Вы тут

У гандлёвым цэнтры «Сталіца» адкрылася выстава вышываных работ Яніны Петуховай


Сёння ў гандлёвым цэнтры “Сталіца” адкрылася выстава вышываных работ Яніны Петуховай, ініцыянаваная Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


Яніна жыве ў вёсцы Гуркі Гарадоцкага раёна (Віцебская вобласць). Яшчэ ў дзяцінстве ў яе выявілі рэдкае захворванне апорна-рухальнай сістэмы. Спачатку была лёгкая кульгавасць, потым стала складана хадзіць без кійка. Аднойчы дзяўчына ўпала, зламала нагу і больш не змагла ўстаць.

– Вышыўка прыйшла да мяне ў самы цёмны перыяд жыцця, калі я вымушана была перасесці на каляску. Яна мяне выратавала, стала сапраўднай апорай, сродкам самавыяўлення і сваеасаблівым парталам у свет Стварэння, – расчулена падзялілася дзяўчына. – Зараз я займаюся вышыўкай кожны дзень па 5 гадзін. Родныя нярэдка папракаюць за такую стараннасць, але інакш не магу – атрымліваю ад працы неверагодны зарад натхнення! Бяруся за тое, што па душы, таму мае карціны светлыя. Я сама ў іх улюбляюся! Сёння хачу не толькі паказаць сваю творчасць, але і развеяць стэрэатып аб тым, што вышываюць у асноўным бабулі і старыя дзевы. Не! Вышываюць дзяўчаты, дзяўчынкі, нават мужчыны. Цяпер я літаральна плачу ад шчасця і ўвагі! Вялікі дзякуй усім, хто дапамог выканаць маю мару!

Сёлета ў Гарадоцкім гарадскім музеі ў Яніны адкрылася першая выстава. А лёс падараваў яшчэ адзін неверагодны шанец: як раз у гэты дзень на яе трапіў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк.

– У жыцці няма выпадковых сустрэч і падзей. Падчас працоўнай паездкі ў Віцебскую вобласць я апынуўся ў музеі на экскурсіі. Там жа праходзіла і выстава. Памятаю, зайшоў, крыху саромеючыся, – усё ж без папярэджання, і быў уражаны! Працамі, але галоўнае, аўтарам. Ад Яніны зыходзіць асаблівае цяпло і святло. Адчуваецца вялізная сіла, стальны стрыжань, які дапамагае ёй нягледзячы ні на што рухацца да выканання сваіх жаданняў. Рашэнне аб выставе ў Мінску я прыняў фактычна адразу. І для мяне вельмі каштоўна, што ідэю падтрымалі адміністрацыя горада, грамадскія арганізацыі, у тым ліку прафсаюзы, Беларускае таварыства інвалідаў, моладзь. Гэта яскравы прыклад згуртаванасці беларусаў. Ёсць жаданне прадоўжыць добрую традыцыю і прадастаўляць таленавітым людзям з абмежаванымі магчымасцямі такія пляцоўкі, – паведаміў міністр.

У цырымоніі адкрыцця выставы ўзялі ўдзел міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк, старшыня Гарадоцкага раённага выканкама Ірына Палякова, прадстаўнікі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», грамадскіх аб’яднанняў «Беларускае таварыства інвалідаў», «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», «Беларускі саюз жанчын», Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, а таксама Дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая.

Кіраўнік прыродаахоўнага ведамства таксама падкрэсліў, што для Яніны двухдзённае знаходжанне ў сталіцы – найярчэйшая падзея ў жыцці: «Зараз у яе, па-першае, ёсць магчымасць пагутарыць [з наведвальнікамі выставы]. Гэта вельмі важна. Па-другое, наведаць славутасці нашага горада, зарадзіцца энергіяй для сур’ёзных работ у будучыні. Хоць карціны, прадстаўленыя на выставе, і так выклікаюць захапленне».

Паводле слоў старшыні Гарадоцкага райвыканкама Ірыны Паляковай, гэта сапраўны цуд, казка, якая ператварылася ў жыццё.

– Мы сапраўды не планавалі ісці ў музей! Было яснае надвор'е, але раптам наляцеў моцны вецер, сабралася вялізарная цёмная хмара, з якой сыпануў лівень – і мы змянілі маршрут! – усхвалявана расказала кіраўнік адміністрацыі раёна. – Я ўпэўнена, што гэтая сустрэча застанецца ў душы ў Яны на ўсё жыццё. Такіх людзей трэба паказваць – іх сілу і жаданне жыць! Гэта яскравы прыклад для іншых…

На выставе «Злучаныя ніткай сэрцы» прадстаўлены 50 работ: пейзажы, партрэты, нацюрморты. Рамантычныя жаночыя вобразы, цацкі і жывёлы, яркія кветкі, натхняльныя імгненні прыроды і чалавечага жыцця… Глядзіш – і самота знікае з сэрца. Глядзіш –  і на вуснах узнікае шчырая, светлая ўсмешка. Дарэчы, пра такую незвычайную сілу карцін прыгадала і намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Алена Манкевіч:

– Вышыўка – гэта нашы карані, нашы абярэгі, тое цудоўнае, што ідзе з глыбіні душы. І гэтая выстава – прыклад сілы і адвагі, любові і адданасці сваёй справе. У Яніны гараць вочы, і абавязкова хочацца ўсміхнуцца ёй у адказ. Сёння гэтая дзяўчына сабрала розных людзей. Магчыма, ужо хутка ў яе атрымаецца аб'яднаць вакол сябе таленавітых майстроў, якія таксама змогуць паказаць, якія духоўна багатыя беларусы.

Яніна – удзельніца міжнароднага клуба «28 завес». Яго валанцёры вяжуць рэчы для неданошаных малых у перынатальных цэнтрах.

Выстава “Злучая ніткай сэрцы” будзе працаваць на першым паверсе гандлёвага цэнтра “Сталіца” да 6 верасня.

Александрына ПАРШЫНА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.