14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Стадыі спеласці фруктаў


Вырасціць добры ўраджай садавіны — гэта паўсправы. Важна яго своечасова зняць, потым перапрацаваць або пакласці на захоўванне. Прычым вызначыцца з тым, што менавіта вы вырашылі зрабіць з пладамі (перапрацаваць, з’есці з дрэва або пакласці на захоўванне), трэба да здыму ўраджаю.


І заўчасны, і запознены збор абавязкова адбіваюцца на смаку пладоў, іх знешнім выглядзе, а самае галоўнае — на лёжкасці. Да таго ж дрэвы зімовых сартоў, якія позна вызваліліся ад ураджаю, не заўсёды паспяваюць падрыхтавацца да будучай зімоўкі і могуць падмерзнуць нават не ў марозныя, а ў халодныя зімы.

Перыяд паспявання садавіны доўжыцца некалькі тыдняў. За гэты час плады праходзяць некалькі стадый спеласці: тэхнічную, здымную, спажывецкую і фізіялагічную. Збор ураджаю яблыкаў і груш магчымы на кожнай з іх, пры гэтым напрамую залежыць ад далейшага выкарыстання садавіны. Для перапрацоўкі іх зрываюць з дрэва на стадыі тэхнічнай спеласці. Для працяглага захоўвання або неадкладнага ўжывання ў ежу пакідаюць вісець на галінцы даўжэй.

Раней за астатніх надыходзіць тэхнічная спеласць. Плады семечкавых культур у гэты час аддаюць найбольшую колькасць соку, таму яны падыходзяць для перапрацоўкі. Падчас кансервавання ці варэння садавіна не развальваецца, цалкам захоўваючы форму. Іх зернеткі ў стане тэхнічнай сталасці толькі пачынаюць цямнець. Яблыкі і грушы пачынаюць збіраць у гэты час для нарыхтоўкі соку, варэння, віна, джэму.

Праз 7–10 дзён надыходзіць здымная спеласць. Да гэтага моманту ў плодзе назапашваюцца мінералы, вітаміны, цукры, крухмал і пекцін. Паміж пладаножкамі і галінкай да гэтага часу фарміруецца корак, дзякуючы якой фрукт лёгка адлучаецца ад галінкі. Зернеткі бурэюць, але па смакавых якасцях яны яшчэ цалкам не даспелі і ў іх шчыльная мякаць. Менавіта такія плады прыдатныя для працяглага захоўвання.

Пры надыходзе спажывецкай спеласці садавіна становіцца асабліва смачнай і духмянай. Колер лупіны фруктаў і шчыльнасць мякаці цалкам адпавядаюць апісанню сартавых характарыстык. На гэтай стадыі плады зрываюць для неадкладнага ўжывання. Захоўваюць такую садавіну не больш за 20 дзён, потым яна пачынае псавацца.

Да часу наступлення фізіялагічнай спеласці ў плодзе цалкам заканчваецца назапашванне карысных рэчываў і пачынаецца іх распад. Садавіна губляе крухмалістыя кампаненты, скарачаецца аб’ём соку. Мякаць ператвараецца ў кашу, пагаршаецца яе смак. Для ежы такі плод не падыходзяць — толькі для збору цалкам саспелага насення.

У летніх сартоў яблыкаў і груш здымная і спажывецкая спеласці супадаюць. У восеньскіх сартоў прамежак паміж імі вагаецца ад 20 да 90 дзён, у зімовых — ад 90 да 210 дзён (у залежнасці ад умоў захоўвання).

Яблыкі і грушы восеньскіх і летніх сартоў могуць даспяваць на дрэве да таго моманту, пакуль не пачнуць ападаць першыя плады. А вось садавіну зімовых сартоў мэтазгодна здымаць задаўга да іх спеласці. Інакш яны могуць папросту змерзнуць на дрэве.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца. 

Грамадства

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.