Вы тут

Студэнты Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта — пра засяленне і пражыванне ў інтэрнатах


Пачатак верасня для студэнцтва нашай краіны — гэта не толькі старт новага семестра, лекцыі, практычныя, лабараторныя заняткі. Гэта яшчэ і час засялення ў інтэрнаты для тых, хто прыехаў на вучобу з іншага горада альбо вёскі. Нярэдка гэты працэс выклікае хваляванні, асабліва ў першакурснікаў і іх бацькоў: якія там умовы, ці прымальны рэжым для вучобы і самападрыхтоўкі, ці пасябруе наваспечаны студэнт з таварышамі па пакоі. Старшакурснікі, вядома, адчуваюць сябе больш упэўнена. Прынамсі, пра гэта і не толькі карэспандэнт газеты распытала ў маладых людзей, якія нядаўна засяліліся ў інтэрнаты Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.


Дар’я Барысевіч — першакурсніца, вучыцца на архітэктурна-будаўнічым факультэце. Дзяўчына паспяхова скончыла чацвёртую школу горада Лунінца і паступіла на бюджэтную форму навучання. Яшчэ 30 жніўня наваспечаная студэнтка засялілася ў інтэрнат № 2, які, дарэчы, не так даўно перажыў капітальны рамонт.

— Наш інтэрнат блочнага тыпу, кожны блок складаецца з двух пакояў, у адным пражывае два, у другім тры чалавекі, — расказвае Даша. — Душ і санвузел у блоку, а кухня — па калідоры, і нам пашанцавала: ад нашага блока зусім недалёка. Пакой укамплектаваны мэбляй, усё патрэбнае ёсць: ложак, шафа, тумбачка, стол. А з арэндай халадзільніка дапамог прафкам. І гэта вельмі зручна: купляць не трэба, арэндная плата цалкам прымальная. Пакуль яшчэ ўсё не вывучылі, але ж ведаю, што на першым паверсе ёсць пакой для навучання накшталт невялікай чытальнай залы. Гэта значыць, што, напрыклад, у сесію можна будзе пасядзець гадзіну-другую.

 

Яшчэ Дар’я Барысевіч адзначыла як станоўчы факт, што пры засяленні ўлічылі і просьбы па пражыванні з сяброўкай. Дзяўчаты пазнаёміліся пры паступленні, вось іх і засялілі разам. Цяпер яны ўладкоўваюць побыт, упрыгожваюць пакой.

Яе цёзка Дар’я Каспяровіч вучыцца ўжо на чацвёртым курсе факультэта інжынерных сістэм і экалогіі. Актывістка, спартсменка, прыгажуня і, як высветлілася, выдатніца. Па выніках апошняй сесіі сярэдні бал дзяўчыны склаў «10». Даша родам з Івацэвічаў, у інтэрнаце жыла ўсе папярэднія гады. Сёлета дзяўчына працавала валанцёрам, дапамагала камісіі па засяленні ў інтэрнат. Сказала, што ў яе асабіста працэдура засялення заняла 10 хвілін, але ж прадказаць наплыў студэнтаў у асобныя дні бывае цяжка, таму здараюцца і чэргі, доўгае чаканне пры афармленні дакументаў. «Варта набрацца цярпення, гэта ж клопаты аднаго дня, можна і патрываць. Затое потым маеш месца ў інтэрнаце, за якое штомесяц уносіш сімвалічную аплату. Бо зняць кватэру альбо нават пакой у Брэсце сёння каштуе зусім не танна», — разважае студэнтка.

Дар’я вельмі сур’ёзна падыходзіць да вучобы, займаецца навуковай і грамадскай работай і лічыць, што камфортнае пражыванне ў інтэрнаце спрыяе яе поспехам.

Аляксандр Ішымаў, студэнт другога курса факультэта электронна-інфармацыйных сістэм, выдзяляецца дарослым стаўленнем да жыцця. За плячыма ў хлопца — вучоба ў Столінскім каледжы, работа, ён і цяпер пры любой магчымасці падпрацоўвае. Таксама займаецца спортам, наведвае секцыю армрэслінга, куды запісаўся, дарэчы, на другі дзень пасля засялення. «Вельмі зручна, што памяшканне, у якім праходзяць заняткі секцыі, знаходзіцца ў інтэрнаце, тут жа ёсць і трэнажорная зала», — адзначыў ён.

Аляксандр Ішымаў

Аляксандр расказаў, што перад паступленнем наведаў універсітэт падчас Дня адкрытых дзвярэй і падрабязна азнаёміўся з умовамі вучобы і пражывання: «Мне спадабаўся Брэст. У адрозненне ад сталіцы ён невялікі, кампактны, пры гэтым прыгожы, дагледжаны. Вельмі зручна, што тэрыторыя ўніверсітэта — вучэбныя карпусы і інтэрнаты — аб’яднаны ў адзін комплекс, усё побач і ў крокавай даступнасці магазіны, гандлёвыя цэнтры. У інтэрнаце ў нас парадак, чысціня, якую мы самі абавязаны падтрымліваць. Большасць маіх таварышаў па вучобе гэта разумеюць, таму асаблівых праблем не ўзнікае. У нас цудоўныя магчымасці для заняткаў спортам, секцыі на любы густ. Толькі не лянуйся — заўсёды будзеш у форме».

Вікторыя Грабінская вучыцца на чацвёртым курсе эканамічнага факультэта. Яна прыехала з Драгічынскага раёна і цяпер жыве ў інтэрнаце пад нумарам «чатыры», таксама блочнага тыпу. Адной з пераваг пражывання ў ім Вікторыя як будучы эканаміст назвала зусім невялікую плату за пражыванне: «Мы плацім 32 рублі за месяц. А прафкам нават праводзіць розыгрыш на бясплатнае пражыванне на працягу семестра». Другім станоўчым момантам дзяўчына лічыць нясумнае жыццё: «У інтэрнаце праводзіцца шмат мерапрыемстваў. Асабліва цікава адзначаем дзень студэнта, розныя святы. Важна, што ў нас студэнт забяспечваецца месцам у інтэрнаце на ўвесь час вучобы. Мае аднакласнікі, што вучацца ў асобных ВНУ сталіцы, не могуць гэтым пахваліцца».

Вікторыя Грабінская

Вікторыя згадала, як на першым курсе хвалявалася яе мама перад пачаткам вучобы. А калі зайшла ў пакой пасля засялення, дык і ад сэрца адлягло: утульны пакой, сучасная мэбля, адным словам, усе ўмовы — толькі вучыся.

Уладзіслаў Апановіч уваходзіць у студсавет інтэрната № 3, у якім пражывае чацвёрты год. Хлопец вучыцца на архітэктурна-будаўнічым факультэце, займаецца грамадскай работай на факультэце, спявае ў знакамітым народным універсітэцкім хоры «Белая вежа». Гэтым летам Уладзіслаў працаваў у будатрадзе, засяляўся ў інтэрнат адным з апошніх, сказаў, што гэта адбылося хутка, без праблем. Яны з таварышамі жывуць разам ужо чацвёрты год: «Прыцерліся адзін да аднаго, арганізавалі побыт, словам, усё нармальна». Яшчэ Уладзіслаў згадаў пра строгую прапускную сістэму, асабліва ў пачатку навучальнага года, вахцёры скрупулёзна правяраюць пропускі, што апраўдана меркаваннямі бяспекі. Ёсць правілы для наведвання гасцямі, якіх студэнты павінны прытрымлівацца. Іншая справа, калі прыязджаюць бацькі, тады іх прапускаюць без праблем. «Словам, інтэрнат на час вучобы становіцца нашым другім домам», — падсумаваў студэнт.

Дар'я Каспяровіч

Таццяна СТРАЛКОВА, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта:
— Наша ўстанова адукацыі мае чатыры інтэрнаты. Цяпер мы на 100 працэнтаў забяспечваем месцамі іншагародніх студэнтаў. Прафкам займаецца пастаноўкай на ўлік тых студэнтаў, якія маюць патрэбу ў інтэрнаце, і размяркоўвае іх, а ўжо рассяленне па пакоях праводзіцца кіраўніцтвам кожнага інтэрната.

Прафсаюзная арганізацыя спрыяе цікаваму і змястоўнаму правядзенню вольнага часу студэнтаў: фінансуем цікавыя конкурсы, віктарыны, святочныя мерапрыемствы. І наогул лічу, што пражыванне ў інтэрнаце для маладога чалавека азначае атрыманне пэўнага жыццёвага вопыту, побытавых навыкаў, якія абавязкова спатрэбяцца ў жыцці.

Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота з архіва герояў

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца. 

Грамадства

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.