Гадоў колькі таму наш Івянецкі музей традыцыйнай культуры адкрыў новую экспазіцыю: зацікавіўся побытам жыхароў напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, — дзверы адчынены: заходзь, паглядзі, нават плаціць не трэба.
Экспазіцыя размяшчалася ў некалькіх залах: у першай — розныя гаспадарчыя прылады, у другой — мэбля, якой карысталіся ў тыя часы, у трэцяй — стылізаваная кухня.
У ёй — як тады здалося — «завісала» шмат цікаўных: доўга разглядалі «экспанаты» — і прадметы посуду, і прылады, — часам думалі над іх прызначэннем.
Я, напрыклад, на адной з паліц убачыў нейкую дзіўную штуковіну: корпус — з хваёвых дошак, унізе — медная пасудзіна з трубкай, зверху драўляны прэс... Што гэта і для чаго, — ну ніяк не здагадаюся! І надпіс недзе згубіўся…
І спытаць няма ў каго — усе музейныя супрацоўнікі занятыя.
Але ж бачу — падыходзіць знаёмы, які захапляецца краязнаўствам.
— Можа, скажаш, што гэта? — пытаюся ў яго.
Ён мне з папрокам:
— Эх ты, цемра егіпецкая! Нічога не ведаеш!.. Ды гэта ж кілбасніца.
— А ведаць, — пытаю, — адкуль, калі нават дзяды мае карысталіся мясарубкай.
Але ж пастаяў, падзівіўся на экспанат ды падаўся да печы.
Побач з ёю, бачу, дзве маладыя дзяўчыны стаяць (мяркуючы па знешнасці — гарадскія-гарадскія).
— Слухай, ты не ведаеш, што гэта? — пытаецца адна ў другой, трымаючы ў руках чапялу.
— Думаю, качарга, — адказвае спадарожніца. — Ёй у печы дровы мяшаюць.
— Не, — тут ужо я ўмяшаўся, — гэта — не качарга, а чапяла. Ёй патэльні з печы дастаюць.
— Як патэльні? — здзіўляюцца дзяўчаты. — Яны ж усе — з ручкамі. Навошта пры іх нейкая чапяла?
Я (ну не зусім жа «цемра»?) узяўся расказваць, што калісьці патэльні былі не такія: без ручак, што яны ставіліся на гаршкі, на жар, на агонь — у печ, дзе вельмі горача. Як туды з кароткай ручкай? Апячэцца гаспадыня, рады не дасць!
А з доўгай чапялой раз-два, і яешня гатова…
Дзяўчаты ўважліва гэта слухалі, мусіць, спрабавалі ўявіць, бо потым дружна прызналі:
— Як добра, што ў нас электрапліты!
...З імі і сапраўды ні табе дровы насіць, ні ў печы паліць... Здавалася б,
усё так проста! А гаспадыні ўсё роўна скардзяцца.
Можа, іх таксама звадзіць у музей?
Ігар СОЛТАН
г. п. Івянец
...У аднаго французскага багацея спыталі, ці ёсць у яго сябры. Ён адказаў, што ёсць, два: адзін памёр, другі жыве ў Амерыцы. Значыць, ніводнага? Не, два. Той, што памёр, таксама лічыцца.
Вось і ў мяне…
Антось быў нашмат старэйшы і досыць рана сышоў: мог бы жыць ды жыць яшчэ, але ж…
Не любіў ён хадзіць па дактарах. А ўжо пра бальніцы дык нават слухаць не мог! Пыталіся ў яго: ну чаму?.. Людзі ж, маўляў, едуць, ляжаць там на ўсім гатовым пад наглядам дактароў, лечацца.
«А я, — даводзіў Антось, — не хачу і не буду!»
Мусіць, толькі мне і аднойчы ён расказаў, з якой жа прычыны.
Справы даўнія: каб зразумець іх, трэба сказаць, што Антось у юнацтве партызаніў, потым ваяваў у дзеючай арміі. За баі ў Польшчы атрымаў медаль «За адвагу» і ордэн Чырвонай Зоркі... Берлін не браў, на рэйхстагу не распісваўся, але ж да скону любіў расказваць, як сустракаўся з жывымі амерыканскімі неграмі.
Дамоў ён вярнуўся з рукамі-нагамі, з галавой — можна сказаць, бравым салдатам. Вока ў такіх гарэла на любую дзеўку-ўдавіцу, а ўжо на першую ў акрузе…
Да вайны ў бок Антося Люба і не глядзела, — іншых кавалераў хапала. А вось пасля — выбар жа зусім невялікі стаў.
Павянчаліся яны, зажылі, франтавіка брыгадзірам паставілі, і адпрацаваў ён на гэтай пасадзе аж да самай пенсіі. Людзей не ўціскаў, з начальствам не спрачаўся, умеў неяк ладзіць з любым старшынёй (а «перавярнулася» іх, можа, з дзясятак)…
За гэты ж час свайго брыгадзірства Антось — як яно і належыць — паставіў для сям’і новы дом, пасадзіў сад, выгадаваў дзвюх дачок і сына, заўсёды трымаў гаспадарку — дзвюх кароў, цялят, свіней, авечак, а пазней — дык яшчэ і каня... Сам нарыхтоўваў дровы (на зяцёў надзея малая, сын, вайсковец, далёка), сам накошваў сена, хадзіў за плугам, тупаў па гаспадарцы…
Але ж потым усё часцей і часцей стаў прыпыняцца-стамляцца: болей сядзець, чым хадзіць, болей ляжаць…
Жонка яго — прыкладна такая ж — тлумачыла гэта ўзростам, старасцю і проста скарачала гаспадарку, але сын, палкоўнік (!), згаджацца з гэтым не хацеў: прыехаў у адпачынак, стэлефанаваўся з патрэбнымі людзьмі, паклаў бацьку ў бальніцу, у асобную (з тэлевізарам!) палату, пад нагляд, можна сказаць, персанальнай медсястры.
Тая прыгажуня адразу ж патлумачыла дзеду, што яе імя — Зоя — у грэкаў азначае «жыццё», значыць, яму пашчасціла — будзе жыць і жыць яшчэ... Праўда, для гэтага ў крэсле на калёсах ім трэба з’ездзіць на кардыяграму, на ўльтрагук, на здымак сасудаў…
Якраз ён (мудроная назва!) і паказаў, што прасвет артэрый у хворага зменшаны амаль на 70 працэнтаў! Вось па гэтай прычыне ногі і баляць…
Каб падлячыць, дактары напрызначалі Антосю розных таблетак і кропельніц. Ставіла іх усё тая ж мілая медсястрычка (дзед ужо думаў: ці не пазнаёміць з ёй большага з унукаў?)... Яна ж, Зоя, аднойчы папярэдзіла, што «на хвілінку» адхінецца — сяброўка з адпачынку вярнулася, — трэба павітацца і трошкі паразмаўляць.
Дзед гэта, ну вядома ж, разумеў і таму спакойна ляжаў бы пад кропельніцай і дзесяць хвілін, і нават трыццаць, калі б у яго і раптам не ўзнікла патрэба — малая, але ж вострая-вострая!
Хворы, «прывязаны да кропельніцы», паклікаў, пагукаў медсястру, пастукаў кулаком у сцяну і не вытрываў — не заўважыў, як нарабіў пад сябе…
Кропельніца па-ранейшаму капала, дзеўкі не было, а ў хворага з таго расстройства новая патрэба з’явілася — і цяпер куды большая…
Праўда, гэтым разам дзеду ўжо пашчасціла: на голас, на крык прыбегла санітарка... І ў запале чаго толькі не сказала!
Карацей, пад вечар, калі ў бальніцу прыехаў сын, у бацькі ўсё яшчэ трэсліся рукі.
Скандал усчаўся вялікі, але што з яго толку? Рабочы дзень у дактароў ужо скончыўся, разгубленыя медсёстры і санітаркі спалохана маўчалі, Зоя абачліва схавалася.
Да раніцы палкоўнік трохі астыў, але ж з’явіўся ў кабінеце галоўнага ўрача. Той, што называецца, быў у курсе і паабяцаў звольніць нягодніцу-медсястру з «воўчым білетам»…
Разам яны схадзілі ў палату, «прынеслі» хвораму афіцыйныя прабачэнні. Дзед расчуліўся і сказаў, што на Зою зла не трымае.
(Дарэчы, звальняць яе ніхто і не збіраўся: насварыліся, папярэдзілі, змянілі рабочае месца.)
А дзед у той самы час моцна засумаваў. Нейкіх «духапад’ёмных» перадач тэлевізар яму не паказваў (усё «Чачня», інфляцыя ды спрадвеку шкадлівая Амерыка...), нешта чытаць ленаваўся сам. Карацей, папрасіўся ён у іншую палату, да людзей, але ж з умовай, каб тыя, бронь бог, не ведалі яго сораму.
Такім чынам, ён апынуўся ў агульнай хірургіі, побач з пенсіянерам са зламанай рукой. Яны пазнаёміліся, пагаварылі, разам паабедалі. Сусед пайшоў на вуліцу пакурыць, дзед застаўся ў палаце. Ён чакаў чарговай кропельніцы. І ў палату яе прынесла... Зоя.
А. ХАВАНСКІ
г. Мінск
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.