навукоўцу магчымасць набыць выключную эрудыцыю ва ўсіх галінах кітаязнаўства. У Пекіне В. М. Аляксееў пачаў збіраць сваю славутую калекцыю кітайскіх народных малюнкаў. Сярод іх асаблівую каштоўнасць уяўлялі ілюстрацыі да найбольш папулярных твораў кітайскіх класікаў».
Пра ступені кар’ернага росту:
«У 1909 годзе В. М. Аляксееў быў зацверджаны ў званні прыват-дацэнта Пецярбургскага ўніверсітэта. З 1918 года ён займаў кафедру кітайскай філалогіі Петраградскага ўніверсітэта, у 1923 годзе яго абіраюць у члены-карэспандэнты Акадэміі Навук СССР, а 12 студзеня 1929 года ў сапраўдныя члены».
Абставіны і аўтарскія меркаванні наконт публікацый на старонках газеты «Наша Ніва» ў 1910 годзе адлюстраваны ў некалькіх абзацах машынапісу:
«З’яўленне гэтых перакладаў з кітайскай у беларускім друку тлумачыцца наступным чынам.Летні свой адпачынак у 1910 годзе В. М. Аляксееў праводзіў у Вілейскім павеце Віленскай губ. на дачы; тады ж ён пазнаёміўся з сябрамі рэдакцыі газеты «Наша Ніва».Жвавы, таварыскі, надзвычай цікавы і дасціпны суразмоўца, В. М. Аляксееў валодаў дзівоснай здольнасцю захапляць слухачоў сваімі аповедамі пра Кітай і кітайскую культуру. У яго вобразным, яркім і ў той жа час дакладным апісанні стары Кітай з яго глыбока самабытнай, мудрай і надзвычай чалавечнай нацыянальнай спецыфікай паўставаў як жывая і абаяльная з’ява сусветнай гісторыі. Размовы з В. М. Аляксеевым, якія доўжыліся часам гадзінамі, ператвараліся ў яго бліскучыя маналогі, у цэлыя лекцыі, якія зіхацелі дасціпнасцю, былі насычаныя фактычным матэрыялам і тонкімі абагульненнямі. Каму хоць раз даводзілася бываць у цудоўнай кватэры-музеі В. М. Аляксеева ці, прынамсі, чуць яго займальныя імправізацыі, той на ўсё жыццё захоўваў памяць аб гэтым дзівосным чалавеку і набываў цікавасць да яго любімага Кітая. Зацікавіў ён сваімі аповедамі і беларускіх пісьменнікаў, якія гуртаваліся вакол «Нашай Нівы», і яны прапанавалі яму надрукаваць сёе-тое з кітайскіх аўтараў».
У газетнай публікацыі пазначана канкрэтнае месца, дзе Васілём Міхайлавічам у 1910 годзе былі зроблены пераклады, — Карлсберг Вілейскага павета, Віленскай губерні; сёння гэта вёска Кальсберг у Мінскім раёне. Маёнтак належаў Андрэю Снітку (1866–1922), археолагу, этнографу, краязнаўцу.
У накідах да біяграфіі Антона Лявіцкага (псеўд. Ядвігін Ш.), што захоўваюцца ў фондах ЦНБ НАН Беларусі, Ванда Лёсік, дачка пісьменніка, адзначала: «На вечарах Радашкоўскай інтэлігенцыі і ў Карлсбергу (маёнтак Снітко) недалёка ад Радашковіч Ядвігін Ш. выступае з дэкламацыяй вершаў Багушэвіча, Дуніна-Марцінкевіча і інш.».
Не выключана, што ідэя перакладаў належыць менавіта А. Лявіцкаму, які ў 1909–1910 гадах жыў у Вільні і працаваў у рэдакцыі газеты «Наша Ніва» на пасадах сакратара, загадчыка літаратурнага аддзела.
Гэтыя ды іншыя меркаванні паўстаюць пасля знаёмства з артыкулам і архіўнымі матэрыяламі з фондаў ЦНБ НАН Беларусі. Далейшая распрацоўка гэтай тэмы павінна даць цікавы плён.
Ілюстратыўны матэрыял з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.