Ён у бацькоў быў адным-адзіным сынком, яна — адзінай дачушкай. Розніца толькі ў тым, што яго «продкі» былі жывымі-здаровымі, разам, а вось яе.
На жаль, не: маці ў 28 гадоў цяжка захварэла (рассеяны склероз), бацька, як толькі дазнаўся, што хвароба гэта ўсур’ёз і надоўга, з’ехаў у заробкі і знік.
Аднак дачка на ўсё гэта неяк мала зважала: расла вельмі спрытнай, дужай, вясёлай. Гадоў з сямі-васьмі магла самастойна схадзіць у краму, прыбраць у кватэры, зварыць нешта з’есці — даглядала сябе і матулю, як ні дзіўна, паспяваючы пры гэтым добра вучыцца, маляваць, спяваць у ансамблі, шыць (дакладней — перашываць з нечага старога) новыя спаднічкі... А ў старэйшых класах нават закахацца ў суседа па парце, таго самага адзінага сынка. І адчуць, што гэта — узаемна!
Каханне, як кашаль — яго не схаваеш. А тым больш ад бацькоў. Яе, Нініна, маці, зразумеўшы, заўважыўшы, здаецца, дзень і ноч святкавала б, плакала ад радасці, што дажыла... Яго, Лёнева, якраз наадварот: шалела ад злосці, бо лічыла, што сын яе — прыгожы, любімы, адзіны — ну, вядома ж, варты лепшага і стакроць лепшай! Маці хацелася, каб абранніца была...
Ну, па-першае, ні ў якім разе не цяпер, не ў яго 18.
Па-другое — з нейкай іншай сям’і, не з такой — з людскай, гэта значыць, поўнай, інтэлігентнай, прыстойнай, пажадана — больш-менш забяспечанай, а найлепш багатай. Бо маладым жа прыйдзецца дапамагаць — атрымліваць адукацыю, будаваць кватэру, абжывацца ў ёй, гадаваць унукаў. А тут (сорам каму сказаць) — у дзяўчыны «ні кап’я» за душой, бацька — невядома хто і невядома дзе, маці — калека, не сёння-заўтра, крый бог, памрэ...
Яна, дарэчы, цудоўна разумеючы гэта, назапасіла неяк сіл і ўпотай ад дачкі ўсё ж дабралася да канторы, дзе працаваў Лёнеў бацька, папрасіла людзей, каб паклікалі яго, пасадзіла на лаўку побач са сваёй інваліднай каляскай і стала казаць, што яго сын і яе дачка сябруюць, што пачуцці ў іх (яна ведае, бачыць!) — самыя чыстыя, што яны збіраюцца разам паступаць, разам вучыцца далей, што пра вяселле размова пакуль не ідзе... А калі і так, калі некалі і пойдзе, то ім, Лёневым бацькам, не трэба ні баяцца, ні хвалявацца, бо дачка яе, зразумела ж, — гаротніца, але пры гэтым вялікая працаўнічка, самая разумная і добрая ў свеце, што з яе атрымаецца найлепшая жонка і гаспадыня, што іх сын — да бабкі не хадзі! — будзе шчаслівым... І бацькі пры ім, адпаведна, таксама.
Стала даводзіць яшчэ, што дзеці зусім маладыя, што кахаюць першы раз у жыцці і што нельга — грэх — ім чыніць перашкоды, а тым больш разлучаць...
Бацька маналог гэты слухаў, курыў, спачатку і з усім як быццам згаджаўся, нават падтакваў. Але ж потым, на развітанне, сказаў быццам адрэзаў: «Мая — супраць. Катэгарычна... А я?.. Што я? Вы ж, бачу, разумная жанчына, вы ж ведаеце: з жонкай спрачацца, што супраць ветру... Так што няхай яна робіць, што хоча. Я ў гэта ўмешвацца не буду».
...З той маўклівай бацькавай згоды Лёнева маці падмітусілася — знайшла нейкую далёкую, але ўплывовую радню ў Піцеры, з поўным кашальком і клункамі з’ездзіла туды, каго трэба задобрыла: яе хлопца для пачатку прынялі вучыцца, узялі на кватэру, потым сталі знаёміць з дзяўчатамі — з адной, з другой... І ў выніку дамагліся — разлучылі са школьнай сяброўкай, ажанілі з іншай, з такой, «як трэба»: з бацькамі, кватэрай, машынай, дачай... Праўда, сыну ўсё гэта неяк «не зайшло», не прыдалося: года не пажыў — развёўся.
І з вучобай нічога не атрымалася — кінуў.
Пасля гэтага хацеў вярнуцца дамоў — такім, як ёсць. Маці не дазволіла — сорамна.
Прыйшлося паматацца па свеце, ажаніцца яшчэ. І зноў няўдала.
...Зрэшты, размова тут зусім не пра яго. І нават не пра маці, што так і не ўбачыла свайго адзінага пераможцам, на белым кані (памерла ў няпоўныя шэсцьдзясят ад анкалогіі).
Бацька цяпер дажывае адзін — нямоглы, амаль сляпы — як кажа, «малітвамі маёй Аляксееўны»!
Аляксееўна — гэта яго доктарка, гэта Ніна-Ніначка, тая самая дзяўчына, якую так моцна кахаў яго сын, якога ўсім сэрцам кахала яна. І якіх ён, бацька (так-так — іншых вінаватых няма!) разлучыў, пабаяўшыся — хоць аднойчы — пайсці... супраць ветру.
Валянціна ДОЎНАР
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.